Іліяда (Гамэр/Тарашкевіч)
Іліяда Паэмы Аўтар: Гамэр ? (пераклад 1935) Пераклад: Браніслаў Тарашкевіч |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Іліяда (Гамэр). |
«ІЛІЯДА» ГАМЕРА
Сем грэцкіх гарадоў вялі паміж сабой заўзятыя спрэчкі за гонар лічыцца бацькаўшчынай Гамера. Яму, як герою, грэкі пасвячалі храмы і алтары. Песні яго леглі за аснову грэцкага мастацтва, навукі і грэцкай тэалогіі. Рым успрыняў Гамера як свайго паэта, і тут ён аказаў рашаючы ўплыў на элінізацыю рымскай літаратуры. «Энеіда» Вергілія — гэта імітацыя Гамера, хоць сярэднія вякі прызналі яе ідэалам эпічнай паэзіі. І толькі гуманісты XVI стаг., а затым Лесінг, Гердэр, Гётэ, Шылер і многа іншых крытыкаў правільна ацанілі гамераўскія творы, як непаўтарымы правобраз эпасу.
Гістарычна-літаратурная крытыка XVIII і XIX стст. вяла сапраўдныя «гамераўскія баі» каля пытання аб гістарычнасці асобы самога Гамера і аб тым шляху, якім злажыўся гамераўскі эпас. Крайні рэвізіянізм у гэтым пытанні дайшоў да поўнага запярэчання існавання Гамера, прызнаючы ўвесь гамераўскі эпас народнай творчасцю. Але гістарычную сапраўднасць асобы Гамера не пераставалі бараніць некаторыя вучоныя і асабліва паэты: Гётэ, Шылер і другія.
Самае нават павярхоўнае знаёмства з гамераўскім эпасам змушае прызнаць, што «Іліяда» і «Адысея» з’яўляюцца пладом мастацкай творчасці. Крыху глыбейшы аналіз паказвае, што гэту творчасць нельга прыпісаць адной асобе. Так, напрыклад, ясна, што «Адысея» адносіцца да шмат пазнейшага часу, як «Іліяда». Але і сама «Іліяда» не з’яўляецца прадуктам творчасці выключна аднаго чалавека: гэта аб’яднанне цэлага цыкла самастойных твораў высокакваліфікаваных у паэтычным мастацтве песняроў-аэдаў. Можна дапусціць, што найвыдатнейшым з іх, найболей слаўным і быў Гамер.
Аднак жа «Іліяду» і «Адысею» можна лічыць у некаторым значэнні і народнай творчасцю і не толькі таму, што на працягу доўгага часу яны складаліся ў вялікай грамадзе, карпарацыі іянійскіх песняроў, але і таму, што паэтычным матэрыялам для іх паслужыла грэцкая міфалогія, у якой народная фантазія дала прыродзе і грамадскім формам свядомую мастацкую апрацоўку.
Гамераўскі эпас дае нам карціну яшчэ даволі слаба расслоенага грамадства, калі паасобныя плямёны злучаліся ўжо ў невялікія народы, у якіх, аднак, род, фратрыя і племя захоўвалі яшчэ сваю самастойнасць.
На гэтай ступені мы бачым у грэкаў гарады, абнесеныя мураванымі сценамі, бачым даволі развітае рамяство, але бачым і нявольніцтва. Гэтыя маленькія народы вялі паміж сабою безупынныя войны за лепшыя землі і пасбішчы, за дабычу, у тым ліку за нявольнікаў.
Адна з такіх войнаў — вайна ахейцаў (грэкаў) проці Троі — з’яўляецца прадметам «Іліяды». Праўда, «Іліяда» абымае не ўсю траянскую вайну, а толькі паасобныя з яе эпізоды, якія здарыліся ў працягу 51 дня на дзесятым годзе вайны.
Паміж сучаснасцю і гэтым даволі прымітыўным грамадствам — тры тысячы гадоў гістарычнага развіцця. Сучасная тэхніка, смела можна сказаць, закасавала фантазію гамераўскай міфалогіі. Нашыя самалёты лятаюць хутчэй за звестуноў грэцкіх багоў, сучасныя «робаты» спраўляюцца спрытней за цудоўныя аўтаматы самога Гефеста, бога-будаўнічага і мастака-рамесніка.
Паміж намі настолькі вялікая гістарычная дыстанцыя, што сам эпас у яго класічнай форме не можа быць створан цяпер, калі ў нас выключана ўсякая міфалагізацыя прыроды і грамадства. У часы самалётаў і танкаў, кулямётаў і ядавітых газаў немагчымы Ахілесы і Гектары.
«Але,— кажа Маркс («Да крытыкі палітычнай эканоміі»), — труднасць заключаецца не ў тым, каб зразумець, што грэцкае мастацтва і эпас звязаны з вядомымі грамадскімі формамі развіцця. Труднасць заключаецца ў разуменні таго, што яны яшчэ прадаўжаюць дастаўляць нам мастацкае здавальненне і ў пэўным сэнсе захоўваць значэнне нормы і недасягаемага ўзору.
Мужчына не можа зрабіцца зноў дзіцем, не становячыся смешным. Але хіба яго не радуе наіўнасць дзіцяці і хіба сам ён не павінен імкнуцца да таго, каб на вышэйшай ступені ўзнаўляць сваю ісцінную сутнасць, і хіба ў дзіцячай натуры ў кожную эпоху не ажывае яе ўласны характар у яго простай («безискусственной») праўдзе? І чаму дзяцінства людскога грамадства там, дзе яно развілося найпрыгажэй, не павінна мець для нас вечнага хараства, як ніколі не паўтараючаяся ступень? Бываюць нявыхаваныя дзеці і па-старыкоўскаму разумныя дзеці. Многія са старадаўніх народаў належаць да гэтай катэгорыі. Грэкі былі нармальнымі дзецьмі. Чароўнасць, якую мае для нас іх мастацтва, не стаіць у супярэчнасці з тым неразвітым грамадскім асяроддзем, з якога яно вырасла. Наадварот, яно з’яўляецца яго рэзультатам і неразрыўна звязана з тым, што недаспелыя грамадскія адносіны, сярод якіх яно ўзнікла і толькі магло ўзнікнуць, ніколі не могуць паўтарыцца зноў».
І сапраўды, што ў дарослага можа з’яўляцца банальным і нават дурным, у дзіцяці можа быць выяўленнем геніяльнага пробліску мыслі. Таму гамераўскія эпітэты і поўнаю жменяю параскіданыя параўнанні так асабліва чаруюць нас сваёй свежасцю, дзіцячай прастатой і непасрэднасцю. Нам заўсёды здаецца, што так было сказана першы раз у жыцці чалавецтва. Ствараецца ўражанне, што мы знаходзімся пры нараджэнні паэзіі і вобразнага слова. Сама перспектыва такой гістарычнай далечыні не можа не прыцягваць нас.
Але нягледзячы на ўсю сваю далячынь і сваю варварскую прымітыўнасць гамераўскі эпас, асабліва «Іліяда», знаходзіць жывы рэзананс і ў сучаснага чытача. Не раз захапляліся Маркс і Энгельс «жыццярадаснымі, моцнымі, цэльнымі вобразамі Гамера», вобразамі герояў і многашумлівага мора, захапляліся ягонаю моваю. Трэба адзначыць, што і Маркс і Энгельс былі вялікімі знатакамі класічнай літаратуры. Не такім яе знатаком быў Леў Талстой, але ў росквіт сваіх творчых сіл, узяўшыся раз за «Іліяду», не можа ад яе адарвацца. Дзеля Гамера Талстой вывучае грэцкую мову.
