Перайсці да зместу

Аб Таварыстве Беларускае Школы і яго барацьбе (1932)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Аб Таварыстве Беларускае Школы і яго барацьбе
Публіцыстыка
Аўтар: Пятро Мятла
1932 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЕЛАРУСКАЯ АКАДЭМІЯ НАВУК


КАМІСІЯ
ЗАХОДНЯЙ
БЕЛАРУСІ

П. МЯТЛА


АБ ТАВАРЫСТВЕ БЕЛАРУСКАЕ

ШКОЛЫ
І ЯГО
БАРАЦЬБЕ


МЕНСК — 1932

БЕЛАРУСКАЯ АКАДЭМІЯ НАВУК
КАМІСІЯ ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ


П. МЯТЛА

АБ ТАВАРЫСТВЕ
БЕЛАРУСКАЙ ШКОЛЫ
І ЯГО БАРАЦЬБЕ

МЕНСК — 1932

Адказны рэдактар В. Сэрбэнта.
Тэхнічны рэдактар А. Раманоўскі.
Стыль рэдактар Ул. Кулеўскі.
Адказны корэктар В. Гурло-Малевіч.

Здана ў друк 15/VIII 1932 г.
Вышла з друку 25/IX 1932 г.



Друкарня Беларускае Акадэміі Навук.

Менск, Няміга, 7.


Галоўлітбел № 1048.

Заказ № 845

Тыраж 3.000 экз. 2 арк. 2 стар.

Капіталістычная Польшча ўзьнікла ў 1918 годзе ў выніку разьвіцьця рэволюцыі ў былой расійскай царскай імпэрыі і краху кайзэраўскай і аўстрыйскай імпэрый, дзякуючы рэволюцыі ў Аўстра-Вэнгрыі і Нямеччыне. Польская буржуазія і памешчыкі пры самай дзейнай дапамозе правадыроў ППС, Вызваленьня і розных дробна-буржуазных нацыяналістычных партый з дапамогай імпэрыялізму заходня-эўропейскіх дзяржаў захапілі пад сваё крывавае панаваньне значную колькасьць няпольскага насельніцтва, якое складала каля паловы ўсяго насельніцтва Польшчы і якое суцэльнай масай насяляе цэлыя тэрыторыі. Да такіх няпольскіх тэрыторый адносіцца Заходняя Беларусь, у якой налічваецца каля 3-х мільёнаў беларусаў.

Окупаваўшы Заходнюю Беларусь, польская буржуазія пад напорам СССР прымушана была па Рыскаму дагавору гарантаваць нацменшасьцям захаваньне і свабоднае разьвіцьцё іх нацыянальнай культуры і мовы.

Пад пагрозаю соцыялістычнай рэволюцыі, хваля якой патрасала ўвесь капіталістычны сьвет, стараючыся ашукаць працоўныя масы, каб утрымацца пры ўладзе, буржуазія Польшчы змушана была пад напорам мас галасаваць і ў сойме за больш-менш лібэральную па зьместу констытуцыю. У гэтай констытуцыі мы чытаем, што (арт. 109) „кожны грамадзянін мае права захаваньня сваёй народнасьці і ахоўваньня сваёй мовы і народных асаблівасьцяў“, а арт. 110 ужо больш выразна акрэсьлівае правы нацменшасьцяў. Там гаворыцца: „Грамадзяне Польшчы, належачыя да меншасьцяў нацыянальных, рэлігійных, ці языковых, маюць права на роўныя з іншымі грамадзянамі закладаньне, надзору і ўтрыманьня сваім уласным коштам закладаў добрачынных, рэлігійных і грамадзкіх школ і іншых закладаў выхаваўчых і ўжываньне ў іх сваёй мовы і выкананьне правіл сваёй рэлігіі“.

Толькі прымус прадыктаваў польскай буржуазіі і памешчыкам напісаць такія законы, але ажыцьцявіць іх яны ніколі ня зьбіраліся і ня зьбіраюцца.

Гэтымі шматкамі паперы карысталіся буржуазныя політыкі як у „Лізе Нацый“, такі на розных міжнародных конфэрэнцыях, на якіх патрэбна было для ашуканства мас паказаць сваю „толеранцыю да нацыянальных меншасьцяў“.

Гэты шматок паперы — констытуцыя спатрэбілася польскай буржуазіі і памешчыкам толькі для жонгляваньня заграніцай, для паказаў перад масамі на арэне замежнай політыкі.

Зусім іншае аблічча мы бачым у гэтага вылашчанага, далікатнага „джэнтэльмэна“ — польскага фашыста ў сябе дома.

Калі прыходзілася ссылацца на констытуцыю або на які-небудзь іншы закон, то заўсёды чуўся адзін адказ — „констытуцыя то я“. Усе гэтыя пастановы былі ні больш ні менш, як шматкі паперы, з якімі ніводзін урадовец, ніводзін поліцыянт ня лічыліся. Тут мы спатыкаем сапраўдны твар, бяз маскі, польскага імпэрыяліста: азьвярэлы, цынічны, поўны нянавісьці да ўсяго няпольскага.

Усе гэтыя імкненьні польскага імпэрыялізму яскрава выявіў вядомы беларусажэрца Ст. Грабскі, які сказаў, што трэба праводзіць па Заходняй Беларусі такую політыку, каб „праз 15 гадоў мяжа політычная стала мяжой этнографічнай“.

Ад заснаваньня польскай дзяржавы і да сёнешняга дня гэта політыка полёнізацыі, крывавага змаганьня з нацыянальна-вызваленчым рухам праводзіцца ўсімі ўрадамі буржуазна-памешчыцкай Польшчы. Калі і былі пэўныя зьмены, то толькі ў справе зьмены полёнізацыйнай тактыкі ў залежнасьці ад політычнай сытуацыі як у краі, так і за межамі

У справе полёнізацыі стасаваліся і стасуюцца самыя рознастайныя формы і спосабы ўсіх буржуазных партый Польшчы ад ППС і „Вызваленьня“ да монархістаў. Узяць любую фашысцкую або нацыянал-фашысцкую газэту любой партыі, усюды мы спаткаем артыкулы, накіраваныя супроць рэволюцыйнага вызваленчага руху, супроць беларускай культурна-нацыянальнай работы. Розьніца толькі ў тым, што так званыя радыкалы і соцыял-фашысты прыкрываюцца, замаскоўваюць сваё сапраўднае аблічча, у той час як пісакі з правіцы, як вядомыя Обсты з „Дзеньніка Віленскага“ або Мацкевічы з „Слова“ зусім выразна падкрэсьліваюць свае замеры адносна полёнізацыі Заходняй Беларусі і ліквідацыі беларускіх масавых культурна-асьветных і рэволюцыйна-вызваленчых організацый.

У апошні час мы зьяўляемся сьведкамі новай фашысцкай навалы на адзіную культурна-асьветную організацыю — Таварыства Беларускае Школы, каб поўнасьцю яе зьліквідаваць.

Разгром ТБШ — гэта зьвяно адзінага ланцугу сыстэматычнай падрыхтоўкі вайны польскім фашызмам супроць СССР.

ТБШ заснавана было ў Вільні 1 ліпня 1921 г. з правам дзейнасьці на тэрыторыі былой „Сярэдняй Літвы“. Крыху пазьней 7/XII-1921 г. такая-ж організацыя паўстала і на тэрыторыі тагочаснага корыдору, які адышоў пад Польшчу, пад назвай „ТБШ у Радашковічах“. Згодна статуту, мэтай дзейнасьці і заданьнем ТБШ было „пашырыць і памагаць асьвеце сярод беларусаў, пашыраць беларускае школьніцтва і беларускую асьвету наогул“ (§ 1, 2).

За адзінаццаць год свайго існаваньня ТБШ у Вільні пад уплывам разгортваючагася і паглыбляючагася рэволюцыйнага нацыянальна-вызваленчага руху прарабіла само вялікую эволюцыю.

ТБШ спачатку было організацыяй пад уплывам беларускай буржуазіі, якая цягнула ТБШ на супрацоўніцтва і ўгоду з польскімі окупантамі. Тады яно не зьяўлялася масавай організацыяй. Але далей, пад напорам разьвіцьця рэволюцыйнай барацьбы шырокіх працоўных мас, пасьля расколу ў беларускім пасольскім клюбе, ператварылася ў опозыцыйную радыкальную організацыю, як складаную частку нацыянальна-вызваленчага руху. Ад гэтага часу, г. зн. ад 1923/24 г. пачаўся організацыйны рост ТБШ, якое становіцца ўжо масавай організацыяй.

І ад гэтага часу яно прарабіла вялікую работу ў кірунку організацыі беларускіх працоўных мас, у змаганьні за школы, за асьвету на роднай мове.

Ужо ў 1926 годзе, 27 красавіка, статут ТБШ быў зьменены ў тым кірунку, што з яго была выкінута тая частка, якая была накінута беларускай ХД і іншымі, дзейнасьць яе пашыралася на ўсю тэрыторыю Польшчы. Паводле § 3 статуту, таварыства на ўсёй тэрыторыі Польшчы мае права: „закладаць, утрымліваць і падтрымліваць народныя школы, курсы для дарослых, няпісьменных, прытулкі, вучыцельскія курсы, сэмінарыі, народныя чытальні і бібліотэкі, школы сярэднія і вышэйшыя ўсялякіх тыпаў і закладаць народныя дамы дзеля асьветы і таварыскія гульні, організоўваць курсы і лекцыі зьместу культурна-асьветнага, выдаваць і пашыраць беларускія школьныя кнігі (падручнікі), навуковыя, пэдагогічныя і народныя газэты, даваць школьнай моладзі стыпэндыі, дапамогу і розную навуковую помашч“.

Як бачым, дзейнасьць гэтае культурна-асьветнай організацыі была накіравана выключна на пашырэньне асьветы сярод беларускага насельніцтва. Але і гэтага было ўжо досыць для окупантаў, бо пытаньне асьветы сярод працоўных мас гораду і вёскі, для іх зьяўлялася адным з сьмяротных грахоў, з якімі так старанна і так заядла змагаліся і змагаюцца польскія фашысты.

Як я ўжо і вышэй адзначыў, ТБШ паўстала на тэрыторыі былой „Сярэдняй Літвы“, а гэта было ў той час, калі сядзеў там захопнік генэрал Жэлігоўскі і калі польскія політыкі яшчэ ня ведалі, як паглядзяць на гэта замежныя імпэрыялістычныя захопнікі, тым больш, што на Вільню прэтэндавалі літоўцы. Прыблізна да гэтага часу адносіцца і выпуск вядомай адозвы Пілсудзкага да беларусаў, дзе ён прыкідваецца прыхільнікам беларусаў і гаварыць як „вольны з вольнымі і роўны і з роўнымі“, „за нашу і вашу вольнасьць“. Сьледам за гэтым мацёрым ваўком у авечай скуры завылі і ваўчаняты — Жэлігоўскі і кампанія.

Зразумела, што да гэтага змушалі іх тагочасныя абставіны, бо ўжо адбылася Кастрычнікавая рэволюцыя, якая па ленінску вырашыла нацыянальнае пытаньне ва ўсім Савецкім саюзе і ў прыватнасьці ў БССР і дала аграмаднейшы штуршок разгортваньню рэволюцыйнага нацыянальна-вызваленчага руху.

Дзякуючы масава-рэволюцыйнай барацьбе рабочых і сялян, дзякуючы Чырвонай арміі і нядоўга існаваўшай савецкай уладзе, якія несьлі соцыяльнае і нацыянальнае вызваленьне, дзякуючы і вышэйпаказанаму політычнаму становішчу польскай буржуазіі, беларускім організацыям удалося адкрыць за зусім кароткі час 186 пачатковых школ у „Сярэдняй Літве“, гімназію ў Вільні, сэмінарыю ў Барунах. Нават на землях Заходняй Беларусі, захопленых польскім імпэрыялізмам, шмат дзе сяляне самі адкрывалі школы, утрымліваючы іх з сваіх складак і наймаючы настаўнікаў. У 1918-1919 гг. у Заходняй Беларусі было ўжо звыш 400 беларускіх пачатковых школ.

Адкрыты былі гімназіі ў Будславе, Радашковічах, Гарадку, Новагрудку, Несьвіжу. У Вільні працавалі настаўніцкія курсы. Зразумела, што і ў гэты час рабіліся розныя перашкоды формальнага характару, але офіцыйна стараліся паказаць сваю „толеранцыю“, бо польская буржуазія перш за ўсё старалася ўзмацніцца ўнутры краіны.

