Перайсці да зместу

Абдзіраловіч і Барыка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Абдзіраловіч і Барыка
Крытыка
Аўтар: Антон Луцкевіч
1939 год
Крыніца: Калосьсе. — 1939. — Кніжка 1 (18). — С. 20—27

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




A. H.

Абдзіраловіч і Барыка
(Літаратурная паралель)

У той час, калі ў Расеі валіўся стары лад і пачыналася будаваньне новага жыцьця, для людзей, што ўзрасьлі ў атмасфэры старога ладу і псыхікай сваей былі з ім крэпка зьвязаны, ня лёгка было «самавызначыцца» і знайсьці належны шлях паступаньня.

Шмат было розных прычын дзеля гэтага, перашкаджаўшых «самавызначыцца» нават тым, хто быў у сваей сьвядомасьці ворагам старога ладу. Рэвалюцыя — гэта быў «скок у няведамае, і гэтага няведамага баяліся нават шчырыя і гарачыя барацьбіты за волю, папросту ня верыўшыя ў здольнасьць зрэвалюцыянаваных масаў да працы канструктыўнай. Хто ведае, ці не адыгралі тутака ролі і тыя думкі-разважаньні, якія гэтак ярка выказаў у маленечкім, чатырохрадковым вершыку сваім Адам Міцкевіч, ды якія на пачатку сацыяльнае рэвалюцыі ў Расеі апраўдаліся гэтак трагічна прыкладам у адносінах да Шінгарева і Кокошкіна, прамотараў лютавае рэвалюцыі:

Rece, za lud walczące, sam lud poobcina;
Imion, milych ludowi, lud — pozapomina…
Wszystko przejdzie! Po huku, po szumie, po trudzie
Wezmą dziedzictwo cisi, ciemni, mali ludzie.

Бязумоўна, у гэтым хістаньні, у гэтай баязьні «скокнуць у няведамае былі і іншыя прычыны. «A la guerre comme à la guerre!» — падчас змаганьня сілай патрэбны людзі, гатовыя на ўсё, пазбаўленыя ўсякіх «скрупулаў», далёкія ад гуманітарызму, каторы ў рашаючы мамэнт можа паўстрымаць руку ад жорсткага, але неабходнага ўдару. Ня кожны пачуваўся здольным да гэтага. Апрача гэтага падчас расейскае рэвалюцыі сярод староньнікаў перавароту бачым падзел: адны з учасьнікаў рэвалюцыі, ськінуўшы царскую ўладу, каб не дапусьціць да далейшага праліцьця крыві, хацелі захаваць у нязьменным стане ўвесь стары сацыяльны лад, хацелі адбудовываць паруханае вайной жыцьцё вялізарнае краіны так, каб і капіталіст, і абшарнік аднавілі свае «варштаты працы» на падставе даўнейшага вызыску працоўных масаў, на падставе паняволеньня сьвету працы — капіталам. Гэты стары сацыяльны лад быў такі прывычны, шляхі да змаганьня за палепшаньне быту работніка і селяніна ў рамках гэтага ладу былі гэтак добра распрацаваны, што тварцы лютавае рэвалюцыі гатовы былі ўсімі спосабамі бараніць гэты лад ад атэнтатаў на яго, робленых у імя «няведамага заўтра»… У магчымасьць будаваньня новага сацыянага ладу яны ня верылі!

Паверыла ў гэту магчымасьць толькі малая жменя фанатыкаў ідэі сацыяльнае рэвалюцыі. Але, ня гледзячы на сваю малую лічэбнасьць і беднасьць інтэлектуальнымі сіламі, здольнымі да будаваньня новага дзяржаўнага і сацыяльнага ладу, іменна гэтая малая жменя людзей з Ленінам і Троцкім на чале перамагла гэткую магутную, на пагляд, расейскую дэмакрацыю, якая не адважылася ўзыйсьці на шлях сацыяльнае рэвалюцыі. Перамагла, бо за ёй пайшлі народныя масы, ня меўшыя ніякіх «гуманітарных скрупулаў» інтэлігенцыі, не баяўшыяся «скоку ў няведамае». Сталася тое, чаго ніхто не спадзяваўся. І калі нават сягоньня — праз дваццаць адзін год пасьля таго, як у Расеі пачалося будаваньне новага сацыяльнага ладу, — калі нават і цяпер дэмакратычная інтэлігенцыя расейская верыць у магчымасьць хуткага павароту старога рэжыму, — дык можна сабе лёгка прадставіць, як тая-ж інтэлігенцыя мусіла глядзець на ход выпадкаў беспасярэдня пасьля кастрычнікавага перавароту, як ей трудна было пагадзіцца з фактам такое глыбокае, такое ўсебаковае перабудовы старога грамадзкага жыцьця.

