Абеглы саманарыс майго жыцця
Абеглы саманарыс майго жыцця Аўтар: Цішка Гартны Крыніца: Выбраныя творы / Кнігазбор |
Другая аўтабіяграфія. |
Мястэчка (цяпер горад) Капыль на Случчыне — мая радзіма. Бедныя сяляне-чорнарабочыя — мае бацькі. Радзіўся я 23 кастрычніка (старога стылю) 1887 г. То была пара, калі ў хаце пераходзілі ад цяжкое падзёншчыны на нудную, чуць не дарэмную «здзельшчыну». Бацька вярнуўся з Палесся, дзе капаў канавы ў падрадчыка, маці — кончыла капанне бульбы. Да аднаго варштата, на якім рабіў дзед, мусіў дадацца другі. І ад ранку, з досвітку да поўначы пры агні лучніка, павінны былі зайграць ляды і вітушкі[1] несціханыя нудлівыя песні, каб праз тыдзень найграць для сям’і восем злотых; пры гэтым — з дадаткам муштры ад заказчыка.
Маё нараджэнне на тыдзень адсрочвала з пастаноўкаю другога варштата. Толькі на тыдзень! Бо далей трэба было старацца ткаць, каб мець навошта жыць. Я мяшаў спорай працы цэлую зіму. На лета бацькі пайшлі на работу, пакінуўшы мяне на апеку цётцы, двум дзядам і бабцы па мацеры.
Я быў першынец, і ўсе мяне шанавалі і сцераглі. Сцераглі неадходна, пакуль я «стаў на ногі». На адзінаццатым годзе, зімою, мяне аддалі вучыцца грамаце. Да гэтага бацька сам навучыў мяне чытаць «поверху».
У «дарэктара» я паказаў здольнасць да граматы і да Каляд прайшоў часлоў. Далей не вучыўся — сур’ёзны дарэктар вымусіў мяне лішнюю зіму пакоўзацца на санках і падраць пару-другую падносак на лёдзе. Паставіў разоў два на калені на жарству за смех на малітве — і гордасць мая адхіліла мяне ад занадта шчырага багамола. Бацькі і дзяды былі за мяне.
Пасля гэтага я вучыўся дзве зімы ў дарэктараў па хатах — вучылішча мястэчка не мела. За гэтыя зімы прайшоў усе царкоўнаславянскія кніжкі, якія толькі былі ў бацькі. Нават і на нейкую (не помню) хрэстаматыю ўзбіўся. Грамата давалася лёгка, дарэктары хвалілі.
У 1902 годзе, нарэшце, адчынілі ў Капылі вучылішча. Я папаў у трэцяе аддзяленне. Пайшоў першым.
Але вучэнне ішло зімою і летам. Не бегаць жа па вуліцы, калі таварышы пасуць коні, барануюць, ходзяць у траву і інш. У нас не было ні каня, ні каровы, ні поля, каб рабіць. І вось на адзінаццатым годзе, разам з пачаткам вучэння, я пайшоў у найміты-пастухі. Мяне згадзілі пасвіць дзесяць штук гавяды — па рублю ад штукі.
Прапасвіў ад вербнае нядзелі да піліпавачных дзядоў і пасобіў бацькам першымі дзесяцьма рублямі.
Другія чатыры леты я паступова павялічваў стада і апошні год, 1903, пасвіў 35 штук. Гэта хапала на адзежу.
Пасучы, я бесперастанку чытаў. Меў надзвычайную цягу да чытання. Таварыш мой, старшы гадамі, Хведар Чарнушэвіч даваў мне кніжкі з бібліятэкі сацыял-дэмакратаў капыльскае арганізацыі. Хведар сам быў сацыял-дэмакратам. Ен, гонячы каровы з поля, казаў мне розныя вершы, больш Някрасава. «Дедушка» і «Железная дорога» Някрасава да таго ўплылі на мяне, што я перапісаў іх, прысядаючы каля пенчукоў, і завучыў на памяць.
У 1904 годзе, на вялікдзень, я ўпершыню папаў на мітынг капыльскае с.-д. арганізацыі, які адбыўся за мястэчкам, у так званым Яначкавым ляску. З гэтага часу пацягнула мяне да «дэмакратаў», аб якіх ішлі легенды па мястэчку.
Але мяне сціскала становішча вучня. Мне трэба было скончыць двухкласнае вучылішча (з 1904 г. яго адчынілі ў Капылі, пакінуўшы народнае для дзяўчат), каб хоць што-кольвечы мець для сябе і для суцехі бацькоў. Бацькі думалі, што я вывучыўся не абы на якога, але на «пана». Тым часам ужо не панам пахла! Настаўнікі рабілі хор, пяялі ў царкве, а я ўсё чытаў «пастароннія» кніжкі. Час ад часу бацькі ўпікалі ў бязбожжы. Няхай!
1905 год, калі я скончыў двухкласнае вучылішча,— я разам парваў і з думкаю пра «пана». Кніжкі выдання Гарбунова-Пасадава і сяброўская пазычка няможнай літаратуры зрабілі мяне «мечтателем» аб іншых рэчах.
