Аб годзе нараджэньня Фр. Скарыны
| Аб годзе нараджэньня Фр. Скарыны Артыкул Аўтар: Ігнат Дварчанін 1927 год Крыніца: Родныя гоні. — Сакавік 1927. — Кніжка 1. — С. 20—22 |
І. ДВАРЧАНІН.
Аб годзе нараджэньня Фр. Скарыны.
У сувязі з 400-нымі ўгодкамі друку ў Беларусі ў беларускай інтэлігенцыі праявілася вялікае зацікаўленьне да вінавайцы гэтага сьвята — Фр. Скарыны. Ня гледзячы на такую фундамэнтальную працу аб ім праф. Владимірова („Докторъ Францискь Скорина, его переводы, изданія и языкь“, СПБ., 1888), якая пазьнейшымі рэцэнзэнтамі справядліва названа найлепшым помнікам слаўнаму беларускаму гуманістаму (Огіенко інш.) — мусім усё-ж прызнаць, што мы аб Скарыне ведаем няшмат і што як біографія так і дзеяльнасьць Скарыны патрабуе ўважных студыяў. Дык трэба прывітаць новых дасьледчыкаў, ужо беларускіх, на гэтым полі. Маю тут на ўвазе перадусім артыкул праф. Шчакаціхіна: „Калі нарадзіўся Скарына“ [1] і Харэвіча: „Ф. Скарына і яго эпоха“[2], якія падыходзяць да справы ўстанаўленьня году нараджэньня нашага гуманістага. Як ведама ўжо з рэцэнзыяў у зах.-беларускіх газэтах, праф. Шчакаціхін падыйшоў да разьвязаньня гэтага пытаньня вельмі орыгінальным спосабам. Як матар’ял дасьледаваньня ён узяў гэрб Скарынін, прыняцьце якога ў тыя часы мела сувязь з данымі астранамічнага характару, у даным прыпадку — зацьменьнем сонца.
Прыймаючы пад увагу зацьменьне 6 сакавіка 1486 г., прафэсар дапушчае ў вывадзе, што гэта ёсьць пэўне і днём нараджэньня нашага гуманістага. Харэвіч у ўспомненым артыкуле не згаджаецца з вывадамі праф. Шчакаціхіна, прылучаючыся да ранейшай думкі Владимірова, які дапушчае, як магчымы год нараджэньня — 1490.
Вельмі шкада, што паважаны грамадзянін не падаў доказаў свае нязгоды, а проста ўказаў на большую праўдападобнасьць дапушчэньня Владимірова.
Паколькі артыкул грам. Харэвіча быў апошнім, і паколькі праф. Шчакаціхін ізноў-жа нідзе ня выказаўся аб гэтым артыкуле, выглядае, што большую рацыю мае грам. Харэвіч. Лічучы артыкул праф. Шчакаціхіна ў высокай ступені цікавым і важным, і амаль разьвязуючы справу, пазволім сабе сьмеласьць выказаць свой пагляд на гэтае пытаньне і падперці вывады паважанага прафэсара і іншымі аргумэнтамі.
Пачнём з разбору аргумэнтаў праф. Владимірова, на якіх толькі і апіраецца грам. Харэвіч.
У Владимірова доказы за 1490 г. такія: 1) У мэтрыцы Кракаўскага Унівэрсытэту, выданай п. Пташыцкім т. I, ліст 500-b значыцца запіс: „Anno 1504, Commutatione hiemali... Franciscus Luce de Poloczko solvit 2 gr.“.
Владиміров, прыймаючы гэты запіс аб уносе грошай разам і за першы запіс на унівэрсытэт[3], — адлічае адсюль толькі звычайныя 14 гадоў, якія былі патрэбны для паступленьня[4] на унівэрсытэт, 2) уводзіць гэта ў сувязь з праўдападобным векам Скарыны на патрэце ў кнізе Сіраха 1517 г., дзе ён мусіў быць 27 гадоў і болей[5]. Вось і ўсё.
Праф. Шчакаціхін не адкідае думкі Владимірова. Уносіць толькі папраўку. Нам, аднак здаецца, што ў Владимірова няправільна ўзяты самы пункт выхаду. Няма ніякае гарантыі, што гэта быў першы запіс Скарыны і то пры паступленьні. Гэта стане малапраўдападобным, калі прыймем пад увагу іншыя даныя.