Але вось 20-га лютага 1922 г. на падставе пастановы так званага Віленскага сойму, які шахрайскі быў скалочаны стаўленікам польскага імпэрыялізму Жэлігоўскім і К°, бяз удзелу карэннага насельніцтва Віленшчыны — беларусаў, літоўцаў, яўрэяў (прывозілі цэлымі эшалёнамі банды з Варшавы і іншых месц Польшчы, каб інсцэнаваць выбары), „Сярэдняя Літва“ была далучана да Польшчы. Арэопаг політыкаў у Жэнэве гэтае шахрайства зацьвярджае. Польскі пан тады паказвае сапраўдны свой твар.

Побач з узмацненьнем соцыяльнага ўціску — павялічэньнем падаткаў, эксплёатацыяй, адбіраньнем зямлі ў сялян і хваляй асадніцтва — окупанты ўзмацнілі нацыянальны ўціск.

Адразу пачаўся разгром беларускіх школ. Адным росчыркам пяра закрываецца большасьць пачатковых школ. Зруйнавана і закрыта Барунская сэмінарыя і Будслаўская гімназія. Пасылаліся ўдары за ўдарам і на ТБШ, як організатара школ і пашыральніка асьветы. Па ўсім паветам адміністрацыя стала карыстацца ўсялякімі спосабамі, каб ня даць магчымасьці існаваньню беларускіх школ, бібліотэк, хат-чыталень. Пачаліся масавыя звальненьні настаўнікаў.

Каб аслабіць культурна-асьветную работу беспрацоўнага настаўніцтва на вёсцы і выкарыстаць некаторых з іх як агентаў фашызму, белапольскі ўрад адкрывае спэцыяльныя курсы для настаўнікаў у Кракаве. Курсанты па сканчэньні курсаў былі назначаны ў польскія школы Пазнаншчыны і Памор’я. Ніводнага настаўніка школьная ўлада не адпусьціла на Заходнюю Беларусь, хоць шмат хто з іх скончыў перад гэтым беларускія настаўніцкія курсы. Гэты прыклад сьведчыць аб сыстэматычнай, загадзя ўплянаванай полёнізатарскай політыцы окупантаў. У гэтую ганебную работу ўпрэглася ўся чорная сотня на Заходняй Беларусі: ад памешчыка і поліцыянта да войтаў і польскага настаўніцтва.

Якую-ж ролю адыгрывала на месцы польскае настаўніцтва, прысланае ў большасьці з Галіцыі? Гэта ў асноўным напоўпісьменныя шовіністы, у большасьці агенты дэфэнзывы, здольныя на ўсялякую подласьць у адносінах да беларускіх працоўных мас. Памятаю адзін вельмі характэрны факт, які сьведчыць аб ашуканчых мэтодах провокатарскай работы польскага настаўніцтва. В. Дубоўка, Лужацкай воласьці, Дзісьненскага пав. некалькі разоў падавала просьбу аб ператварэньні існуючай польскай школы ў беларускую. Ня гледзячы на ўсякія цяжкасьці, усе формальнасьці, якія вымагаліся ўставамі і констытуцыяй, былі прароблены. Ня было ў інспэктара ніякага поваду для адмовы, але, з другога боку — адкрыць беларускую школу не на руку было полёнізатару. На выручку прышла настаўніца. Ведаючы, што дарослых сялян не ашукаеш, яна парашыла сфальшаваць патрэбную пастанову, дзеля чаго выкарыстала школьнікаў. Аднаго дня прышла ў школу і стала плакаць і жаліцца перад дзецьмі, што яе інспэктар выганяе са школы за тое, што нібы-та школьнікі яе ня хочуць і што калі яны падпішуць паперку, то яна астанецца і можа іх вучыць пабеларуску. Дзеці падпісалі паперку, якая аказалася протоколам з пастановай заставіць на месцы польскую школу. Ня гледзячы на протэсты, на абскарджаньне гэтага ашуканства, пастанову інспэктар прызнаў сапраўднай і на падставе яе адмовіў у беларускай школе.

Такімі і падобнымі мэтодамі змагалася ўся буржуазная свора супроць беларускай школы, супроць асьветы ў роднай мове.

Польскім фашыстам і іх соцыял- і нацыянал-фашысцкім паслугачом выгадна трымаць беларускія працоўныя масы няпісьменнымі і прышчэпліваць ім агіднейшым спосабам буржуазную окупанцкую культуру, бо цёмных нявольнікаў з большай выгадай можна лепш і надалей па-драпежніцку эксплёатаваць і ўціскаць.

Але ТБШ, перамагаючы перашкоды, усё больш становіцца масавай організацыяй, захоўваючы характар такога тыпу організацыі, якая гуртавала каля сябе элемэнты опозіцыйна-настроеныя да тагочаснага польскага ўраду.

Пашыраецца работа ТБШ. Наплываюць копіі пастаноў агульных сходаў аб адкрыцьці школ, хат-чыталень, бібліотэк, з просьбаю хадайнічаць перад адпаведнымі ўладамі аб адкрыцьці новых школ. Толькі ў ТБШ у Вільні прыслана ў 1923 годзе прыгавароў на адкрыцьце беларускіх школ — 192, а ў 1924 г. — 254. У гэты час малюнак са школьніцтвам па Заходняй Беларусі выглядаў так: польскіх школ (на 1/III-1923 г.) было 3.380, а беларускіх толькі 37.

Атрыманыя пастановы з адпаведнай просьбай перасылаліся школьным інспэктаром і школьнаму куратуру, але заўсёды з таго або іншага поваду адмаўлялі ў адкрыцьці школы.

Страціўшы надзею атрымаць дазвол на адкрыцьце ўрадавай школы, ТБШ зьвярнула асаблівую ўвагу на адкрыцьце прыватных пачатковых школ. У некаторых паветах удалося нават некалькім школам прыступіць да работы. Дзеці масава кідалі польскую школу і пераходзілі ў сваю. Былі выпадкі (в. Ладзін, Слонімскага павету), калі ў польскай школе аставаліся 2-3 школьнікі і то дзеці наплыўнога элемэнту: поліцыянтаў, лясьнікоў або якога-небудзь зьбяднелага шляхціча, які ня меў сіл утрымліваць сваё дзіцянё ў гарадзкой школе.

Гэты масавы адыход беларускіх дзяцей у беларускую школу заварушыў усіх окупантаў. Перапалоханыя школьныя інспэктары прымаюць тэрміновыя меры, каб у самы кароткі тэрмін зьліквідаваць ужо адкрытыя прыватныя школы і не дапусьціць да адкрыцьця новых. Прадстаўнікі ТБШ сьцьвярджалі на мясцох нябывалы разгул поліцэйшчыны і ўсёй чорнай сотні белапалякаў.

Галоўны мэтод быў — гэта застрашваньне працоўнага сялянства вастрогамі, а больш актыўных арыштоўвалі і ў дэфэнзывах пры дапросах катавалі. Тэрорам хацелі прымусіць адмовіцца ня толькі ад беларускай школы, а нават ад хадайніцтва за яе.

Пацярпела пры гэтым і даволі многа настаўнікаў, якіх таксама арыштоўвалі і кідалі за краты (Баліцкі — гміна Лоша, Гарадзенскага пав., Бурсэвіч, Белаусава, Капітончык Надзея, Вера Котрач, Янка Дожын, Слонімскага пав.). Апрача сядзеньня па некалькі месяцаў у вастрозе беларускія настаўнікі павінны былі плаціць за навучаньне ў беларускай школе штрафы, якія часта перавышалі 50 злотых.

Спосаб штрафаваньня ўжываўся асабліва жорстка ў адносінах да сялян, якім у віну ставіліся самыя розныя прычыны. Напрыклад, солтыса вёскі Стэцко арыштавалі і аштрафавалі за хадайніцтва аб адкрыцьці беларускай школы. Некаторых сялян штрафавалі за тое, што яны мелі беларускія падручнікі, іншых за непасылку дзяцей у польскую школу, хоць добра ведалі, што яны вучацца ў беларускіх школах (в. Бакуны — Пружанскага пав., в. Угрын, Ладзіны, Савічы, Пруды — Слонімскага пав. і інш.).

На просьбу, абапёртую на пастанову адпаведна протоколу сходу, аб адкрыцьці беларускай прыватнай школы інспэктары або зусім не адказвалі, або калі знаходзілі якуюсь прычапку формальнага характару, катэгорычна забаранялі.

Даволі часта ўжывалі мотывы, што памяшканьне пад даную школу па гігіенічным прычынам не падыходзіць, або мала паветра і г. д.

Тут прыкладам гэтых нікчэмных і злосных адносін можа служыць наступны факт.

У м. Глыбокім Дзісьненскага пав. працоўнае насельніцтва пажадала адкрыць сваю беларускую гімназію. Сабралі патрэбную лічбу подпісаў пад заявай і на ўставовую колькасьць дзяцей. Засталося толькі знайсьці памяшканьне. Прадстаўлены былі на зацьвержаньне некалькі будынкаў, але лекарская камісія школьнага інспэктара забракавала іх. Нарэшце, знайшлі, здаецца, зусім падыходзячы новы дом гр. Дразда, але камісія зноў забракавала.

Праз некалькі месяцаў гэты дом быў заарандаваны тым-жа школьным інспэктарам пад польскую школу. Зразумела, гэта адзін з многіх фактаў па ўсёй Заходняй Беларусі.

Слушна т. Тарашкевіч у аднэй з сваіх прамоў у польскім сойме гаварыў аб падобных інспэктарох.

„Гэтыя прывезеныя з далёкай Галіцыі адміністрацыйныя шулеры, якія са спрытнасьцю і крывадушнасьцю, годнымі лепшай справы, спынялі і спыняюць усялякія высілкі школы. Цэлымі сотнямі ляжаць у іх пад сукном і ў кошыках просьбы аб адчыненьні беларускіх школ“.

І гэта праўда. Кожны з гэтай шайкі полёнізатараў стараўся прыдумваць усё новыя і новыя спосабы, якія-б перашкаджалі і недапушчалі існаваньня беларускіх школ. Даволі ўспомніць, напрыклад, той факт, што польскі куратар ня толькі забараніў прымаць у Несьвіскую беларускую гімназію яўрэяў, але і католікаў беларусаў. Калі-ж і гэта мера не дапамагала і лічба вучняў была вялікая, выдаў загад аб закрыцьці гэтай гімназіі, нібы-та з-за дрэннага будынку. Апрача таго, у кожным павеце дамагаліся, на падставе існуючай констытуцыі, адкрыцьця новых школ, бібліотэк і г. д. ТБШ павяло шырокую кампанію за тэатральныя пастаноўкі ў вёсцы, за хаты-чытальні. Пасылаліся лектары для чытаньня лекцый. На ўсё окупанты адказвалі гвалтам і жорсткім тэрорам супроць працоўных мас.

Вось далёка няпоўны малюнак палажэньня беларускае асьветы да 1924 г. пад окупанцкім белапольскім урадам.

Героічнае змаганьне за родную школу і культуру працоўных Заходняй Беларусі, якое вялося організацыямі ТБШ, дало толькі той вынік, што ліквідацыя школьніцтва ішла не такімі хуткімі тэмпамі, як у пачатку. Тым больш, што ТБШ на пагромным окупанцкім шляху пачала ўсё часьцей на прыкладах дэмаскоўваць сапраўднае аблічча „культурнай місіі“ белапалякаў у адносінах да беларускага школьніцтва і асьветы. Нацыянальна-вызваленчы рух усё рос і паглыбляўся. Працоўныя масы, у якіх яшчэ сьвежы ўспаміны героічнай сваёй барацьбы з окупантамі, успаміны грамадзянскай вайны, пад уплывам росту і ўзмацненьня савецкай улады ў сваіх братоў, якія атрымалі, наперакор міжнароднаму імпэрыялізму, беларускую соцыялістычную дзяржаўнасьць — у адказ на ўзмоцнены соцыяльны і нацыянальны ўціск там-сям прарываліся ў адкрытыя партызанскія баі. Пад ударамі рэволюцыйнага руху ў самой Польшчы і нацыянальна-вызваленчага руху на Заходняй Беларусі польская буржуазія прымушана была стварыць новыя „дэмократычныя“ ілюзіі — складаць законы для нацыянальных меншасьцяў, у тым ліку і ўсім вядомы закон аб дзьвёхмоўных школах.