Якраз у гэты год зімою, па калядах, я выпадкова паспрабаваў разам з таварышам А. Красуцкім пісаць вершы. Напісалі пра мястэчка — не то па-расейску, не то па-беларуску. Выйшла так:
- Капыль горад небальшой —
- Слава аб ім громка
- Разнеслася па ўсім свеце,
- А дзяржыцца тонка…
Было даволі, каб ускрыліць! Хутка ў нас гэткіх вершаў сабралася да 500 радкоў. Паказалі настаўніку — слабыя. Праведалі цану — 10 капеек за радок. Як хацелася мець грошы! Куды больш, чымся таго, каб былі надрукаваны вершы…
Побач паддаў ахвоты да вандроўкі адзін артыкул з «Вестника знания». Апісваўся ў ім нейкім Васюковым адзін самародак з талентам ад прыроды, якога Васюкоў праз артыкул шукаў. Жэст самародка, пабываўшага ў Васюкова і пайшоўшага мераць шыры Расіі, прыйшоўся нам па нутру. Ісці — стала мэтай. А куды? Да Талстога — хтось ці штось нам падказала…
Я быў к гэтаму часу самастойным сацыял-дэмакратам, але без таленту ў руках і з ідэалістычным настроем. У гадавіну забойства Аляксандра II у 1905 годзе я прыняў чынны ўдзел, наперакор бацькам і настаўнікам, у агромнай дэманстрацыі ў Капылі. Далей падбівала на большае.
У жніўні з тав. А. Красуцкім выехалі мы, забраўшы свае творы з Капыля, ало не да Л. Талстога, а ў Кіеў: там былі дзядзькі, было на што абаперціся — думалі.
Але абмыліліся, вядома, у дзядзьках і ў творах. Першыя нас не ўстроілі, а другія, аднесеныя па радзе ў «Киевские отклики», намі не ўстроіліся. Рэдактар газеты параіў адаслаць іх Гарбунову-Пасадаву.
Цяжкае разувер’е абарвала скрыдлы. Сумным вярнуўся я дадому, назад у Капыль, з якога праводзіла мяне ўся моладзь з рэвалюцыйнымі песнямі, з гарачымі развітаннямі…
Як паказацца ў вочы?
Пасобіў рэвалюцыйны рух, у якім я прыняў чынны ўдзел. У мястэчку ў кастрычніку (1905 г.) зрабілі агульную забастоўку, «пабядзілі» паліцыю. Адчыніліся іншыя гарызонты, бацькам маім чужыя і незразумелыя. Я зрадніўся з арганізацыяй с.-д., кінуў усякія думкі аб далейшым вучэнні, а пайшоў у гарбары ў лютым 1906 года.
Стаўшы рабочым, я хутка, вясною 1906 г., прайшоў у камітэт капыльскае арганізацыі с.-д., працуючы старанна сярод капыльскае моладзі… і пішучы вершы, апавяданні па-расійску. Між работы прабаваў паступіць (1906 г.) у настаўніцкую семінарыю. Не прынялі з-за «неблагонадежности». Вершы я чытаў таварышам дома і ў майстэрні. Тыя хвалілі і паднімалі ва мне дух. Але мяне ўсё не здавальняла штосьці. Не здавальняла датуль, пакуль у 1908 годзе я не напаў на «Нашу ніву». Газета на сваёй мове была мне вынаходкаю. Прачытаныя ў ёй вершы мігам абудзілі ва мне цягу да пісання па-беларуску; я сеў і напісаў першы верш, які ў студзені 1909 года быў надрукаваны пад назваю «Бяздольны», і прысвяціў яго Янку Купалу:
- Цяжка жыць без долі,
- Што рабіць — не знаю…
Так я стаў пісаць па-беларуску. Але пісанне мяне не здавальняла: мяне захапіла цалкам ідэя адраджэння Беларусі. У 1909 годзе, у ліпені, я паехаў у Вільню, у рэдакцыю «Нашай нівы», каб угледзець тых людзсй, якія сталі ў кірунку беларускага руху, а з Вільні пусціўся ў вандроўку па Беларусі, аб’язджаючы гарады і мястэчкі з дапамогаю рабочых-гарбароў. Вандруючы з 1909 г. па 1912 г. па Беларусі, я пісаў вершы, прозу і карэспандэнцыі ў дарозе, у вагонах, на вакзалах, у цесных і брудных каморках, у начлежках, пісаў пасля работы 11-гадзіннай. Большасць вершаў напісаў у 1912 годзе ў Вілкаміры, Ковенскай губерні, дзе працаваў і прымаў удзел у сацыял-дэмакратычным руху, не пакідаючы руху беларускага.
Правандраваў я тры гады, да 1913 года, калі паехаў у Пецярбург і паступіў на завод; адначасова стаў сябрам рабочага культурна-асветнага вобчаства «Знание» і сябрам міжраённага аб’яднання с.-д. І не пакідаў пісаць па-беларуску вершы і раман «Сокі цаліны». Пачаў раман у 1914, кончыў у 1916 г. У гэты час мой зямляк, вядомы публіцыст Л. Клейнбарт пераконваў мяне пісаць па-расійску. Аб маіх расійскіх творах пісаў у часопісе «Новая жизнь», прарочачы мне ў расійскай літаратуры будучыню, а ў беларускай — змарнаванне таленту.
Пасля пяці месяцаў працы на заводзе быў разлічаны, тры месяцы цягаўся па горадзе безработным, жывучы на дапамогу сяброў-беларусаў — Б. Шыпілы і др., пакуль дастаў службу загадчыка выдавецтва, на якой і захапіла рэвалюцыя 1917 года. Да рэвалюцыі, у 1916 годзе, працаваў у Беларускім бежанскім камітэце і выдаваў газету «Дзянніца». Пасля рэвалюцыі стаў у кірунку беларускага нацыянальна-рэвалюцыйнага руху ў Петраградзе.
Праз увесь гэты час неразрыўна быў звязан з бацькамі, якім пасабляў па магчымасці на жыццё. Згубіўшы ўсю сілу на цяжкай чорнай працы, яны здаліся ў барацьбе з ім.
Я мусіў ваяваць і за іх!
Мінск, 29/Х 1923 г.
Зноска[правіць]
- ↑ Прылады ў варштаце.