«На прасторах жыцьця» Тараса Гушчы (Я. Коласа) (Замбржыцкі)
| Закаханая Артыкул Аўтар: Сяргей Замбржыцкі 1928 год Крыніца: Маладняк. — Жнівень 1928. — Сшытак 8. — С. 51—66 |
С. Замбржыцкі
„На прасторах жыцьця“ Тараса Гушчы (Я. Коласа)
(Крытычны этуд)
Беларуская крытыка нашых дзён ня раз указвала на няспынны рост творчага таленту народнага песьняра Якуба Коласа (Тараса Гушчы). І сапраўды: пясьнярскі шлях яго ад „Песень жальбы“ і „Родных зьяў“ праз „Рубяжы“ выходзіць „На прасторы жыцьця“. Пісьменьнік штогод узбагачае нашу літаратуру ўсё новымі і новымі дарамі, прыгэтым няспынна шырыцца і глыбіцца яго як тэматыка, так і форма.
Творчая пуціна Якуба Коласа няспынна падымаецца ўгару і адначасна бязутрымна шырыцца. За гэта ясна сьведчыць яго „апошні“ дар у скарбніцу беларускай мастацкай літаратуры — аповесьць „На прасторы жыцьця“, і мы ў дадзеным этудзе разгледзім гэты „апошні“ дар, паколькі ён займае вельмі пачэснае месца, як у творчасьці пісьменьніка, характарызуючы сабою яе ў нашыя дні, так і ў беларускай літаратуры наогул; тым больш, што ня гледзячы на такое значэньне гэтай аповесьці, беларуская крытыка мала спыніла ўвагі на ёй.
Бясспрэчна, аповесьць „На прасторы жыцьця“ некаторымі сваімі бакамі — зьместу і формы — не зьяўляецца нечым зусім новым, неспадзяваным у творчасьці Я. Коласа (Т. Г.), а знаходзіцца ў шчыльнай сувязі з яго ранейшымі творамі, мае з імі цесную ўвязку, з іх выплывае.
Я. Колас з першых крокаў па сваёй творчай каляіне не акінуў увагай беларускую лапцюжную моладзь. Ён час-ад-часу прысьвячаў нашай моладзі свае песьні і апавяданьні. Асабліва шырока і глыбока зарысоўваецца гэтая моладзь у поэме „Сымон Музыка“. Я. Колас атуляе свайго „Сымона Музыку“ нязвычайна глыбокім, мяккім і тонкім, уласьціва коласаўскім лірызмам, атуляе асаблівай любасьцю і спачуваньнем. Якуб Колас, бадай, як ніхто з нашых старэйшых песьняроў, любіць моладзь. Любіць моладзь за яе бадзёрасьць, жыцьцярадаснасьць, сілу і імкненьні. Ён любіць моладзь, як і самую моладасьць. Час-ад-часу з яго вуснаў зрываецца сум за сваю страчаную моладасьць, сваю вясну:
Вясна, вясна! не для мяне ты!
Ня я, табою абагрэты,
Прыход твой радасны спаткаю, —
Цябе на век, вясна хаваю,
Назад ня прыдзе хваля тая,
Што з быстрай рэчкай уплывае,[1]
Вось чаму „ня раз утомлены дарогай“ пясьняр к сваёй вясьне „у думках залятае і там душою спачывае“.
Мала гэтага. Я. Колас з асаблівай ахвотай і любасьцю малюе, постаці юнакоў, апавядае аб Іх жаданьнях і імкненьнях. Але да нашага часу яму даводзілася пісаць аб моладзі, скутай путамі няволі калі яна не магла разгарнуць свае моцныя крылы і ўзьняцца „ў прасторы жыцьця“. Сымон Музыка толькі бязьмерна любіць прасторы і волю, але ня ў сіле парваць путы няволі.
Гэты час адышоў у мінулае. Парваны путы. Здабыта воля. Зьмянілася жыцьце, зьмяніліся і песьні. Вясковая лапцюжная моладзь нашых дзён настойна цісьнецца ў школы, прагна „грызе граніт навукі сваімі маладымі зубамі“ і сьмела шыбуе „ў прасторы жыцьця“. Гэты зрух у настроях вясковай моладзі, прынесены Вялікім Кастрычнікам, які абудзіў да жыцьця мільёны сялянскай моладзі, зрух, які адбываецца на нашых вачох, зрух — імкненьне да грамадзка-карыснай працы, зьяўляецца вельмі ўдзячным матар’ялам для поэты і пісьменьніка, і можна дзівіцца і шкадаваць, чаму нашыя маладыя поэты ўсё-ж так мала адбіваюць гэтую зьяву.
Затое з якім захапленьнем, з вялікім талентам і шчырай любасьцю, так праўдзіва адбіў гэта ў тыповых вобразах Якуб Колас у аповесьці „На прасторы жыцьця“. Тут — тая-ж самая моладзь, якая вышла з-пад саламянай страхі, што і ў ранейшых творах пісьменьніка, але толькі ў новых абставінах. Сьцяпан Барута гэта родны брат Сымона Музыкі. Яны абодва „сыны ральлі“.
Беларуская вёска знаёма і дорага песьняру, бо яна яго родная, яна яго ўзгадавала. Гэтая сувязь з вёскай у пісьменьніка жыве і сягоньня, загэтым і Сьцяпан Барута І Аленка, галоўныя гэроі аповесьці, дзеці вёскі. Яны прагнуць вучыцца. Сьцяпан, скончыўшы вясковую школу і падрыхтаваўшыся, паступае на рабфак, а Аленка ў сямігодку.
Старанна Сьцяпан вучыцца на рабфаку, але і на сваю вёску не забывае. Яго цягне туды, як роднага сына, жаданьне зрабіць нейкую палёгку сваім братом; вабіць яго туды і каханая Аленка. Праз два гады ён едзе на бацькаўшчыну, наладжвае там грамадзкую працу, асушвае балота, урэшце, шчасьлівы едзе ў горад разам з Аленкай працягваць вучобу.