Гамер, падобна Шэкспіру,— паэт барацьбы вялізных страсцей. Людскія афекты і страсці, хоць і не з’яўляюцца вечнымі, a змяняюцца ў залежнасці ад сацыяльных абставін, маюць здольнасць будзіць эмацыянальнае пачуццё нават з далечыні трох тысяч гадоў. Гамераўскія багі даўно зрабіліся камічнымі фігурамі. Хоць Гамеру і не думалася зрабіць іх смешнымі, але гнеў Ахілеса, ягоны адчай і палкае жаданне помсты за забітага друга Патрокла, але гора Прыяма, Гекубы і Андрамахі па забітым Гектары не перастаюць гаварыць да нашага пачуцця, хоць мы сваё гора пераносім іначай і праяўляем яго ў іншых формах. Звязваючай ніццю, на якую нанізаны 24 песні «Іліяды», з’яўляецца тэма аб гневе Ахіла, аб чым і гаворыцца ў першых радках першай песні пры звароце песняра да музы:
«Муза, спявай мне пра гнеў Ахілеса, Пелеева сына, гібельны гнеў, прычыніўшы ахейцам бязмернае гора, многа бо душаў адважных герояў паслаў да Аіда, самых жа іх пакідаў на здабычу сабакам і птушкам розным дзярлівым — a ўсенька па божай Зявесавай волі — з часу таго, як з сабой разышліся ў злосці заўзятай боскі Ахіл і дружын валадар Агамемнан Атрэіч».
Злосць між імі ўзнялася з таго, што Агамемнан, галоўны начальнік ахейскага (грэцкага) войска, адабраў ад Ахіла яго палонніцу, прыгожую Брызэіду. Быстраногі Ахіл (Ахілес), сын грэцкага князька Пелея і марской багіні Фетыды, галоўны ваяка ў ахейскім ваенным стане пад Трояй, у страшэннай злосці і гневе на начальнага князя адказаўся біцца з траянцамі і разам з другам Патроклам і ўсёю сваёй баёвай дружынай бясчынна праводзіць час пры беразе многашумлівага мора. Карыстаючы з гэтага, траянцы пад камандай свайго героя Гектара, сына Прыяма, б’юць і адганяюць ахейцаў да самага мора, да іхніх выцягнутых на бераг караблёў (лайбаў). Пала цэлая маса адважных герояў. Грэкам пагражае аканчальная катастрофа. Ужо загарэліся караблі. A гнеўны Ахіл не паддаецца просьбам, ні за якія дары, перапросіны ці абяцанкі не згаджаецца ісці ў бой, і толькі ў апошні крытычны момант пасылае ў сваёй зброі — «мілага друга» Патрокла на помач ахейцам.
Ап’янелы баявой удачаю Гектар забівае Ахілава друга і здзірае Ахілесаву зброю: ледзь удаецца ахейцам адабраць яго цела. Тады Ахіл, страціўшы друга, і зброю, кідаецца ў страшным дзікім ляманце між жалем, адчаем і палкім жаданнем бязжаласнай помсты. Па просьбе Фетыды Гефест яму выкаваў новую зброю цудоўнай работы (апісанне шчыта Ахілеса ў XVIII песні — гэта цэлая паэма!).
Пачынаецца страшэнная бойка, у якой прымаюць удзел і багі, падзяліўшыся на два варожыя лагеры. Ахіл, як бура, сее кругом страшэннае спусташэнне. Траянцы змушаны ўцякаць і хаваюцца ўсе за гарадскія сцены (канец XXI песні). Толькі Гектар, застаўшыся перад брамаю, стаў і стаяў «зблутаны доляю,— мойрай», жадаючы біцца з Ахілам. Але Ахіл не адразу ўгледзеў Гектара і дарма ганяўся за Феб-Апалонам, богам сонца, прыняўшы від траянскага героя Агенора. Калі Агенор паспеў ужо ўцячы ў горад, Апалон адкрывае сваё боскае аблічча, жартуючы з Ахілесам. Далей ідзе паядынак Ахілеса з Гектарам, смерць апошняга і галашэнне Прыяма, Гекубы і Андрамахі (XXII песня).
«ІЛІЯДА» ГАМЕРА
ПЕСНЯ І[правіць]
1. Гнеў, о багіня, пяі Ахілеса Пелейвага сына
згубны, што бед прычыніў ён ахейцам вялікіх нямала,
волатаў, храбрых душ у Аідава царства нізрынуў
многа, a саміх жа іх на здабычу сабакам і птушкам
5. розным ён кінуў дзярлівым (усе дзеля Зеўсавай волі)
з тое пары, як у звадзе з сабой разышліся ў злосці
.войска Атрыд валадар з Ахілесам, да бога падобным.
Хто ж гэта ды і з багоў так давёў іх да звады гняўлівай?
.Сын то Латоны і Зеўса,— бо з гневу ён злога да князя
10. пошасць благую паслаў там у стан, на пагібель народаў
дзеля таго, што Атрыд абясчэсціў жраца Апалона
Хрыза, калі той прыбыў з караблём быстраходным ахейскім,
выкупіць каб дачку, везучы там нязлічаны выкуп —
стужку ён меў у руках дальнястрэльнага лучніка Феба
15. на вярху булавы залатой і прасіў ён ахеян,
асабліва Атрыдаў дваіх, атаманам народам:
«О вы Атрыды й Ахейцы ўсе, пышналожныя мужы!
Хай жа вам богі дадуць на Алімпе прыбыцце, што маюць
горад Прыяма здабыць і вярнуцца шчасліва дахаты!
20. Мілую ж толькі дачку вы аддайце і выкуп прыміце,
Зевуса сына ўважаючы так, дальнястрэльнага бога».
Вось тут другія усе дый на тое згаджалісь ахейцы
чэсць аказаць каб жрацу і падаркі прыгожыя ўзяці;
толькі у сэрцы таго Агамемнан Атрыд не ўзлюбіўшы
25. Хрыза нягодна прагнаў ды йшчэ рэкнуў тут грознае слова:
«Ой ты стары! Сцеражыся мяне, каб не стрэнуць дзе блізка
пры караблёх тут глыбокіх застаўшысь ці зноў тут прышоўшы:
не абароніць тады булава, ні вянок цябе божы!
Дзеўчыны ж я не аддам, a перш старасць яе там надыдзе
30. воддаль ад хаты бацькоў у Аргосе, у нашым то доме,
кросны ткучы, a таксама са мной раздзяляючы ложа.
Ну дык ідзі, не дражні ты мяне, каб вярнуцца мог цэлы!»
Так ён казаў; і збаяўся стары і паслухаў то слова;
моўчкі уздоўж берагоў ён пайшоў вельмі шумнага мора.
35. Многа маліўся пасля той стары, адышоўшыся воддаль
валадару Апалону, касістай Латоны сынам што:
«Выслухай сёння мяне, о срэбналукі, што Хрызу бароніш,
Кіллу святую і над Тэнэдосам магутна пануеш,
божа смінтэйскі! Калі я сапраўды табе дзе святыню
40. мілую узбудаваў, ці не паліў табе тоўсты лапаткі
коз і быкоў, то малю цябе — споўні маё пажаданне:
хай жа за слёзы мае твае стрэлы адплацяць данайцам!»
Так малючыся казаў, тое ж выслухаў Феб дальнястрэльны
і нізышоў ён з вяршынаў Алімпу, узбураны ў сэрцы,
45. маючы лук за плячамі і сайдак, што кругом быў закрыты,
голасна стрэлы гулі на плячах тады ў гнеўнага бога,
як ён адтуль выходзіў, а йшоў жа, што цёмная ночка.
Ад караблёў потым сеўшы паводдаль, запускаў свае стрэлы.