Трэба было выдумаць нешта такое, каб легалізаваць гвалт; трэба было выдумаць такі закон, які дапамог-бы ашукаць прыгнечаныя масы і вонкава для замежнай політыкі паказаць так, што быццам у Польшчы даюцца поўныя правы нацменшасьцям.

Вынікам гэтае політыкі і зьявіліся законы Тугута-Грабскага ад 31/VII-1924 г., якія па сутнасьці ўзаконьвалі канчатковую ліквідацыю таго ў нацменшасьцяў, што яны мелі.

Супольная работа над гэтымі законамі лідэра „Вызваленьня“ (г. зв. Лявіцы) Тугута і прадстаўніка крайняй правіцы, чорнасоценца Грабскага Ст., яскрава сьведчыць аб той супольнай лініі ўсёй польскай буржуазіі, ня гледзячы да якой партыі яны належаць, супроць культуры і школы нацменшасьцяў. Т. Тарашкевіч у соймавай прамове ад 9 ліпня 1924 г. гаворыць аб уставе, што яна „цяпер пазбаўляе нас апошняе надзеі і пры дапамозе закону творыць апошнюю перашкоду разьвіцьцю беларускіх і ўкраінскіх школ. Школы беларускія будуць выняткам, затое скрозь будуць школы польскія, ці ў лепшым выпадку — польска-беларускія, так званыя дзьвёхмоўныя. Устава ў сваіх асноўных пастановах насупроць гарантыям констытуцыі і трактатам стаўляе польскі элемент у прывілейнае палажэньне, крывадушна прыкрываючы гэта няяснай формуліроўкай уставы“.

Як будзе выглядаць гэтая ўстава? Т. Тарашкевіч у тэй-жа прамове так характарызуе яе: „Вось пробкі „дэмократызму“ і „справідловасьці.“ Калі ў абводзе школы будзе 39 няпольскіх дзяцей, дык школа мае быць польскай, хаця-б ня было ніводнага польскага дзіцяці! Калі-ж у абводзе школы ёсьць 25 польскіх дзяцей, дык школа будзе двуязычнай, хаця-б няпольскіх дзяцей было 100, 200, 500, 1000 — без агранічэньня лічбы. Даволі 25 польскіх дзяцей, каб беларускай школы ня было“.

Далей, крытыкуючы крывадушных аўтараў уставы, т. Тарашкевіч кажа: „Мы ня бачым у гэтых ўставах ані забясьпечаньня нашых правоў, ані ўважаем іх за выяўленьне нейкай вялікадушнасьці, што раптоўна, няведама скуль, агарнула, зьмягчыла сэрцы такіх закаянных нацыяналістычных грэшнікаў, як Станіслаў Грабскі. Вы робіце гэта, панове, перад усім пад націскам вонкавых акалічнасьцяй“. Разьвіваючы далей думку, т. Тарашкевіч прыраўнівае палажэньне беларусаў пад Польшчай і ў Савецкай Беларусі: „Насяленьне гэтых зямель, далучанае да Польскае рэспублікі, знаходзіцца ў годным жалю становішчы. Яго нішчаць матар’яльна, культурна і, нават, фізычна. У яго адбіраюць зямлю, школу ды бяскарна зьдзекуюцца над ім і катуюць. Дзяржава, якая ня можа запэўніць сваім грамадзянам нават найменшае асабістае бясьпечнасьці, вымагае ад іх церазьмерных падаткаў, а магчыма ў хуткім часе зажадае церазьмерных ахвяр крывёй і ўсёй маёмасьці. Тым часам на той бок граніцы, бальшавіцкі ўрад, хоць з вялікім трудом, але разам і з нязвычайнай упорлівасьцю будуе новы дом беларускае дзяржаўнасьці“.

Але ўстава прынята і апублікавана. Міністэрскія тлумачэньні яшчэ больш утрудняюць палажэньне. Паводле гэтых тлумачэньняў, кожны грамадзянін, які захоча вучыць дзяцей у беларускай школе, павінен напісаць спэцыяльную дэклярацыю. Подпіс павінен пацьвердзіць войт воласьці ў прысутнасьці дэкляранта. Акрамя таго трэба на кожнае дзіця далучыць мэтрыку. Сабраныя дэклярацыі на 40 школьнікаў адвозяцца школьнаму інспэктару, які прыяжджае на месца і правярае праўдзівасьць зложанай дэклярацыі.

Цяжкасьці вельмі вялікія. Але нацыянальна-вызваленчы рух пад кіраўніцтвам пролетарыяту непахісна вядзе барацьбу з нацыянальным уціскам.

ТБШ — як складаная частка нацыянальна-вызваленчага руху — разгортвае шырокую растлумачальную работу, і сьвядомыя рабочыя і сяляне з вялікаю ўпартасьцю і настойлівасьцю, змагаючыся з перашкодамі, дамагаюцца беларускай школы. А перашкод гэтых было многа: ставілі гэтыя перашкоды і старасты, і поліцыя, і войт, і інспэктар і г. д. Для характарыстыкі даволі прывесьці некалькі толькі фактаў, якія паданы ТБШ старшыні Рады Міністраў Польскае Дзяржавы.

Так, напрыклад, Косаўскі стараста загадвае войтам, каб яны вымагалі ад дэклярантаў прадстаўленьня мэтрык, хаця паводле ўрадавага распараджэньня ад 7/I-1925 г. справа праверкі ўзросту дзяцей, паданых у дэклярацыях, належыць выключна школьнаму інспэктару, а ня войту, бурмістру ці старасьце. Цэлы рад старастаў давалі інструкцыі войтам ня сьведчыць подпісы, вымагаць плату, або проста застрашваць дэклярантаў астрогамі ці штрафамі.

ТБШ падае цэлы сьпісак фактаў адмовы войтаў сьведчыць уласнаручнасьць подпісаў на дэклярацыях. Вось некалькі з гэтых фактаў:

1. Войт Манькавіцкай гміны Пастаўскага павету адмовіў жыхарам вв. Каляёўцы, Агароднікі, Кучыншчына, Русіны, Кубаркі, Асінкі і інш. Мотывы: „Ня маю права гэтага рабіць“.

2. Войт Норыцкае гміны Пастаўскага пав. адмовіў дэклярантам вв. Бялавічы, Гусакава, Гінякі і інш. і інш. Мотыў: „не дазволіў стараста.“

3. Войт Жасьнянскае гміны Пастаўскага пав. адмовіў жыхаром в. Гулі. Мотыў: „Забарона з боку п. старасты“.

4. Войт Палачанскае гміны Маладэчынскага пав. адмовіў дэклярантам вв. Літва, Быкі, Кабылкі і інш. Мотыў: забарона п. старасты.

5. Войт Мікалаеўскае гміны Дзісьненскага пав. адмовіў дэклярантам вв. Мазурына, Падзьвіньне, Атрошкава, Янкава, Заланецкае, Загор’е, Кавалёва, Калатушкіна і інш. Мотыў: „Ня маю права“ і „позна“.

6. Войт Сьвята-Вольскае гміны Косаўскага пав. адмовіў дэклярантам вв. Аброўская-Волька, Малая Гаць і інш. Мотыў: не прадстаўлены мэтрыкі.

7. Войт Ражанскае гміны адмовіў жыхарам в. Варанілаўцы. Мотыў: няма мэтрык.

8. Войт Сухапольскае гміны Пружанскага пав. адмовіў дэклярантам вв. Члава, Старая Галень, Клетнае і інш. Мотыў: ня мае дазволу ад п. старасты. Урэшце згадзіўся, але за плату па злотаму ад дэклярацыі (далучаны протокол дэклярантаў).

9. Войт гміны Марочна адмовіў сьведчыць дэклярацыі. Мотыў: ня мае распараджэньня на гэта п. старасты.

10. Войт Жухавіцкае гміны Стаўпецкага пав. незаконна патрабуе мэтрыкі ды прымушае дэклярантаў па некалькі разоў хадзіць, адкладаючы беспадстаўна справу.

11. Войт Пачапаўскае гміны незаконна патрабуе за пасьведчаньне подпісаў па 25 грошаў ад дэклярацыі.

12. Войт Дзятлаўскае гміны Наваградзкага пав. адмовіў жыхарам вёскі Запольле бяз усялякіх мотываў.

13. Войт Карэліцкае гміны Наваградзкага пав. адмовіў жыхарам вёскі Забалоцьце.

14. Войт Райчанскае гміны Наваградзкага пав. адказаў на дамаганьне дэклярантаў з вв. Яругі і Сапотніцы вымаганьнем ад іх па злотаму за дэклярацыю.

15. Войт гміны Міжавіцкае Слонімскага пав. адмовіў дэклярантам вв. Юхнавічы, Вялікая Кракотка і інш. Мотыў: „не прызнаю беларускай школы“. Пры гэтым далучаны протокол в. Вялікая Кракотка аб тым, што ў гутарцы з дэклярантамі войт Міжавіцкае гміны Чалей дазволіў сабе ўжыць у найвялікшай меры непрызваітыя ды абразьлівыя выражэньні, якія мы тутака не паўтараем.

Ня гледзячы на гэтыя перашкоды і застрашваньні, зложана дэклярацый на 1925/26 навучальны год больш як на 400 беларускіх школ (больш як 20.000 дэклярацый). Але тут на сцэну выступаюць інспэктары, якія правяраюць дэклярацыі. Выяжджаючы на месца або высылаючы свайго прадстаўніка, інспэктар звычайна пачынаў з угаварваньня сялян дабравольна адмовіцца ад свайго подпісу. Як адзін з асноўных мотываў ён падаваў непатрэбнасьць беларускае мовы, бо, бачыце, „усе ўрадовыя ўстановы працуюць на польскай мове“. Але сяляне давалі адпор.

Вось яшчэ адзін характэрны факт, што адказвалі сяляне полёнізатарам: калі адзін з іх прыехаў у Навагрудчыну, склікаў сход і ўгаварваў іх не змагацца за беларускую школу, дык сяляне запыталі польскага ўрадоўца — дзе ён сам вучыўся. І калі ўрадовец адказаў, што ў польскай школе, то сяляне адказалі: „ня хочам мець дзяцей такімі дурнямі як ты“. А падобныя факты адказу полёнізатарам на Заходняй Беларусі зьяўляюцца паўсямеснымі. Калі нумар урадоўцаў з угаварваньнем не праходзіў, тады пачыналіся застрашваньні арыштам, карай і г. д. Звычайна ўсе гэтыя праверкі адбываліся ў прысутнасьці поліцыянта (комэнданта), куды вызываўся кожны асобны дэклярант. Там, дзе не ўдавалася знайсьці палахлівага і патрэбная лічба дзяцей заставалася папярэдняя, упартых сялян арыштоўвалі і па некалькі дзён трымалі пад арыштам, пакуль не знаходзілі спосабу ўневажненьня дэклярацыі. Даволі часта ўневажнялі дэклярацыі толькі таму, што тое ці іншае дзіця маладзей або старэй вызначанага ўзросту на 2-3 дні.

Зразумела, што пры такіх умовах лічба беларускіх школ ня толькі не павялічылася, а наадварот, частка іх была закрыта або ператворана на польска-беларускія. 3 37 беларускіх пачатковых школ у 1923 г. на 30-X-1928 г. засталося толькі 21 беларуская ўрадовая школа і 4 прыватныя, рэшта-ж былі закрыты або перароблены ў дзьвюхмоўныя польска-беларускія школы.

Трэба адзначыць, што настаўнікі ў дзьвюхмоўных школах засталіся насланыя з Галіцыі і Пазнані, палякі, якія ня ведалі беларускай мовы і якія, зразумела, не маглі і не хацелі яе выкладаць у школе.

Вызначаныя офіцыйна лекцыі беларускай мовы ўжываліся для таго, каб прывіць дзяцям нянавісьць да роднай мовы.

Кожны такі полёнізатар — настаўнік — стараўся на лекцыях асьмяшыць паасобныя беларускія словы і сказы, процістаўляючы ім „пенкносьць“ польскай мовы.

Прымаючы пад увагу, што і ў чыста беларускія школы сталі пасылаць падобных настаўнікаў, можна сабе яскрава ўявіць, што гэтыя школы былі беларускімі толькі на паперы.

У апошнія гады агалцелыя польскія окупанты, як нам вядома, перасталі прыкрывацца шырмай „толяранцыі“ і зьліквідавалі астаткі беларускага школьніцтва.

Ніжэйпаданы сьпіс характарызуе беларускае школьніцтва ў 1928 г. Ён састаўлены на падставе даных Віленскай школьнай акругі ад 30-X-1928 году.