Большасьць падзей, вузел аповесьці, разгортваюцца ў горадзе, у абставінах рабфаку. І Я. Колас дае багатыя бытавыя зарысоўкі рабфакаўскае моладзі. У гэтым каштоўнасьць і навіна аповесьці. Творчасьць Я. Коласа вогуле характарызуецца шырокімі і багатымі бытавымі і псыхалёгічнымі зарысоўкамі, што тлумачыцца багатымі здольнасьцямі пісьменьніка, як назіральніка. Гэтая рыса ў характары творчасьці Я. Коласа ўжо адзначалася ў беларускай крытыцы[2]. І сапраўды: матар‘ялам для творчасьці Якуба Коласа заўсёды зьяўляюцца факты або вобразы жыцьця, назіраныя ім у навакольным жыцьці, або ўзятыя з свайго ўласнага жыцьця. Але Я. Колас, бяручы конкрэтны факт ці вобраз — назіраны або з жыцьця ўласнага — умее вельмі таленавіта, бадай як ніхто з беларускіх пісьменьнікаў, прыдаць індывідуальнаму тыповы характар.
Аб гэтым кажуць усе яго буйнейшыя творы: „Новая зямля“, „У Палескай глушы“ і інш.. Гэта адносіцца і да аповесьці „На прасторы жыцьця“. Гэроі аповесьці гэта жывыя постаці, тыпізаваныя портрэты вучнёўскай моладзі нашых дзён.
Адкуль вядомы гэтыя портрэты Я. Коласу?
Дзе ўзяты конкрэтны матар‘ял для аповесьці, калі, як мы азначылі, выходным пунктам для гэтага пісьменьніка, зьяўляецца заўжды конкрэтны выпадак або вобраз? Адказ даволі просты. Апошнія гады пісьменьнік працаваў выкладчыкам у тэхнікуме, унівэрсытэце і іншых навучальных установах. На яго ваччу выходзілі „На прасторы жыцьця“ Сьцяпаны, Ніны, Шулевічы і др.
Зьвернемся зараз да тыповых зарысовак.
Дзяцінства Сьцяпана праходзіць у вёсцы, загэтым пісьменьнік дае за|>ысоўкі вясковай прыроды, сучаснага вясковага быту, некаторыя пабочныя тыпы.
Малюнкі прыроды ў творчасьці Я. Коласа займаюць пачэснае месца. Беларуская прырода знайшла ў творчасьці Я. Коласа высока мастацкае і шырокае сваё выяўленьне. І гэта панятна, На вясковым загоне беларускае нівы ўзрос Колас. Шум бору ды песьні жняі далі песьні яму. Гэроі Я. Коласа гэта сяляне, іх жыцьце праходзіць на ўзлоньні прыроды. Вось чаму і ў „Новай зямлі“ і ў „Сымоне Музыку“ так багата малюнкаў прыроды.
Параўнальна менш іх у аповесьці „На прасторы жыцьця“, бо тут большая частка падзей разгортваецца ў горадзе. Найбольш поўна зарысована тут навальнічная ноч, калі Сьцёпка разам з комсамольцамі „змагаўся з рэлігійным дурманам“, прыгэтым ноч апісваецца з асаблівай узьнятасьцю і лірызмам.
„Эх, і слаўныя гэтыя летнія ночы! Здаецца дзеля таго толькі і сходзяць яны на зямлю, каб паказаць, што ў цёмнай цішыні ёсьць і поэзія і хараство. А можа яны проста толькі баламуткі прыдуць, разальлюць хмеліва чар сваіх, закруцяць, замуцяць цябе, закружаць голаву, нямаведама чаго наабяцаюць, тысячу ўсякіх спакус прынясуць табе і чорт ведае на якія ўчынкі падбухтораць... Эх, ночы, хмельныя летнія ночы!“. Яскрава романтычнае апісаньне.
Романтычная абстаноўка, якою атуліў у гэты момант пісьменьнік свайго Сьцяпана, выклікае ў яго такі-ж романтычны настрой „Яго цягнуў вір сельскага шуму. Было нейк і сумна на сэрцы. Хацелася кудысь пайсьці, нешта зрабіць, адным словам, паказаць, што на сьвеце ёсьць Сьцёпка, каб гэты сьвет зьвярнуў на яго ўвагу“. (Словы падкрэсьлены намі. С. З.).
Акрамя малюнкаў прыроды, у пачатку аповесьці зарысоўваецца некалькі і сучасныя насельнікі вёскі: комсамольцы з іх сходкамі, Міхайла Барута, бацька Сьцяпана, вясковы бядняк з моцнай традыцыйнасьцю і скэптыцызмам да новага; хаця часам яму і жадаецца гэтага новага, але ў гэтым ён нават баяўся сазнацца. Асабліва скэптыцызм ён выяўляе да сучаснага вучэньня, хаця і сам у глыбі душы ня проч, каб Сьцяпан вучыўся.
„Якая цяпер навука? вучні ў школах лынды б‘юць, ходзяць ды лісьце зьбіраюць. На чорта яно? Хлеб на ім пякуць ці што? Падругое, распуста пайшла, дзеці настаўнікамі кіруюць, а вучыцца ня хочуць. Лусты хлеба не адрэжа, а сьвет перавярнуць зьбіраецца, келб няшчасны. Хіба так даўней вучыліся?“
...„А цяпер чаму вучаць? Бацькоў ня слухаць, старых звычаяў не шанаваць... Не брат, за такую навуку дзякую табе! Вучыся, як хочаш, а бацька памагаць табе ня будзе, — вучыць, як па бацькавым карку езьдзіць“.
Пераступіўшы парог бацькавай хаты, Сьцяпан пападае ў горад. І пісьменьнік дае новыя малюнкі, малюнкі гораду. Пры гэтым мы яшчэ раз зварачаем увагу на характар малюнкаў: усе яны ня плод творчай фантазіі пісьменьніка, а вынік яго багатай назіральнасьці.
Цікава розьніца ў адчуваньнях дзядзькі Антося а „Новай зямлі“, калі той папаў у горад і адчуваньнях Сьцяпана. Сьцяпан ужо не адчувае такой варожасьці на сябе, якую сустрэў Антось, а яго гасьцінна прытуліў „Дом Селяніна“.
„Нахваліцца ня мог Сьцёпка гэтым домам, бо дзе-ж бы ён падзеўся ў незнаёмым горадзе“.