Звон тут страшэнны паўстаў ад таго ды і срэбнага лука.
50. Мулаў адных пападаў напачатку і шпаркіх сабакаў.
После ж ударыў людзей, выпускаючы горкія стрэлы,
і на хаўтурных агнёх безупынна гарэлі іх целы.
Дзевяць на стан ужо дзён як лятаюць там божыя стрэлы,
а на дзесяты Ахіл заклікае народ ўвесь на веча.
55. Гэта ў душу улажыла яму белатварая Гера,—
жаль бо было ёй данайцаў, пабачыўшы, як яны мерлі.
Вось і на веча прыйшлі і, сабраўшысь, былі ўсе у зборы,
ўстаў быстраногі Ахіл і казаў ім такую прамову:
«Думаю я, о Атрыд, што ізноў нам па блуднай дарозе
60. трэба дахаты вяртацца, абы уцячы як ад смерці,
дзеля таго, што зараза з вайной тут зніштожыць ахейцаў;
толькі ж спытаймася варажбіта ці жраца дзе якога
хоць бы і знахара сноў (бо і сны тож ад Зеўса даны) —
хай жа ён скажа, за што разгневаўся Феб дальнастрэльны:
65. мо абяцанне якое забылі, а мо й гекатомбу,
можа быць, запаху жырнага коз і ягнят незагнаных жадаў бы
ён на ахвяру сабе, каб ад пошасці толькі нас збавіць.
* * *
Покуль я тут жыву на зямлі ды і светлае сонейка богу
смела пры цесленых будзь караблёх, бо ніхто не падойме
90. цяжкай рукі на цябе, хоць бы ён Агаменмнанам зваўся;
гэта нічога, што ён найважнейшым за ўсіх прадстаўляецца!»
Той жа адважыўся тут і адказ беспамыльны выводзіць:
"Гневайца бог ані за абяцанку, ані за гекатомбу,
толькі за Хрыза, за тое, што яго Агамемнан
95. дзеўкі яму не аддаў і багаты ён выкуп адкінуў.
Вось чаму беды паслаў ды йшчэ слацьме Феб дальнястрэльны
і не адверне нягоднай заразы датуль ад данайцаў,
пакуль дачкі не аддадзём яснавокай да мілага бацькі
дарма без выкупу, ішчэ завязём гекатомбу святую
100. ў Хрызу і толькі тады з перапрашаным памірымся богам».
Гэтак сказаўшы, ён сеў; a за ім у чарод свой падняўся
волат Атрыд Агамемнан, шырока пануючы й моцна.
Злы быў, a сэрца яго дык зусім перапоўнілась гневам
і пачарнела кругом ды агнём яго пырскалі вочы;
злосна зірнуў на Калхаса найперш і вось так яму кажа:
105. «Злы варажбіт, ці сказаў ты калі мне што мілага сэрцу?
a заўсягды так прыемна табе варажыць толькі беды:
добрага слова ты мне не сказаў і не споўніў ніколі:
вось і цяпер ты на вечы гаворыш данайцам варожбы,
110. што гэта ўсё за мяне насылае няшчасце бог лучнік
дзеля таго, што бліскучых дароў я за Хрыза дзяўчыну
не захацеў дый прыняць: спадабалася мне тое вельмі
мець яе ў хаце сваёй, бо і за Клітамнестру мілейша,
жонку законную тую, і ёй не уступіць дзяўчына
115. станам, ані хараством або розумам, ці у рабоце;
але назад я яе аддаю, калі гэта так лепей:
лепш я хачу, каб народ быў здаровы, чым гінуць так меў бы.
Толькі ж падарак знайдзеце вы мне, каб адзін я з ахейцаў
не астаўся без дару, бо то ж і няхораша гэтак.
120. Бачыце хіба вы ўсе, што мой дар ад мяне уцякае.
После ж на гэта казаў Ахілес быстраногі і боскі:
«Слухай, праслаўны Атрыд, самы жадны з усіх да карысці!
Скуль табе дар могуць даць велікадушныя мужы ахейцы?
Каб дзе супольна дабро дай бадзялася кучай — не бачым.
125. То, што злупілі мы з тых гарадоў, то ўсё і падзялілі;
a непрыгожа назад, што ўзялі, каб аднеслі народы.
Толькі цяпер ты аддай на чэсць богу яе, мы ж, ахейцы.
Тры і чатыры разы надгародзім табе, калі Зеўс
дасць нам Трою ўзяць разбурыць, моцнасценны той горад».
130. Кажа яму у адказ вось так Агамемнан магутны:
«Як ты ні дзельны сабе і да бога падобны, Ахіле,
a не круці ты душой, бо на хітрыкі я не паддамся:
хіба ж ты хочаш адзін, каб дары толькі меці, a я дык
бедны сядзеў бы, дзяўчыну аддаўшы па твойму загаду.
135. Велікадушныя мужы ахейцы хай дар мне пачотны
й сэрцу спадобны дадуць ды такі, каб ён з тым быў бы роўны:
a калі ж мне не дадуць дабравольна, дык сам я пайшоўшы
дар той вазьму ад цябе ці Алякса, або Адысея
і павядуся сабе: ой бяда там, дзе я пакажуся!
140. Але на потым ізноў усё гэта пакінем абдумаць,
чорны ж цяпер карабель вось мы спусцім на боскае мора,
возьмем туды весляроў мы даволі, далей гекатомбу
для Апалона паставім,— пасля ж Хрызіду румяну
мы узвядзем на яго; хай адзін дый здрадлівых мужоў
145. правадыром будзе там ці Алякс, Адысей хоць бы боскі
Ідаменэй, альбо сам ты Пелід, ты з усіх найстрашнейшы,
каб ты ахвяры прынёс і ўпрасіў далястрэльнага бога».
Грозна зірнуў на яго й адказаў Ахілес быстраногі:
«Ах ты такі круцідух! дый куды ж твой сорам падзеўся?
150. Як жа цяпер тваіх слоў, a хоць хто дабравольна з ахейцаў
слухаціме, у паход каб ісці ці у бітву дзе цяжкую!
Я ж не прышоўшы сюды ля траянцаў кап’істых
з імі каб дзёрціся тут — яны ж мне анічога й нявінны:
ані валоў яны мне забралі, ні коней ніколі,
155. ані ў карміцельцы Фтыі маёй ураджайнай і люднай
плён не зніштожылі мне; ну бо ведама, што паміж — намі
многа ёсць гораў цярністых і мораў тых шумных і бурных;
a за табою пайшлі, ты бессаромны так, як сабака,
ўсе мы на Трою, каб вы з Менелаем тут змылі знявагу:
160. толькі ж на гэта ў цябе ды малая увага і клопат!
Страшыш яшчэ, што ты сам адбярэш ад мяне мой падарак,
той, за які я найбольш назмагаўся — далі ж мне ахейцы.
Хіба ж дастаў я калі каб роўны падарак з табою,
як разбурым мы дзе ды траянскае моднае места?!
165. Бурнай і цяжкае бітвы найбольшую часць адмахаюць
рукі мае, a як толькі дзяльба калі тая праходзіць,
ты дар найбольшы бярэш,— я ж малы, хоць і мілы дастаўшы
да караблёў з ім іду, на біцьве змарнуўшы моцна...
Вось жа цяпер я у Фтыю пайду: ну бо, ведама, лепей
170. нам на крывых караблёх ды вярнуцца да хаты радзімай,
чымся без чэсці сядзець і табе тут запасіць багацце».
A на гэта яму адказаў атаман Агамемнан:
колькі сэрцу любя ты ідзі і прасіць я не буду
дзеля мяне каб астаўся ты тут, бо другіх буду мець я,
175. хто уважацьме мяне, a найбольш ды сам Зеўс, апякун мой
ты ж мне самы праціўны з усіх тут князёў багародных,
бо для цябе заўсягды мілы звады і спрэчкі і бойкі.
