Перайсці да зместу

«Рунь» (Ластоўскі)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
(Пасля перасылкі з «Рунь» (рэцэнзія))
«Рунь»
Рэцэнзія
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1914
Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 39, 2 кастрычніка 1914 г., б. 3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„Рунь“.

М. Горэцкі, Вільня 1914 г., выданьне «Беларускаго Выдавецкаго Таварыства у Вільні».

«Рунь»—гэта ня зборнік апаведаньнёў мляўка-стагнальных і не скалазубства з вяскоўца, з яго мазалёў і цемнаты, гэта першы ў нашай літэратуры паэмат-трагедзія Маладой Беларусі. Першы голас беларускай, маладой, набалеўшай душы «на ўвесь сьвет, на Белу Русь».

«Не паўседнеўнае айканьне і не садодзенька-кіслае стагнаньне нешчырых людзей…»

Не. Горэцкі прамаўляе «як маючый сілу». Як сын народу…

Ён малюе трагедзію і боль душы Маладой Беларусі не паверхнасна, а заглядае у глыб, пад карэньня.

Ці то у апаведаньні «У лазьні» малюючы Кліма Шамоўскаго, каторы з «Геодэзіей» Біка і с «Песьнямі Жальбы» Якуба Коласа апостольствуе у роднай вёсцы, ці то у апаведаньні «Рунь» даючы адрыўкі думак Уладзіміра, ці то аналізуючы родные карэні у душы студэнта Архіпа Лінкевіча, ці дабіваючыся атказу на «балюча таёмные пытаньня» у абразках «Што яно», заўсёды бярэ самую тоўшчу і унікае у самую глыб душы.

Во, перэд намі Клім Шамоўскі, вучэнь, каторы прыехаў пагасціць на Каляды у родную вёску. Ён ешчэ нідаўна выляцеў з роднаго гнезда, ешчэ не парваны ніці звязуючые яго с сямьёй і вёскай, а ўжо… зараджаецца трагедзія. Ужо спахмурнеў Клім, бо: Кліму было не прытульна у роднай хаці, бо ён «вёз дамоў кніжкі, каб чытаць ім, а яны кожны вечэр, кожна сьвята, гуляюць у карты у Мікітавай хаці, а на яго кніжкі не звярнулі ніякай увагі… Шчэ казалі, — разумны! — што, „некалі ім займацца панскім дзелам“. І што не ступнеш—чуіш дурацкае „запанеў, запанеў“.

А „ён, Клім, вучыўся не дзеля таго, каб „загрэбаць“ грошы, ён іншы, ён-жэ не чураецца вёскі, любіць яе і шануіць, як родны сын, ён хочэ кіравацца ўсімі сіламі, каб бачыць яе цьвярозай, сьветлай, здаволенай жыцьцём ды сумленнай; ён „запанеў але сусім не так, як думаіць Мікіта…

„І лацьвей ім, — думае Клім далей,—стрэляць у вочы „запанеў“, ведаючы вагу свае векавечнае працы мужыцкае, а хайбы яны пабачылі боль сэрца і смутак душы у мяне, прымакі ў „панстве“ і пасынка вёскі“…

Пасьля гэтай завязі, пачынае расці і буяць у душы „прымацтво“ у панстві і „пасынкоўства“ ў вёсцы. Пачынаецца глыбокая барадзьба на рагдарожы:

„Ад маткі у песьнях, у казках, у сьлёзах, ў стагнаньні; ад бацькі у рабскай маўклівасьці, у злых славах, у кляцьбе дзяцёнак убірае у душу ненавісьць і страшэнную імсцівасьць да паноў…“ А пасьля ён вырастае, „выходзіць у людзі“, становіцца сам „панам“. І во Уладзімір „вышоўшы у людзі“, злюбіўшыся з Ядзей, ядыным адросткам старасьвецкаго беларускаго магната, і Уладзімір, чэлавек с шырокім кругазорам і сільнай душой, у зацісках сваіх „Да самога сябе“ сумуе—жаліцца перэд сабой: „Ты баішся, каб не даведаліся людзі аб думках маленства твайго. Ты пішэш толькі „да самога сябе“. Крый Божэ, даведаюцца „інтэлігенты“, што на душы у цябе!—Стыдненька табе! Стыднінька, што украдня у ночы конікоў вадзіў у панскі лес. Стыднінька, што пакляўся, як вырасьцеш звясьці са сьвету аб’езчыка за тое, што ня толькі садраў у ляску хустку у маткі твае за ягады, але і бізуном даў і гідкім страшным словам зневажыў яе пры табе, дзяцёнку сінявокім…

Перэжываючы гэткую трагедзію душы найчасьцей, даўней, сын вёскі „агалцеіць, закруціцца у вадаверці гарадзкой, і ужо—ані блізка! мужыка чураецца, хоць і мучаецца, пэўне, каторы. А дзеткі яго ужо карэньня нашаго роднаго ні маюць у сабе“…

Якіе-ж гэта карэньня?

Гэта спадчына па дзядох-прадзедах, каторые „каля асінаваго пня богу Дуплінскаму-Ільінскаму маліліся“ і шукалі атказу на „праклятые пытаньня“…

„І то дзіва: ніхай бы людзі дэлікатные, чуткіе, не запрацаваные цяжкой працай, ніхай-бы яны гібелі ад гэтай мукі; дык не, дык жа народ просты, катораго лаюць „цёмным“, чаго ён, гэты шэры, аднатонны народ, па глухіх куткох, у лясох сваіх, сярод балот і палёў, чаму ён мучыўся і мучыцца ат тэй жэ болькі?“

Чаму дзяўчынка стануўшы над магілкай любаго дзяцюка мучыць сваю душу пытаньнем: Як жа гэта, невядомы Навышні? Як яно? Жыў, хадзіў, любіў. Пакінуў, памёр, німа духу, німа яго. Косткі, чэрап, попел…“

Чаму бацька дачкі люнатычкі, сам у маленстві люнатык з ускалмачэнаю, ўверх задзёртаю хвораю, галавою меціцца са стрэльбы у месяц,—пачуваючы у душы сваей „месічнасьць“ і нешта маўчліванезразумелое, што лезіць у душу,—клічэ у неба: — „Што там? Горы сьцені, ці Каін з вядром густа-чорнай, запечэнай крыві Авэля? Што там?“

Чаму застыгаючый у мяцельную ноч старэц-жэбрак ня можэ забыцца генерала, катораго бачыў, як служыў „чэлавекам“ у распусным домі? Ён ужо аб усім забыўся… Лапці, рэматуз, старэцкая торба… Толькі адно ўелося у памяці: таўсты, сівы генерал сярод бутэляк, сярод дзевак сядзеў і жудасна плакаў…“

Чаму таёмные пытаньня разьедаюць душу беларускую ад сільнаго селяніна Янкі, каторы над „чорнай кнігай“, вызываючы нячыстую сілу, перэгарае душой, ад дурнога, каторы „ідучы за гумнамі, за гародамі, па дарозі, кладзець крыжы на абодвы бакі; ксціць і поле, і бярозу, і сіня-залатога жука і мятлушку нейкую і жаўну“ да пані Іванецкае, каторая ездзіць парай вараных коней і каторая згледзіўшы дурнога, просіць яго, каб ён благаславіў яе?..

.................

„Рунь“ М. Горэцкаго гэта вялікі ўклад у беларускую літэратуру, як, па глыбіне і багацьцю думак, так і красе мовы, каторую аўтор умее гэтак прыкрасіць могілёўскімі провінціоналізмамі і падборам слоў для выражэньня сваей думкі.

Власт.