У Доме Селяніна Сьцяпан знаёміцца з „Дзедушкам“. Вобраз „Дзедушкі“ нагадоўвае нам, портрэт М. Барташэвіча. Пісьменьнік сьпісаў яго з натуры, як сьпісаў з натуры „Дом Селяніна“, від Менску а плошчы Парыскай Камуны, Рабфак. Сьцяпан пападае на рабфак, дзе „галота, чуць прыкрытая галота, стукала ў дзьверы навукі, шырокаю хваляю сьцякалася з далёкіх акругаў“.
Пасьля настойных дамаганьняў Сьцяпану ўдаецца паступіць на рабфак, бо: „Чым больш уставала гэтых перашкод, тым больш расло ў Сьцёпкі ўпартае жаданьне дабіцца свайго. На пралом пойдзе, кулакі ў дзела пусьціць, а рабфаку ня ўпусьціць“. І ён уваходзіць у сям‘ю рабфакаўскай моладзі. Жыцьцё гэтай сям‘і і складае асяродак аповесьці. Пісьменьнік зарысоўвае рабфакаўскі побыт, І на фоне гэтага побыту вырысоўвае постаці рабфакаўцаў. Пры гэтым яны зарысоўваюцца бяз усякай стараннасьці, бяз лішніх хварб таго ці іншага колеру. Тут пісьменьнік застаўся староньнім назіральнікам і здымшчыкам і падае як ценявыя рысы гэтага побыту, асобныя хворыя вывіхі, так і сьветлыя праявы, Жыцьцё і псыхолёгія вучнёўскай моладзі нашых дзён адбіта тут, як у люстры. Зарысована тут вучоба моладзі і імкненьне да ведаў. Вучыцца моладзь з ахвотай, заядла. Сьцяпан аб гэтым піша: „Кладземся мы спаць вельмі позна: а 12 або а першай гадзіне ночы. А то ўсё вучымся; чытаем шмат кніжак“. Старанна вучыцца і Аленка ў сямігодцы. „У школе Аленка ня зводзіла часу дарма. Старанна слухала лекцыі, чытала кнігі, якія толькі можна было дастаць, і кожнае, няяснае для яе, пытаньне старалася зразумець“. Сьцяпан вучыцца старанна, бо „Ён памятае, як трудна была тая дарога, што прывяла яго сюды, і якую адказнасьць узяў ён на сябе, кінуўшы бацькаў дом“.
Але рабфакаўцы ведаюць ня толькі вучобу, яны не адарваны ад навакольнага жыцьця: наша бурлівая сучаснасьць шырокай хваляй уліваецца ў сьцены рабфаку і захапляе кожнага з іх. „І жыцьце тут ня толькі адным рабфакам замыкалася. Даклады, тыя ці іншыя спэцыяльныя лекцыі вядомых і выдатных асоб, зьезды, паказальныя суды, дыскусіі — усё гэта было даступна вучнёўскай моладзі. Гэта тыя кузьні, дзе выкоўваліся асновы новага быту і формаваліся будаўнікі новага жыцьця. У вольную часіну можна было ў тэатр схадзіць, і ў кіно папасьці, ці проста на сваю вучнёўскую вечарынку“. Рабфакаўцы наладжваюць і грамадзка-карысную працу, Сьцёпка аб гэтым піша: „Нядзелямі часта ежджу ў вёску, дзе наш рабфак вядзе культурную работу. Мне, як знаёмаму з вёскай, хочацца дапамагаць сялянскай справе. Наша дапамога вёскі заключаецца ў тым, што рабфак дапамагае праводзіць культурна-асьветную працу ў вёсцы. Пасылаем бяз грошай кніжкі, газэты для школ і хат-чыталень. Зьбіраем усе скаргі на розныя непарадкі мясцовай улады, і чым можам, дапамагаем там, на месцы, а то ўсе скаргі перадаем у газэты“.
Зарысоўваецца і інтэрнацкі (хатні) побыт рабфакаўскай моладзі. І зарысоўваецца праўдзіва і бесстаронна. У гэтым сэнсе найлепшым прыкладам зьяўляецца сцэнка прыходу хлапцоў раніцою да дзяўчат.
Гэтая сцэнка па сваёй натуральнасьці зьяўляецца найлепшым месцам у аповесьці, гэта дакладны здымак жывое сцэнкі інтэрнацкага побыту.
Гэты побыт рабфакаўскай моладзі пераліваецца бадзёрасьцю, жыцьцярадасьцю і вясёласьцю. „У час пераменак па карыдорах і аўдыторыях усе яны шумелі, ганяліся адны за другімі, дурэлі, як гэта ўласьціва моладасьці“.
Багата мейсца ў аповесьці адводзіцца зарысоўцы ўзаемаадносін хлапцоў і дзяўчат. Гэты бок жыцьця сучаснай моладзі, бадай, самы хворы. Тут наймацней трымаецца старое ў яго няпрывабных праявах, павольней чым дзе прасочвасцца прыгожае новае, тут больш чым дзе бывае хворых вывіхаў.
І літаратура нашых дзён, як беларуская, так і другіх нацыянальнасьцяй СССР, адбіваюць гэтыя зьявы, пры гэтым некаторым пісьменьнікам уласьцівы ўхіленьні ў аднабокасьць, выяўляецца імі прыхільнасьць зарысоўваць асабліва крайнія, надзвычайныя праявы хворых вывіхаў у быце сучаснай моладзі[3] Я. Коласу не ўласьцівы такі крайні ўхіл. Ён ня можа моладзь, у якую ў яго ёсьць моцная надзея і да якой у яго ёсьць вялікая любасьць, зарысаваць аднымі ценявымі рысамі. Гэта было-б балюча для самога пісьменьніка, і Я. Колас дае ня толькі ценявыя рысы ў сучаснай моладзі, а і сьветлыя праявы. Разам з Шулевічам ён ставіць Сьцяпана І Сымона, поруч з Нінай — Аленку. Ад гэтага повесьць набывае асаблівую каштоўнасьць.
