Перайсці да зместу

«Матчын дар» Алеся Гаруна (Барычэўскі)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
«Матчын дар» Алеся Гаруна
Крытыка
Аўтар: Яўген Барычэўскі
1928 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




А. І. Барычэўскі

(З досьледаў па катэдры беларускае літаратуры (БK)

І

Нядаўна Літэратурная Комісія Інстытуту Беларускае Культуры ўзялася за падрыхтоўку акадэмічнага выданьня твораў А. Гаруна. З гэтай мэтай яна зьвязвае і задачу навуковага вывучэньня пісьменьніка. Пакуль што зроблены яшчэ толькі першыя крокі. Зьбіраньне твораў, устаноўка іх тэксту, іх датыроўка, высьвятленьне фактаў біографіі поэты, характарыстыка яго, як мастака і чалавека, соцыяльны сэнс яго творчасьці — вось паасобныя моманты гэтае дасьледчае працы. Толькі пa іх выкананьні будзе магчыма даць угрунтованы на ўсебаковым і поўным вывучэньні закончаны вобраз пісьменьніка.

У гэтай канчатковай задачы свайго вывучэньня дасьледчык часта мае папярэдніка ў асобе чуйнага крытыка, які апіраецца на сваю асабістую інтуіцыю. Сьцьвярджэньні крытыка, зразумела, небясспрэчны і не абавязковы, але яны кідаюць на пісьменьніка нейкае папярэдняе, хаць-бы нявернае, сьвятло. Бяз гэтага сьвятла нам прышлося-б працаваць у цемры: для таго, каб удатна навукова дасьледваць спадчыну поэты, трэба ўжо мець нейкае сваё ўспрыяцьце яго творчасьці і таго, што ў яго спадчыне можа быць важным і каштоўным. Зразумела, гэтае папярэдняе інтуіцыйнае асьвятленьне, у выніку навуковых досьледаў можа падлягаць тым ці іншым зьменам.

У той час, калі літэратурная комісія ўзялася за выданьне твораў М. Багдановіча, беларуская крытыка казала ўжо аб гэтым пісьменьніку свае першыя словы. Іначай стаіць справа з А. Гаруном. „У спадчыну яго творчасьці“, пісаў нядаўна А. Бабарэка, „не заглядала яшчэ ніводнае вока крытыкі, каб вынесьці на сьвет яе пэрлы“.[1] Гэтая акалічнасьць пабудзіла мяне ўзяцца ў адносінах да памершага пісьменьніка за наступную задачу: на гэтых старонках я спробую даць вопыт папярэдняга апісаньня кнігі, якой, з прычыны бясчаснай сьмерці поэты, прышлося стаць яго галоўнай літаратурнай спадчынай. — „Матчынага дару“. У гэтай працы я не разглядаю іншых яго твораў, адкідваю ў бок пакуль што мала высьветленую біографію яго, я толькі бяру яго кнігу і чытаю яе.

Нядаўна ў аднэй сваёй працы („Поэтыка літэратурных жанраў“, ст. 10) я адзначыў, што лірык з хвілёвых дароў свайго натхненьня, зьвязваючы іх у кнігу, часта стварае будынак, у якім тое, што здавалася-б пабежным і выпадковым, можа заняць пэўнае месца, быць падпарадкавана больш высокаму адзінству і, як нейкая частковасьць, стаць у вядомыя адносіны як да цэлага, так і да другіх частковасьцяй, атрымліваючы, такім чынам, новую значнасьць.

Першую спробу дапасаваць гэты пункт погляду да аналізу кнігі вершаў зрабіў у нас Я. Плашчынскі ў артыкуле „Кніга лірыкі, як мастацкае цэлае, „Вянок“ М. Багдановіча“[2], — працы, якая вышла з майго сэмінарыуму па поэтыцы ў унівэрсытэце.

