Іванку

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Іванку
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/71913


Слухай, Іване, паночку,
Кепска ты робіш, браточку:
Хіба ж ня сорам так жыць,
Гэткім нядбайлівым быць?
         Ўзглянь навакол на суседаў,
         Некалі добра іх ведаў –
         Хто зь іх спусьціўся, як ты,
         Мае з твае беднаты?
Хіба ж яны галадуюць,
Хіба ж па-твойму бядуюць?
Ў іх і апратачка ёсьць,
I часам пакорміцца госьць.
         Гэта ж дзе людзі зьбяруцца,
         Зараз зь цябе пасьмяюцца,
         Кажуць: «гультай, абібок».
         Так яно, мой галубок!
«Бацька яго ў гаспадарстве
Быў, як бы цар ў сваім царсьцьве:
Быў ў гаспадарачцы лад,
Мелася вока, дагляд...
         Быў чалавек яго татка!
         Ён жа: дзівіся, апратка
         Ў дзюрках, у гнідзе, сьцьвіла,
         Ў хаце – трава абышла.
Нейкае дзіва, дый годзе!»
Часам жартуюць ў народзе:
«Моцны гультай, моў-ся вол,
К працы ж пагнаць – трэба кол».
         Чуеш ты, чуеш, Іванка,
         Што у людцоў за гуканка?
         Слухай, над кім гэты сьмех?
         Грэх табе, братачка, грэх!..