Тое-ж, што перажывала расейская дэмакратычная інтэлігенцыя ў Расеі пасьля перамогі камуністаў, перажывалі — mutatis mutandis — прадстаўнікі сацыяльнага радыкалізму ў Польшчы, калі — дзякуючы баечнай для Палякоў міжнародай кон’юнктуры, пры якой Польшч атрымала дзяржаўную незалежнасьць, — перад грамадзянствам узьнялося пытаньне: якую-ж Польшчу трэба будаваць? І ў Польшчы толькі малая жменя людзей лятуцела аб новай Польшчы — Польшчы сялян і работнікаў, як аб краіне сацыяльнае справядлівасьці, краіне, у якой ня будзе паняволеньня працы капіталам. Але тут на шлях адбудовы Польшчы капіталістычнае пайшлі нават у большасьці сваей нацыяналістычна і клерыкальна настроеныя сялянскія ды ў значнай меры й работніцкія масы. Чароўны зык словаў: «незалежная Польшча» засланіў сабой пытаньне аб унутраным зьмесьце адбудаванае дзяржавы, аб сацыяльным ладзе ў ёй. Нацыянальная ідэя засланіла сабой сацыяльную. А гэта вырашыла пытаньне аб будучыні Польшчы на доўгія гады… Польскі народ збудаваў для сябе свой нацыянальны дом, поўнасьцю захаваўшы капіталістычны лад і рашуча супрацівіўшыся рэвалюцыі сацыяльнай. І нават польскія сацыялісты, меўшыя ў першы мамэнт уладу ў сваіх руках (урад Морачэвскага!), не адважыліся пачаць адбудовы сваей бацькаўшчыны на новых сацыяльных падставах.
Зусім натуральна, што сярод радыкальна настроеных элемэнтаў у Польшчы мусіла адбыцца пэўная ідэолёгічная ломка, што ня кожнага аднолькава можа зачараваць адна толькі дзяржаўная незалежнасьць… Як у пасьля-кастрычнікавай Расеі большасьць дэмакратычнае інтэлігенцыі не магла пайсьці нага ў нагу з тварцамі новага — сацыялістычнага ладу, так у Польшчы, адроджанае дзяржаўна, радыкальная меншасьць не магла знайсьці для сябе месца для актыўнае творчае працы ў рамках дзяржаўнага будаўніцтва на старых сацыяльных падставах. І шмат хто пэўне-ж вельмі балюча перажываў немагчымасьць датарнавацца да створаных тамака варункаў жыцьця, шмат хто ня мог «самавызначыцца», знайсьці адпавядаючы ягонай ідэолёгіі жыцьцёвы шлях.

Гэтую сытуацыю, якую — разам з расейскай і польскай радыкальнай дэмакрацыяй — перажывала й перажывае так- жа дэмакрацыя беларуская, адтварылі ў мастацкіх абразох у форме повесьці — два пісьменьнікі: беларускі Гарэцкі ў повесьці „Дзьве душы“ і полькі Жэромскі ў повесьці „Przedwiośnіе“. Гарэцкі пісаў сваю повесьць у Вільні ў 1919-20 г.г.; Жэромскі — недзе ў Польшчы ў 1924 годзе. Беспасярэдняга ўзаемнага ўплыву тут быць не магло. Але тэма папросту «вісела ў паветры» і, відаць, лішне балюча ўражала душы абодвых пісьменьнікаў, каб яны маглі не зарэагаваць на яе. І яны далі творы, якія шмат у чым вельмі падобны да сябе, якія разьвязваюць тую-ж праблему, хоць і ў розным асяродзьдзі, аналёгічна.

