Ізноў пытанні… З глуму…
Перайсці да навігацыі
Перайсці да пошуку
Ізноў пытанні… З глуму… Верш Аўтар: Уладзімір Жылка |
Крыніца: http://old.knihi.com/bk/zylka/zylka1.html |
* * *
Ізноў пытанні… З глуму,
З бяды ўстаюць ў кляцьбе.
І не магу не думаць,
Край родны, аб Табе.
Дазнаў кахання й мушу
Дзяліці лёс благі,
І знак кладуць на душу
Твае мне ланцугі.
Я звону іх цяжкому
Склаў песню не адну —
І не аддам нікому
За ўсякую цану.
Выходжу з хаты рана,
Каб стаць за азярод
І першаму з туману
Пабачыць сонца ўсход.
Каб на ўзрунелых рытвах
Усцешыцца цяплу
І раннія малітвы
Паслаць яму — Святлу:
«Спалі, калі так трэба,
І пожні, і пале,
Пашлі грымоты з неба,
Віхор пашлі, але
Хай пройдзем праз напасці,
І дачакаю хай —
Убачыць ў новым шчасці
Мужычы Край».
(1922)