У гэтых узаемаадносінах, папершае, навока кідаецца прастата і натуральнасьць. Як кажа пісьменьнік: „Адносіны гэтыя былі самыя простыя і звычайныя. У часе пераменак па карыдорах і аўдыторыях усе яны шумелі, ганяліся адзін за другім, дурэлі, як гэта ўласьціва моладасьці. А то проста хадзілі ў парах з дзяўчынамі, пабраўшыся за рукі, ці „пад ручку“, ці проста абняўшыся“. Але пад гэтай прастатою і сяброўскасьцю захоўвалася часам грубая самцоўшчына, прыкрытая слоўным жонглёрствам і змаганьнем з „мяшчанствам“, „буржуазнай этыкай“; пад прыкрыцьцём шуканьня „друга рэволюцыянэра“ здабываліся мімалётныя ўцехі жыцьця“.
Гэты хворы вывіх, які бытуе ў нашай моладзі зарысоўваецца ў постаці М. Шулевіча. Шулевіч у кожнай прывабнай дзяўчыне шукаў „друга рэволюцыянэра“, і знайшоўшы яго аддаваўся „лепшаму і вышэйшаму пачуцьцю“, а праз некалькі месяцаў, калі „песьня вясны“ была сьпета, заўважаў, што ён памыліўся, што ён „знайшоў толькі жанчыну і пры тым з мяшчанскай афарбоўкай, бо ёй трэба мяшчанскае гняздо, яна хоча зьвязаць яму крыльлі, прымацаваць да сябе“. Гэты бязутрыманы анархізм у быце нашай моладзі зьяўляецца соцыяльна-шкоднай зьявай, і шкодным тым больш, што ён прыкрываецца пышнай кветкай рэволюцыйнай фразеолёгіі.
Шулевіч так вабіць Ніну: — „Я люблю ў табе, Ніна, тваю дзявочую ціхасьць, можа ад таго, што сам я мяцежная натура, рэволюцыянэр па прыродзе. Люблю тваю нейкую затаёную засмучанасць, І калі я толькі зірнуў на цябе, я сказаў: „Яна вось тая, хто можа быць маім найлепшым таварышам?“ Я чую, што толькі ты, ты адна і можаш быць тым, з кім і можна рука-ў-руку ісьці па дарозе змаганьня за сьветлыя ідэалы комунізму.
Гэтыя словы не маглі не ахмяліць Ніну, гэтую жывую дзейную натуру і яна, якая жадала выбіцца з будзёншчыны, якая шукала нечага новага і прыгожага, хаця сама дакладна ня ведала ў чым гэта новае, прыгожае, толькі і магла адказаць яму: „А я люблю твае цёмныя вочы, Марцін. Яны так глыбокі — не хапае сьмеласьці зірнуць у іх бяздоньне. Яны і вабяць, і чаруюць, і палохаюць. І голас люблю твой і твой розум, і тваё ўменьне ва ўсім разьбірацца, і яшчэ люблю цябе за тое, што мяне ты палюбіў“.
У чадзе гучных слоў не магла Ніна прыпусьціць, што такія-ж словы Шулевіч мог сказаць другой, пятай, дзесятай... дзяўчыне.
Праўда, жаночая інтуіцыя падказвала Ніне: яе і „вабяць і чаруюць і палохаюць“ цёмныя вочы. „Толькі ты не насьмейся з мяне, — прамовіла ціха яна, і ў голасе яе чулася трывога і нейкая боязьнь“. (Курсіў наш. С. 3.). Музыка гучных слоў, палкасьць і парывальнасьць да нязнаных адчуваньняў дзейнай дзяўчыны, перамаглі яе сполах ад „цёмных вачэй“, і ёй давялося пачуць „акорды ланцужнага звону“ разьвязкі. Толькі пасьля Ніна магла ўразумець Шулевіча і даць яго рэволюцыйнай фразеолёгіі належную ацэнку, але для гэтага ёй давялося выпіць мора пакуты, выслухаць многа пякучых крыўдаю, фальшывых слоў. Вось апошнія акорды гэтай „песьні вясны“.
— Цяпер ты мне разьвязаў вочы, і я ўбачыла, хто ты такі. Я думала, ты — сталы чалавек, я паверыла табе, што ты рэволюцыянэр. Ты-ж толькі апаскужваеш гэтае вялікае слова і прыкрываеш ім сваю брыдоту“. „Ня сьмей прыкранацца да мяне, бо я плюну ў твае зладзейскія вочы, няшчасны... самец!“
Але Я. Колас ня мог абарваць аповесьці на гэтым акордзе ён, у імя жыцьцёвай ісьціны, даў і сапраўды моцныя і шчырыя пачуцьці да Ніны, як да дзяўчыны і як да чалавека. І гэтыя пачуцьці пісьменьнік аформаваў у постаці Сымона Галызы.
Калі Ніна аплёваная, зьняважаная ў сваіх найлепшых пачуцьцях, апынулася на вуліцы, і ёй патрэбна была маральная дапамога, патрэбна было ёй блізкае шчырае слова, якое-б ёй надала бадзёрасьць і сілы, — усё гэта Ніна знайшла ў Сымона, які глыбока любіў яе і як чалавека і як дзяўчыну, любіў бяз гучных слоў, затаіўшы ў грудзёх маладое і моцнае пачуцьце. Толькі ў рашучы час, калі гэта было патрэбна Ніне, у Сымона прабіваецца напаверх гэта пачуцьце. Але і цяпер „словы ня слухалі яго, ён заікаўся“.
Асаблівая шчырасьць і цнотнасьць нададзена пачуцьцям Сьцяпана і Аленкі.
Аленка, да некаторай ступені, супроцьстаўляецца Ніне[4]. Калі Шулевіч прыехаў у Зборцы, дзе была і Аленка, „у дарозе закалыхаўшы і свае мысьлі аб Ніне“, і заўважыў Аленку, як прыгожую дзяўчыну. Між імі адбываецца наступная гутарка:
— Вы, Аленка, такі чалавек, што адразу хіліць да сябе. Бываюць на сьвеце такія людзі. Ніколі іх ня знаў, а спаткаеш, скажаш слова, пачуеш ад яго, і ўжо здаецца, што ты яго даўно-даўно ведаеш. Проста ён як-бы родны табе, блізкі твой друг... Давайце будзем прыяцелямі.