Шмат якія расійскія поэты, як гэта відаць з іх твораў, вельмі ўважліва адносіліся да справы злажэньня вершаў у кнігі. Асабліва высокага мастацтва дасягнулі ў гэтым В. Брусаў і А. Блок, якія заўсёды ўспрыймалі свае кнігі як нейкую эмоцыйную і поэтычную еднасьць, аб чым сьведчаць хаця-ж бы прадмовы іх да сваіх зборнікаў. Але ў расійскай навуцы няма ніводнага досьледу на гэтую тэму. Інакш стаіць справа ў нямецкіх літэратуразнаўцаў, якія сабралі вельмі цікавы матар‘ял аб тым, як нямецкія поэты складалі свае кнігі вершаў. Ужо ў час пісаньня гэтага артыкулу я пазнаёміўся з вельмі грунтоўнай працай У. Бэлярта, прысьвечанай зборнікам вершаў Гэнрыка Гейнэ[3]. Прынцыповыя палажэньні Бэлярта — наступныя. Кожны лірычны верш зьяўляецца нечым закончаным. Яго існаваньне павінна быць апраўдана ім самім. Але ён можа быць уведзен у больш вялікае цэлае — цыкль ці кнігу. Дзякуючы гэтаму адны бакі вершу могуць быць асьветлены, другія, — можа быць, ня меней каштоўныя, застацца ў цені. Не заўсёды групоўка вершаў зусім паддаецца чыста-лёгічнаму аналізу. Так у групоўцы вершаў Гётэ было заўважана нешта цякучае, нешта выпадковае ў малым, аднак-жа пры законамернасьці цэлага. Гётэ ідзе ад юнацкіх радасьцяй і пакут праз жыцьцёвыя буры да пекнага і шчасьлівага ўладаньня. Таксама Шыльлер у сваім разьмяшчэньні вершаў карыстаецца не хронолёгічным парадкам, а іх унутраной зьвязанасьцю. Ніткі, якія зьвязваюць адзін верш з другім, могуць быць вельмі тонкімі, і не заўсёды іх лёгка знайсьці. То ж датычыцца і аўтара: поэта наогул у сваёй творчасьці не заўсёды зусім сабе ўсьведамляе тыя мэты, якія ён сабе ставіць. Гэта адносіцца і да злажэньня вершаў у кнігу: так у Гётэ не заўсёды можна было-б правесьці мяжу паміж сьвядомымі імкненьнямі Поэты і выпадковым дасягненьнем. Гейнэ любіць зьвязваць вершы ў цыкль, які зьяўляецца невялікай лірычнай новэляй. Такім цыклем ён часта дае нейкую раму ў форме пролёгу і эпілёгу. Мы знаходзім у яго як лэйтмотыўныя звароты думкі ў цыклю ці кнізе, так і непасрэднае прымыканьне аднаго вершу да другога, папярэдняга. Тыя ці іншыя прынцыпы пабудовы зборніку вершаў можна знайсьці і ў іншых нямецкіх поэтаў. Толькі адзін з іх прынцыпова адкідваў задачу ўпарадкаваньня вершаў у кнізе: гэта — Ліліенкрон. Ён хацеў, каб кожны верш рабіў уражаньне сам па сабе і толькі сам па сабе. Ён ставіў радам самыя рознастайныя вершы, ён любіў раптам і нечакана зьмяняць свае настроі, не падпарадкуючы іх ніякаму вышэйшаму прынцыпу.

Вярнемся да кнігі А. Гаруна: яна ёсьць не мэханічны збор вершаў, але органічнае цэлае. „Матчын Дар“ складаецца з уступнага вершу і з трох разьдзелаў. Уступны верш „Людзям“ у лірычнай форме разгортвае перад намі „я“ поэты і яго лёс. Зусім дарэчы назваць гэты верш, адзначаючы яго функцыю ў кнізе, увэртурай, бо падобна таму, як увэртура прадпасылае ў неразгорнутым яшчэ выглядзе тыя мэлёдыі, разьвіцьцё якіх ёсьць задача далейшага, так і ў гэтым уступным вершы даны асноўныя тэмы кнігі. Мотывы гэтага вершу я зьвёў бы да наступных: 1) мотыў каханьня да жыцьця, 2) роля творчасьці ў жыцьці поэты, 3) адносіны поэты да свайго народу, народу-песьняра, 4) вобраз дзяўчыны, якая прыходзіць у хвіліну натхненьня і зьяўляецца зноў разам з надзеяй поэты на захаваньне і распаўсюджаньне яго песьняў.

Першы мотыў — каханьня да жыцьця — мотыў, які паўтараецца ў сярэдзіне кнігі —

Люблю зямлю, вялікі жыцьця ток,
Як неба зорачкі, каханьнем моцным сына —

зьяўляецца крыніцай, з якой выплываюць вершы, якія формулююць знойдзеную поэтай жыцьцёвую мудрасьць („Nocturno“ і „Ідуць гады“), дыдактычныя вершы, у якіх ён радзіць беларусам („Ты, мой брат, каго зваць Беларусам“) і працоўным людзям наогул („Муляру“), як жыць і ўва што верыць, поўная запалу дыатрыба з панамі („Іудам“) і іншыя.

Другі мотыў — роля творчасьці ў жыцьці поэты, якому толькі ноч заставалася для пісаньня вершаў — разгортваецца ў вершы „Начныя Думкі“, у якім малюецца душэўны стан поэты і час (ноч), калі яго часта наведвала натхненьне.

Трэці мотыў — адносіны поэты да свайго народу — папераджае чытача аб эмоцыйных крыніцах большасьці вершаў кнігі —

Маёй душы іх сам сьпяваў
Па краю родным сум —

і аб зьвязанасьці яго творчасьці з творчасьцю народнай —

Такіх поэтаў шмат у нас,
Дзе сам народ-пясьняр.

Нацыянальныя мотывы разгортваюцца ў кнізе наступным чынам. Замілаваньне да свайго краю і народу, вера ў яго будучыну, заклік да бадзёрасьці і працы зьяўляецца асноўнай тэмай першага разьдзелу кнігі — „Роднаму Краю“. Сум, які адчуваў адарваны ад радзімы поэта, прыводзіць яго да яе ідэялізацыі, якая часамі, можа быць, у выніку гэтае адарванасьці мала лічыцца з рэчаіснасьцю. Такую ідэялізацыю прыроды Беларусі знаходзім у вершы „З песьняў няволі“, ідэялізацыю таксама і яе гісторыі — у вершы „Як надарыцца мінута“. Вершы, у якіх поэта даў толькі сваю перапрацоўку таго, што стварыў „народ-пясьняр“, увайшлі ў трэці разьдзел — „Праявы роднага“.

Чацьверты — любоўны — мотыў зьвязан з невялікімі па колькасьці, але важнымі ў кнізе вершамі, якія выяўляюць хвіліны перапынку ў бязупынных імкненьнях поэты, хвіліны асабовага шчасьця, якія авеяны душэўнай цішшу і ласкай („Мая люба“, „Асеньні сьпеў“).

