«Учора» і «сяньня» (Грынкевіч)
„Учора” і „сяньня” Публіцыстыка Аўтар: Станіслаў Грынкевіч 1938 год Крыніца: Калосьсе. — 1938. — Кніжка 4 (17). — С. 212—217 |
„Учора” і „сяньня”
Спрэчкі філёзофаў і лёгікаў, ці ёсьць абсалютная праўда (ня толькі ў плошчы рэлігійнае праблемы) былі і будуць заўсёды жывымі. Ці пагодзяцца рэлятывістыя з прыхільнікамі пагляду, што ўчарашняя праўда на заўсёды астанецца праўдаю такою самаю для ўсіх, якою была ўчора, — няма ведама.
Калі-б праўда існавала, пасколькі яе ўяўляла-б адзінка, дык была-б яна надта хісткаю. Адзінкаю ўладаюць сэнтымэнты розныя, настроі. Ад настрояў і сэнтымэнтаў ды ад рознаякіх практычных мяркаваньняў залежала-б тады і праўда!…
Даволі красамоўна бачым адлюстраваньне рэлятывізму праўды ў адной з апошніх кніжак ведамае польскае пісьменьніцы Налкоўскае. Назоў кніжкі „Благая любоў“[1]. Чаму гутарка аб гэнай кніжцы якга на бачынах беларускага часапісу? Дзеля таго — ў першую чаргу, — што пісьменьніца некалькі разоў закранае беларушчыну, беларускага мужыка. Не разглядае плянова нічога асобна беларускага, а спыняецца над гэным пытаньнем пастолькі, паколькі ёй трэба паказаць на перамены ў польскім грамадзянстве даваенным і сучасным. Беларушчына выступае, як асноведзь, на якой лягчэй, больш пуката можна пабачыць гэныя перамены.
Зьмест „Благое любові“ ня важны дзеля нас. У аповесьці ёсьць некалькі аснаўных ніцяў раману, ніцяў мясцамі вельмі заблытаных, паміж тымі самымі і рознымі людзьмі. Акцыя праводзіцца ў адным з „крэсавых“ мястэчак, якое пасьля вайны вырасла на сталіцу ваяводзтва. На арэне выступаюць урадоўцы (як прыватныя адзінкі), абшарнікі, грамадзкія дзеячы, даволі вялікі сьцяг дамаў і панячак, найчасьцей прадстаўнічак пасьляваеннага ўжо пакаленьня. Гэная рыса — проблематыка душы жанчын, аналіза нутранога іхняга жыцьця — вельмі характэрная дзеля творства Налкоўскае агулам.
Бацька аднае з дамаў, доля загнала якую ў ролі жонкі ўрадоўца ў гэнае глухое мястэчка, чалавек з вялікага сьвету. Гэта адзін з дзеячоў перадваенных, чалавек блізкі да тых, што давялі да незалежнасьці Польскае дзяржавы. Гэны Валевіч глядзіць быццам об‘ектыўна на тое, што робіцца ў канкрэтных умовах жыцьцёвых, і насколькі можа падсумоўвае перамену ад учора да сяньня нікаторых лёзунгаў і сам дзівіцца, што сапраўды робіцца з людзьмі і ідэямі. Ці людзі мяняюцца, ці ідэі — гэта пусты толькі гук, ці мо‘ толькі ўчарашняя праўда ў сяньняшнім аспэкце мае іншы воблік?….,
Глядзіць ён на людзей кіруючых гэным куском зямлі і рознаякія рэфлексыі лезуць плоймамі яму ў галаву. — „Вось прыкладам Валевіч думаў калісь, як аб нечым надта простым і бязсумліўным, што кожны народ павінен мець сваю зямлю і свае граніцы, хаця-б народ быў найменшым. У сапраўднасьці гэта ня было ані простае ані бязсумліўнае. Вось сьвет здрыгануўся, задрыжаў на сваіх фундамэнтах і гэныя словы, гэная простая праўда азначала ўжо цяпер зусім нешта іншае.
Калісь гэныя словы — свая зямля і свае граніцы — гэта была Польшча, гэта была ейная незалежнасьць і магутнасьць. Сяньня гэта азначала-б абнядужаньне Польшчы і меншыя ейныя граніцы“.
Як працяг гэных думак, бачым сказы такія:… „калісь, у тыя часы, Валевіч глыбака браў да сэрца лёс людзей, якія за сваю дзейнасьць ідэйную лучалі ў вязьніцы… Ён быў з тых, якія цьвёрда дзяржалісь пагляду, што ніхто ня можа адбіраць свабоды за пагляды і за гэныя пагляды вешаць на шыбеніцах. Думаў ён, што сапраўды на душы ляжала яму думка аб агідзе ламаньня духа чалавечага ў ягоных шляхотных імкненьнях. Думаў, што сапраўды рупіўся ён заўсёды да супроцьстаўленьня сабе ідэі і гвалту. А вось вышла цяпер пры новай коньюнктуры, пасьля вялікага зруху ў фактах рэчаіснасьці, што гэныя словы, гэныя собскія, дарагія лёзунгі, яму прыдаюцца цяпер бяз сэнсу ды проста агідлівымі“.