Пачнём разгляд абодвых твораў з повесьці Гарэцкага «Дзьве душы». «Двудушнасьць» галоўнага героя Гарэцкага, прапаршчыка Абдзіраловіча, гэта ёсьць той духовы разлад, які паўстаў у яго ў сувязі з сацыяльнай рэвалюцыяй у Расеі. Абдзіраловіч быў да выбуху сусьветнае вайны студэнтам і працаваў у сацыялістычных арганізацыях. Дык рэч зусім зразумелая, што «Кераншчына» не магла яго здаволіць: яна-ж якраз ахоўвала стары сацыяльны лад, яна — так трагічна для сябе — імкнулася да непапулярнае далейшае вайны — «да пабеднага канца», колькі-6 крыві народнае гэтая вайна ні вымагала. Незадоўга да бальшавіцкага перавароту Абдзіраловіч едзе лячыцца ад сваей раны на Каўказ і тутака пападае ў асяродзьдзе бежанцаў-Беларусаў. Абмаскоўлены беларускі магнат, гвардзейскі афіцэр, князь Гальшанскі, — відаць прадчуваючы магчымасьць сацыяльнага перавароту, — распачынае сярод гэтых бежанцаў акцыю, маючы на мэце прынамся ў Беларусі, дзе ляжаць ягоныя маёнткі, не дапусьціць да завастрэньня клясавае барацьбы. Гальшанскі склікае мітынг бежанцаў-Беларусаў і ў бліскучай прамове, спрытна жонглюючы нацыянальнымі лёзунгамі, стараецца пераканаць сваіх слухачоў, што ў Беларусаў няма сацыяльнае барацьбы, што ўсіх — і абшарнікаў, якія раптам сталіся «тоже бѣлоруссами», і сялян і работнікаў — мусіць аб’яднаць пачуцьцё прыналежнасьці да аднае беларускае нацыі. Нацыянальны салідарызм (хоць у даным выпадку ён быў ілжывы, бо Гальшанскі па духу — маскаль!) павінен перамагчы ідэю сацыяльнае барацьбы і сацыяльнае рэвалюцыі.

Ілжывасьць гэтае канцэпцыі гэткая відочная, што Абдзіраловіч дае вострую рэпліку князю і зусім шчыра выказываецца на карысьць сацыяльнае рэвалюцыі.

Аднак, калі камуністы пасьля гэтае прамовы зварачаюцца да Абдзіраловіча, як да свайго аднадумца, і прапануюць супрацоўніцтва з імі, Абдзіраловіч б’ець адбой: ён кажа, што, як афіцэр, верны сваім абавязкам, ён будзе бараніць існуючы цяпер законны лад…

Калі Абдзіраловіч, пасьля сваей сэрцовай драмы, пакідае Каўказ і пападае ў Маскву, там якраз ідуць баі паміж «белымі» і «чырвонымі». Сымпатыі яго ізноў як быццам на старане чырвоных, але ён ніяк ня можа «самавызначыцца» на іх карысьць. Ён усьцяж хістаецца. Шмат што злучае яго і з «белымі». Але і да іх ён ня йдзе. Жорсткасьці адных і другіх падчас аружнага змаганьня адпіхаюць Абдзіраловіча і ад адных і ад другіх.
Абдзіраловіч едзе на правінцыю. Адведывае свайго старога прыяцеля — народнага настаўніка, беларускага адраджэнца. Спатыкаецца з сваей старой сымпатыяй, вучыцелькай Ірай Саковічанкай, гэтак сама чыннай працаўніцай на беларускай ніве. Бачыць і іншых сьведамых Беларусаў, знаёміцца з іх ідэаламі, імкненьнямі, работай. На адзін мамэнт здаецца, што вось-вось ён урэшце «самавызначыцца», як беларускі нацыяналіст. Але і да гэтага не даходзіць. Абдзіраловіч да нікога ня можа прыстаць, хоць у крытычныя мамэнты робіць услугі і «белым», і «чырвоным», і беларускім адраджэнцам. Выбіты ходам выпадкаў з прывычнае каляіны, герой Гарэцкага ня можа вярнуць сабе ўтрачанае духовае раўнавагі і пайсьці рашуча й кансэквэнтна па тым ці іншым шляху. На гэта ён — лішне слабы.