Аленка паглядзела на яго бачлівым поглядам.
— А ў вас, мусі-быць, многа такіх прыяцеляў?
Шулевіч уздыхнуў.
— Іх вельмі цяжка знайсьці.
— А вы іх усё шукаеце? І чаму вы думаеце, што я была-б вашым прыяцелем?
— Так дачуваецца. Мне так здаецца.
Аленка засьмяялася.
— У нас, у вёсцы, кажуць, калі каму што здаецца: „перахрысьціся ня будзе здавацца“.
Калі-ж прыехаў Сьцяпан і запытаў яе ці пісала яна Шулевічу, Аленка адказвае: „Ня буду я пісаць чорт ведае каму!“ Аленку не захапляюць вабныя словы Шулевіча. Затое як шчыра праз увесь час разлукі з Сьцяпанам, Аленка нязьменна любіць яго.
У Сьцяпана да Аленкі такія-ж пачуцьці.
На рабфаку „Сьцяпан быў трохі дзікаваты і замкнуты“. 3 дзяўчатамі ён тут не забаўляўся, а ўвесь час аддаваў толькі працы або часам марам аб Аленцы, бо „куды-ж ім з Аленкай раўняцца?'1. Яго пачуцьце да Аленкі глыбокае і цэльнае.
Ён прызнаецца Аленцы: „Ты, Аленка, памятай: ніхто цябе так не палюбіць, як я. Адну цябе пакахаў і больш нікога не хачу“. У доказ гэтага ён нават пакляўся: „Каб не асушыць мне балота, калі я лгу“. І мы верым яму, бо гэта кажа Сьцяпан, натура, якая ня ведае памену.
Каханьне Сьцяпана і Аленкі агорнута пісьменьнікам прыгожай тканінай романтыкі.
Яшчэ адну рысу, якая бытуе ў нашай моладзі зараз, адбівае ў аповесьці Я. Колас. Гэта — імкненьне да літаратурнай творчасьці. Літаратурная творчасьць захапляе нашу моладзь. Няма зараз, бадай ніводнай школы, дае-б ня было-б сваіх „поэтаў“ і „пісьменьнікаў“. І гэтая рыса ў нашай моладзі зьяўляецца дадатнай і жаданай. Вялікі Кастрычнік абудзіў да жыцьця новыя сілы; гэтыя сілы выяўляюцца ў розных галінах жыцьця; гэтыя сілы „штурмуюць Парнас“. Калі гэтыя імкненьні нашай моладзі накіраваць на належны здаровы шлях, яны дадуць багаты плен. Гэтую рысу праўдзіва адбіў пісьменьнік. Яшчэ будучы ў вёсцы, Сьцяпан пісаў „прозу“, Аленка-ж пісала „вершы“. Не пакідаюць яны гэтага і ў сьценах школ. Яны пішуць у насьценныя газэты.
Але асаблівыя здольнасьці ў гэтым кірунку выяўляе Сымон Галыза, які, калі піша верш, „увесь гарыць, як у гарачцы“.
Пераходзім цяпер да ідэалёгічнай ахварбоўкі аповесьці. Перад гэтым зьвернем увагу спачатку на тую акалічнасьць, што ў гэтай аповесьці, як і ў іншых эпічных творах Я. Коласа, ідэалёгічная пазыцыя пісьменьніка, яго сымпатыі, лёгка ўскрываюцца. Я. Колас ня імкнецца захаваць свае спачуваньні, а яскрава іх выяўляе. Гэтай акалічнасьцю часткова і тлумачыцца інтымнасьць, якая ўсталёўваецца паміж чытачом і аўтарам.
Ускрываецца-ж ідэалёгічная пазыцыя пісьменьніка лёгка дзякуючы наяўнасьці глыбокага лірызму, якім пераліты ўсе эпічныя творы яго — гэта папершае; а падругое: дзякуючы асабліваму характару ролі апавядальніка ў гэтых творах.
Лірызм Я. Коласа ў яго эпічных творах выліваецца або ў асобныя „лірычныя адхіленьні“ або ў лірызм стылю.
Ролю апавядальніка Я. Колас толькі зрэдка прызначае каму-небудзь з сваіх гэрояў, а зазвычай апавядае сам. Ён як-бы не давярае сваіх дум і шчырага пачуцьця сваім гэроям.
Я. Колас зарысоўвае жыцьцё моладзі ў нашыя дні, у атмосфэры савецкай грамадзкасьці. Ужо гэты факт кажа шмат аб чым. Гэту моладзь ён рысуе ня толькі змрочнымі, а і сьветлымі (пераважна) хварбамі. Ён дае яе мэтаімкненьні. Да чаго-ж зводзяцца коордынальныя імкненьні? На якіх шляхох жадае бачыць моладзь пісьменьнік? У М. Шулевіча галоўнае імкненьне накірована да ўласных „асалод жыцьця“, хоць гэтае імкненьне і прыкрываецца рэволюцыйнай фразеолёгіяй. Гэта індывідуалізм нашых дзён, індывідуалізм соцыяльна шкодны. Калі індывідуалізм гэрояў Янкі Купалы іншых нашаніўцаў протэстуючы індывідуалізм у імя правоў чалавека на жыцьце і сонца і гэтым самым падрываючы падмурак існуючага ў той час дзяржаўна-палітычнага ладу, індывідуалізм, які мае цесную ўвязку з соцыяльнасьцю, у яе пераходзіць, індывідуалізм, які адыграў пэўную дадатнюю ролю, — то індывідуалізм нашых дзён, індывідуалізм тыпу індывідуалізму Шулевіча, павінен сустрэць да сябе наша гострае асуджэньне[5]. І гэты індывідуалізм асуджае і пісьменьнік. Шулевічу супроцьстаўляецца Сымон, у якога „ асабовае“ растапляецца ў „грамадзкім“. Сымон суцяшае Ніну: „Помні, што ўсё гэта хоць і балюча, але-ж гэта толькі нашыя асабістыя болі. А есьць яшчэ і болі грамадзкія. Хто не перасіліць сваіх боляй, то — які-ж ён грамадзкі працаўнік?“ Сымон — гэта шэры гэрой, ён не вылучае сябе з грамады, ня ставіць сябе над ёю, як гэта робіць Шулевіч. І пісьменьнік сымпатызуе гэтаму „шэраму“ Сымону, а ня „цёмнаму“ Шулевічу. Супроцьстаўленьне відно і ў стылі: „Вочы (Сымона) таксама нішто-сабе, — шэрыя, строгія і самае важнае — мысьлі ў іх відаць. У Шулевіча цёмныя вочы; можа і душа ў яго цёмная“.