Такім чынам, у ўступным вершы, як гэта і павінна быць у увэртуры, мы знаходзім ніткі, якія працягваюцца да самых рознастайных вершаў поэты.

За гэтай лірычнай прадмовай — Г. Гейнэ назваў бы яе пролёгам — ідуць першы разьдзел, названы „Роднаму краю“, другі разьдзел — „На чужыне“, трэці — „Праявы роднага“. Другі разьдзел, як паказвае яго загаловак, зьяўляецца антытэзай першаму, антытэзай, якая перамагаецца трэцім разьдзелам. Кніга атрымлівае характар колцавай пабудовы, дзе першы і трэці разьдзелы асьветлены сьвятлом радзімы, і дзе на сярэдзіну кнігі падае цёмны цень, які падкрэсьлены загалоўкам „На Чужыне“. Паасобнымі намёкамі і выказваньнямі адзначан і той біографічны фон, на якім павінны быць успрыняты вершы кнігі.

Трыадычная пабудова, у якой першае адмаўляецца другім, але перамагае яго і ў новым аблічы зварачаецца ў трэцім, зьяўляецца частай і тыповай як для жыцьця, так і для думкі наогул, — успомнім гегелеўскую трыаду.

Другой рысай „Матчынага Дару“, характэрнай для шмат якіх кніг лірыкі, зьяўляецца тое, што гэты зборнік вершаў, будучы ў большай сваёй частцы чыста-лірычным, заканчваецца творамі эпічнымі. Поэта востра выявіў свае асабовыя пачуцьці і думкі ў першых двух разьдзелах. У трэцім разьдзеле асабовыя мотывы мала-па-малу адступаюць перад народнымі, і, нарэшце, у апошніх вершах кнігі зьяўляецца сюжэт, апавяданьне. Ролю моста ад асабовай лірыкі да эпічных твораў выконваюць вершы, напісаныя ў стылі народнай лірычнай песьні („Песьня“, „Хаўтуры“, „Мяцеліца“).

Характэрная для трэцяй часткі, „Праявы Роднага“, поэтычная перапрацоўка фольклёрнага матар‘ялу ўносіць у кнігу, у якой так многа горачы і пакуты, пачатак замірэньня: асабісты боль поэты падобна таму, як рака раствараецца ў моры, зьліваецца з агульна-людзкім. Кніга ў цэлым успрымаецца, як элегія з канцоўкай, якая перамагае пакуту і сум.

Гэтай пабудове кнігі адпавядае як намечаная кнігай біографія поэты, так і паасобныя вершы, напрыклад, элегія „Думы ў чужыне“, прасякнутая сумнымі жальбамі на лёс, якія пераможаны ў канцы вершу, і наступная элегія-пасланьне, якая таксама заканчваецца сьветлым лагодным акордам („З песьняў няволі“).

Побач з асабовымі мы знаходзім у кнізе таксама нацыянальныя і соцыяльныя элегіі, пераважна той іх від, які я назваў у сваёй поэтыцы элегіямі эпохі. Гэта — элегіі, у якіх поэта выяўляе свае смутныя думкі аб тым часе, у які ён жыве, і аб тым пакаленьні, да якога ён належыць. І яны, большай часткай, заканчваюцца перамогай поэты над сумнымі настроямі. У поэты ёсьць прадчуваньне, што вялікае жыцьцё прыйдзе пазьней, што яму яго пэўна не дачакацца. З гэтай думкай зьвязаны вельмі характэрныя для А. Гаруна канцоўкі, якія можна было-б ахарактарызаваць як сьветлы зрок да будучыны („Як надарыцца мінута“, „Мілая, родная старонка-маці“, „Ты, мой брат, каго зваць Беларусам“, „Мае думкі“, „Поэту“).

Асаблівай увагі заслугоўвае пабудова другога разьдзелу, „На Чужыне“, у якім найбольш выявілася лірычная мэлёдыя кнігі.

Разьдзел пачынаецца трыма лірычнымі вершамі, поўнымі адчаю:

Прад сабой я толькі вока
Бачу страшнага нябыцьця.

Гэта — як-бы першыя дні на чужыне. Далей ідуць тры вершы, якія рысуюць прыроду суровага краю, у якім асуджан жыць поэта: з пачатку — „Восень“, затым — верш „Мае думкі“, ў першых радкох якога малюецца надход зімы, і далей — „Навакол“, дзе малюецца зіма ў яе зэніце. Гэты парадак уносіць у разьмяшчэньне вершаў прынцып хронолёгічны, дае кнізе характэр дзеньніку, лірычнай аўтобіографіі. Гэтае ўражаньне падмацоўваецца і тым, што за вершам „Завіруха“, які малюе зноў-такі глыбокую зіму, праз некалькі старонак зьяўляецца „Вясна“ і ўсьлед за вясной—філëзофскае „Nocturno“, у якім мы бачым адзеты ў лісьце лес. Аўтобіографічнасьць уносіцца таксама і вершам „На сьмерць“, які напісан у сувязі з весткай аб сьмерці айца поэты.