Такіх хістаючыхся, расхлябаных духова інтэлігентаў было шмат падчас перастройкі сацыяльнага ладу і ў Расеі і ў Беларусі. І зьявішча гэтае — настолькі натуральнае, настолькі аб’ектыўна зразумелае, што няма патрэбы шукаць прычыны яго ў нейкіх асаблівых, чыста індывідуальных тайнікох душы Абдзіраловіча. Гарэцкі зрабіў бясспрэчна абмылку, шукаючы вытлумачэньня факту хістлявасьці свайго героя ў тым, што яшчэ ў люльцы ён, сын сялянкі-мамкі, быў заменены на панскае дзіця. Гарэцкі сугеруе думку, што «двудушнасьць» Абдзіраловіча, а мо’ лепш — «трохдушнасьць» яго! — гэта вынік узгадаваньня сялянскага дзіцяці ў чужой для яго сацыяльна панскай атмасфэры. Але гэтага ён нічым не даказывае. Бо-ж і тая акалічнасьць, што Абдзіраловіч, быўшы студэнтам, разыйшоўся з сваім псэўдо-бацькам на грунце разьбежнасьці сацыяльных паглядаў (стары Абдзіраловіч — абшарнік, цалком прасякнены сьветапаглядам сваей сфэры), нічога пе даказывае: у гісторыі рэвалюцыйнага руху ў Расеі выпадкі ўчасьця ў рэвалюцыйнай працы сыноў арыстакратычных сямей не такія ўжо рэдкія. Дык лепш было-б, калі-б Гарэцкі ня сіліўся даказаць, што «двудушнасьць» Абдзіраловіча ёсьць вынік «прышчэпкі» мужыцкага дзічка да панскага дрэва: бачаныя Абдзіраловічам падзеі былі такога роду, што іх хапала, каб разьбіць слабую ад прыроды духовую арганізацыю Абдзіраловіча.

Жэромскі пайшоў больш натуральным шляхам і пабудаваў свой твор іменна на тым, што Гарэцкаму здавалася недастатачным: на ўплыве на маладога Барыку перажыванага мамэнту, тых страшэнных часта падзеяў, сьведкай якіх давялося яму быць.

Маладога Барыку сацыяльная рэвалюцыя захапіла на Каўказе — тым самым Каўказе, на якім бачылі мы першую спробу актывізацыі Абдзіраловіча. Рэвалюцыя робіць на маладога Барыку вялізарнае ўражаньне. Ён гэтак захоплены ёю, гэтак горача імкнецца прылажыць і сваю руку да будаваньня новага сацыяльнага ладу, што аддае рэвалюцыйнай уладзе захаваны ў склепе Барыкай-бацькам скарб: 200 тысяч рублёў золатам. Ён прыносіць у ахвяру рэвалюцыі ці правільней: свайму наіўнаму пагляду на рэвалюцыю сваю родную матку, якую шчыра кахае, але ня можа зразумець. Але яго балюча б’юць па нэрвах бачаныя страшэнствы рэвалюцыйнае барацьбы. А йшчэ больш — страшная армянска-татарская разьня, у якой пагіблі на ягоных вачох тысячы ні ў чым невінаватых Армянаў. Гэта выклікае ў яго варожыя адносіны да нацыяналізму, падгатаўляючы такія-ж адносіны і да нацыяналізму польскага, з каторым малады Барыка спаткаецца пазьней у незалежнай ужо Польшчы.