Шулевічу супроцьстаўляецца і Сьцяпан Барута.
Для Сьцяпана вучэньне на рабфаку толькі сродак пазнаньня жыцьця, каб на аснове гэтага пазнаньня аддаць сілы грамадзе, Сьцяпан моцна зьвязаны з вясковай „галотай“. Яго цягне ў вёску, як роднага сына. Любасьць да вёскі і жаданьне дапамагчы ёй у Сьцяпана выліваецца ня ў словы, а ў справу.
„Слоў у нас вельмі многа. Куды ні пайдзі, усё толькі і чуеш прамовы... Слова на слове едзе і словам паганяе“, — кажа Сьцяпан. І ён раіць Сымону: „Давай летам паедзем куды-небудзь на вёску. Прачытаем наперад там верш твой, запалім сэрцы, а потым і за дзела возьмемся. Я табе скажу за якое дзела“. І ў Сьцяпана, сапраўды, ёсьць плян працы.
Павучыўшыся і пабачыўшы жыцьцё, Сьцяпан уразумеў яшчэ больш сілу грамады, колектыву, і ролю пролетарыяту ў перабудаваньні жыцьця. У яго галаве складаецца ідэя „Колектываў працы“. Гэтая ідэя ў Сьцяпана ператвараецца ня ў словы, а ў справу. Ён прыяжджае ў вёску, засноўвае такі „колектыў працы“ і асушвае „гнілое балота“.
Пачынаецца колектыўная праца. „Зашумелі, зазьвінелі маладымі галасамі і звонам рыдлёвак Сухія Груды“. Расьсякаюцца сухія груды. „Сама ўжо праца пакарае, захапляе чалавека, бо ў гэтай дружнай грамадзкай працы, так многа і музыкі, і поэзіі, і сілы, і хараства“. І гэтая музыка, сіла і хараство захапляюць і Я. Коласа, калі ён дае такі пераможны гымн хараству колектыўнай працы.
„З шумам хлынула вада ў канал і пабегла далей і далей, нясучы з сабою пясок, кусочкі дрэва, траву. Удоўж каналу стаяў пасьвяточнаму ўбраны народ, моўчкі слухаючы музыку вады. З-пад „сьвятога калодзежу“ далятаў як-бы з разьбітага чыгуна, нудны, гнусовы[6] звон, але з-за шуму вады ў канале яго бадай што і ня чуваць было“.
Грамадзкі шлях Сьцяпана, гэта той шлях, на якім пісьменьнік жадаў-бы бачыць усю сялянскую моладзь.
Пісьменьнік спачувае Сьцяпану і ў яго асабовых адчуваньнях. Яго цэльнае, глыбокае і цнотнае пачуцьцё да Аленкі ёсьць ідэал пісьменьніка. Гэта выяўляецца хоць-бы ў тым, што падаўшы сцэнку прызнаньня ў каханьні Сьцяпана Аленцы, у пісьменьніка мімаволі зрываецца а вуснаў такое „лірычнае адхіленьне“.
„Слаўна была гэтая ноч, шкода толькі, што борзда сьвітаюць такія харошыя ночы“.
Разгледзім зараз мастацкае афармленьне аповесьці. У гэтай дзедзіне мы адшукаем мала чаго новага ў параўнаньні з папярэднімі творамі аўтара. Тут тая-ж мастацкая зброя пісьменьніка, якой ён арудаваў „У Палескай глушы“ і „Новай зямлі“, толькі адноўленая і падгостраная. Трэба адмеціць пэўную стойкасьць і нават традыцыйнасьць мастацкіх прыёмаў Я. Коласа. І гэтая рыса не зьмяншае каштоўнасьці яго твораў.
Я. Колас вышаў на беларускую літаратурную ніву з сялянскай стыхіі, гэтая стыхія пануе і зараз, як у тэматычных зарысоўках пісьменьніка, так і ў мастацкім іх афармленьні, Я. Колас і па нашыя дні застаўся Коласам. Гэтай стыхіі не ўласьцівы новыя літаратурна-мастацкія плыні, як футурызм, імажынізм і да г. п., а ёй уласьцівы здаровы рэалізм, ахутаны празрыстай рамантыкай.
І Я. Колас сваю творчасьць аддае ва ўладу гэтым плыням, застаючыся глухім на дакучныя крыкі футурыстых і ім пад.
Домінуючай рысай у мастацкім афармленьні творчасьці Я. Коласа зьяўляецца „прастата“, калі так толькі льга сказаць. Усе яго творы адзначаюцца прастатою фабулы, сюжэту і нават стылю. Мы не знаходзім у гэтых творах ні безьлічча гэрояў, ні якіх-небудзь асаблівых, выключных, падзей, ні вялікіх прыгод, ні нават напружанай барацьбы, сутычкі, паміж гэроямі[7].
Гэты факт паказальны. Ен знаходзіць сваё тлумачэньне, з аднаго боку, у „эпічнай“ натуры самога пісьменьніка, а з другога — у характары той соцыяльнай пластоўкі, адкуль бярэ сваіх гэрояў Я. Колас, а менавіта, сялянства. Вясковая абстаноўка поўна статыкі, у ёй слабая (параўнальна) дынаміка.
Аповесьць „На прасторы жыцьця“ па сваёй композыцыі больш складаны твор, чым папярэднія. Гэта абумоўліваецца характарам эпохі, адбітай у аповесьці.