Што за другіх ты дужэйшы — то што? то ад бога ты маеш!
Дык з караблямі й сябрамі сваімі пайшоўшы дахаты,
180. над мірмідонамі там ты пануй — па табе ж не бядую
й злосці тваёй не баюся; цябе ж дык я вось чым пастрашу:
як Хрызаіду ў мяне адбірае бог Фебус Апалон,—
бо адашлю я яе на сваім караблі дый з сябрамі,
гэтак жа сама і я забяру Брызэіду румяну,
185. сам у палатку пайшоўшы, твой дар, каб ты ведаў бы добра,
колькі важнейшы я тут і другі каб баяўся таксама
звацца раўнёю тут мне ды у вочы йшчэ так настаўляцца».
Так ён сказаў, a Пеліду ў душы і зрабілася горка
ды у касматых грудзёх так надвойчы там білася сэрца:
190. выцягнуць востры булат, што вісеў ля ягонага боку
і, разагнаўшы усіх, у самым затапіць каб Атрыдзе,
ці устрымаці свой гнеў і душу абвуздаці.
Покуль вось гэта ў душы ды у сэрцы сваім разважае
з похвы жа цягнець вялікі свой меч, прылятае Афіна
195. з неба туды. A паслала яе белатварая Гера:
любячы разам дваіх, спагадала душою абодвым.
Стаўшы ззаду за ім, за чуб ясны скубанула Пеліда,
толькі яму паказаўшыся, болей ніхто ані бачыў.
Вельмі спужаўся Ахіл, адвярнуўся й адразу пазнаў ён
200. тую Паладу адзіну, як страшна вачыма глядзела.
Ён жа, прамовіўшы там, так ёй кажа крылатыя словы:
«Што ты прышла тут, дачка грамадзейнага Зеўса?
Хіба ты хочаш пабачыць пыху ды Атрыдава сына!
Праўду скажу я табе, a і думаю, скончыцца гэтак:
205. з гордасці лішняй Атрыд загубіцьме душу сваю борзда».
Так адказала ж багіня, яму, яснавока Афіна:
«З неба я з думкай прышла, калі толькі
паслухаеш мяне ты».
ПЕСНЯ XXII СМЕРЦЬ ГЕКТАРА[правіць]
Так прыляцеўшы у горад, як тыя алені са страху,
і прысланіўшыся к сценам харошым, ваду папівалі,
смагу зганялі й сушыліся з поту. Тымчасам ахейцы
проста пад сцены ішлі ўжо шчыты да пляча прысланіўшы.
5. Гектара ж тамака зблутала доля нягодная мойра,
што перад скайскаю брамаю стаў і стаяў, як скаваны.
Тут да Ахіла прамовіў вось так Апалон далястрэльны:
«Што ты, Пелеевіч, гонішся гэтак заўзята за мною,
сам ты смяротны — за мной несмяротным; хіба не пазнаў ты,
хто я такі, і за богам пусціўся няспынна
ў дагонку.
10. Ты і забыўся цяперака ўжо аб траянцах прагнаных,
што пахаваліся ў горад, a толькі за мною лятаеш;
але ж мяне не заб’еш ты, таму што я бог несмяротны».
І адказаў яму, цяжка ўздыхнуўшы, Ахіл быстраногі:
15. «Ну й ашукаў ты мяне, далястрэльны, з багоў найшкаднейшы:
вывеў аж во дзе у поле ад сцен, бо каб не, то йшчэ шмат хто
грыз бы зубамі зямельку хутчэй, чымся ў горад уцёк бы!
Славу вялікую ты ад мяне адабраў, a траянцаў
уратаваў, без ніякай баязні пасля расплаціцца.
20. Ну, і задаў бы за гэта табе, каб мне сілы хапіла!»
Гэтак казаў ён і горда панёсся пад гораду сцены,
бодры, казаў бы наўзавадны конь, што у гонных калёсах
лёгка да мэты ляціць, расцягнуўшыся ў лёце струною:
так і Ахіл паварачываў жвава каленкі і ногі.
25. Першы Прыям яго згледзеў сваімі вачмі, хоць старымі,
як ён па полі ляцеў, весь бліскучы, усё роўна як зорка
тая, што ў восені ўсходзіць і ярыцца блескам вялізным
высака з неба між зоркамі многімі ў цёмную ночку —
Псом Арыёна яе называюць з прадвечнага веку,
30. a хоць яна найярчэйшая, знакам нядобрым бывае,
многа варожыць няшчасця бо марнаму роду людскому —
так Ахіла ляцеўшага медзь на грудзях зіхацела.
Ўскрыкнуў старэнькі Прыям, ухапіўся рукамі за голаў,
35. к небу далоні падняў і, галосячы, дай жа прасіці
Гектара, мілага сына. A той, перад брамаю стаўшы,
з месца не рухаўся: так зажадалася біцца з Ахілам.
Выцягнуў рукі стары і прамовіў такімі славамі:
«Мілы мой, родны мой Гектар, пакінь, не чакай ты Ахіла
ў полі адзін без другіх, каб цябе не спаткала пагібель
40. з рук Ахілеса, бо ён за цябе шмат сільнейшы, страшэнны.
Ах каб багом неўміручым, як мне вось, ён гэтак і быў бы
мілы, то скора яго груганы і сабакі бы з’елі і
спала б мне з сэрца цяжкая бяда і згрызота:
колькі сыноў маладых і магутных ён мне абязвечыў,
45. пазабіваўшы ці на астравы запрадаўшы далёка.
Вось і цяпер Лікаона няма, ды няма й Палідора,
іх я не бачу вярнуўшыхся паміж траянцамі ўсімі,
мілых сыноў, што радзіла жанчына з жанчын Лаафея.
Але калі яны ў стане жывыя, то выкупіць зможам,
50. даўшы і медзі і золата, многа бо гэтага маем,
многа пасагу мне даў за дачкой стары Альт знамяніты;
55. толькі каб ты не загінуў бы, здужаны сілай Ахіла.
Ну, дык сыночку ты мой, увайдзі за муры ўжо, бо мусіш
быць абаронцам траян і траянак, каб славы не даці
сыну Пелея ды мілай душы і жыцця не згубіці.
Ўрэшце падумай і злітуйся хоць нада мной над няшчасным
60. бацькам, якога змушае Зявес на парозе магілы
вынесці столькі згрызот і пабачыці гэтулькі гора:
як забіваюць сыноў і як цягнуць дачок у няволю,
апусташаюць каморы і дзетак маленькіх нявінных
вобзем кідаюць і б’юць, азвярэўшай у лютым змаганні,
65. бачыць, як цягнуць сыноў маіх дзікія воі ахеян.
Сам я апошні паду, і мяне на парозе сабакі
жадныя там разарвуць, калі нехта вастрэннаю меддзю
тне ці прапора мяне, з суставаў мне выжане духа:
тыя сабакі прыдзверныя, што пры бяседах карміў іх,
70. піць маю кроў яны будуць, a после, напіўшыся, лягуць
з сумнай душою у сенях. Прыгожа ляжаць маладому
нават забітаму востраю меддзю ў баі-ваяванні:
хораша ўсё у яго, на што толькі вачмі не паглянеш;
але сівую калі галаву, бараду й срамаценне
75. ў мужа забітага злыя сабакі крамсаюць і бэсцяць,
то ўжо за гэтае горай і ў марных людзей не бывае».
Гэтак стары гаварыў і, схапіўшы рукамі за голаў,
рваў валасы, але просьбамі Гектара не перайначыў.