Знадворныя факты біографіі пераплятаюцца з унутранымі фактамі, якія паказваюць, як пасьля першага адчаю поэта пачаў усьведамляць неабходнасьць узяць сябе у рукі і супакоіцца. Гэты настрой пачынаецца з вершу „Думы ў чужыне“, дзе поэта прыходзіць да думкі, што яго няшчасьце не зьяўляецца нечым нязвычайным. У вершы „На сьмерць“ айца поэта выяўляе думку аб бязьлітаснасьці бога, — думку, што адгукнецца пасьля ў вершы „Поэту“. Поэта шукае жыцьцёвай мудрасьці; вышэйшымі момантамі гэтага шуканьня зьяўляюцца „Nocturno“ і „Ідуць гады“. Сьветлыя думкі гэтых вершаў зьмяняюцца трыма пэсымістычнымі разважаньнямі над чалавечым жыцьцём наогул: „Адбітак“, „Як ліст вярбінкі маладой“ і „Нязнаны госьць“. За імі ідуць вершы, якія выяўляюць асабовую горач пісьменьніка („Матчын Дар“ і наступныя). У вершы "Поэту" узьнікае надзея, што праз гора мы прыйдзем да сьветлага дню. У наступным вершы поэта пасылае пракляцьці сваёй "Слабасьці", у вершы "Жыцьцё" ставіць пытаньне, ці можа чалавек жыць пакорным жыцьцём вала, і заканчвае разьдзел самым бадзëрым і самым соцыяльным з сваіх вершаў "Муляру". Такім чынам, увесь другі разьдзел па сваёй пабудове зьяўляецца як-бы элегіяй, якая пачалася да нотамі адчаю і йшла зьвілістымі, як само жыцьцё, шляхамі сьветлай веры, веры, якую—мы маем на ўвазе верш "Поэту“ і "Муляру"—наш пясьняр хоча перадаць і іншым людзям.

Элегійнасьць траціць мала-па-малу свае чорныя фарбы, вострае пачуцьцё адчаю зьмяняецца ціхім разважаньнем. Гэта элегійнасьць, зьвязаная ў першай палове кнігі з асабовым лёсам поэты, атрымлівае мала-па-малу больш шырокі характэр, зьвязваецца з думкамі аб жыцьці чалавечым наогул. Усё гэта падрыхтоўвае пераход ад тэм асабовае лірыкі да тэм народнае лірыкі і чыста эпічных твораў у трэцім разьдзеле кнігі "Праявы роднага". Што датычыцца эпічных твораў, то яны займаюць у кнізе больш самастойнае месца, ніж творы лірычныя: з пункту погляду пабудовы кнігі іх тэмы зьяўляюцца больш-менш выпадковымі, але невыпадковым зьяўляецца, па-першае, самы пераход аўтара ад лірычных тэм да эпічных, па-другое, іх элегійныя элементы і народны характэр.

У першым вершы, дзе аўтар лічыць неабходным не выдзяляць свайго няшчасьця, ён казаў:

Многа на сьвеце усякага творыцца!
Многа хто вершаў аб гэтым злажыў.
Часам паслухаеш, хто разгаворыцца,
Бог яго ведае, як яшчэ жыў.
................
Што-ж тады плакаці мне, маладзейшаму?
Я-ж ня прайшоўшы пуціну сваю:
Сэрца асталася. Не, весялейшаму
Трэба мне быць, а я плачу-пяю.

Ён ня толькі перамог у далейшых вершах захапленьне сваім уласным горам, але даў і малюнкі чужога гора, асабліва яскравыя ў вершах "Хатка“, „Жабрачка“ і "Сын“. Элегійнасьць поэты засталася, але яна стала больш спакойнай і альтруістычнай. Сваё гора аўтар выяўляе чыста лірычна, нічога не гаворачы аб тых соцыяльна-політычных абставінах, якія закінулі яго ў Сыбір. Чужое гора ён адбівае ў ліра-эпічных формах, высьвятляючы тыя факты і ўмовы, якія да гэтага гора прывялі: галоўнай крыніцай чалавечага няшчасьця зьяўляюцца беднасьць, залежнасьць бедных ад багатых, бязьлітаснасьць таго грамадзкага ладу, які вёў беднага чалавека да жабрацтва і поўнай пакінутасьці.

Уражаньню цэльнасьці кнігі дапамагае тэматычная зьвязанасьць паасобных поруч пастаўленых вершаў. Так, напр., верш „Добрыя дзеці", у якім дзеці выканалі раду ня мучыць сініцу ў клетцы і выпусьціць яе на волю, і наступны за ім верш "Салавейка“, у якім гаворыцца аб салаўі, што пасаджан у клетку і перастаў сьпяваць, — зьвязаны агульнай тэмай; гэтыя два вершы-блізняты[4] атрымліваюць у кнізе яшчэ новае алегорычнае значэньне дзеля таго, што яны гавораць нам і аб лёсе поэты, які таксама быў пазбаўлены волі, быў адарваны ал радзімы і траціў у цяжкіх умовах гэтай адарванасьці дарагі для яго дар песьні. Зьвязаны таксама і вершы "Восень" і „Мае думкі": у першым да поэты прыходзяць пад уплывам восені жудасныя думкі; у сэрцы загараецца жаданьне ўсьлед за гусямі паляцець у другі край; у наступным вершы думкі поэты улётаюць з ветрам удаль, у другі край, у родную Беларусь. Таксама зьвязаны "Начлег", у якім малюецца, як душа акунаецца ў блізкую да сну апатыю, і наступны верш "Скажы, братухна, калі параньне?", у якім поэта хоча прачнуцца і пытаецца, калі блісьне промень слонца і чаму поэта яго ўсё ня бачыць. У вершы "Дзяўчыначка-сэрца, сябе ня трывож" ёсьць упамінак аб каханай поэты, што дае тэму для наступнага вершу "Мая Люба". У разьдзеле "Праявы Роднага" чатыры вершы на любоўныя тэмы зьмешчаны адзін за другім, пры чым і тут назіраецца той пераход ад асабовай лірыкі да поэтычнай перапрацоўкі народных мотываў, які характэрызуе разьмяшчэньне вершаў у кнізе ў цэлым.