Аповесьць разгортваецца па дзьвюх лініях: па лініі Сьцяпана і лініі Аленкі — гэтых дзьвюх галоўных асоб аповесьці. „На парозе“ гэтыя дзьве лініі йдуць разам, час-ад-часу перакрыжоўваючыся. „За парогам“ гэтыя лініі далёка і надоўга разыходзяцца — Менск і Загор‘е — і толькі ў канцы аповесьці зноў зыходзяцца ў Заборцах, каб ужо ісьці разам. Праўда, разышоўшыся гэтыя лініі маюць імкненьне сыйсьціся і паміж імі перакідаюцца ніткі — лісты Сьцяпана і Аленкі. Першая лінія, лінія Сьцяпана багата даўжэйшая за другую і мае шмат скрыжаваньняў, і гэта зразумела. Сьцяпан пападае ў горад, дзе жыцьцё яго стыкае з безьліччам людзей; да і пісьменьнік меў на ўвазе даць шырокі малюнак жыцьця рабфакаўскай моладзі, а такі ўзор можна было даць толькі скрыжаваньнем розных ліній.
Разгортаньне аповесьці ў двух топографічных месцах, зьвязаных з двума гэроямі, уласьціва для прыгодніцкіх твораў, але пры ўмове, калі пісьменьнік будзе працягваць то адну, то другую лініі, абрываючы іх на самых рашучых пунктах. Такі інтрыгуючы спосаб апавяданьня не ўласьцівы Я. Коласу. У гэтай аповесьці няма „скачкоў“, няма „абрываў“ няма і „забяганьня наперад“. Аповесьць пачынаецца характарыстыкай Сьцяпана і разгортваецца амаль выключна ў хронолёгічнай паступовасьці.
У аповесьці „На прасторы жыцьця“ часта ўжываецца прыём ускоснай экспозыцыі. Ён ужываецца нават там, дзе можна было-б ужыць простую экспозыцыю.
Упрыклад: „Тут ужо Сьцёпка ня мог стрымацца і прызнаўся Аленцы, што ён вучыцца, што ў яго ёсьць шырокія пляны, толькі ён нічога аб іх ня кажа, а Аленка аб іх не павінна нікому казаць, бо ён толькі ёй аднэй і казаў аб гэтым“. Ускосная экспозыцыя вогуле зьмяншае дынамічнасьць, вобразнасьць і эмоцыянальнасьць аповесьці.
Ад аповесьці „На прасторы жыцьця“, як і ад усіх твораў Я. Коласа, вее задушэўнасьцю і шчырасьцю, між пісьменьнікам і чытачом завязваецца інтымная сувязь.
Чым гэта дасягаецца?
Гэта, як мы ўжо адзначалі, вышэй, тлумачыцца характарам ролі апавядальніка і характарам стылю аповесьці. Апавядае сам пісьменьнік, пры гэтым робіць частыя „лірычныя адхіленьні“ і „звароты да чытача“, так-што ўвесь час адчуваецца сам пісьменьнік, які як-бы размаўляе з чытачом. Накшталт: „Справа, бачыце, у тым, што тады калі Сьцёпка віхрыцца на вуліцы, яму кожны раз пападаецца на вочы гэтая Аленка, дачка Андрэева“, Аповесьць перасыпана такімі зваротамі: „бачыце“, „разумееце“, „сказаць праўду“, „калі можна так сказаць“, „калі хочаце ведаць“, „падумайце, якая хітрая“ і да т. п.
Апісаньне гэрояў ня столькі вобразнае, колькі лірычнае. Чытач, упрыклад, мала ўяўляе сабе постаць і твар Аленкі, бо дакладнай зарысоўкі яго пісьменьнік не падае, а замест гэтага багата надзяляе яго лірычнымі эпітэтамі, кшталтам: „Прыгожыя бровы“ і такія „слаўныя вочы“, „губкі яе строгія, а ў вачох сьмех руніць“, „сьвежыя губкі“, „русовая галоўка“ з мілым тварыкам і яснымі, „удумнымі вочкамі“. І гэтыя „ясныя прыветныя вочкі“ пазіраюць на чытача некалькі раз.
Стыль аповесьці вогуле (стыль у вузкім сэнсе) можна азначыць, як стыль просты, бяз жаднай вычурнасьці, стыль адбіваючы народную стыхію. У аповесьці трапляюцца часта ўдалыя народныя звароты, накшталт: „Ніяк не маглі на каня ўзьбіцца“, або „Калі ты, гад, пойдзеш проці бога, то я з цябе скуру злуплю“, ці „Параспускаліся гадаўё, як старэцкія пугі“ і да г. пад. Але гэтая асаблівасьць у стылі, якая, бадай, наймацней выяўлена ў „Родных зьявах“, „На прасторы жыцьця“ сьціраецца, уступаючы месца, хаця вельмі павольна, чыста літаратурным вобразам і зваротам.
Багата ў аповесьці і русізмаў. У гэтае дзедзіне стыль Я. Коласа заўжды адбіваў народную гутарку, і калі які-небудзь русізм запанаваў у народнай гутарцы, то незалежна ад таго, ёсьць у беларускай мове адпаведнае слова, або зварот ці няма, Колас яго ўжывае. Але, нам здаецца, што Я. Колас ідзе ў гэтым кірунку далей чым гэта льга і патрэбна: ён часам ужывае такія словы і звароты, якія бяз усякай шкоды — і стылістычнай, і гукавой, і мэтрычнай — можна было-б падмяніць чыстымі беларускімі зваротамі. Гэта можна адзначыць і ў аповесьці „На прасторы жыцьця“. Такія русізмы трапляюцца даволі часта ўпрыклад: „папіросу“, „расказ“ (у сэнсе „апавяданьне“), „сяло валнавалася“, „нядзеля“ (замест „тыдзень“) і да т. п.
Зрабіўшы падсумаваньне ўсяму, што было азначана вышэй, можна даць некаторыя, агульныя высновы ў дачыненьні да творчасьці Я. Коласа сёнешняга дню.