„Былі яны сапраўды дэмагогічным сказам, як казалі калісь ягоныя праціўнікі, адкуль пачалі ўцелаішчаць нешта іншае, адкуль пачалі яны прадстаўляць нешта варожае і небясьпечнае.
Каб усё гэта ўявіць, трэба было перажыць перамогу свае ідэі“.
Быццам перадумаўшы ўсё гэта, Валевіч цераз аўтарку снуе гэткія думкі: „зьдзейсьненьне кажнае гістарычнае ідэі азначае такія ейныя суадносіны з сапраўднасьцю, каб новая ідэя была найбольш сходная з тым, на месца чаго яна прышла. І толькі тады яна можа валадаць і трываць, калі закараніцца ў тых самых мясцох зямлі, з каторых вырвала яна ранейшыя, калі ўвальлецца ў выемкі колішняга жыцьця і да гэных выемак датарнуецца найстульней.
Дык вось цяпер іншыя, новыя людзі сядзелі ў вязьніцах, бо вязьніцы……. ня могуць быць парожнімі. І яны, гэныя ўжо людзі, казалі, што нельга зачыняць людзей за ідэі. І зноў пасуседзку зусім, за межамі краіны, дзе іх крыўдзілі, у рэвалюцыйных вязьніцах былі зачынены тыя, каторыя маглі па гэтай старане граніцы зачыняць у вязьніцах.
Ня толькі словы, ня толькі ідэя і лятуценьне ў вечнай абнове сьвета было нечым іншым. Нечым іншым робіцца і самое зьдзейсьненьне. Ды нат‘ зямля і граніцы кажны раз азначалі нешта іншае“.
І трудна сказаць, з сумам ці з іроніяю пісьменьніца пытаецца: „Мо‘ Малевіч зусім не перамяніўся, мо‘ ня трэ‘ сароміцца яму за сваю маладосьць. Мо‘ гэта толькі бязупынна мяняўся 113 сьвет, і дзеля гэтага ягонае месца за кажным разам было іншае“ (бач. 69—71).
Аўтарка вельмі крытычна і востра судзіць і ацэнівае шмат якіх пасьляваенных прадстаўнікоў „крэсовага грамадзянства“. „Учарашняе“ гэных людзей не дае часта, на пагляд аўтаркі, ім дазволу глуміць людзей і думкі і пагляды. Паказывае яна тыпы і вайсковых і дзеячоў самаўрадавых і ўрадоўцаў. Сымпатыя ейная па старане дэмакратыі. Усякім адхілам ад дэмакратыі, ад справядлівасьці не шкадуе яна вострае сатыры. Не шкадуе яна вострых слоў для прадстаўнікоў учарашняга дня, якія ня імкнуліся да зьдзейсьненьня сяньняшняга дня, якім учора надта любае. Да такіх вось тыпаў належыць старая графіня Осенецкая.
Гэтая асоба намагаецца, датарнаваўшысь па меры магчымасьці да сучаснасьці, вярнуцца да мінуўшых дзён. „Пані Осенецкая добра ўпраўляла сваімі маёнткамі. У ейных маленькіх ручках людзі ўвіхалісь з натугаю і сьпехам, працавалі да сёмага поту. Тое самае было і з жывёлаю, ды нат‘ плугі, машыны, трактары і тыя працавалі быццам да апошніх мераў магчымасьці.
Дзерла яна з зямлі не для сябе праўда. Ды за тое і не для сваіх людзей. Стогнучая служба ледзь-ледзь магла дастаць належныя ёй ардынарыі. Служба наракала на немагчымае памешканьне, гэная служба прымушана была таргавацца за грошы, якія зарабіла“.
Гэная п. Осенецкая ведала аб парадках у сваіх маёнтках. Уважала, што йнакш ня трэба, ці мо‘ інакш нат‘ і немагчыма. Сама калісь расказывала: „Я ніколі не хаджу да іхніх (службы) хатаў. Ведаю, што ў іх жудасна, я абсалютна не магу на гэта глядзець. Дзеці там сядзяць у холадзе і макраце, сьцены там дзіравыя, цераз стрэхі цячэ“…
Пані Осенецкая бачыць, што мужыкі маюць вочы, што яны ўмеюць ацаніць належныя да іх адносіны. Аўтарка гаворыць: „усе найміты неахвотна хадзілі на панскае поле. Ведалі, што чалавечыя сілы будуць там выкарыстаны да апошняга, да таго-ж гэныя людзі думалі аб землях, якія абраблялі, як аб нечым, што належаціме да іх (бач. 87)“.