80. Маці і тая таксама давай галасіць-прымаўляці,
грудзі яна расхінула рукою і, ўзяўшы адну з іх,
плачучы слёзна, казала такія крылатыя словы:
«Гектар, дзіцятка маё! ушануй ты хоць гэта, мей літасць
хоць нада мной, што грудзьмі ціхамірыла плач твой дзіцячы;
мілы сыночку, успомні ты гэта й гані Ахілеса
85. згэтуль, схаваўшыся ў горад, не йдзі на яго адзінокі,
бо як заб’е ён шалёны цябе, то не ўдасца й аплакаць
мілую родную краску на марах ні мне ані жонцы
дужа пасажнай: ад нас ад абодвух няшчасных далёка
пры караблях пры ахейскіх з’ядуць цябе злыя сабакі».
90. Гэтак абое яны прамаўлялі да мілага сына
й вельмі прасілі, a не перайначылі Гектара духа:
стойка стаяў і чакаў ён на бой Ахілеса страшнога.
Так, як дракон, што у горнай нары чалавека чакае,
зелля благога нажоршыся, з ярасцю й злосцю страшною,
95. ўецца ў логаве толькі й страшэнна ў бакі паглядае,—
гэтак і Гектар у злосці нястрымнай трымаўся на месцы:
шчыт абапёршы бліскучы аб выступ высокае вежы,
і, уздыхнуўшы, прамовіў сабе да душы да адважнай:
«Гора ж маё! каб схавацца цяпер мне за браму, за сцены,
100. першы тады Пулідам мяне лаяць і ганіць пачаў бы,
бо і казаў жа ён мне, каб траянцаў у горад увесці
ў тую праклятую ноч, як Ахіл ваяваці узняўся;
я не паслухаў тады, a было бы усім куды лепей.
Ну, a цяпер я шаленствам дурным загубіў увесь горад,
105. сорамна мне ад траянцаў і доўгападолых траянак,
каб не сказаў аба мне і найгоршы які грамадзянін:
«Гектар народ загубіў, на сваю спадзяваўшыся сілу!»
Гэтак і скажуць. Дык мне куды лепей паспрабаваць будзе
процістаяць і, Ахіла забіўшы, дахаты вярнуцца.
110. A калі не, то самому хоць слаўна памерці за горад,—
a калі б я, адлажыўшы свой шчыт з выпуклястаю бляхай
ўбок і цяжкі свой шалом, да сцяны прысланіўшы і піку,
сам падышоў да Ахіла Пелеіча, боскага воя,
і абяцаў бы яму і Алену і ўсе тыя скарбы,
115. дужа вялікія, што Аляксандра у лайбах глыбокіх
разам у Трою прывёз (вось праклятае звады пачатак!),
выдаць усё для Атрыдаў, a после для ўсіх для ахейцаў
тое ўсё выдаць багацце, што знойдзецца толькі у Троі?
Перадусім жа я ўзяў бы прысягу ад нашых старшыняў,
120. каб не хавалі нічога і ўсё аддалі для падзелу,
ўсе тыя скарбы, што горад багаты ў сабе заключае.
Ну, але што гэта выдумаў я у душы сваёй мілай?
Не, не пайду да Ахіла, бо літасці мець ён не будзе
і не ўшануе мяне, a заб’е яшчэ голым, без зброі,
125. проста як нейкую бабу, калі сваю зброю пакіну.
Не да таго мне цяпер, каб пад дубам ці нейкай скалою
весці з ім гутаркі, так, як дзяўчына з хлапцом прыудалым
гутаркі весела, міла і ціха вядуць між сабою.
Лепей мы зойдземся тутака ў бой і адразу пабачым,
130. славу каму з нас дваіх Алімпіец-Зявес падаруе».
Стоячы, так разважаў, a Ахіл падлятаў ужо блізка,
грозны, як сам Эніялій з шаломам бліскучым у бітвах;
бацькаўскі ясень на правым плячы патрасаў ён страшэнна,
й медзь зіхацела наўкола, як яркая-яркая яснасць,
135. ці ад палкога агню, ці як быццам ад сонца усходу.
Гектара страх ахапіў, як убачыў: не ўстояў на месцы,
але давай уцякаць, за сабою пакінуўшы браму.
A Ахілес паляцеў уздагонку, з надзеяй на жвавыя ногі.
Там як у горах сакол, найшпарчэйшая з пёрыстых птушак,
140. лёгка і жвава пускаецца за галубком палахлівым,—
той уцякае у страсе, a гэты ўжо блізка над ім налятае,
з крыкам прарэзлівым часта кідаецца, хоча забіці,—
так і Ахіл уганяўся за Гектарам шпарка, a гэны
каля траянскіх муроў уцякаў з усіх ног, што меў сілы.
145. Міма таго кургана і смакоўніцы, ў ветры ьшумлівай,
воддаль усё ад муроў, па дарозе яжджонай ляцелі
аж да крыніц ды прыгожа бруістых, адкуль ручаінкі
дзве выцякаюць і йдуць у Скамандар глыбока вірысты.
Цёплай вадою бруіцца адна, і кругом безупынна
150. пара ідзе ад яе, быццам з вогнішча дым узнікае;
ну, a другая і летам студзёна, як град той зярністы,
ці усё роўна як снег, ці крысталы вады ільдзяныя.
Тамака сажалкі дзве бліз крыніцаў абедзве з камення,
дужа харошыя, хусце куды паласкаць прынасілі
155. жонкі і дочкі траянцаў, прыгожыя вельмі,—
тут паласкалі яны да вайны, да прыходу ахейцаў.
Вось жа сюдой праляцелі: адзін науцёкі, другі уздагонку.
Сільны і жвавы ўцякаў, здаганяў жа яго йшчэ сільнейшы
ды з усіх сіл. A заспорылі не за валоў на жаротву,
160. і не за скуру, звычайную плату людзям-шпаркалётам,
але ляцелі за Гектара воя душу, за любую.
Як на ігрышчах капытныя коні лятуць каля мэты
шпарка страшэнна, ляжыць бо вялікая дужа награда
дзеўчына альбо трыножнік (ігрышча ж у гонар памершым) —
165. тройчы вось так і яны абляцелі Прыямавы горад
ды з усіх сіл сваіх ног. На герояў багі ўсе глядзелі.
Бацька багоў і людзей тады першы ўзяў слова і кажа:
«Ну далібог! гэта ж бачу ўцякаючы мілага воя
каля траянскіх муроў. A шкада мне у сэрцы героя
170. Гектара, шмат бо паліў мне ён тучных быкоў і лапатак,
ці на узвышшы узгорыстай Іды ці часта таксама
ў горадзе дужа высокім. Цяпер жа Ахіл быстраногі
гоніць яго як мага каля места старога Прыяма.
Ну, памазгуйце вы добра, багі, й справядліва наважце,
ці ратаваці ад смерці нам Гектара, ці ўжо, можа,
сыну Пелея, Ахілу, пазволім уходзіць героя».
І адказала яму светлавока багіня Афіна:
«Што гэта кажаш, пяруністы бацька, Зявес Хмарагонны!
Ты чалавека смяротнага, што ўжо прысуджаны к смерці,
180. выбавіць хочаш ад смерці няшчаснай, людзям жа звычайнай?
Хочаш — рабі, але іншыя ўсе мы згадзіцца не можам!»
Ёй адказаў тады гэтак Зявес Хмарагонны:
«Ну, супакойся, дачушка мая, Трыгагенія! Ў думах
злосці не маю й хачу табе быць і ласкавым і мілым:
185. што табе розум дыктуе, рабі, калі хочаш, адразу».