Гэтыя высновы можна зрабіць у чатырох разрэзах — адпаведна чатыром коордынатам, па якіх намі разглядалася аповесьць:
1. У разрэзе крыніц трэба констатаваць тую акалічнасьць, што ў творчасьці Я. Коласа і зараз пануе конкрэтнасьць, ён і сёньня зьяўляецца тыпізатарам назіраных конкрэтных вобразаў, а ня філёзофам, які разьвязвае ў сваёй творчасьці адцягненыя проблемы, падтасоўваючы да гэтага жыцьцёвыя факты, — гэта папершае; а падругое: эгоцэнтрызм творчасьці Я. Коласа, які быў моцна выяўлены ім у „Новай зямлі“, „У палескай глушы“ і інш. зараз слабее, даючы больш месца навакольнай рэчаіснасьці.
2. У разрэзе соцыяльным — Я. Колас і сёньня застаецца сялянскім пісьменьнікам; гэты соцыяльны пласт непадзельна пануе як у тэматыцы пісьменьніка, так і ў формальна-мастацкіх яго актыўнасьцях.
3. У разрэзе формальна-мастацкім аб творчасьці Я. Коласа нашых дзён можна казаць, што ў ёй пануе мастацкі рэалізм, агорнуты лёгкай тканкай романтыкі; гэта романтыка Я. Коласа выплывае з яго псыха-ідэолёгіі.
4. Я. Коласу яшчэ з самага пачатку літаратурнага шляху была ўласьціва маладая імклівасьць „На прасторы жыцьця“, адгэтуль усе яго гэроі, асабліва ў якіх адчуваецца коласаўскі эгоцэнтрызм, падзелены гэтай імклівасьцю; адгэтуль у творчасьці Я. Коласа б‘е моцная крыніца романтыкі моладасьці[8]. Пра Лабановіча, упрыклад, пісьменьнік кажа: яго цягнула вольная праца ў гэтых невядомых яму прасторах людзкога жыцьця“[9].
Сымон Музыка таксама бязьмерна любіць прасторы і волю. Ен кажа:
Волі, волі і прастору!
Прэч граніцы!
Жыве ў сэрцы плынь крыніцы.
Дух жывы-агонь дзяньніцы
Гэй угору!
Волі, волі і прастору!
(„Сымон Музыка“, ст. 225).
Але гэтыя імкненьні „На прасторы жыцьця“ ў дакастрычнікавы час скоўваліся моцнымі ланцугамі. Гэтую думку Я. Колас выказвае ў наступных словах:
Ды што нам у тым прасторы,
Што нам шыр без берагоў,
Калі мы — чаўночкі ў моры
Без вясел, без жагалёў!
І арлу прастор ня мілы,
Хоць і волен яму пуць,
Калі ён ня мае сілы
Вольна крыльлямі ўзмахнуць.
(„Сымон Музыка“, ст. 72).
Сьцяпан Барута надзелены таксама гэтай імклівасьцю. Яму „Хацелася кудысь пайсьці, нешта зрабіць, адным словам, паказаць што на сьвеце ёсьць Сьцёпка, каб гэты сьвет зьвярнуў на яго ўвагу“. Пасьля, калі Сьцяпан загартаваўся ў колах камсамольцаў-рабфакаўцаў, яго романтычна-індывідуалістычная імклівасьць „кудысь пайсьці“, „нешта зрабіць“ пераходзіць у выразна акрэсьленую грамадзка-карысную працу, і Сьцяпан выходзіць „на шырокія прасторы жыцьця„“ і выяўляе сваё „я“ „у шырокіх размахах грамадзкай работы“.
Зараз романтызм моладасьці Я. Коласа выліваецца ў романтыку колектыўнай грамадзкай працы, у романтыку соцыялістычнага будаўніцтва.
- ↑ „Новая зямля“ ст. 3, выд. 2-ое
- ↑ Гл. зборн. артык. „Якуб Колас у літаратурнай крытыцы“ і інш.
- ↑ П. Раманаў, С. Малашкін, у белар. літаратуры часткова М. Зарэцкі.
- ↑ Алена — тып больш консэрватыўны і крытычны, чым Ніна; гэта вынікае соцыяльнай істоты: Алена дачка селяніна-серадняка, „Нінчын бацька масьцеравы па профэсіі“.
- ↑ Індывідуалізм Шулевіча знаходзіцца на першай ступені свайго разьвіцьця. Ён яшчэ знаходзіць некаторую ўвязку з колектывам; індывідуалізм яго яшчэ не ўсьвядомлены і не пастаўлены як ідэал, за гэтым Шулевіч пакуль-што ня ўчыняе надзвычайных антымаральных і антысоцыяльных учынкаў. Але гэты індывідуалізм нязьбежна ў яго будзе разьвівацца і дойдзе да індывідуалізму „голага зьвера“ М. Зарэцкага. Бо і пад Яроцкім і Шулевічам, бадай, адна соцыяльная база. У іх прарываецца дробна-буржуазная стыхія. Праўда мы ня ведаем соцыяльнасьці Шулевіча — пісьменьнік нам адчынена гэтага не дае, для чытача Шулевіч „цёмная душа“, але на падставе яго ўчынкаў нельга прыпусьціць, што ён кроўна зьвязаны з пролетарыятам.
На наступнай ступені індывідуалізм Шулевіча парве ўсякую сувязь з колектывам і будзе пастаўлены як ідэал. Кроўнасьць Шулевіча і Яроцкага заўважаецца і вонкава: першы растрачвае скарбовыя грошы — покуль-што толькі чатыры рублі і другі таксама, але ён ужо не здавальняецца такой сумай. Ва ўсякім выпадку індывідуалізм Шулевіча можна назваць анархічным, і ў наш час, ва ўмовах СССР, калі трэба ўжо не руйнаваць, а будаваць, гэты індывідуалізм ёсьць праява дробнабуржуазнай стыхіі і зьяўляецца соцыяльна шкодным. С. 3. - ↑ Курс. тут і ніжэй наш. С. 3.
- ↑ Мы ня кажам аб нутраной барацьбе гэрояў, аб іх нутраных сутычках.
- ↑ Мы тут называем романтызм Я. Коласа як романтызм моладасьці, а не як літаратурную школу, але ня ўгрунтоўваем гэтага палажэньня, бо гэта затрымала-б нас надоўга; аб характары романтызму Я. Коласа можна — і патрэбна — пісаць спэцыяльны досьлед.
- ↑ „У Палескай глушы“, выд, 2-е, ст. 102.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.
Падрабязней гл. у дакументацыі.