ІІ

Мотывы кнігі лірыкі, ня гледзячы на тое, што ў сваёй мастацкай аформленасьці і эмоцыянальных адценьнях яны не паўтараюцца, могуць быць шляхам абагульненьня зьведзены да некалькіх асноўных; з іx узаемаадносін складаецца душэўны сьвет поэты. Як мы бачылі, гэтыя мотывы адзначыў сам аўтар у сваім уступным вершы. Не адзначыў ён, як паасобны мотыў, толькі свае разважаньні аб жыцьці. Іх наяўнасьць і так зразумела: бяз іх не магла-б узьнікнуць кніга "дум і песьняў" (падзагалоўе "Матчынага Дару"). Вялікае значэньне гэтых мотываў у кнізе ўжо было намі адзначана; з гэтых дум і песьняў паўстае вобраз поэты як чалавека, які меў на жыцьцё пэўныя погляды, прасякнутыя моцнымі эмоцыямі і імкненьнямі. Да больш дакладнага высьвятленьня іх мы цяпер і пяройдзем.

Адносіны нашага поэты да сьвету, уласьцівыя яму па прыродзе, вызначаюцца яснасьцю і прастатой. Яны выяўлены ў першых жа радкох уступнага вершу, якія напісаны на частую лірычную тэму: я адзначыў яе ў сваіх неапублікаваных матар'ялах да клясыфікацыі лірычных мотываў, як "што я люблю". Сюды належаць, галоўным чынам, вершы, якія пачынаюцца з слова люблю і зьяўляюцца пералічэньнем дарагіх для поэты зьявішч. У той час, як іншыя поэты, адказваючы на гэтае пытаньне, часта выяўляюць у пералічэньні гэтых зьявішч орыгінальнасьць сваіх густаў і звычайна зьвязаную з гэтай орыгінальнасьцю аднабаковасьць, А. Гарун пачынае верш словамі: "Люблю і я скляпеньне зор" і г. д., гэта значыць, ён любіць усё, што ўласьціва наогул любіць людзям. Прадметы яго каханьня адносяцца да трох сьветаў: сьвету прыроднага, сьвету людзкога і сьвету выабражальнага:

Люблю і я скляпеньне зор,
Люблю зямлі абшар,
І роўны луг, і ўзгібы гор.
І шум лясны, і гвар.
Люблю жыцьцё, а ў ім людзей
І кшталты іхніх душ,
Люблю вянкі плясьці з надзей…

Ясны сьветапогляд поэты дае адказ і на пытаньне аб тым, як і для чаго жыць. У чым мудрасьць жыцьця — аб гэтым гаворыць нам прырода ўсімі сваімі зьявішчамі:

Прысуджаны шлях свой рабі дарагім.
Красуйся на радасьць сабе і другім.

Ці не для таго, каб выканаць гэты запавед прыроды, атрымаў поэта

пры самым сваім нараджэньні "матчын дар", г. з. жыцьцё, душу і cpoдак яе выяўленьня—скрыпку? Да поэты павінны былі прыйсьці "песьні-весялушкі“, ён павінен быў граць, "як пяе зямліца, як шчабечуць птушкі". А. Гарун хацеў-бы быць адным з гэтых радасных праяўленьняў мудрага жыцьця прыроды. У гэтым сэнсе ён набліжаецца да народнай творчасьці, у якой асабовае распускаецца ў агульным і тыповым. Ёсьць, праўда, у яго кнізе адзін верш, у якім поэта прызнаецца, што і яму была вядома спакуса індывідуалізму. Гэты верш — "Літаньне Адзіноце".—прызнаньне, якое толькі намекае на тую сторану душы поэты, якая не знайшла сабе яскравага выразу ў яго творчасьці. Неіндывідуалістычны ідэал яго поэзіі адлюстраваўся ня толькі на пабудове кнігі, але і на характары яго зьвязаных з народнай творчасьцю вобразаў. Асабліва гэта кідаецца ў вочы ў малюнках каханай жанчыны: тут няма нічога індывідуальнага; яго люба як-бы выйшла да яго з сьвету народнае казкі:

Ідзець каралеўнаю, добрай, ласкаваю, роўнай паходкаю.
Ціха ступаючы.

Межы паміж асабовай любоўнай лірыкай і мастацкай апрацоўкай народных мотываў у А. Гаруна сьціраюцца.

Нават і ў тых вершах, дзе поэта выяўляе свой асабовы душэўны сьвет, свой індывідуальны лёс, ён часта карыстаецца, як мы пабачым, вобразамі з дарагой для яго скарбніцы народнае творчасьці.

Цяжкае жыцьцё поэты замуціла ясны прыродны сьветапогляд яго. Лёс паслаў яму цяжкае гора, адарваўшы яго ад роднай зямлі і роднага народу, кінуўшы на чужыну, асудзіўшы на цяжкую і доўгую працу, якая адымала ў яго сілы і час, і разам з тым яго "матчын дар", поэтычную душу і дар песьні.