Гэтак ахвоты паддаў без таго ўжо ахвотнай Афіне
й мігам яна паляцела з Алімпа высокага гораў.
Гектара ж гнаў, што мага, Ахілес быстраногі.
Як маладога аленя па горах высокіх сабака
190. гоніць, падняўшы з лагва цераз яры-яругі й даліны;
хоць і схаваецца бедны ў кустах ашалелы са страху,
чутка сабака сачыць і ляціць, аж пакуль не дагоніць,—
гэтак і Гектар схавацца не мог ад Пелеева сына.
Колькі разоў ён не пробаваў скочыць ад брамаў дарданскіх,
195. скочыць пад вежы муроў, будаваныя хораша й моцна,
пошыбам каб баранілі яго грамадзяне са сценаў,
колькі разоў Ахілес, папярэдзіўшы, зноў заварочваў
бегчы у поле, a сам безупынна трымаўся бад сценаў.
Так як у сне чалавек чалавека не можа здагнаці —
200. той надармо уцячы, a другі надагнаць налягае —
гэтак і тут: ані той не ўцячэ, ані той не дагоніць.
Ведама, Гектар ад смерці зусім уцякаці бне мог бы,
каб не памогшы, апошні ўжо раз, Апалон далястрэльны,
зблізу яму паддаваўшы і сілы і жвавасці ў ногі.
205. Боскі Ахіл да народу свайго паматаў галавою,
не дазваляючы ў Гектара горкія стрэлы пускаці:
славы каб хто не забраўшы, a ён каб другім не явіўся.
Але ў чацвёрты ўжо раз, як да гэтых крыніц прыляцелі,
бацька Зявес рыхтаваў тады, ўзяўшы, вагу залатую:
210. перш узлажыў ён два лёсы пагібельнай смертухны-керы
лёс Ахілеса-героя і Гектара, слаўнага воя,
после падняў пасярэдзіне: Гектара лёс апусціўся,
ўніз да Аіда панікнуў, тады й Апалон яго кінуў.
Да Ахілеса ж затым падышла светлавока Афіна,
215. блізенька стала й казала такія крылатыя словы:
«Ну, спадзяюся, цяперака, боскі бліскучы Ахіле,
славу вялікую мы прынясём да ахейскіх да лайбаў:
здужаем Гектара, што у бітве быў такі ненасытны.
Але цяпер не ўцячэ, пападзецца у нашыя рукі,
220. хоць найшчырэй сабе будзе прасіць Апалон далястрэльны
і расцягнуўшыся перад Зявесам эгідадзяржаўным.
Ты затрымайся, крыху адпачні, a я Гектара-воя
пераканаю тым часам, каб спробаваў біцца з табою».
Гэтак сказала; a ён яе слухаў, і радасны вельмі
225. стаў, абапёрся на ясень свой меднаканечны.
Так і пакінула і паляцела да Гектара жыва,
ў постаці й з голасам брата яго Дэіфоба;
блізенька стала дый кажа такія крылатыя словы:
«Міленькі, страшна прыстаў да цябе Ахілес быстраногі,
230. гонячы так без канца каля слаўнага места Прыяма.
Але давай атрымаем і разам яму процістанем».
Ёй адказаў тады Гектар вялізны, з хвастатым шаломам:
«Ты мне і перш, Дэіфобе, мілейшы быў шмат за ўсіх іншых
родных братоў, што радзілі наш бацька Прыям і Гекуба,
235. але цяпер яшчэ больш паважаць і любіць цябе буду,
што ты адважыўся дзеля мяне, як бяду толькі ўгледзеў,
выйсці з-за сцен ды тады, калі ўсе паспяшылі схавацца».
І адказала яму светлавока багіня Афіна:
«Міленькі, бацька старэнькі і маці шаноўная наша,
240. ногі абняўшы, прасілі застацца. Таксама й дружына
нашая ўся, бо у страсе страшэнным усе там у месце,
але я грызся у сэрцы сваім па табе немагчыма.
Ну, дык цяперака кінемся разам у бой мы, як — бура,
і шкадаваць сваіх пікаў не будзем: урэшце пабачым,
245. ці Ахілес нас заб’е, ці яго твая дужая піка».
Гэтак лісліва казала Афіна й вяла да Ахіла.
A калі блізка былі ўжо адзін да другога героі,
першы прамовіў з іх Гектар вялізны, з хвастатым шаломам:
250. «Ну, Ахілесе, ўцякаці больш ад цябе я не буду,
хоць тры разы абляцеў я наўкола Прыямава места
й процістаяць не паспеў. A цяпер наказала мне сэрца
стаць і схапіцца з табой: вазьму верх або сам ужо згіну.
Ўмовімся й возьмем багоў мы у сведкі — багі бо шчасліўцы
255. сведкі на ўсё найляпейшыя й добра прысягу пільнуюць:
цела твайго я не буду бясчэсціць, як дасць мне
Зеўс перамогу й дазволіць душу табе мілую вырваць;
толькі злуплю я з цябе, Ахілесе, харошую зброю,
труп жа ахейцам аддам; гэтаксама і ты — пакляніся!»
260. Грозна зірнуў на яго Ахілес спадылба ды і кажа:
«Не гарадзі ты мне, Гектар пракляты, аб нейкіх умовах!
Як між людзьмі і ільвамі клятвы не бывае ніколі,
220. хоць найшчырэй сабе будзе прасіць Апалон далястрэльны
і расцягнуўшыся перад Зявесам эгідадзяржаўным.
Ты затрымайся, крыху адпачні, a я Гектара-воя
пераканаю тым часам, каб спробаваў біцца з табою».
Гэтак сказала; a ён яе слухаў, і радасны вельмі
225. стаў, абапёрся на ясень свой меднаканечны.
Так і пакінула і паляцела да Гектара жыва,
ў постаці й з голасам брата яго Дэіфоба;
блізенька стала дый кажа такія крылатыя словы:
«Міленькі, страшна прыстаў да цябе Ахілес быстраногі,
230. гонячы так без канца каля слаўнага места Прыяма.
Але давай атрымаем і разам яму процістанем».
Ёй адказаў тады Гектар вялізны, з хвастатым шаломам:
«Ты мне і перш, Дэіфобе, мілейшы быў шмат за ўсіх іншых
родных братоў, што радзілі наш бацька Прыям і Гекуба,
235. але цяпер яшчэ больш паважаць і любіць цябе буду,
што ты адважыўся дзеля мяне, як бяду толькі ўгледзеў,
выйсці з-за сцен ды тады, калі ўсе паспяшылі схавацца».
І адказала яму светлавока багіня Афіна:
«Міленькі, бацька старэнькі і маці шаноўная наша,
240. ногі абняўшы, прасілі застацца. Таксама й дружына
нашая ўся, бо у страсе страшэнным усе там у месце,
але я грызся у сэрцы сваім па табе немагчыма.
Ну, дык цяперака кінемся разам у бой мы, як — бура,
і шкадаваць сваіх пікаў не будзем: урэшце пабачым,
245. ці Ахілес нас заб’е, ці яго твая дужая піка».
Гэтак лісліва казала Афіна й вяла да Ахіла.
A калі блізка былі ўжо адзін да другога героі,
першы прамовіў з іх Гектар вялізны, з хвастатым шаломам:
250. «Ну, Ахілесе, ўцякаці больш ад цябе я не буду,
хоць тры разы абляцеў я наўкола Прыямава места
й процістаяць не паспеў. A цяпер наказала мне сэрца
стаць і схапіцца з табой: вазьму верх або сам ужо згіну.