Калі Барыка, пабуджаны да гэтага паміраючым бацькам і расказанай яму апошнім фантазіяй аб «шкляных дамох», едзе ў Польшчу, у яго ў душы шмат засьцярог у адносінах да адбудаванае на старых капіталістычных падставах бацькаўшчыны. «Шкляных дамоў» для работнікаў і сялян ён не знайшоў у Польшчы. Але польскія працоўныя масы гэтак заварожаны фактам дзяржаўнае незалежнасьці Польшчы, што, калі на Варшаву наступаюць бальшавікі, каб завясьці ў Польшчы новы сацыяльны лад, гэтыя масы хапаюцца за аружжа і з энтузьязмам ідуць выганяць чужынцаў-наезднікаў. Нацыянальная ідэя, ідэя нацыянальнага салідарызму аказваецца ў той мамэнт дужэйшай за ідэю сацыяльнае рэвалюцыі. Агульнаму настрою паддаецца і Барыка, які таксама йдзе ў армію і памагае перамагчы бальшавікоў. Але беспасярэдня пасьля ваеннае перамогі Барыка пападае ў багаты панскі двор, дзе ў працягу некалькіх месяцаў жыве жыцьцём абшарніцтва — у дастатках і раскошы, знаёміцца з няведамым яму дагэтуль буржуазным сьветам, пазнае яго мараль, ілжывасьць, крывадушнасьць… Назоў гэтага двара — «Навлоць» — стаецца для яго імем агульным, азначаючым нешта агіднае. І здавалася, што вось-вось Барыка пойдзе на шлях камуністычнае працы, на які яго заклікае ягоны таварыш Люлек — фанатык ідэі камунізму. Люлек вельмі добра ацэнівае Барыку, як чалавека хістлявага, псыхіку якога абцяжаюць „naleciałości buržuazyjne“. Дык стараецца сыстэматычна на ўсе спосабы хаяць Польшчу і пануючы ў ёй буржуазны лад, часта нават перацягваючы струну і выклікаючы неспадзявана рэзкія рэплікі ў Барыкі. Калі-ж урэшце Люлек, пэўны ў сваей перамозе над Барыкай, вядзе яго на патайны камуністычны сход, на якім партыйныя прамоўцы пачалі востра бэсьціць адроджаную Польшчу, — падсьведамае нацыянальнае пачуцьцё гэтак збунтавалася ў Барыкі, што ён, даўшы вострую, хоць слаба абаснаваную рэпліку камуністычным прамоўцам, пакідае іх сход.

„Zaprzeczał jednym, zaprzeczał drugim, a swojej własnej drogi nie miał pod stopami“, — кажа аб ім Жэромскі. — „Odzywa się we mnie — паўтарае за Плятонам Барыка — głos jakiś wewnętrzny, który, ilekroć się odzywa, odwodzi mię zawsze od tego, cokolwiek w danej chwili zamierzam czynić, sam jednak nie pobudza mię do niczego“.

Аднак, аргумэнты, якія дае рэальнае жыцьцё Польшчы, выклікалі глыбокі фэрмэнт у душы «двудушнага» Барыкі. І вось — пасьля доўгіх хістаньняў, якіх Жэромскі ня мог ці мо’ не хацеў раскрыць перад чытачамі, Барыка ўрэшце «самавызначаецца»: на апошняй бачыне повесьці Жэромскага мы бачым яго ў першым радзе з’арганізаванае камуністамі дэманстрацыі, якая йдзе пад Бэльвэдэр — насупраць наведзеных на яе салдацкіх вінтовак…

Барыка, пасьля доўгага хістаньня, — такога-ж, якое перажываў і Абдзіраловіч, — урэшце выбраў свой шлях, на якім мо’ й загінуў: хаця Жэромскі накінуў заслону на тое, што мусіла стацца пад Бэльвэдэрам пры сустрэчы дэманстрантаў з войскам, лёгіка прымушае думаць, што першыя кулі польскіх жаўнераў ня мінулі Барыкі… Герой Гарэцкага да дакога канца не дайшоў: на гэта патрэбна была тая чыста стыхійная сіла, якую меў Барыка ды якое не хапала Абдзіраловічу.