Не засталося у яго і веры ў неба. Аб гэтым сьведчыць яго верш "На сьмерць":

Ці-ж можна праўду нам знайсьці, калі маліцца
У неба чорнае ўляпіўшыся вачмі?

Тое, што тут сказана пад уражаньнем сьмерці айца, паўторана ў вершы "Поэту“:

Пакінь, пакінь сьпяваць а праўдзе тэй, што ў небе!
Яна — чужая нам, таемных праўда сіл.

Але поэт ня здаўся, ён вёў барацьбу, у якой ня раз цярпеў паражэньне і атрымліваў перамогу: аб гэтым ён казаў нам у разьдзеле „На чужыне". У вершы „Nocturno" ён апавядае аб тым, як сустрэў аднойчы ў лесе сваю Нядолю; ён пытае яе, чаму так сумна праходзяць яго дні, дні таго, хто так любіць жыцьцё, і яна дае яму раду:

Стаіць магутны лес, ізноў убраны
У зялёны ліст даглерлівай рукой,
І п‘ець спажыны клек, старыя гоіць раны.
Зірні: якая моц! Зірні, які спакой!

Што год ўміраець ён парой асеньняй,
Каб зноў аджыць, убачыўшы вясну.
І гэтак ўсё ідзець чаргою пераменнай:
То скіне сон з вачэй, то зноў ідзець да сну.

Расьцець дубочак тут, — які зялёны!
Другі, стары, калодаю палёг;
І сын ідзець ў гару, як бацька ў час мінёны.
Што даў жыцьцё яму, а сам зваліўся ў мох.

Цячэць ручайка вось і ту ж ні стала!
Німа яго, схавауся у зямлі,
А недзе — тамака рака зямлю прарвала
І воды тэй ракі па лузе пацяклі.

І ты, о, любы мой! Як лес зімовы
Заснуу, ляжыш, ні можучы устаць.
Але наступіць дзень вяселы, пекны, новы,
І радасьць вольнасьці павінна завітаць.
...............
Аб сьмерць пытаеш ты? Калі сканчыцца
Жыцце твае, — міленькі, ні пытай!
Спрабуй ад думак тых, ад хворых, палячыцца,
Прыходзь у гэты лес — паветро тут глытай.

Жыві, каб жыцце даць другім, малодшым,
Як дуб стары, што узгадавау дубка.
А там… ручайка знік! І мы пуцем каротшым
Пайдзем у зямлю за ім, каб выплысьць, як рака.

Жыцьцё з прыродай, блізасьць да яе былі для А. Гаруна ня толькі запаведам, але і той зьявай яго душэўнага жыцьця, якой ён даў мастацкае выяўленьне, найбольш удатнае ў вершы „Восень". Намаляваўшы, як зьмяняюцца ў дні глыбокай восені расьліны і дрэвы, як, прадчуваючы зіму, шукае сабе бярлогу мядзьведзь, як зьбіраюцца адляцець гусі і качкі, поэта гаворыць аб тым, як пранікае восень і ў яго душу:

Старое нешта усе спамінаецца,
Толькі ніясна, мауляу, праз туман.
Нейкі ніведамы жаль уздыймаецца,
Вабіць і цягне успамінак-дурман.

Сэрцо баліць пад жаданняу прымусамі,
Што за жаданні — ніяк ні пазнаць;
Можа ляцеці адгэтуль за гусямі…
Можа заснуць, каб нічога ні знаць?…

У наступным вершы ён выбірае першую магчымасьць: жаданьне уляцець у поэты, адарванага ад сваёй радзімы, зьяўляецца яго нязьменным жаданьнем:

Сокалам вольным і з пташшай гульлівасьцю
Як-бы, здаецца, адсюль паляцеў…

Ён ня любіць вакольных гор, гэтых "вартаўнічых няволі":

Белы сьвет, як чорна хмара,
Заступілі горы.

Ня маючы магчымасьці паляцець сам, ён зварачаецца, як гэта часта бывае і ў народнай песьні, то да гусей, то да ветру для таго, каб устанавіць сувязь з радзімай.

Мара аб крыльлях атрымлівае больш шырокі характар, не зьвязаны ўжо ня толькі з тым, што поэта разлучан з радзімай, але і з тым, што яму недаступна неба ("Адбітак")[5]:

Дзіўлюся я на зьзяньне ясных зораў, —
І сумна-сумна так, што я ня разам з імі.
Што жыць ня лёс мне ў вышыні нагорнай
І сьцежкамі хадзіць па небе залатымі.

У вершы „Думкі — дыямэнты“ ён хацеў-бы перад сьмерцю, як лебедзь, запець сваю перадсьмертную песьню і ўзьляцець над зямлёй:

Хай засьпеваю аб сьне залатым.
Веку людзкога радства.
Роунасьці, вольнасьці, брацтва, — аб тым
Веку красы хараства.

Можа, пачуушы прадзгонны мой сьпеў,
Сьціхла-б на сьвеці вайна…
З радасным духам-бы я паляцеў,
У царство кахання, відна.