I. Беларускія ўрадовыя школы

№№

Месцазнаходжаньне школы

Павет

Гміна

1

Вільня

Вільня

вул. Славянская № 15

2

Гульле

Пастаўскі

Жасьнянская

3

Малажаны

Дзісьненскі

Докшыцкая

4

Халопы

Вялейскі

Вялейская

5

Цынцэвічы ....

6

Асіповічы

7

Жырыхы

Куранецкай

8

Каралеўцы

Вайстомская

9

Клоўсі

Касьцяневіцкая

10

Слабада

Іжанская

11

Талуць

12

Мядзьведка

Баранавіцкі

Вальнянская

13

Клюпічы

14

Вялікая Ліпа

Несьвіскі

Сноўская

15

Кайшоўка

Наваградзкі

Цырынская

16

Любанічы

17

Купіск

Любчанская

18

Асташына

19

Чэпелёва

Слонімскі

Шылавіцкая

20

Вострава

Старавейцкая

21

Мілевічы

Курылавіцкая

II. Урадовыя польска-беларускія (утраквістычныя) школы.

№№

Месцазнаходжаньне школы

Павет

Гміна

1

Сьнегі

Браслаўскі

Ёдзкая

2

Глісьценкі

3

Казакі

Новапагосцкая

4

Шаркаўшчызна 5 кл.

Дзісьненскі

Шаркаўская

5

Савіцке-Малонка

№№

Месцазнаходжаньне школы

Павет

Гміна

6

Баяры

Дзісьненскі

Пліская

7

Руднікі

Празароцкая

8

Жабінка

Глыбоцкая

9

Вялікае Сяло

Германавіцкая

10

Вялейка 7 кл.

Вялейскі

Гор. Вялейка

11

Каловічы 5 кл.

Вялейская

12

Залеўская

Ільская

13

Іжа

Іжанская

14

Рэчкі

Куранецкай

15

Варонічы

16

Тураўшчына

17

Осава

Крывіцкая

18

Выхаловічы

19

Маладэчна 7 кл.

Маладэчанскі

Маладэчанская

20

Цюрлі

21

Гарадзілава

Палачанская

22

Залесьсе

Беніцкая

23

Літва

Палачанская

24 ,

Маркава

Лебядзёўская

25

Насілава

26

Сыцэвічы

Радашкоўская

27

Ліхасельцы

Баранавіцкі

Вальнянская

28

Рачканы

Ляхавіцкая

29

Канюхі

30

Гарадышча 5 кл.

Гарадышчанская

31

Любанічы

Наваградзкі

Цырынская

32

Сёмкава

Кашалёўская

33

Сенна

Любчанская

34

Ваўкарэз

35

Пурневічы

Пачапаўская

36

Сёгда

Райчыцкая

37

Астухова

ІІІчорская

38

Рахавічы

Усялюбская

39

Хвіневічы

Дзятлавіцкая

40

В. Жухавічы 6 кл.

Стаўпецкі

Жухавіцкая

41

Даўгінава

Ярэміцкая

42

Пагарэлка

43

Загор’е

44

Забярэзьзе

Валожынскі

Бакштанская

III. Прыватныя беларускія школы

№№

Месцазнаходжаньне школы

Павет

Гміна

1

Шаўляны

Браслаўскі

Ёдзкая

2

Радашковічы

Маладэчанскі

Радашкоўская

3

Максімаўка

4

Рудаўка

Слонімскі

Міжэвіцкая


Апрача гэтых школ аставаліся яшчэ гімназіі (у Вільні, Наваградку, Клецку і Радашковічах), але з увядзеньнем закону ад 31-VII-1924 г. окупанты яшчэ больш рашуча павялі на іх наступ з мэтай канчатковай іх ліквідацыі.

Ілюзіі ў масах аб некаторых магчымасьцях разьвіцьця беларускага школьніцтва на грунце закону аб дзьвёхмоўных школах на практыцы саміх мас разьвейваліся. ТБШ усё больш становіцца популярнай легальнай організацыяй барацьбы за школу ў роднай мове і па распаўсюджаньню асьветы. Расьце і магутнее ТБШ. Праводзіцца рэорганізацыя і цэнтралізацыя ТБШ на грунце больш выразнага прынцыпу, на грунце соцыяльных і політычных зрухаў у самім беларускім грамадзянстве Заходняй Беларусі, на грунце бескомпроміснай барацьбы з окупанцкім уціскам.

Да 1926 г. ТБШ у Вільні юрыдычна магло праводзіць работу толькі на тэрыторыі Віленскага ваяводзтва, але фактычна яно зьяўлялася кіраўніком работы на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі. ТБШ у Радашковічах, Навагрудку, Клецку зьяўляліся па статуту самастойнымі, але працавалі ў сьціслым контакце з Вільняй.

Па зацьверджаньні новага статуту, па якому работа ТБШ пашыралася на ўсю тэрыторыю Польшчы, пачалася больш сыстэматычная організацыйная і культурна-асьветная работа. Лічба гурткоў ТБШ значна павялічылася, а ў некаторых раёнах удалося залажыць і акруговыя ўправы.

Найбольшага свайго росквіту дасягнула ТБШ у 1926 г. у часе разгорнутай работы БС-РГрамады. Да гэтага часу ўступіла ў рады ТБШ каля 16.000 членаў, організаваных у гурткі, якія раскінуты па ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Побач з організацыйнай работай шырока была пастаўлена і культурна-асьветная работа: чыталіся даклады ў гурткох, адкрываліся бібліотэкі-чытальні, сродкамі і фізычнай работай членаў гурткоў будаваліся народныя дамы, ставіліся спэктаклі, масава складаліся дэклярацыі з дамаганьнем адчыненьня беларускіх пачатковых школ. 1926 г. быў годам шырокага масавага руху. Побач з масавай рэволюцыйнай організацыяй — Грамадой расло і актывізавалася ТБШ, праяўляла больш рухлівасьці, чым у папярэднія годы свайго існаваньня, і стала популярным у масах.

Каб падарваць разгортваючуюся організацыйную работу БС-РГрамады і ТБШ, каб адарваць масы ад гэтых рэволюцыйных і культурных організацый, каб спыніць і здэморалізаваць рэволюцыянізуючыя масы, пад кіраўніцтвам польскага фашызму пачаліся стварацца новыя беларускія буржуазна-кулацкія нацыяналістычныя організацыі на ЗБ.

У процівагу БС-РГрамадзе і ТБШ — гэтым організацыям нацыянальна-вызваленчага руху, організаваўся кулацкі Белсельсаюз Ярэміча і Рагулі.

Белсельсаюз разам з ужо раней існаваўшай ксяндзоўскай Беларускай Хадэцыяй захапілі кіраўніцтва новаадчыненай організацыяй — „Інстытутам беларускай культуры і гаспадаркі“ і цалкам паставілі яе на службу польскаму фашызму.

Гэтыя служкі польскага імпэрыялізму — Беларуская Хадэцыя і Белсельсаюз — праз гурткі, організаваныя гэтым дамарошчаным Інбелкультам, пачалі шалёнае цкаваньне на БС-РГрамаду і ТБШ. Закладаючы свае гурткі па вёскам і мястэчкам Заходняй Беларусі, Інбелкульт перш за ўсё выконваў волю польскага фашызму і іх галоўнай мэтай было адарваньне працоўных мас ад рэволюцыйнага руху, змаганьне з ім усякімі сродкамі і мэтодамі, уключаючы і найгалоўнейшыя ў сваёй практыцы — даносы ў дэфэнзыву.

Па часьці больш провокацыйных мэтодаў і большага надпарадкаваньня сваім дэфэнзыўным мэтам дэфэнзыва праз сваіх агентаў Валэйшу, Паўлюкевіча і Вярнікоўскага організоўвала таксама і так званыя гурткі „Прасьветы“.

Гэта „Прасьвета“ знаходзілася цалкам на дэфэнзыўных сродках і была створана выключна з провокацыйнымі мэтамі, каб яе кіраўнікі — Паўлюкевіч, Валэйша-Вярнікоўскі заўсёды маглі падпісаць любую паперку, выпусьціць любую фальшыўку, патрэбную дэфэнзыве, і такім чынам спровокаваць ТБШ.

Якімі-б хітрыкамі гэтыя нацыянал-фашысцкія організацыі ні „працавалі“ — яны сваёй галоўнай мэты — адарваньня працоўных мас ад нацыянальна-вызваленчых організацый — не дабіліся.

Працоўныя масы Заходняй Беларусі не пайшлі за гэтымі яўна окупанцкімі провокатарскімі організацыямі. Як гурткі Інбелкульту, так і асабліва гурткі „Прасьветы“ былі ізоляваны ад мас; працоўныя масы засталіся вернымі і падтрымлівалі легальныя БС-РГрамаду і ТБШ. Гэтыя нацыянал-фашысцкія і дэфэнзыўныя культурніцкія організацыі як Інбелкульт, так і асабліва „Прасьвета“ былі ў масах хутка здэмаскаваны і павінны былі разваліцца, бо масы пайшлі за ТБШ, інбелкультаўскія гурткі хаця і існавалі да апошняга часу, але ніякім уплывам і аўторытэтам сярод мас ЗБ не карысталіся, бо масы ўсюды ўскрываюць іх нацыянал-фашысцкі тваір, твар служак і агентаў, ненавісных окупантаў. Польскі фашысцкі ўрад, няўдала спрабаваўшы сваю агентуру, поўнасьцю стаў на шлях ліквідацыі рэволюцыйных масавых організацый — БС-РГрамады і ТБШ.

Як толькі окупанцкі польскі ўрад разграміў БС-РГрамаду і пасадзіў за краты сотні актыўных працаўнікоў нацыянальна-вызваленчага руху — зразу пасыпаліся протэсты членаў ТБШ супроць зьверскага руйнаваньня беларускіх радыкальных легальных організацый. Масы горача сталі на абарону сваіх лепшых сыноў.

Віленскі гурток ТБШ, не баючыся рэпрэсій з боку азьвярэлых окупантаў, горача зарэагаваў на нішчэньне адзінай, сапраўды масавай рэволюцыйнай легальнай організацыі на ЗБ — БС-РГрамады.

Перад намі ляжыць рэзолюцыя гэтага гуртка, якую, з-за яе цікавасьці, прыводзім тут цалкам:

ПРОТЭСТ ВІЛЕНСКАГА ЦЭНТРАЛЬНАГА ГУРТКА ТАВАРЫСТВА БЕЛАРУСКАЙ ШКОЛЫ

Віленскі цэнтральны гурток Т-ва Беларускае школы на надзвычайным паседжаньні 20 студзеня 1927 г. абгаварыў справу апошніх арыштаў сярод беларускага грамадзянства і паводзіны польскае прэсы з прычыны гэтага. Прымаючы пад увагу: а) што заарыштаваньнем культурных дзеячоў нанесены страшэнны ўдар разьвіцьцю беларускага культурнага жыцьця пад Польшчаю; б) што заарыштаваньнем паслоў беларускі народ у межах Польскае Рэспублікі губляе сваіх натуральных абаронцаў і ў справах культурных, што між заарыштаванымі пасламі знаходзяцца найважнейшыя культурныя дзеячы; в) што масавымі арыштамі ў Вільні і на провінцыі страшэнна стэрорызавана ўсё насяленьне Заходняй Беларусі і тым паралізаваны яго імкненьні да атрыманьня роднай школы і да разьвіцьця іншых культурных асяродкаў, — Віленскі цэнтральны гурток Т-ва Беларускай школы бачыць ва ўсім гэтым сьвядомы і сыстэматычны паход ураду проці беларускага руху ў цэлым і масавага імкненьня беларускага народу да тварэньня і разьвіцьця сваёй культуры, паход, заканчваючы сыстэму ўціску беларускага народу папярэднімі ўрадамі рэспублікі, якія пакінулі ў спадак, як на жарт, адзіную ўрадавую беларускую пачатковую школу на цэлую рэспубліку. Таму гурток проці гэтага самым рашучым спосабам протэстуе.

Разам з тым гурток з абурэньнем протэстуе проці сьвядомае маны польскае шовіністычнае прэсы, якая, з прычыны разгрому беларускага руху, выражае свой энтузіязм запаўненьнем літаральна цэлых старонак яўнай брахнёй і чарненьнем заарыштаваных і ўсяго беларускага руху. Адкідаючы з агідай напады гэтай прэсы, ганьбячай перад усімі яе самую і прарываючай да рэшты прорву між польскім і беларускім грамадзянствам — гурток выказвае сваё наймацнейшае перакананьне ў чыстаце і праўдзе справы, ахвярамі, за якую сталіся заарыштаваныя, і сваю нязломную веру ў канечную перамогу ідэалаў беларускага народу“.