Усё-ж такі між Б-ай і Аб-ам існуе глыбокая аналёгія. Яна вынікае з супольнае асноўнае ідэі повесьці Гарэцкага і повесьці Жэромскага. Але цікаўна, што і ў фактуры «Дзьвюх душ» і «Przedwiośnia» кідаецца ў вочы цэлы рад аналёгічных мамэнтаў, тым больш дзіўных, што, як сказана на пачатку, беспасярэдняга ўзаемнага ўплыву у аўтараў гэтых повесьцяў быць не магло. Затрымаемся на гэтых мамэнтах.

Перад усім, як ужо было ўспомнена, першыя крокі абодва героі ў разгляданы пэрыёд свайго жыцьця робяць на Каўказе. Чаму? Што было прычынай такое зьбежнасьці, такое коінцыдэнцыі? Здаецца, што не памылімся, калі скажам, што і Гарэцкі і Жэромскі перанесьлі акцыю на Каўказ з тэй мэтай, каб апраўдаць варожасьць абодвух герояў да нацыянальнае ідэі.

Запраўды-ж: Абдзіраловіч першы раз сустракаецца з беларускай нацыянальнай праблемай на сходзе бежанцаў-Беларусаў, на якім абмаскоўлены беларускі абшарнік спэкулюе на нацыянальным пачуцьці бежанцаў дзеля выкарыстаньня яго для барацьбы з насьпяваўшым выбухам сацыяльнае рэвалюцыі. Абдзіраловіч гэта зразумеў і прыпомніў тыя балючыя для кожнага сына беларускае вёскі адносіны, якія да вайны існавалі паміж вёскай і панскім дваром. Абдзіраловіч папсаваў Гальшанскаму спэкуляцыю на нацыянальнай ідэі. Але, пазнаёміўшыся з беларускай нацыянальнай ідэяй у інтэрпрэтацыі беларускага рэнэгата і сьведамага спэкулянта на ёй, Абдзіаловіч, ясна-ж, ня мог ёю захапіцца, ня мог ані пагадзіць яе з барацьбой за сацыяльнае вызваленьне беларускіх сялянскіх масаў, ані — тым балей — ня мог паставіць гэту ідэю вышэй за ідэю сацыяльнае рэвалюцыі.

Барыка, далёкі ад жыцьця Польшчы і яе доўгалетняе барацьбы за нацыянальнасьць і дзяржаўнасьць, на тым-жа Каўказе знаёміцца з нацыянальным пытаньнем у яго найбольш жахлівай і агіднай пастаці: у пастаці дзікога шовінізму, страшнае ненавісьці людзей аднае нацыі да людзей другое, якая даводзіць да забойстваў бязьвінных ахвяраў нацыяналістычнага шалу, да ўзаемнага зьніштажэньня. Барыка перажыў армянскую разьню ў Тыфлісе, учыненую Татарамі. І Жэромскі хіба-ж сьведама малюе гэтак памастацку бачаныя Барыкай страшэнствы, каб вытлумачыць і апраўдаць варожыя адносіны свайго героя да кожнага нацыяналізму, у тым ліку і да нацыяналізму польскага.

Другая нязвычайна яркая аналёгія ў фактуры повесьцяў Гарэцкага і Жэромскага — гэта тыпы галоўных дзеючых асобаў. Побач з парай: Абдзіраловіч — Барыка, маем тут яшчэ тры пары аналёгічных тыпаў: кн. Гальшанскі — і Барвіцкі, Аля — і Ляўра, Іра Саковічанка — і Караліна Шарлатовічанка. Прыгледзімся да іх бліжэй.

І Гальшанскі і Барвіцкі — гэта тыпы «сытых буржуяў». Іх вонкавы выгляд, іх спосаб паступаньня, іх самапэўнасьць і пачуцьцё вышэйшасьці над усімі, якое дае матар’яльнае багацьце нават вельмі бедным духова адзінкам, — усё гэта падана абыдвума аўтарамі зусім аднолькава. І аднолькава — толькі дзякуючы свайму багацьцю — Гальшанскі адбівае Алю ў Абдзіраловіча, а Барвіцкі вырывае Ляўру ў Барыкі, хоць і адна і другая шчыра любіць «таго другога». Хвароба Алі пасьля разрыву з Абдзіраловічам, апошняе спатканьне Ляўры з Барыкай у Варшаве поўнасьцю гэта пацьвярджаюць.