У вершы „Ноч“ ён выяўляе жаданьне падняцца на страшэнную вышыню, дасягнуць неба і ўзяць ці украсьці там адпушчэньне сабе і ўсім ці, калі гэта ня ўдасца, упасьці і паламаць сабе крыльле. Але поэта ўсьведамляе, што ён асуджаны на бяскрылае жыцьцё:

Ня пры нас сьвяты час
Вызваленьня людзкога настане;
Мо‘ праз век чалавек
Да вялікага жыцьця устане.

Без бяды, бяз жуды
Будзе жыць-панаваць, весяліцца;
А для нас — цяжкі час
І чакаць, і цярпець, і маліцца…

Мару поэты аб крыльлі падмацоўвае пачуцьцё вялікай інэртнасьці, якая робіць наша жыцьцё шэрым і бясфарбным. Гэтую інэртнасьць ён знаходзіць ня толькі ў знадворным сьвеце, але і ў сваёй душы. Поэта піша верш "Слабасьці", ён шле ёй пракляцьці, ён абвінавачвае яе ў тым, што яна апутала яго дущу ганебным сном. Гэтае акунаньне душы ў сонны стан ён выявіў у вершы "Начлег". Душа, засыпаючы, з пачатку яшчэ чуе укоры сумленьня, але гэты голас змаўкае.

Вялікая інэртнасьць людзкіх душ зьяўляецца тэмай жарту "Каму што". Спакойна і цярпліва ідзе вол пад ярмом, і ці ня так жыве і чалавек? ("Жыцьцё").

Гэтай інэртнасьці трэба супроцьставіць іншыя творчыя адносіны да жыцьця. Поэту ён просіць пець аб горы і падмацоўваць у нас пачуцьцë гаротнасьці нашага лёсу:

Тагды, убачыш сам, парвуцца духа путы.
І будзе ясны дзень да нас тагды бліжэй.

Зьвяртаючыся да беларускага народу, ён заве яго скінуць з сябе путы апатыі, заве ісьці да будучага народнага шчасьця.

У вершы "Муляру" ён зварачаецца да рабочага, хоча адвесьці яго ад бязыдэйнасьці штодзеннага жыцьця да творчасьці будучыны.

Перамагчы закон цяжару, пракляцьце інэрцыі, грэх роўнадушша — вось дыдактычная старана гэтае лірыкі, прасякнутай марай аб крыльлі.

ІІІ

Пяройдзем да характарыстыкі тых мастацкіх сродкаў, якімі карыстаўся поэта, каб выявіць свой душэўны сьвет. Поэта умеу знайсьці адпаведныя сваім думкам і пачуцьцям мастацкія сродкі. Мы маем шэраг вершаў, якія радуюць упяршыню дасканаласьцю слоўнага выразу пэўных псыхічных станаў; стан чалавека, што напіўся ад адчаю у "Вясельлі", змораннасьць, якая хіліць да сну, у „Зморы", роўнадушша, апатыі ў "Начлезе"[6], васеньнія пачуцьці ў „Восені". Гэтымі дасягненьнямі поэта абавязан як свайму мастацтву эмоцыянальнай і мілагучнай вершаванай мовы, уменьнем знайсьці адпаведныя сваім думкам і пачуцьцям рытмы і вобразы, так і сваёй асабістай душэўнай тонкасьці і праніклівасьці.

Часамі яму ўдаецца выразіць сваю думку ў сьціслым, вострым і парадаксальным сказе, які мае выгляд унутраное супярэчнасьці:

Ў ясны дзень начую („Ночлег“)

Без пакоры у пакоры
Перабудзем сваё гора („З песьняў няволі“).

Але не заўсёды выяўляў поэта сваё глубокае і моцнае пачуцьцё ў празрыстай і яскравай думцы: часамі ён здавальняўся тым, каб перадаць толькі свой настрой. Гэта заўважваецца нават у вершах філёзофскіх па сваёй тэме. Так, напрыклад, у "Літаньні Адзіноце",-літаньні, якое перамяжоўваецца пракляцьцямі,-унутрана-супярэчныя адносіны поэты да адзіноцтва не знайшлі сабе выразу ў якіх-небудзь яскравых думках, якіх мы маглі-б чакаць у вершы філёзофскім ужо па свайім загалоўі: у чым для поэты чары і ў чым пракляцьце адзіноцтва, - гэта засталося таямніцай. Такім-жа непасрэдным пачуцьцём прасякнуты верш "Нязнаны госьць" пра дзіця, што прышло ў сьвет і ў якога адказам на запытаньне пра яго лёс з вачоў скаціліся дзьве пэрлінкі сьлез. Мы маем тут хутчэй сумны філëзофскі настрой, ніж ясную думку.

Непасрэдны лірызм А. Гаруна знаходзіць сабе стылістычны выраз у шырокім і вельмі рознастайным выкарыстаньні фігуры звароту. Поэта зварачаецца амаль да ўсіх тых зьявішчаў, аб якіх ён гаворыць. Часта увесь верш пабудован у форме звароту, аб чым сьведчаць ужо самыя загалоўі: "Людзям“, „Іванку“, „Іудам", "Я. Коласу", "Ветру", "Літаньне Адзіноце", "Поэту“, „Слабасьці“, "Муляру“, „Дзяўчаці". Жаданьне зьвярнуцца як да жывых істот нават да адцягненых паняцьцяў прыводзіць яго да іх увасабленьняў, якія часамі падкрэсьліваюцца вялікай літарай: Адвечнасьць, Адзінота. З дванаццаці вершаў першага разьдзелу форма звароту выкарыстана ў дзесяці, а з трыццаці шасьці вершаў другога разьдзелу-у дваццаці пяці.