У руйнуючай працы „культурных“ окупантаў, якія мячом і агнём зносяць з твару зямлі левыя рэволюцыйныя організацыі, актыўна дапамагаюць і агенты польскай буржуазіі — беларускі нацыянал-фашызм. Зрастаючыся з польскім фашызмам, група Астроўскага-Луцкевіча па-провокатарску імкнулася захапіць і кіраўніцтва організацыяй нацыянальна-вызваленчага руху — ТБШ, каб і яго паставіць на службу польскаму імпэрыялізму.

Але працоўныя масы на Заходняй Беларусі ўжо ўбачылі і распазналі гэтых ваўкоў у авечай скуры і даюць ім адпор, ганьбуюць іх здрадніцкую работу.

Беларускі нацыянал-фашызм, узначальваемы Астроўскім, Луцкевічам і К-о, аддана выконвае загады сваіх гаспадароў — крывавых пілсудчыкаў, і агідна прадае інтарэсы рабочых і сялян Заходняй Беларусі. Гэтая зграя беларускіх чорнасоценцаў, існуючы толькі падачкамі з дэфэнзывы, даклаўшы да сваіх мэтодаў яшчэ і мэтоды сваіх ідэолёгічных пабратымцаў, Валэйшы і Паўлюкевіча, па-провокатарску цкуюць нацыянальна-вызваленчыя організацыі, самым агідным спосабам дапамагаюць дэфэнзыве разграмляць апошнія гімназіі і гурткі ТБШ. Пасьля разгрому і ліквідацыі Радашкоўскай і Клецкай гімназій окупанты пры самым актыўным удзеле беларускіх нац.-фашыстаў пачалі супольны наступ на адзіную масавую культурна-асьветную організацыю на Заходняй Беларусі — на ТБШ.

Польскі окупант, вырываючы з гурткоў ТБШ найбольш актыўных і сьвядомых сялян і кідаючы іх у турмы, рознымі манэўрамі — абяцанкамі, пагрозамі і подкупамі — намагаўся завербаваць у фашысцкі лягер больш хісткія і слабыя элемэнты, каб пры іх дапамозе і апіраючыся на лідэраў нац.-фашызму, Астроўскага, Луцкевіча і Акінчыца, захапіць у свае рукі ТБШ, апанаваць кіраўніцтвам беларускім нацыянальна-вызваленчым рухам, адцягнуць ад барацьбы беларускія працоўныя масы, якія разам з пролетарыятам ідуць супроць фашысцкай дыктатуры.

Спробы гэтыя, аднак, скончыліся поўным паражэньнем нац.-фашыстаў.

На так званым нелегальным сходзе (недазволеным уладай) ТБШ 19/V-1929 г. была абрана новая Галоўная Управа з прыхільнікаў нацыянальна-вызваленчага руху на ЗБ, а з ліку членаў таварыства былі выкінуты галоўныя прадстаўнікі беларускага нац.-фашызму на чале з Луцкевічам. Беларускія рабочыя і сяляне такім спосабам яскрава прадэмонстравалі сваю нязломную волю да барацьбы за сваю масавую організацыю ТБШ супроць полёнізацыі і фашызацыі, за школу ў роднай мове. Сіла дэмонстрацыі была настолькі вялікай, што луцкевічаўская група, каб канчаткова не скомпромэтавацца перад масамі, мусіла прызнаць на так званым „санацыйным“ сходзе т-ва 9/VII-1929 г. тую Галоўную ўправу ТБШ, якая была выбрана воляй беларускіх працоўных мас на сходзе 19/V-1929 г., не адмаўляючыся, зразумелая рэч, у далейшым ад спроб захвату таварыства ў свае рукі.

Калі меркаваўся агульны зьезд ТБШ у 1929 годзе і калі беларускім нац.-фашыстам не ўдалося яго сфашызаваць і паслаць сваіх дэлегатаў на зьезд, то яны, дзякуючы сваім махінацыям праз загад окупанцкіх улад, адлажылі гэты зьезд на іншы тэрмін. Выбраныя дэлегаты, непаведамленыя аб перанясеньні зьезду на пазьнейшы час, зьехаўшыся, горача запротэставалі супроць новых рэпрэсій з боку польскага фашызму. У гэтых протэстах ТБШоўцы выказваюць сваё абурэньне з прычыны окупанцкага гвалту і рэпрэсій, з аднаго боку, і клеймяць ганьбай здраднікаў — беларускіх нац.-фашыстаў — з другога боку.

У гэтым сэнсе будзе вельмі цікавым прывесьці рэзолюцыю протэсту дэлегатаў, прыехаўшых на зьезд ТБШ, дзе яны запэўніваюць, што ніякімі рэпрэсіямі іх не застрашаць праводзіць далей сваю нацыянальна-вызваленчую барацьбу.

Дэлегаты гэтага зьезду ТБШ у сваім протэсьце пішуць наступнае:

„Дэлегаты ТБШ, якія прыехалі дзякуючы не атрыманьню тэлеграмы, і сабраўшыся разам, сьцьвярджаюць, што адклад зьезду зьяўляецца далейшай рэпрэсіяй з боку фашызму, які мае сваёй мэтай пасьля разгрому політычнай масавай вызваленчай організацыі беларускіх працоўных мас — Грамады, разграміць усякі масавы легальны вызваленчы рух беларускіх працоўных гушчаў.

Як вынік гэтага, пасыпаліся рэпрэсіі на масавыя вызваленчыя культурна-асьветныя організацыі ТБШ. Адчыненьне і закрыцьце таварыства і вызначэньне фашысцкай Паўнамоцнай камісіі, адклад зьезду і як вынік гэтага — забарона цяперашняга зьезду — гэта ўсё зьяўляецца выразам агульнай політыкі ўраду, каторы пры правядзеньні політыкі стабілізацыі і мілітарызацыі імкнецца разграміць рух сялянства — работніцкі і нацыянальна-вызваленчы.

Зьезд пляміць політыку тых здраднікаў, якія яўна перайшлі на бок фашызму, як Астроўскі, Луцкевіч, Трэпка, Шнаркевіч, якія цесна супрацоўнічаюць з ім дзеля разьбіцьця і фашызацыі ТБШ, чуючы слабасьць апошніх, урад разагнаў зьезд, на каторы беларускія працоўныя масы, сільныя сваім вызваленчым інстынктам, выбралі праўдзівых прадстаўнікоў на гэты зьезд.

Дэлегаты, як прадстаўнікі працоўных гушчаў, не зважаючы на рэпрэсіі, пад кіраўніцтвам сапраўдных барацьбітоў, будуць весьці барацьбу проці фашызацыі ТБШ, проці фашызму, проці здраднікаў. За вольнасьць дзеяльнасьці для вызваленьня сялянска-работніцкіх організацый, за поўнае самавызваленьне прыгнечаных нацыянальнасьцяй.

Няхай жыве сялянска-работніцкі ўрад!“

Пасьля таго, як рабоча-сялянскія масы не далі гэтым нац.-фашыстам захапіць у свае рукі кіраўніцтва ТБШ, каб сфашызаваць, яны (нац.-фашысты) усякімі сродкамі дапамагалі польскім окупантам у разгроме яго.

У сваёй прадажніцкай газэціне „Наперад“ Астроўскі, Луцкевіч і К° павялі атаку на заставаўшуюся адзіную масавую культурна-асьветную організацыю працоўных Заходняй: Беларусі — ТБШ і яго левае кіраўніцтва — Галоўную ўправу, а таксама членаў Галоўнай управы — паслоў Беларускага Сялянска-Рабочага Пасольскага Клюбу „Змаганьне“.

Сваімі рознымі ілжывымі даносамі і паклёпамі на ТБШ яны дабіліся ад польскага фашызму разгрому і закрыцьця найбольш актыўных, больш як сто гурткоў і 6 акруговых упраў ТБШ; але зламаць волю рэволюцыйных мас Заходняй Беларусі ў іх барацьбе і абароне ад канчатковага разгрому ўсяго ТБШ ім не ўдалося.

Здрадніцкі, прадажніцкі твар беларускіх нац.-фашыстаў, гэтых агідных лёкаяў польскага фашызму, вядучых барацьбу супроць рэволюцыйнага нацыянальна-вызваленчага руху на Заходняй Беларусі, увесь час выкрываецца КПЗБ — кіраўніком рабочых і шырокіх працоўных мас.

Пасьля злосных выдумак і нападкаў на ТБШ з боку нац.-фашыстаў у канцы 1929 году і ў пачатку 1930 году Галоўная ўправа 4 красавіка 1930 году прыняла наступную рэзолюцыю, у якой паказана агідная роля беларускіх нац.-фашыстаў, гэтых перадавых дапаможнікаў польскага фашызму ў разгроме ўсякіх праяў культурна-нацыянальнага разьвіцьця працоўных Заходняй Беларусі.

РЭЗОЛЮЦЫЯ ГАЛОЎНАЙ УПРАВЫ ТАВАРЫСТВА БЕЛАРУСКАЙ ШКОЛЫ

У зьвязку з новым наскокам проці ТБШ луцкевічаўскае групы ў артыкуле „ТБШ“ у № 13 „Наперад“, які дапаўняе агульную атаку варожых сілаў на адзіную культурна-асьветную організацыю працоўных масаў Заходняй Беларусі ТБШ, Галоўная Ўправа на сваім паседжаньні 4/IV-1930 г. прыняла наступную рэзолюцыю:

1) Галоўная ўправа сьцьвярджае, што ў адносінах да культуфна-асьветнае працы сялян і работнікаў, згуртаваных у ТБШ, стасуюцца што раз вастрэйшыя рэпрэсіі. Яшчэ з 1928-1929 г., з часу т. зв. Дачаснае камісіі зачынены гурткі ў цэлых акругах, робяцца масавыя вобыскі і арышты сяброў і ўся жывая праца гамуецца. Побач з гэтым варожая нам прэса кідае провокацыйныя закіды аб быццам знойдзеных складах нелегальнай літаратуры, каб такім чынам давясьці да здушэньня Т-ва.

У першых радох гэтага паходу проці ТБШ, як і проці цэлага нацыянальна-вызваленчага руху, ідзе група рэнэгатаў Луцкевіча-Астроўскага і ім падобных.

2) Рэнэгаты Луцкевічы-Астроўскія і іх памоцнікі Трэпка, Шнаркевіч, Крук і другія ўжо раз пры помачы ашуканства і гвалту захапілі ў свае рукі Т-ва, каб зьнішчыць яго працоўны характар, каб зрабіць з яго рассаднік варожай працоўным сялянам і работнікам ідэолёгіі. Вось-жа яны давялі да зачыненьня найактыўнейшых гурткоў больш за 100 і 6 акружных упраў.

Таму-та працоўныя масы Заходняй Беларусі далі рашучы адпор гэтай здрадніцкай групе на зьезьдзе ў Вільні 19/V-1929 г., калі ганебна выгналі іх з радоў Т-ва і задэмонстравалі, што хочуць, каб Т-ва было сялянска-работніцкае, а ня панскае і даручылі кіраўніцтва ТБШ тым, якія будуць надалей весьці працу па лініі, указанай траўневым зьездам.

3) Аднак-жа выгнаныя масамі банкруты Луцкевіч і суполка, якія дзеля далейшага замаскаваньня мусілі прызнаць выбраную масамі Галоўную ўправу, далей яшчэ больш вядуць сваю работу, каб падкапацца пад Т-ва і захапіць яго ў свае рукі. У сваёй ашуканчай газэце „Наперад“ пад маскай няпрошаных абаронцаў ТБШ пішуць яны ілжывыя провокацыі проці ТБШ, проці яго Галоўнай управы і асабліва сяброў яе — паслоў з Сялянска-Работніцкага Пасольскага Клюбу.

Луцкевічы і Астроўскія, разьбіваючы Т-ва Беларускае Школы, сьмеюць прыпісваць Галоўнай управе і яе сябром сялянска-работніцкім паслом віну за рэпрэсіі, стасаваныя да ТБШ, пішучы, што Таварыства быццам падпарадкуецца політычна-консьпірацыйным організацыям, а Галоўная ўправа быццам вядзе тайную і яўную дзейнасьць, якая, быццам, выклікала гэтыя рэпрэсіі.