Ўмовімся й возьмем багоў мы у сведкі — багі бо шчасліўцы
255. сведкі на ўсё найляпейшыя й добра прысягу пільнуюць:
цела твайго я не буду бясчэсціць, як дасць мне
Зеўс перамогу й дазволіць душу табе мілую вырваць;
толькі злуплю я з цябе, Ахілесе, харошую зброю,
труп жа ахейцам аддам; гэтаксама і ты — пакляніся!»
260. Грозна зірнуў на яго Ахілес спадылба ды і кажа:
«Не гарадзі ты мне, Гектар пракляты, аб нейкіх умовах!
Як між людзьмі і ільвамі клятвы не бывае ніколі,
як між ваўкамі й ягнятамі згоды ніколі не будзе,
бо заўсягды яны ліха жадаюць адзін для другога,
305. a дакажу я такое, што помніці будуць патомкі».
Гэтак гаворачы, выхапіў меч развастрэнны свой медны,
з левага боку вісеўшы, страшэнна вялізны, магутны,
і з усіх сіл ірвануўся, казаў бы арол паднябесны,
што цераз цёмныя хмары спадае у дол на раўніны,
310. каб ці слабое ягнё, ці пужлівага зайца задзерці,—
гэтак во рынуўся й Гектар, махаючы вострым булатам.
Кінуўся і Ахілес, і напоўніўся дух яго гневам, гневам
дзікім, засланіў свае грудзі шчытом размайстроўным,
дужа харошым, шалом жа чатыраграбенны ківаўся
315. на галаве і блішчэў, развяваліся з золата грывы,
што насадзіў іх Гефест пры чубе і прыгожа і густа;
вось, як вячэрняя зорка, што ярыцца й свеціць у змроку
найхарашэй, найярчэй за ўсе іншыя зорачкі ў небе,
гэтак блішчала і гэная вострая піка, якою
320. ў правай руцэ патрасаў Ахілес, замышляючы блага
Гектару й меціўся трапіць у самае кволае месца.
Цела героева ўсё закрывала харошая зброя,—
зброя, якую злупіў ён, забіўшы у поле Патрокла,—
тамака толькі, дзе шыю ключыцы з плячмі спалучаюць,
325. горла відаць было, там — для душы найхутчэйшая гібель.
Тутака пікай і трапіў якраз Ахілес наляцеўшы,
й проста скрозь белую шыю прайшло смерцяноснае жала.
A гарляка гастрыё тое меднае йшчэ не прабіла,
каб паміраючы мог бы сказаць колькі словаў апошніх.
330. Грымнуўся вобзем герой, і усклікнуў Ахіл быстраногі:
«Як жа ты, Гектар, забіўшы Патрокла, йшчэ мог спадзявацца
цэлым застацца й мяне не баяўся, хоць быў я далёка?
Эх ты, дурны! A вось я за цябе куды лепшы, імсціцель
друга свайго, заставаўся і доўга пры лайбах глыбокіх,
335. a падкасіў табе ногі. Цяпер груганы і сабакі
будуць цябе валачы, a яго ушануюць ахейцы».
Гектар жа ледзь толькі дыхаў і так адказаў Ахілесу:
«Ах, на душу і бацькоў такіх родных цябе заклінаю,
не аддавай ты сабакам мяне пры ахейскіх, пры лайбах!
340. Медзі і шчырага золата трэбуй, ну — колькі захочаш,
бацька і мілая маці дароў нададуць незлічоных,
толькі аддай маё цела назад, каб траянцы й траянкі
чэсць аддалі мне апошнюю і на агонь узлажылі».
Грозна Ахіл узглянуў на яго спадылба ды і кажа:
345. «Не абымай маіх ног ты, сабака, й не клянчы бацькамі!
Каб не было мне праціўна, то сам я, цябе парубаўшы,
еў бы жыўцом тваё мяса, за тое, што мне натварыў ты!
Абараніці тваю галаву ад сабак не удасца,
Не — анікому! Няхай сабе хто хоць і дзесяць і дваццаць
350. раз мне дароў прынясе, няхай столькі яшчэ абяцае,
золата хоць бы даваў мне Прыям, колькі сам ты заважыш,
то і тады не згаджуся. І так твая родная маці
плакаць не будзе па сыне на марах хаўтурных ляжачым,
параздзіраюць цябе без астатка сабакі і птушкі!»
355. І адказаў паміраючы Гектар з хвастатым шаломам:
«Знаючы добра цябе, то не трэба было і прасіцца,
бо у грудзях сваіх маеш жалезнае сэрца, Ахіле.
Але глядзі, каб табе я не стаўся прычынаю гнева
бога якога, як прыдзе той дзень, калі Феб Апалон і з Парысам,
360. хоць ты і дужы, загубіць цябе каля скайскае брамы».
Так гаварыўшага Гектара смерць абымала.
Хутка пакінула цела душа і зышла да Аіда,
свой праклінаючы лёс, пакідала бо сілу й юнацтва.
A да яго паміраўшага так Ахілес прамаўляе:
365. «Сам ты здыхай! A мяне то тады толькі смерць напаткае,
як зажадае Зявес і ўсе іншы багі неўмірушчы».
Кажучы гэтак, рвануў сваю медную піку ён з цела
й кінуў далёка, a з плеч акрываўлену зброю
хутка сцягнуў. Падляцелі іншыя воі-ахейцы
370. і дзіваваліся, гледзячы на хараство і на веліч
Гектара. І не пакінулі цэлага месца на целе,
пераглядаліся паміж сабою і так гаварылі:
«Ну вось цяпер, як пашчупаеш Гектара, шмат ён мякчэйшы
чым быў тады, як агнём пазапаліваў нашыя лайбы».
375. Так прамаўляючы, ранілі пікамі Гектара цела.
A калі зброю сцягнуў з яго боскі Ахіл быстраногі,
стаў між ахейцамі й кажа такія крылатыя словы:
«Мілыя другі, аргейскія ратнікі і ваяводы!
Што ж, як багі нам далі супакоіці воя такога,
380. зла прычыніўшага больш, як усе астальныя,
то ці не спробаваць збройна пайсці нам цяпер во на горад,
каб такім чынам спазнаць, адгадаці траянскія планы:
ці пасля Гектара смерці ўжо замак высокі пакінуць,
ці і без Гектара думаюць там удзяржацца і біцца.
385. Але на што мне падобныя думкі падказвае сэрца:
непахаваны ж ляжыць, неаплаканы прад караблямі
мілы Патрокл, a яго ж не пакіну ніколі, пакуль я
паміж жывымі хаджу, аж пакуль мяне носяць калені.
Хоць аб памершых не помняць, зышоўшы ў бяздонне Аіда,
390. я буду помніць і там наймілейшага друга.
Песню цяпер перамогі спявайце, ахейскія хлопцы!
Пойдзем да лайбаў глыбокіх, яго ж за сабою пацягнем.
Славу вялізную маем мы, боскага Гектара ўбіўшы,
воя, каторым траянцы хваліліся, проста як богам».
395. Кажучы гэтак, на Гектара выдумаў справу благую:
жылы узяў пракалоў на абедзвюх нагах яго стылу
з пят аж да костачкі, і рамяні пранізаўшы бычыны,
цела к вазу прывязаў, галаву ж валачыся пакінуў.
На калясніцу ўскочыў і, слаўную зброю падняўшы,
400. коней бічом сцебануў, a яны паляцелі ахвотна.
Хмараю пыл падымаўся над цягнутым целам.
І галава, так прыгожая перш, цяпер білася ў пыле,
чорнымі кудрамі след замятаючы, бацька Зявес бо
ворагам выдаў яе на наругу у роднай зямельцы.
405. Так галава зневажалася ў пыле. Пабачыла маці,
дай сабе рваць валасы і, багатую кінуўшы хустку
проч ад сябе, галасіла і плакала страшна па сыне.
