ВЕЦЕР З ПОЎНАЧЫ
Вецер з поўначы… Сьнег і стынь…
Ночы ясныя… Дні залатыя…
Вострым думкам і песьням цьвісьці,
што жывілі-б амшары пустыя.
Нам-бы песьню, каб змоўкла душа,
І крылатымі сталі словы…
Будзе сталёвей вызваніваць шаг,
будзе сэрца зьвінець сталёвей.
Будуць цені блудзіць ля прысад
і на ўзьмежках сьнягі растануць…
Не пайду ніколі назад,
баявога ня кіну стану.
Брат паляжа, а з ім і я.
Срэбрам труб прагрыміць перамога…
Для цябе, старана мая,
на мяцежных тваіх дарогах!
Хай загіне мая галава.
Усё роўна — забудуць ці ўспомняць…
Шкадаваць?.. Дык нашто шкадаваць,
ды сьлязою вузорыць скроні!..
Зьменяць лепшыя заўтра нас;
ляжа шлях дываном-зелянінай…
Старана ты мая, старана!..
Для цябе і жыць і загінуць…
І таму, хто душой скамянеў,
не пачуць, што жыве і дыша;
не гарэць яму, ня зьвінець
па вялікіх дарогах ла ўзвышшаў.
Будзе вецер і сьнег, і стынь;
сны чароўныя і залатыя…
Цьвёрдым крокам наперад ісьці,
І ніколі запал не астыне.
26-III—1926 г.
|