Ужо з гэтага самага могуць бачыць працоўныя масы, што Луцкевічы і Астроўскія даносяць на Т-ва ўладзе, і, што значыць, бяруць беспасярэдні ўдзел у тэроры, стасаваным да Т-ва. Луцкевіч і Астроўскі хочуць падарваць даверра працоўных сяброў Т-ва да яго Галоўнай управы і разам зьнізу пасылаюць сваіх агентаў для пашырэньня свае газэты „Наперад“, каб такім спосабам прыгатаваць сабе шлях да новага захопу Т-ва.

4) Галоўная ўправа, адкідаючы рашуча гэтыя ілжывыя провокацыі і даводзячы аб гэтым да ведама шырокіх мас, згуртаваных у ТБШ, — верыць, што і на гэты раз сялянска-работніцкія гушчы яшчэ шчыльней згуртуюцца каля сваёй Галоўнай управы і адкажуць „рукі прэч ад Т-ва Бел. Школы!“ і, ня гледзячы на рэпрэсіі і на працу розных „Гаспадарчых Зьвязаў“, „Інстытуту Гаспадаркі і Культуры“ далей павядуць сваю працу над буджэньнем сваёй сьвядомасьці і не пазволяць здушыць культурна-вызваленчых імкненьняў беларускіх сялян і работнікаў, сваімі рэзолюцыямі дадуць рашучы адпор разьбівачом Таварыства Беларускае Школы“.

Разгорнутая ў часе Грамады работа актывізавала гурткі на мясцох. Амаль кожны гурток ладзіў спэктаклі, закладаў бібліотэкі-чытальні. У некаторых гурткох організаваны былі нават оркестры, хоры, чыталіся лекцыі, адчыняліся курсы для дарослых, будаваліся народныя дамы.

Бывалі даволі частыя выпадкі, калі эмігранты-беларусы з Амэрыкі, даведаўшыся аб культурнай рабоце ў сваіх вёсках, прысылалі грошы на пашырэньне асьветы на бацькаўшчыне, як гэта мела месца, прыкладам, у в. Востраве, Слонімскага павету, або ў Азераўцах, Браслаўскага павету і інш.

Усё гэта, бязумоўна, не падабалася окупанту. Мы бачым, што пасьля разгрому Грамады пачаўся больш сыстэматычны фашысцкі паход супроць ТБШ. Паступова былі ліквідаваны акруговыя ўправы ТБШ і гурткі гэтай організацыі ў Віленскім, Слонімскім, Ваўкавыскім і інш. паветах. Турмы запаўняліся актыўнымі работнікамі гурткоў ТБШ.

Але, ня гледзячы на гэта, пазасталыя ўправы і гурткі ня кідаюць работы. Згодна справаздачы ТБШ а 1-VII-1927 г. было 10.548 членаў, згуртаваных у 385 гурткох, 134 бібліотэкі-чытальні і 41 народны дом. Сетка гурткоў па паветах выглядае гэтак:

№№

Павет

Лічба гурткоў

Лічба членаў

1

Баранавіцкі

7

144

2

Беластоцкі

13

351

3

Бельскі

6

127

4

Берасьцейскі

1

18

5

Браслаўскі

5

197

6

Валожынскі

6

119

7

Ваўкавыскі

10

246

8

Вялейскі

23

610

9

Горадзенскі

48

1000

10

Дзісьненскі

11

362

11

Косаўскі

57

1718

12

Лідзкі

16

435

13

Лінінецкі

8

14

Маладэчанскі

20

456

15

Наваградзкі

51

1884

16

Несьвіскі

5

146

17

Пастаўскі

15

269

18

Пінскі

4

81

19

Пружанскі

13

294

20

Сакольскі

4

100

21

Слонімскі

36

870

22

Стаўпецкі

31

658

23

Вільня

3

455


Агулам

385

10.548

На гурткі, як і на ўсю організацыю ў цэлым, фашызм накіраваў бязупынны паток жорсткіх рэпрэсій.

Напрыклад, Віленскі цэнтральны гурток ТБШ па разы 2-3 у год траціў свой прэзыдыум, члены якога закідваліся дэфэнзывай у віленскую турму на Лукішках. Такія самыя рэпрэсіі сыпаліся і на Навагрудзкую, Гарадзенскую, Глыбоцкую, Косаўскую, Мірскую і інш. акруговыя ўправы ТБШ. Аднак, разгромленыя акруговыя ўправы і гурткі ажывалі, ізноў няспынна вялася барацьба за школы на роднай мове, за організацыйныя прынцыпы ТБШ. Барацьба за соцыяльнае і нацыянальна-культурнае вызваленьне беларускіх працоўных мас ад окупантаў ня спынялася.

З прыходам да ўлады Пілсудзкага фашысты пачынаюць ужываць новыя мэтоды ў адносінах да нацменшасьцяў. З аднаго боку — шалёны наступ на рэволюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух, ліквідацыя політычных і культурна-асьветных організацый, якія ня ішлі на згоду, а з другога боку — дзякуючы супольнасьці клясавых інтарэсаў польскай і беларускай буржуазіі, польскі фашызм праз саюзьнікаў сваіх агентаў — беларускіх нацыянал-фашыстаў — стараецца пры іх дапамозе, а вельмі часта і іхнімі рукамі, зьнішчыць нацыянальна-вызваленчы рух на ЗБ, разграміць масавыя рабоча-сялянскія організацыі.

Яскравым прыкладам гэтага служыць захват і разгром беларускімі нацыянал-фашыстамі віленскай беларускай гімназіі ў 1928 г., а таксама і іншых гімназій. Поўная спрацаванасьць паміж дырэктарам гімназіі Астроўскім і поліцыяй выявілася тады, калі адзін — дырэктар гімназіі — паказваў пальцам то на аднаго, то на другога вучня, якія дэмонстравалі супроць яго нікчэмнай, згодніцкай політыкі, а другі — поліцыянт разам з шпікамі — выцягваў гэтых школьнікаў і цягнуў у вастрог.

На 1/IX-1929 г., пасьля адпору, які быў даны хаўрусу окупантаў і беларускіх нацфашыстаў, ТБШ налічвала дзейных толькі чатыры акруговыя ўправы: Баранавіцкую, Беластоцкую, Косаўскую і Мірскую; забарона акруговых упраў: Ваўкавыскую, Віленскую, Гармадзенскую, Глыбоцкую, Навагрудзкую і Слонімскую. Лідзкая хаця і была організавана, але не змагла прыступіць да работы. У Вільні на правох акруговай управы працаваў найстарэйшы віленскі гурток ТБШ. Гурткоў на гэты час было 432. Паказаная лічба, вядома, далёка недакладная, бо пры забароне больш як паловы акруговых упраў трудна было Галоўнай управе, якая і сама працавала з значнымі перабоямі, дзякуючы частым арыштам яе членаў, весьці ўчот.

Гэтая лічба ў 1930 г. на 1/VI крыху павялічылася, бо замест папярэдніх 432 гурткоў налічвалася ўжо 459.

Гэты невялічкі ўзрост адбыўся дзякуючы ўзросту рэволюцыйнай сьвядомасьці і актыўнасьці працоўных мас, ня гледзячы на няспыняючыйся, а яшчэ больш узмацніўшыся тэрор і рэпрэсіі з боку окупанцкіх улад.

ТБШ павялічыла якраз свае рады пасьля масавага адпору працоўных Луцкевічам, Астроўскім і К-о, якія стараліся захапіць кіраўніцтва ТБШ у свае рукі.

Справаздача аб палажэньні ТБШ, якая зьмешчана ў № 3 радыкальнай беларускай газэты „На варце“ (выдавалася, між іншым, у Варшаве, бо ў Вільні, дзякуючы нясупынным рэпрэсіям, ніякая нацыянальна-вызваленчая радыкальная газэта не магла выходзіць) ад 28 сакавіка 1930 г. падае страшэнны малюнак паасобных організацый ТБШ на провінцыі: „Тэрор, рэпрэсіі, зьдзекі, прасьледваньні, караньне штрафамі і карамі ў некаторых паветах — сталы нязьменны мэтод адміністрацыйных адносін да організацый ТБШ“.

ТБШ кліча ў аднэй з адозваў проціставіцца тэрору і гвалту, „каб абараніць свой народ ад духоўнай і экономічнай галіты і няволі і вывесьці яго да сьветлага лепшага жыцьця“.

Ніжэйпаданыя газэтай факты гавораць самі за сябе: „Слонімскі павет — у Казловіцкім гуртку арыштавана 15 сяброў. Арыштаваны сябры б. Слонімскай Акружной управы Лябецкая і Жыткевіч. Косаўскі павет — ва ўсіх сяброў Акружной Управы і па ўсіх гуртках ТБШ у адзін дзень адбыліся рэвізіі (вобыскі). Арыштавалі віцэ-старшыню Акружной Управы і адаслалі ў Пружанскі вастрог. Стаўпецкі павет — арыштаваны старшыня Дрн. Шынайко і віцэ-старшыня Акружной Управы Ганка Сташэўская. Іншыя сябры Акружной управы ўзяты пад надзор поліцыі. Забраны пры рэвізіі протоколы зьезду 19/V-1929 г. і прамовы паслоў Б.С-Р.П. Клюбу. Ваўкавыскі павет — са складу Акружной Управы і Сьвіслацкага гуртка арыштаваны Варановіч К., Еська К., Піваварчык Я. і Трахімік А. Баранавіцкі павет — вобыскі адбыліся ва ўсіх сяброў Акружной Управы, пратрымаўшы некалькі гадзін — пусьцілі. Пастаўскі павет — арыштаваны некалькі сяброў аднаго фактычна існуючага на ўсю Пастаўшчыну Рымкаўскага гуртка, прычым арыштаваны стары, сляііы бацька памёршага нядаўна сябра Ўправы гуртка, у якога знайшлі нейкую літаратуру сына. Пружанскі павет — ператрэсьлі бліз усе гурткі. Дакладных вестак аб ліку арыштаваных няма. Ашмянскі павет — рэвізія (вобыск) быў у Белевіцкім гуртку, дзе забрана ўся канцылярыя гуртка па распараджэньню судовых уладаў. Гарадзенскі павет — тэрор прайшоў па паасобных гмінах: Вяліка-Бераставіцкай, Азерскай, Скідэльскай і інш.“.

Гэта далёка няпоўны пералік рэпрэсій у стасунку да ТБШ.

Вельмі таксама характэрныя факты прыводзіць газэта аб „сыстэме“ рэпрэсій у адносінах да ТБШ.

„Маладоўскім гуртку Навагрудзкага павету было захвачана поліцыяй заказное пісьмо Галоўнай Управы з сяброўскімі білетамі і офіцыяльнымі паперамі на залажэньне гурткоў, папераў не аддалі, казалі спаліць.

У в. Каратчы Косаўскага павету поліцыя Бусянскага пастарунку забараніла сход, на які меўся пісьменны дазвол старасты. Наколькі раней такім самым парадкам быў сарваны спэктакль у в. Старажоўшчына, прычым комэндант аддаў поліцыі загад „заладаваць бронь“, калі сяляне, якія прышлі на спэктакль, сабраліся і пачалі прасіць, каб не забаранялі спэктаклю“.

Вось некалькі штрыхаў, якія характарызуюць адносіны окупантаў да ТБШ, а таксама да ўсіх працоўных мас ЗБ. Зразумела, што гэты гвалт і тэрор ня толькі не аслабілі працу ТБШ, не адпіхнулі ад яе рабочую і працоўную сялянскую масу, а наадварот, узмацнілі солідарнасьць, адпорнасьць, актывізавалі іх на барацьбу. Цэлы рад фактаў сьведчаць аб героічным змаганьні за школу, за народныя дамы, за бібліотэкі.

Змаганьне ідзе на ўсіх участках нацыянальна-вызваленчага фронту. Дзеці ставяць адпор полёнізатарскай політыцы настаўнікаў. Напр., у в. Наўтараны Пінскага пав., польская настаўніца хацела організаваць польскую бібліотэку і хацела, каб 25 дзяцей падпісалі сваю згоду на організацыю гэтай бібліотэкі. Настаўніца ўзяла кожнае дзіця за руку і прымушала падпісацца. Дзеці адмовіліся падпісвацца (крыху пазьней іх прымусілі падпісацца пад пагрозай звальненьня са школы).