Пані Осенецкая быццам мела калісь іншыя пагляды на гэных мужыкоў-„хамаў“. Быццам яна ўмела хадзіць да іхніх цёмных сьцюдзёных хатаў, насіла ім лекі, памагала ўсяляк. Сяньня яна ведае, што гэта злосныя, дурныя барбары, гэта тая маса, з каторае вышаў забойца ейнага малодшага сына“.
Осенецкія ніяк не маглі пасьпець за пераменаю ў парадку і ладзе пасьляваенным, не дапускалі думкі, што „урад, сам урад адчыняе мужыкам школы ў роднай мове, што гэны ўрад з публічных грошаў, народных грошаў утрымлівае настаўнікаў у гэных школах, настаўнікаў тутэйшых, аўтохтонаў“… (бач. 88). І ў сапраўднай роспачы і аканчальным зьнявераньні пытаецца Осенецкая: „ці можна ўявіць, ці можна падумаць, каб нешта такое рабіла Англія… У нас не разумеюць, што толькі моцная рука, толькі вострая ўлада можа ўсё гэта неяк трымаць у парадку“.
На пагляд п. Осенецкае, добры пан не карыстаецца ніякім аўторытэтам. Калі, скажам, такі пан пазычае сялянам прылады гаспадарчыя, калі дае ім лепшае зярно, калі не бярэ грошаў за занятую жывёлу, дык мужыкі тады думаюць, што гэткі пан баіцца іх, што ён быццам сядзіць не на сваём, „а мужыка трэба біць, застаўшы яго ў шкодзе, трэба трымаць пагрозамі, тады толькі ён будзе паслухмяны і пакорны, тады ня вырасьце з яго разбойнік“.
Уся натуга графіні ідзе на тое, каб найбольш высмактаць з зямлі. На сапраўдны зьдзек выглядае, што ўсе тыя прадукты, якія мужыкі цяжкаю працаю выпрадукавалі з зямлі, ішлі на стол жыдоўскіх кансумэнтаў, якія адны толькі маглі купляць розныя ласушкі. А грошы ішлі заграніцу да сына, які меў падтрымаць высокія амбіцыі панскага роду.
Ня ўсе людзі са сфэры бліскае да графіні думаюць аднолькавымі з ею катэгорыямі. Прыкладам, іншым чалавекам будзе жонка ваяводы. Ваяводзіха заглядаецца на сытуацыю графіні, што тая магла-б інакш жыць. Паводле ваяводзіхі можна на вёсцы знайсьці падыход да сялян, можна паказаць народу добрае сэрца і цераз гэнае сэрца выклікаць давер…
Такіх людзей новых, як ваяводзіха, яшчэ вельмі мала. Земляўласьнікі сабраўшыся ў графіні ўмеюць толькі наракаць на ўрад, на малую апеку над імі, на пагражаючую ім парцэляцыю, на мужыкоў, радыкальна настроеных. Наракаюць, што настроі сялянства ня сустракаюць больш рашучага адпору са стараны ўладаў.
Усё гэта высказывалі ў такі спосаб, быццам гэта былі праблемы агульныя, грамадзкія, у якіх усе зацікаўленыя. Сапраўды аднак выходзіла на тое, што наракалі яны на свае клопаты, што хацелі выкарыстаць сытуацыю, каб абгаварыць іх у прыватным памешканьні з урадавымі дзейнікамі замест зьвяртацца да апошніх да афіцыяльнага бюро.
Гэныя людзі ня ўмелі датарнавацца да новых умоваў жыцьцёвых, баранілі сваіх колішніх прывілеяў і ў змаганьні за штодзенныя дробязі гублялі свой аснаўны тып, мянялі свой характар (101).
Жыцьцё штораз больш крутое сьціскала іх быццам абцугамі. Культура іхняя, традыцыі, мінуўшчына на сяньня ня былі здавальняючым аргумэнтам. Былі яны яшчэ арыстократыяю. Косьці іхнія былі крыху танчэйшыя, апранывалісь яны часта лепш. За тое мянялась тое, што было найбольш сутным, іншая была ў іх ужо мэнтальнасьць, структура псыхічная. Клопаты, дробныя раструскі, неабходнасьць змаганьня за кусок хлеба — ўсё гэта было або нечым, да чаго яны ня прывыклі, або ад чаго адвыклі ў цэлым сьцягу пакаленьняў. Новы лад выклікаў у іх новы сьветапагляд, мяняў адносіны да жыцьця. Згубілі яны панскую пэўнасьць і адначасна тую нейкую бязінтэрэсоўнасьць, якую можна наглядаць і ў сытага сабакі ў адносінах да галоднага цюцькі-бадзякі.