Між Аляй і Ляўрай ёсьць розьніца ў адным: у веку і ў дасьпеласьці. Аля — гэта красачка, якая толькі расцьвітае. Ляўра — краска расцьвіўшая, якая сваей красой заварожывае Барыку таксама, як Аля заваражыла Абдзіраловіча. І адна і другая — тое найхарашэйшае, найбольш вартаснае, што вырастае ў буржуазным жыцьці: ідэя жаноцкага хараства. Але і адна і другая маюць на сваіх душах кляймо, якое фальшывая маральнасьць на іх налажыла. Гэтае кляймо і ёсьць прычынай разрыву Алі з Абдзіраловічам, Ляўры з Барыкай: і тут і там шчырая, глыбокая любоў прыносіцца ў ахвяру імкненьню да матар’яльнага дабрабыту, сытасьці, панскага жыцьця.

Трэйцяя пара аналёгічных тыпаў, мо’ крыху менш да сябе падобных з увагі на жыцьцёвыя абставіны, гэта Іра і Караліна. Абедзьве — вельмі нармальныя, жыцьцярадасныя, веручыя ў магчымасьць шчасьця для іх маладыя дзяўчаты, адзначаючыяся высокім маральным роўнем і асаблівай чуткасьцяй у адносінах да свайго любага. Але варункі жыцьця вясковае настаўніцы і дачкі абшарніцкае сям’і — розныя. І ідэалы жыцьцёвыя — розныя: Іра мае ідэалы грамадзкія — нацыянальныя, дзеля якіх не захістаецца ахвяраваць і асабістае шчасьце, і сваё жыцьцё, Караліна ніякіх пазытыўных грамадзкіх ідэалаў ня мае, а яе ненавісьць да зруйнаваўшых дабрабыт яе бальшавікоў — гэта-ж ёсьць толькі нэгацыя.

Сярод жаноцкіх пэрсонажаў з маладога пакаленьня бачым у Жэромскага йшчэ трэйці, адпаведнага якому ў Гарэцкага няма. Гэта ёсьць Ванда Опочыньска, яшчэ як быццам падростак, але з пераростам перадчаснага эротызму, каторы дзіўна ўжываецца з артызмам яе, як высока ўталентаванае піяністкі. Такіх тыпаў, такога пэрвэрсыйнага вытвару сучаснае цывілізацыі Гарэцкі ў сваім грамадзянстве, пэўне-ж, ня мог бачыць. Эротызм у беларускай літаратуры наагул выяўляецца даволі слаба дый, калі выяўляецца, дык у зусім нармальных праявах — далёкі ад усякай пэрвэрсіі.

Параўнаньне гэтых твораў Гарэцкага і Жэромскага выклікае такое ўражаньне, што некаторыя літаратурныя тэмы ў пэўныя гістарычныя мамэнты запраўды-ж як быццам «вісяць у паветры». Дый яно так і мусіць быць: бо тэмы, распрацаваныя ў повесьцях «Дзьве душы» і «Przedwiośnie», гэта ёсьць найбольш істотны зьмест грамадзкага жыцьця і СССР, і БССР, і Польшчы ў часе пісаньня гэтых повесьцяў. Дык коінцыдэнцыя ў літаратурнай апрацоўцы тае самае асноўнае тэмы Гарэцкім і Жэромскім не прадстаўляе нічога дзіўнага. Яна толькі паказывае, што абодва аўтары — беларускі і польскі, — хоць талент пачынаўшага толькі тады пісаць Гарэцкага і дасьпелага ўжо зусім у 1924 г. Жэромскага трэба мерыць рознай мерай, выявілі аднолькавую чуткасьць у адносінах да перажываньняў грамадзянства і аднолькава правільна намалявалі нам абраз духовага разладу ў гэтым грамадзянстве, катораму гэтак трудна было «самавызначыцца» ў пераломны мамэнт жыцьця роднага краю.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.