У в. Кашыцы Пастаўскага пав. настаўніца змушала дзяцей станавіцца на калені і пяяць каталіцкія малітвы. Замест малітвы дзеці запяялі „Ад веку мы спалі“, а калі настаўніца за вушы пачала выцягваць некаторых з дзяцей за дзьверы, астатнія запяялі „Інтэрнацыянал“.

У Клецкай гімназіі на ўгодкі незалежнасьці Польшчы прымушалі цалаваць крыж. 5 чалавек з вышэйшай клясы не захацелі цалаваць. Адказалі, што гэта негігіенічна. Палічылі за дэмонстрацыю (на паседжаньні пэдагогічнай рады). Звольнілі вучня У. Міску, а 70 вучням зьнізілі павядзеньне да 4-х. У адказ была абвешчана забастоўка. Рада сказала, хто ня хоча вучыцца, няхай выйдзе з гімназіі. Большасьць вучняў засталася ў гімназіі. Настаўнікі зьнялі дзьверы з крукоў. Вучні забарыкадаваліся ў гімназіі. Прышла ўзброеная поліцыя і пасьля барацьбы раскідала барыкады і з настаўнікамі ўвайшла ў клясу.

Дырэкцыя гімназіі вынесла пастанову выключыць з гімназіі Мазаля, Шыціка, Шыдлоўскага і Міску і перадала іх у рукі поліцыі, якая зараз-жа іх і арыштавала. Рэшта была пакінута пры патрулі поліцыі з паведамленьнем, што „пэдагогічная рада вырашыць“. За некалькі часу звольнены былі 32 вучні і адпраўлены дамоў.

Частым зьявішчам у польскіх школах, а таксама і ў беларускіх па ЗБ ёсьць зьнішчэньне портрэтаў Пілсудзкага або белага арла, байкотаваньне заядлых полёнізатараў настаўнікаў. Вядома, маецца і шмат іншых спосабаў барацьбы супроць нацыянальнага польскага ўціску з ненавіснымі польскімі окупантамі. Гэта-ж толькі тое, што датычыць школы і змаганьня моладзі ў школе.

Не пакладаючы рук працуюць таксама і сябры Таварыства. Аб гэтым сьведчыць газэта „На варце“ (№ 3 28/III-1930 г.), якая піша, што „Ня гледзячы на рэпрэсіі, ТБШ не падарвалася, не заняпала зусім: гурткі не пазачыняліся, праца ня спынілася, сябры асталіся. Аб настроях можна судзіць па такіх, напрыклад, фактах. У Сьвіслачы ладзіцца на 9/ІІІ спэктакль. Адбыўся сход новазаложанага Белевіцкага гуртка ТБШ Ашмянскага пав., Залескага гуртка Пружанскага пав., Зарэцкага гуртка Навагрудзкага пав.; сакратар Вяліка-Беразоўскага гуртка М. Кот пасьля разгрому гуртка і свайго арышту сьведчыць, што астаўшаяся жменька сяброў моцна будзе стаяць у абароне ТБШ. Казловіцкі гурток Наваградзкага пав. на сходзе 15-га лютага вынес давер і шчыры дзякуй праўдзівым правадыром культасьветнай працы ТБШ, ганьбу, пагарду Луцкевічу, Астроўкаму і К-о; Косаўская акружная ўправа піша, што хаця асьветная праца знаходзіцца ў крытычным матар’яльным становішчы, а падаткі зусім здушылі селяніна і работніка, аднак, духова праца стаіць вельмі высока, сэрцы зацэмантаваныя ў кожнага грамадзяніна. З Наваградчыны заклікаюць як найхутчэй склікаць Акружную ўправу. У Харошчанскім гуртку Наваградзкага пав. з 105 гаспадароў толькі 4 адмовіліся ад ахвяраў на сваю бібліотэку-чытальню“.

Трэба адзначыць, што ў процілегласьць полёнізатарскай політыцы працоўныя масы саматужна стараліся пашырыць асьвету ў роднай мове праз рад тайных школ. У большасьці гэта былі лятучыя школы-гурткі, дзе настаўнікам зьяўляўся адзін з больш пісьменных сялян. Вядома, што гаварыць аб правільнай пастаноўцы вучобы ў такіх школах ня прыходзіцца, але ў кожным разе шляхам асьветы дзеці, як і дарослыя, падымалі свае веды. Там-жа, дзе знаходзіўся настаўнік або член гуртка з патрэбнай кваліфікацыяй, школы, хоць і з вялікімі цяжкасьцямі (чакалі кожную хвіліну напад у і разгрому) працавалі, праходзячы зачастую вучэбную програму куды большую, чым ва ўрадавых школах.

Але актыўнасьць працоўных мас выяўлялася ня толькі ў гэтай форме змаганьня. Праяўленьняў актыўнасьці было многа. Мы маем цэлы рад протэстаў, дзе організаваныя члены ТБШ рашуча выступаюць супроць гвалту і зьдзеку. Напр., супроць забароны агульнага сходу ТБШ 9-10/XII-1928 г., арышту вучняў, рэпрэсіі і г. д. нададзена на імя Рады міністраў 42 протэсты з 2.628 подпісамі. Апрача гэтага, высылаліся протэсты на імя міністра асьветы супроць прычыненьня акруговых упраў і гурткоў ТБШ, супроць забароны зьездаў ТБШ і г. д. Вось для прыкладу адзін з многіх протэстаў:

У ПРЭЗЫДЫУМ РАДЫ МІНІСТРАЎ

Мы, ніжэйпадпісаныя грамадзяне вёскі Запацеева вол. Дзярэчынскай, пав. Слонімскага, рашуча протэстуем проці тых рэпрэсій, якія стасуюць да нашае адзіна-масавае культурна-асьветнае організацыі Таварыства Беларускай школы, супроць забароны агульнага сходу ТБШ у Вільні ў дзень 9-10/ХІІ-1928 г. Протэстуем супроць закрыцьця Радашкоўскае. Беларускае гімназіі, проці выкідваньня і пазбаўленьня правоў нашых культурна-асьветных дзеячоў, проці закрыцьця акружных упраў і паасобных гурткоў, проці конфіскатаў і забароны друкаваць нашу сялянска-работніцкую прэсу, проці ўсіх нялюдзкіх адносін да нашага культурнага нацыянальнага руху.

Трэбуем свабоднае культурна-асьветнае працы для Таварыстваў Беларускай школы, трэбуем агульначалавечых правоў, якія гарантуе нам констытуцыя 3-га мая, Вэрсальскі і Рыскі міравыя трактаты, трэбуем адвешаньня Слонімскае акружное ўправы Таварыства Беларускае Школы і кнігарні“ (53 подпісы).

Ніжэйзьмяшчаемы другі протэст яшчэ больш поўна ахарактарызоўвае рэпрэсіі окупанцкіх улад і сьведчыць аб настроях працоўнага насельніцтва ў 1925-26 гадох.

ДА СТАРШЫНІ РАДЫ МІНІСТРАЎ. М. ВАРШАВА

Мы, ніжэйпадпісаныя сяляне вёскі Жэрабковічы, Ляхавіцкае воласьці, Баранавіцкага павету, горача протэстуем супроць тых рэпрэсій, якія Ўрад стасуе да працы Таварыства Беларускае Школы і да паасобных культурных устаноў. Напр.: забарона скліканьня агульнага сходу ТБШ, закрыцьцё некаторых гурткоў; беспадстаўнае звальненьне вучняў Віленскае беларускае гімназіі і шэраг іншых рэпрэсій, стаўленых да сапраўдных змагароў за нацыянальнае вызваленьне, як і працаўнікоў на ніве культурна-асьветнай, якіх тэрорызуе і масава засуджвае ў вастрогі.

Гэтымі рэпрэсіямі Ўрад імкнецца ізоляваць сапраўдных актыўных працаўнікоў ад культурнага руху і перадаць кіраваньне Таварыства ў рукі прадажнікаў, здраднікаў інтарэсаў сялянска-работніцкіх мас — Астроўскага, Коўша, Янкі Станкевіча і інш.

Манэўр гэты зьяўляецца ня чым іншым, як політыкай сучаснага Ўраду — сфашызаваць адзіную па Заходняй Беларусь масавую сялянска-работніцкую пляцоўку, якая нясе асьвету ў працоўныя гушчы беларускага сялянства і мясцовага пролетарыяту.

Дачасная Паўнамоцная Камісія, якая ўвайшла ў поўны контакт з Урадам, з няменшай сілай імкнецца скіраваць нас на шлях угодніцкі, шлях здрадніцкі, паступова заглушаюць наш малады культурна-асьветны рух, каб мы і надалей прыгнечаныя цемрай, змучаныя нядоляй несьлі аковы рабства і няволі, а дзеля гэтага Дачасную Паўнамоцную камісію Таварыства ганьбуем за здрадніцкую працу і выражаем ёй недавер‘е і адначасна ад Ураду дамагаемся даць магчымасьць склікаць агульны сход Таварыства Беларускае Школы“ (144 подпісы).

Працоўныя масы протэстуюць, яны абураны несправядлівасьцямі, і гэта ўкладаецца ў кожны протэст.

Зразумела, што протэстуючыя яшчэ мелі некаторыя ілюзіі, што ўрад зьверне ўвагу і зьменіць адносіны да закранутых пытаньняў, але гэтага ня было і ўсё-ж такі самыя протэсты, якія прымаліся працоўнымі, гуртавалі і мобілізавалі іх вакол змаганьня з гвалтам, прывучалі працоўныя масы да організаванага солідарнага выступленьня.

Таксама рашуча гаворыць рабоча-сялянская і вучнёўская працоўная моладзь у сваім звароце да зьезду ТБШ: „Палажэньне рабоча-сялянскай моладзі ва ўсёй Польшчы, а асабліва ў Заходняй Беларусі, становіцца за кожным днём усё больш несьцярпіма. Расьце бяда, голад і хвароба“.

І далей — „Потам і крывёю рабоча-сялянскіх масаў, рабоча-сялянскай моладзі, расхватамі народных багацьцяў ЗБ і ЗУ хоча ўрад Пілсудзкага-Бартэля ўзмацніць гаспадарчы організм капіталістычнай Польшчы.

Усю гэтую дзікую оргію эксплёатацыі Урад праводзіць роўналегла з больш дзікай оргіяй тэрору і гвалту політычнага і нацыянальнага ўціску. Забаронена працоўнай моладзі прынімаць удзел у політычных організацыях, закрыцьце і прасьледваньне сэкцый моладзі. Забарона браць удзел на політычных сходах і дэмонстрацыях, закрыцьце беларускіх школ, ліквідацыя „Грамады“, роспуск ТБШ і спроба фашызацыі. Бойкот рабочай і сялянскай моладзі няпольскай нацыянальнасьці ў часе наймаў рабочых на дзяржаўныя фабрыкі. Штодзенныя арышты, масавы зьдзек, зьверскія катаржныя прыгаворы для рабочай і сялянскай моладзі, маючай адвагу і мужнасьць протэставаць проці гэтых зьдзекаў, супроць гэтага вялікага ланцугу гнёту і рабства, у якіх імпэрыялістычная Польшча панявольвае працоўныя масы Заходняй Беларусі.

Заходняя Беларусь ператварылася ў адну вялікую турму“.

З гэтых прыкладаў мы бачым, з якой станоўчасьцю і рашучасьцю працоўныя масы станавіліся супроць політыкі окупантаў у нацполітыцы. Але крыжовы паход окупантаў-фашыстаў з кожным часам узмацняўся. На сёньня мы стаім перад фактам канчатковага разгрому ТБШ, перад ліквідацыяй рэшткаў пачатковых школ і апошніх дзьвёх гімназій у Навагрудку і Вільні.

Гурткі ТБШ у прымежных раёнах з БССР абвешчаны нелегальнымі.

Апошнія паведамленьні прэсы прынесьлі весткі аб новай атацы азьвярэлага польскага фашызму на адзіную легальную культурна-асьветную організацыю рабочых і сялян Заходняй Беларусі — ТБШ. Пачаўся нанова шалёны ўзмоцнены паход фашызму на канчатковую ліквідацыю рэшткаў гэтай організацыі, якая ў падняволенай окупантамі ЗБ пашырала асьвету сярод працоўных, вучыла змаганьню з акружаючай цемрай, з полёнізацыяй і фашызацыяй і гуртавала каля сябе шырокія масы працоўных.