Сяньня ў іншых сфэрах вялісь гутаркі аб каханьні, аб мастацтве, аб прыгожых жанчынах, кніжках і падарожах, аб усіх прадметах, мо‘ і зусім непатрэбных, якія зьяўляюцца крыніцаю псыхічнае роскашы.
Вывад і аканчальны прысуд аўтаркі, — што ў сфэры „крэсавых“ земляўласьнікаў спробы эканамічных клопатаў ня выдзержала культура інтэлектуальная.
Іншы тып паказаны аўтаркаю — сыновая Осенецкае, амэрыканка з паходжаньня. Лучыла „да нас“ з таго асяродзішча, дзе ў пасьляваенную пару „былі модныя гуманітарныя адносіны да права кажнага народу, да собскага жыцьця паводле нерэальнае ідэолёгіі Вільсона“. Блізка да сэрца Флёр „чужыя меншасьці нацыянальныя, прыгнечаныя ў чужых дзяржавах“… Гэная чужаземка выказывала свае пагляды шчыра, ня гледзячы, ці каму мо‘ гэта зусім не ўспадобу. Цікавілась усім, езьдзіла з мужам па маёнтках і ваколіцах. Езьдзіла ня дзеля спорту, a каб усё паглядзець. Навучылась хутка пазнаваць селяніна беларуса ад паляка. Шмат чаго ёй не падабалась у краёвай рэчаістасьці.
Флёр са сваім цьвёрдым падыходам да жыцьця не магла зразумець шмат якіх зьявішчаў, якія наглядала. У адной з гутарак са старою Осенецкаю апошняя казала ёй аб знатнасьці роду, аб вялікіх ягоных заслугах у мінуўшчыне, ужо хаця-б дзеля таго толькі, што „пільнаваў“ свайго гнязда.
Пытаецца Флёр: „а што гэта такое „датрываць на становішчы?“ Ці гэта азначае, што яны радзілісь і паміралі на гэным месцы па тое, каб якга „датрываць“? I адказвае, што аканчальна найлягчэй, калі чалавек якга жыве і працуе там, дзе радзіўся. Гэта і робіць кажны тутэйшы селянін і ніхто не захопліваецца тым, што селянін „датрываў“, што не пакінуў свае мовы беларускае“.
Старая графіня паклікаецца тады на пралітую кроў продкаў, на заслугі іхнія і змаганьні ў паўстаньнях. Гэта мала зразумела паамэрыканску ўзгадаванай маладой графіні. На ейны пагляд зусім ня трэба выступаць проці свае ўлады. „Аб тым (паўстаньні) гаворыцца тутака — геройства. Тыя ж сяляне, што забілі Валерага (другі сын Осенецкае) так сама імкнулісь да нейкае незалежнасьці і яны змагались за зямлю. Толькі што ў іх гэта называецца азьвярэласьць. Ці-ж вы ўсётакі ня бачыце, што гэныя зьявішчы сходныя з сабою?“
Ці аўтарка добра ведае ўмовы і лад сялянскага жыцьця тых ваколіцаў, якія выводзіць у сваёй повесьці, сказаць трудна. Хутчэй аднак што не, ня ведае. Калі ведае, дык з птушынага лёту. Яна хоча быць аднолькава об‘ектыўнаю і да маладое і да старое Осенецкае і да Валевіча і да ўсіх іншых тыпаў. Об‘ектыўная яна між іншым і да праблемы беларускае. Яна стаіць за аснаўныя правы да жыцьця кажнае адзінкі, кажнага народу, яна за права кажнага станавіць самому аб сваім лёсе.
І мо‘ дзякуючы таму, што ня ведае яна тутэйшага жыцьця ў дэталях, дзякуючы таму, што яна далёкая, ня тутэйшая, пачуцьцёва не зацікаўлена, дзякуючы гэтаму змагла прадставіць бяз большых пахібаў адну са старон краёвага жыцьця. Яна ня злоўжывае інтэлекту. Аб гэным злоўжываньні гаворыць яна вельмі красамоўна. „Калі падумаць над дзейнасьцю інтэлекту, дык гэта ён паясьняе, апраўдывае тое, што зьдзейсьніла даўно пачуцьцё. Інтэлект па тое, каб абаснаваў нашае дзеяньне, каб успакоіў нашыя сумлівы. Дзеля матывіроўкі, можна казаць, служаць усякія лёзунгі“ (бач. 208).
Сьведамасьць аб ролі інтэлекту высказаная ў форме даволі рызыкоўнай, амаль што не парадоксальнай, хай нам паможа знайсьці адказ на сумлівы, як паясьніць такія вялікія разыходжаньні паміж людзьмі ды лёзунгамі дзён „учарашніх“ і „сяньняшніх“.
- ↑ „Niedobra Miłość“. Nałkowska. — Romans prowincjonalny.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.