Перайсці да зместу

Аб культурнай працы (Сяўрук)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Аб культурнай працы
Публіцыстыка
Аўтар: Пётр Сяўрук
1927 год
Крыніца: Родныя гоні. — Сакавік 1927. — Кніжка 1. — С. 26—27

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЛЕБЕЙ.

Аб культурнай працы.

Культурная праца — гэта ёсьць акт самаўзгадаваньня.

Мо’ хто папытаецца: што гэта значыць?

Дык трэба адказаць, што культурнае самаўзгадаваньне хаваецца ў глыбіні людзкое істоты. Чалавек, як разумная істота, бязупынна імкнецца да сьвятла навукі і хараства разумнага жыцьця, і гэтае імкненьне ёсьць тэй праўдаю, якая дае сэнс чалавечаму жыцьцю і сілу для развою яго.

Адкіньце гэтае імкненьне, у якім зьмяшчаецца праўда чалавечага жыцьця, і ад чалавека астанецца адзін толькі цень, ня маючы ў сабе нічога людзкога, сілаю рэчаў адсунены з дарогі жыцьця. Паглядзеце ў гісторыю і вы пабачыце, што навет тыя народы, каторыя былі заваявальнікамі, загінулі, бо ня мелі ў сабе праўды жыцьцёвай, якая разьвіваецца ў імкненьні да сьвятла і хараства разумнага жыцьця. Але ніякая сіла ніколі ня зьнішчыла ніводнай асобы — ня толькі народу — што мела ў сабе разумнае імкненьне. І калі навет варожая сіла губіла іх, дык яны, паводле эвангельля, ня ўміралі без таго, каб ня прыносіць плоду.

Дык калі мы прышлі да сьвядомасьці, што нам цяжка жывецца, што нас цісьне варожая сіла — трэба разьвіць у сябе акт разумнага самаўзгадаваньня. Трэба запаліць сэрцы народу тым агнём, што распале путы, бо сіла іх ня можа парваць, а агонь сам сабою іх нішча. І мо’ зусім ня так цяжкая няволя, як яна нам здаецца ў нашай цямноце, бо пры разумным стане нашым магчыма знайсьці радасьць жыцьця ў працы й творцтве навет у найцяжшых варунках. Цемра хавае ад нас тыя радасьці, якія ня змогуць адабраць ад нас ніякія сілы. І калі мы знайдзем радасьць жыцьця, тады будзем ужо мець аснову, на якой можам цьвёрда стаяць у ходаньню за лепшую долю, бо сум і безнадзеяньне толькі быццам папіхае да ходаньня, але не дае яму грунту.

Такія мотывы патрэбы культурнага самаўзгадаваньня, але якія магчымасьці ягоныя?

Шмат каму здаецца, што каб вучыцца ці разьвіваць сваю веду ў культурным кірунку, — трэба прынамся скончыць гімназыю, а ўрэсьце ўнівэрсытэт і г. д. Але-ж гэта абмылка: разьвіваць сваю сьвядомасьць і ўзгадоўваць сваю думку магчыма без вялікіх навукаў, толькі абы было імкненьне да сьвятла, бо запраўды чалавеку дае культуру ня вучэньне, але развой разумнага імкненьня ягонага. І калі гэтага імкненьня няма ў чалавека, дык, навет скончыўшы ўнівэрсытэт, чалавек астаецца культурна асталым; а калі ёсьць гэтае імкненьне, дык чалавек зусім малавучаны даходзе, як кажуць, самавукам да высокай культурнай роўні. Ведама, што калі асьвета вышшая лучыцца з гэтакім імкненьнем, дык рэзультаты бываюць вялікшыя.

Беларускі народ, як народ бедны, загнаны, ня мае шырокай магчымасьці здабываць навуку ў унівэрсытэтах, але затое, калі ён мае ў сабе ахвоту й здольнасьці да навукі, дык самое жыцьцё можа быць найлепшым унівэрсытэтам яму. З нашага народу ня можа выходзіць акадэмічных няўмекаў, але затое беларуская працоўная інтэлігенцыя можа даць асьвету тысячам самавукаў.

Вучыцца самавукам адразу вельмі трудна, але калі мы злучымся каля свае культурнай арганізацыі і зробім яе школай самавукаў, дык вучыцца будзе лёгка; пры гэтым можна зрабіці прадметам вучэньня кожную праяву жыцьця, абгавораваньня кожнае гумкі, разбор кожнага мастацкага твору, асабліва карысным быў-бы ў апошнім прыпадку часопіс літаратуры й культуры. Трэба вучыцца, дзелячыся з сябрамі сваімі думкамі, уражаньнямі, увагамі. Магчыма, што мне ці табе прыйдзе якаясь думка, пакуль што няясная, ці, як мне здаецца, малаважная, але калі гэтую няпэўнаю, яшчэ канчальна нявыясьненую, думку аддам на суд сябром дзе колечы на зборышчы, дык яны, падхапіўшы, яе могуць разьвіць і высьветліць у вадну часіну так ясна, што я за цэлы тыдзень ня мог-бы гэтак абдумаць яе.

Дык вось як можна вучыцца. І калі мы здолеем бяз школьнага вучэньня навучыцца, дык здолеем без вялікіх высілкаў перамагаць.

Дык дабіваючыся як мага ўсіх ступеняў роднае школы, вялікую шкоду й крыўду з яе нястачы папаўняйма ўсялякімі спосабамі зашкольнай асьветы і самаўзгадаваньнем.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.