Загаласіў мілы бацька Прыям, галасіла й дружына,
плакалі і галасілі у горадзе ўсе грамадзяне.
410. І выдавалася, быццам ахоплены ўсенькі пажарам
быў Іліён і агонь зністажаў весь узгорысты горад.
Сілай трымаць прыхадзілася з гора шалеўшага бацьку:
так вырываўся ён з гораду выйсці ў дарданскую браму.
Ў пыле б’ючыся, стары упрашаў злітавацца
415. й гэтак казаў, называючы іменем кожнага мужа:
«Хоць і шкадуеце, другі, мяне, ды ўсё ж роўна пусціце
з горада выйсці, пайсці аднаму да ахейскіх, да лайбаў.
Гэнага жорсткага волата буду прасіць-умаляці:
можа, гады ён мае ушануе і жаль яму будзе
420. бацькі старога; бо то ж і яго чалавек спарадзіўшы,
бацька Пелей, што яго ўзгадаваў на пагібель для Троі
ўсёй,— але мне прычыніў Ахілес найвялікшае гора:
столькі цвітучых сыноў бо маіх ён забіў, абязвечыў.
A не грызуся я столькі за ўсіх, што за гэтага сына
425. за аднаго: перажыць не змагу я так горкага гора,
гора па Гектары. Хоць на маіх ён руках паміраў бы!
Мы хоць паплакалі б, пагаласілі б над сынам:
маці бяздольна радзіўшая й сам я таксама няшчасны».
Гэтак гаворачы, плакаў, за ім жа усе грамадзяне.
430. A між траянак мацней за усіх галасіла Гекуба:
«Мілы сыночку! На што ж мне і жыці на горкае гора
после цябе! Усе дні і ўсе ночы ты быў пастаянна
славай у горадзе мне і надзеяй вялікаю Троі,
ўсіх — і траян і траянак, якія цябе, так, як бога,
435. ўсе сустрачалі, бо ты пакрываў іх вялізнаю славай,
будучы жыў, a цяпер са смяротнаю доляй сустрэўся».
Так галасіла, a жонка яшчэ аб няшчасці не чула,
верны вястун бо яшчэ не прыбыў расказаці ёй праўду,
што за варотамі муж яе ў полі забіты застаўся.
440. Хустку у цераме самым далёкім тады яна ткала:
хустка двайная чырвоная, ўся у пярэстыя кветкі.
Йшчэ загадала прыгожавалосым прыслужкам у доме,
каб пад трыножнік вялізны агонь падлажылі б, каб Гектар
ванну гарачую меў бы, вярнуўшыся з бою-змагання.
445. Бедная, так і не ведала, як жа далёка ад ванны
мужа змагла сінявока Афіна рукамі Ахіла.
Але пачула во крык, галашэнне і лямант на вежы.
Аж здрыганулася ўся, і чаўнок на зямлю пакаціўся.
Ўскочыла й кажа адразу да служак прыгожавалосых:
450. «Зараз абедзве за мною! Пабачым, там сталася нешта.
Крык паважанай свякрові чуваць, a ў грудзях маіх сэрца
б’ецца, казаў бы, што вырвецца вон; пада мною каленкі
як бы падбітыя. Блізкае гора ад дому Прыяма!
Каб мае вушы не чулі лепш гэтакай весткі! Баюся,
455. страшна, каб боскі Ахіл ды бясстрашнага Гектара-воя
ад гарадскіх не адрэзаў муроў, аднаго не пагнаў бы
ў поле і не загубіў бы ягонай няўстрымнай адвагі.
Гектар ніколі бо не застаецца ў натоўпе ваякаў,
першы наперад ідзе і ў геройстве не ўступіць нікому».
460. Кажучы так, як шалёная, з біўшымся сэрцам з трывогі
скочыла з цераму; разам за ёй жа ляцелі і служкі.
A як на вежу ўзышла й праляцела праз гушчу народа,
стала, кругом па мурох азірнулася й мужа пазнала,
як валаклі яго быстрыя коні бязлітасна ў полі
465. проч ад траянскіх муроў да глыбокіх, да лайбаў ахейскіх.
Ўгледзела — й цёмнаю ночкай закрыліся ясныя вочы,
ўпала яна дагары і адразу самлела.
Пала далёка з яе галавы і бліскучая повязь,
паў і вянок, і харошая сетка, сплятаныя стужкі,
470. й хутка цудоўная, дар залатой Афрадыты-багіні,
дар дараваны ў той дзень, калі браў яе Гектар-ваяка
з дому Гетыона, даўшы за жонку нязлічаны выкуп.
Каля яе, абступіўшы, стаялі залвіцы й нявесткі
і між сабою трымалі прыбітую жудасным горам.
475. A як прышла да сябе, й скалыхнуліся грудзі дыханнем,
так галасіла і плакала паміж траян Андрамаха:
«Горкае гора мне, Гектар! Для долі няшчаснай абое
мы нарадзіліся: ты у Прыямавым доме у Троі,
я ж там у Фівах пад Плакам, лілістай гарою
480. ў доме Гетыона, што гадаваў мяне бедную змалку,
сам ён смяротны, бяздольную. Лепей было б не радзіцца!
Ты ўжо адходзіш цяпер ад мяне у бяздонне к Аіду
і пакідаеш мяне у страшэнным у жалі, у горы
тут удавою ў пакоях. Яшчэ і сынок наш маленькі,
485. мы і яго нарадзілі на гора. Ні ты абаронай
сыну не будзеш, забіты, ні ён жа тваёю надзеяй.
Каб і застаўся жывы ад вайны многаслёзнай, ахейскай,
то заўсягды яго гора, і праца, і клопат чакаюць.
Межы суседзі яму зааруць, яго нівы захопяць.
490. Ў дзень бо сіроцтва свайго і прыяцеляў траціць сірота.
Ходзіць з апушчанай ён галавой, абціраючы слёзы.
A як падойдзе ў патрэбе к якому з дружыннікаў бацькі
і дакранецца плашча або нечыяй тунікі з просьбай,
сжаліцца іншы і крышачку чару прыхіліць малому,
495. так што ён губы памочыць, a смагі зусім не прагоніць;
іншы багаты, шчаслівы яго ад бяседы й прагоніць,
ўдарыць рукою ды йшчэ наругаціся словамі будзе:
«Вон убірайся! Не твой гэта бацька бяседуе з намі!»
Плачучы пойдзе да маці няшчаснай гаротны хлапчына.
500. Астыанакс, што калісь на каленях у мілага бацькі
еў толькі шпік і салодкае тучнае мяса авечак;
a калі спаць захацеў, замарыўшыся ў гульнях дзіцячых,
то засынаў у абдымках карміцелькі мілай салодка
ў мяккай пасцельцы, a сэрцам шчаслівы, цвітучы, як кветка.
505. Ну, a цяпер жа нацерпіцца гора, не маючы бацькі,
Астыанакс — Градаброн: так хлапца празывалі траянцы,
бо ты адзін бараніў у іх горад, муры і вароты.
Бедны! Цяпер ад радзімых далёка пры лайбах варожых
сточаць цябе чарвякі, як сабакі насыцяцца целам;
510. голага сточаць, калі у пакоях ляжыць ды не мала
тонкай харошай адзежы, рукамі жанчын панатканай.
Але ж цяпер загадаю я кінуць то ўсё ў вагонь у гаручы,
бо не патрэбна табе і ляжаці у ёй ты не будзеш,
хай жа згарыць тут на славу тваю між траян і траянак!»
515. Кажучы так, галасіла, a з ёй галасілі жанчыны.
Пераклаў з грэцкае мовы Браніслаў Тарашкевіч