Як і заўсёды папярэдзіў гэты паход абстрэл польскай чорнасоценнай, фашысцкай і соц.-фашысцкай прэсы, якая дамагалася зачыненьня гурткоў ТБШ, падрыхтоўваючы да гэтага грамадзкую думку. Існаваньне 4 акруговых упраў; Беластоцкай, Косаўскай, Мірскай і Назагрудзкай з організаванай арміяй 9.000 членаў ТБШ не давала супакою фашыстам.

Ліквідацыя апошніх беларускіх школ і разгром ТБШ — гэта адно са зьвеньняў у агульным ланцугу падрыхтоўкі польскіх імпэрыялістаў да вайны супроць Савецкага саюзу — гэтай адзінай бацькаўшчыны сусьветнага пролетарыяту.

Цынічныя заявы вышэйшых фашысцкіх урадоўцаў, як, напрыклад, заява віленскага куратара Шэленгоўскага ў часе ліквідацыі апошняй сэмінарыі і дзьвёх беларускіх гімназій, што „гэтая ліквідацыя створыць для іх (беларускіх гімназій) варункі нормальнай працы з карысьцю для дзяржавы і беларускага грамадзянства“ — ёсьць нішто іншае як насьмешлівыя словы ката да сваёй ахвяры ў часе экзэкуцыі.

Віленская дэфэнзыва разграміла ўжо найвялікшы і найстарэйшы гурток ТБШ у Вільні закрыла яго бібліотэку-чытальню, конфіскавала кнігі, зачыніла настаўніцкую сэмінарыю; адначасова разгромліваюцца гурткі ТБШ на провінцыі.

Напрыклад, толькі ў лютым месяцы 1932 г. былі закрыты: 31 гурток, Акруговая ўправа ў Міры, рад хат-чыталень, разгромлены вясковыя бібліотэкі, а беларускія кніжкі зьнішчаны.

Віленскі ваявода — фэшыст Бачковіч — забараніў чарговы гадовы зьезд ТБШ, які меўся адбыцца ў Вільні 12 красавіка г. г. Характэрна адзначыць, што гэтая забарона і арышты дэлегатаў супадаюць якраз з гадавінай фашысцкага перавароту і чарговым „пацыфісцкім“ аб’ездам Пілсудзкага па ЗБ.

Выбраныя дэлегаты ў колькасьці 50 чалавек у сваёй большасьці былі арыштаваны адны на месцы, другія па дарозе ў Вільню. Толькі некалькім дэлегатам удалося прабрацца ў Вільню і то дзякуючы таму, што прынялі надзвычайныя меры перасьцярогі. Напрыклад, адзін з дэлегатаў Пружаншчыны некалькі сот кілёмэтраў ехаў у Вільню на вэлёсыпэдзе, некаторыя дэлегаты з Горадзеншчыны ехалі ў аўтобусе, але затрыманыя і высаджаныя поліцыяй з аднаго аўтобусу пераселі на другі і незаўважаныя поліцыяй даехалі да Вільні; частка дэлегатаў бліжэйшых паветаў дабралася да Вільні пехатой. З прыехаўшых гэткім спосабам на зьезд дэлегатаў больш 20 было арыштавана і пад конвоем адаслана назад, а больш 10, пераначаваўшы хаваючыся ад шпікаў, змушаны былі вярнуцца дамоў.

Чаму фашысцкі ўрад, даўшы папярэдні дазвол склікаць зьезд, пасьля гэты зьезд разагнаў? Справа ў тым, што фашызм пры дапамозе нацыянал-фашызму думаў рознымі махінацыямі правесьці на зьезд сваіх кандыдатаў. На масавых сходах гурткоў, якія перавышалі часамі 500 чал. членаў ТБШ, як гэта было ў Косаўшчыне, працоўныя далі належны адпор фашызму і беларускаму нацыянал-фашызму і выбралі сваіх дэлегатаў. Не дапамаглі ні тэрор, ні подкуцы, ні яўная провокацыя. Некаторыя, напрыклад, старасты, як Ваўкавыскі, напярэдадні зьезду зазвалі да сябе дэлегатаў, абраных на зьезд ТБШ, і гутарылі з імі аб неабходнасьці супрацоўніцтва з польскімі окупантамі, падкрэсьліваючы, што яны гатовы садзейнічаць іх паездцы, „толькі-б ня слухаліся комуністаў, і ўсё будзе добра“.

Стараста ў Косаве выклікаў да сябе ўсю ўправу ТБШ і патрабаваў ад яе, каб яна перайшла на службу ахранкі і змагалася супроць уплыву комуністаў.

Побач з наступам окупантаў звонку беларускія нац.-фашысты стараліся і стараюцца пралезьці ў ТБШ, каб узарваць яго знутры.

У некаторыя ўправы папалі провокатары — прадстаўнікі на мясцох беларускай нац.-фашысцкай банды, якія дапамагалі старастам у іх провокатарскай рабоце. Прыкладам такога прадажніцтва можа служыць Кузьмін з Беластоцкай акруговай управы. Гэты провокатар атрымлівае пад розным відам грошы ад окупантаў (атрымаў 600 злотых „На дажынкі“ і падзяліў іх са сваім памочнікам Сідаровічам), стараўся выкарыстоўваць сваю формальную прыналежнасьць да ТБШ, каб праводзіць розныя махінацыі супроць Акруговай управы ТБШ у Беластоку. Ён-жа прадаў польскай ХД беларускі народны дом у Беластоку. Такія падобныя яму тыпы заўсёды зьяўляюцца прысяжнымі сьведкамі, якія і даюць патрэбныя поліцыі довады аб нібы-та комуністычнай рабоце ТБШ.

Ня гледзячы на окупанцкі тэрор, рэпрэсіі поліцэйскіх улад, провокацыі і прадажніцтва беларускіх нацыянал-фашыстаў, організацыі ТБШ існавалі да апошняга часу. У студзені месяцы 1932 г. адбыўся агульны акруговы зьезд ТБШ Беластоцкае акруговае ўправы. Беластоцкая акруговая ўправа ТБШ правяла вялізарную работу да зьезду, на які зьявілася 92 дэлегаты ад мясцовых гурткоў ТБШ Беластоцкае акругі.

Пасьля апошняга разгрому ТБШ (першая палова 1932 г.) на Заходняй Беларусі засталося дзейных толькі 2 акруговыя ўправы і каля 150 гурткоў з лікам членаў больш 4 тысяч.

Факты росту членаў ТБШ у такіх выключных умовах поліцэйскага тэрору сьведчаць аб росьце рэволюцыйнасьці мас, аб жаданьні організаваць сваю барацьбу за родную школу, аб жаданьні організаваным парадкам даць адпор ненавісным окупантам, заядлым полёнізатарам.

Характэрна, што выбары на апошні зьезд ТБШ, ня гледзячы на перашкоды і поліцэйскія застрашваньні, вызвалі новую хвалю энэргіі, новую хвалю актыўнасьці працоўных мас і г. д. Адкрыты цэлы рад новых гурткоў, як 5 гурткоў ТБШ у Сакольскім павеце, 5 гурткоў у Ваўкавыскім павеце і ў іншых мясцох.

Гэта ёсьць найлепшы доказ таго, як зьлілася, зраслася ТБШ з працоўнымі масамі; працоўныя прыгнечаныя масы, згуртаваныя вакол ТБШ, лішні раз даказалі сваё рашучае працягваньне барацьбы аж да канца — за школу ў роднай мове, у абарону сваёй адзінай легальнай масавай організацыі.

На сваім шляху ТБШ, як і іншыя організацыі нацыянальна-вызваленчага руху, мела шмат недахопаў, памылак і хістаньняў. Яны выцекалі з самага соцыяльнага складу гэтай організацыі, у якой пераважалі дробна-буржуазныя элемэнты. Але, дзякуючы ўпартай і штодзеннай барацьбе КПЗБ па кіраўніцтву нацыянальна-вызваленчым рухам і організацыі комуністычных фракцый у гурткох ТБШ, як беспартыйнай культурна-асьветнай організацыі, ТБШ, перамагаючы ўсё больш свае недахопы і памылкі, зрабілася сапраўды антыокупанцкай і антыімпэрыялістычнай організацыяй, неаддзельнай часткай нацыянальна-вызваленчага руху на Заходняй Беларусі.

Нячуваныя рэпрэсіі і тэрор, шыбеніцы не маглі ўстрымаць ад выступленьняў працоўных ва ўсім краі ў абарону ТБШ. Пролетарыят, узначальваючы нацыянальна-вызваленчую барацьбу прыгнечаных працоўных мас на Заходняй Беларусі, організоўвае гэтую барацьбу, вядзе гэтыя масы на штурм поліцэйскай дзяржавы.

Крывавая фашысцкая дыктатура пілсудчыны, купаючыся ў крыві пролетарыяту, бяднейшага сялянства і прыгнечаных народаў, выклікае да сябе неабмежаваную нянавісьць; напрыклад, масы Заходняй Беларусі, якія загартоўваюцца ў барацьбе і пад кіраўніцтвам КПЗБ, усё больш успрымаюць ленінскі лёзунг права на самавызначэньне Заходняй Беларусі аж да аддзяленьня ад Польшчы і даюць рэволюцыйны адпор полёнізатарам-окупантам.

Зараз-жа ў адказ на закрыцьце зьезду ТБШ у Вільні і разгром гурткоў ТБШ віленскія рабочыя і працоўныя 12 мая выступілі на дэмонстрацыю протэсту і паразьбівалі вокны ў Віленскім окупанцкім кураторыуме.

Экономічны крызіс абвастрае ўсе клясавыя супярэчнасьці і прысьпяшае нарастаньне рэвалюцыйнага крызісу. Пролетарыят і бяднейшае сялянства ўсёй Польшчы разам з нацыянальна-вызваленчай барацьбой рабочых і сялян на окупаваных ЗБ і ЗУ скінуць ярмо эксплёатацыі і нацыянальнага ўціску. Расьце і ўздымаецца рэволюцыйны напор пролетарыяту і шырокіх працоўных мас пад кіраўніцтвам комуністычных партый; расьце і шырыцца і нацыянальна-вызваленчая барацьба прыгнечаных нацый. Апошнія падзеі на ЗБ — белапанскія бязьлітасныя пацыфікацыі — сьведчаць таксама і аб узьняцьці на вышэйшую ступень клясавай барацьбы беларускага паўпэрызаванага і рэволюцыянізуючага сялянства.

Гіганцкае соцыялістычнае будаўніцтва ў БССР, правільнае вырашэньне комуністычнай партыяй ленінскай нацыянальнай політыкі, нявіданы рост беларускай культуры, нацыянальнай па форме і соцыялістычнай па зьместу, — даюць вялізарнае натхненьне да дальнейшага змаганьня з крывавай польска-фашысцкай окупацыяй. КПЗБ, кіруючы клясавай барацьбой пролетарыяту і шырокіх працоўных мас ЗБ, шырока популярызуе нявіданыя дасягненьні соцбудаўніцтва ў краіне Саветаў. СССР — гэта адзіная і сапраўдная бацькаўшчына пролетарыяту і прыгнечаных народаў усіх капіталістычных краін сьвету.

БССР — гэта шляхаводная зорка для эксплёатуемых і прыгнечаных працоўных мас Заходняй Беларусі.

Шырокія працоўныя масы ЗБ усё больш усьведамляюць, што толькі праз пролетарскую рэволюцыю, толькі пры дыктатуры пролетарыяту і толькі ідучы пад кіраўніцтвам комуністычнае партыі можна зьдзейсьніць лёзунг самавызначэньня аж да аддзяленьня.

Працоўныя масы прыгнечаных народаў усьведамляюць свае агульныя клясавыя інтарэсы і што толькі ў супольнай барацьбе з пролетарыятам і бяднейшым сялянствам карэннай Польшчы можна будзе скінуць эксплёататараў, можна будзе ЗБ і ЗУ вызваліцца ад соцыяльнага і нацыянальнага ўціску.

Організаваныя выступленьні пролетарыяту і паўпэрызаванага сялянства ЗБ у апошнія часы даюць магчымасьць сказаць, што нацвызваленчая барацьба магутнее і падымаецца на вышэйшую ступень; гэтыя выступленьні рэволюцыйных мас гавораць таксама аб правільным кіраўніцтве нацыянальна-вызваленчай барацьбой КПЗБ, якая разам і пад агульным кіраўніцтвам КПП бясстрашна вядзе пролетарыят і шырокія працоўныя масы на барыкады, на барацьбу за польскі Кастрычнік.


Сетка гурткоў ТБШ у 1930 годзе.

Цана 35 к.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.