У другім месцы кнігі[6] Владиміров падае выпіску з Мучковскага[7], што Frant. de Poloczko Lithuanius у 1506 г. дастаў ступень бакаляра філёзофіі. Вось-жа, выходзіць па Владимірову, што Скарына кончыў факультэт за два гады.
Але гэта не магло быць. Курс філёзофскага факультэту ў Кракаве, як і ўсюды на Захадзе, цягнуўся роўна пяць гадоў, інакш і не дапускалі да бакалярскага экзаміну[8].
Адным словам, каб быць дапушчаным да гэтага экзаміну, студэнт мусіў мець ня меньш, як 19 гадоў, а гэта няпрынята пад увагу Владиміровам.
Апроч таго, ня гледзячы формальнай немагчымасьці кончыць факультэт за 2 гады, ды ў 16 гадоў ад роду, у адносінах да Скарыны немагчыма гэтага дапусьціць з іншага боку. Да унівэрсытэту Скарына мусіў прыгатавацца, дзеля гэтага ён павінен быў прайсьці нормальную касьцельную школу, ды яшчэ пэўна-ж мець вялікія здольнасьці і да таго прыгатаваньне хатняе. Ведаем, што такія школы ў Беларусі ў часе Скарыны былі — ў Вільні і Троках[9]. Аднак, судзячы па мове Скарыны з дыяляктычнымі асаблівасьцямі полацкімі, мусім прызнаць, што ён правёў дзяцінства ў сваім родным месьце. Аб існаваньні-ж касьцельнае школы ў Полацку ня маем вестак ніякіх.
Трэба думаць, што Скарына дастаў папярэднюю асьвету толькі хатнюю. Тады цяжка спадзявацца, што навет пры Скарыніных здольнасьцях з хатняе асьветы прайсьці лацінскія граматыкі, рэторыкі і г.д. і, лучыўшы ў унівэрсытэт, за два гады кончыць пяцігодні курс, ніяк немагчыма.
Ня зусім правільна думка і адносна веку Скарынінага на фатаграфіі. Гэта кожны скажа, хто бачыў вядомы патрэт Скарыны (копія вышэй успомненага). Тут Скарына бязумоўна выглядае больш як на 27 гадоў.
Куды правільней будзе, калі пры ўстанаўленьні году нараджэньня Скарыны выходным пунктам будзем лічыць ня 1504 г., а 1506, як год, калі Скарына здаваў свой бакалярскі экзамін і калі мусіў мець ня менш, як 19 гадоў. Дык 1504 год будзем лічыць годам якогасьці іншага запісу Скарыны ў унівэрсытэце, калі ён плаціў нейкія грошы.
Вось-жа ў такім прыпадку, адлічыўшы ад 1506 г. належныя 19 гадоў, будзем мець 1487 год, як год, вышэй якога не магло-бы быць факту нараджэньня Скарыны, а толькі магло быць ніжэй. Тады і век Скарыны на фатаграфіі куды бліжэй адказваў-бы запраўднасьці і думкі аб папярэдняй асьвеце нашага гуманістага знашлі-б больш здаволюючае разьвязаньне.
Прыймаючы пад увагу ўсё вышэй сказанае, трэба пры-вітаць дасьледаваньні праф. Шчакаціхіна, што так орыгінальна падыйшоў да справы і куды бліжэй да запраўднасьці вырашыў пытаньне.
Зусім нічога ня маем проці, каб згадзіцца з паважаным прафэсарам — і дзень 6 сакавіка 1486 году лічыць устаноўленым днём нараджэньня Скарыны.
- ↑ „Полымя“, 1925 г, № 5, стар. 148—151.
- ↑ ibid, № 7,138—152.
- ↑ Владиміров: Доктор... стар. 52.
- ↑ Ib. стар. 44.
- ↑ Ib. стар. 44.
- ↑ Ib. стар. 51.
- ↑ Muczkowski: Statua nec non liber Promotionum Philosophorum ordinis in universitate Jagellonica Cracoviae. 1849.
- ↑ Wiszniewski: Historya literatury polskiej, Kraków, 1854 г., т. IV стар, 269.
- ↑ Пічэта: Гісторыя Беларусі. 1924, т. I, стар. 131
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.