Вельмі характэрным для А. Гаруна зьяўляецца яшчэ другі прыём, які наогул параўнаўча рэдка сустракаецца ў лірыцы. Поэта часта ўкладвае словы ў вусны пэўных асоб або ўвасобленых зьявішчаў. Так у вершы "Іванку", папікаючы яго за абібоцтва, поэта ўкладвае ў вусны людзей, якія ведаюць Іванку, яго характарыстыку як гультая. У вершы "Эх, сягоньня ў гэту ночку" поэта дае выабражальную прамову, якую ён сам казаў-бы на роднай вёсцы, калі-б мог даляцець да яе. У вершы "Мая Люба" прыводзяцца словы каханай дзяўчыны, у вершы "Матчын Дар"- словы маткі поэты, у вершы, прысвечаным Шэўчэнку- "залатыя словы" украінскага песьняра, якія вецер даносіць да касцоў. У вершы "Навука" даецца прамова настаўніка, які ў сваю чаргу ўстаўляе ў сваю прамову словы Рока. У вершы "Змора" прыводзіцца тое, што шэпча поэту на вуха сон. У вершы ,,Начлег" поэта чуе нечыя словы. У вершы "Слабасьці" словы гэтага ўвасобленага паняцьця прыводзяцца з пачатку ў укоснай, а пасьля у простай форме:

То-ж ты казала мне, каб я, хаця на час,
Зьмірыўся бы, пакуль тыран катуе….
...............
То-ж ты шаптала мне: „успомні, што ты сын,
Пацеха старасьці“.

У вершы „Восень" словы ўложаны ў вусны дрэваў. У вершы "Навакол" прыводзіцца сьпеў, які пяюць вятры. Словы ветру прыводзяцца і ў вершы "Вецер". У „Песьні сонца зварачаецца з прамовай да непаседлівага ветру, а дзяўчына-да таксама непаседлівага каханка.

Характэрная для поэзіі наогул анімізацыя зьявішчаў прыроды ў А. Гаруна выяўляецца, галоўным чынам, у тым, што ён надзяляе іх здольнасьцю да слова. Поэта прыпісвае прадметам тое, што ён лічыць асабліва вялікім і каштоўным. Сваё захапленьне словам, яго мастацкімі магчымасьцямі ён выявіў у вершы "Песьня-звон". Аб вялікай каштоўнасьці роднай мовы для беларускага народу поэта гаворыць у вершы "Ты, мой брат, каго зваць Беларусам".

Калі поэта заўсёды чуе прамовы розных людзей і зьявішчаў, то зусім зразумела, што ён любіць зварачацца да іх з пытаньнямі. Фігура запытаньня-таксама улюбёны прыём А. Гаруна. Часам у яго вершы-разважаньні маюць запытальную канцоўку: "Восень", "Адбітак", "Як ліст вярбінкі маладой" , "Скажы, братухна, калі параньне", "Жыцьцё". Сустракаецца гэты прыём запытальнай канцоўкі і ў вершах, якія ня маюць філëзофскай афарбоўкі: "Журба“, "Вясна“, "Салавейка“. Адзначым і запытальную канцоўку строф, пры чым наступная строфа можа часамі даваць адказ на пастаўленае запытаньне, а часамі не адказваючы разьвінаць іншы мотыў (гл. „Ідуць гады" і „Людзям").

Частыя запытаньні ўносяць у кнігу А. Гаруна пачатак гамлетызму. Гаворачы аб гамлетызьме, я маю на увазе традыцыйнае разуменьне шэксьпіраўскага Гамлета, паводле якога форма запытаньня зьяўляецца асноўнай формай быцьця Гамлета. (Правільнасьць гэтага разуменьня сустракае часамі супярэчаньні). Асабліва адчуваецца гэты гамлетызм у названых вышэй філёзофска афарбованых вершах.

Форма запытаньня, зьвязаная з душэўным станам, калі дзейнічае думка і ня дзейнічае воля, уроўнаважваецца адваротнай формай-формай загаду. Мы знаходзім у А. Гаруна вершы, у якіх ужыта на ўсім працягу загадная форма ("Хай ня льлюцца дажджы цемна-хмарныя"), вершы, у якіх загадны лад ужыты ў форме ахапляючага верш колца — у пачатку і ў канцы ("Ты, мой брат, каго зваць Беларусам") і асабліва часта вершы, якія маюць загадную канцоўку ("Чаму з маленства, з ураджэнства", "Мая Люба“, "Літаньне Адзіноце" і інш.) У вершы "Начныя думкі" паступовае ўзмацненьне волі перадаецца наступным чынам. У пачатку даюцца вобразы, якія ўзбуджаюць жаданьні (зьяўленьне жаданьняў выражана строфай з анафорычным "хочацца"), узмацненьне жаданьняў слоўна адзначана формай звароту поэты да прадмету каханьня, роднага краю (анафорычнае ўжываньне дзеяслова у загадным ладзе "дай мне" на працягу двух наступных строф).

Прыём укладваньня прамовы ў вусны істот, зьявішчаў і паняцьцяў, частыя запытаньні і загады прыводзяць А. Гаруна да дыялёгічнай пабудовы вершаў. Так, у вершы "Іудам" у вусны паноў уложаны лісія словы, якімі яны хочуць ашукаць народ. У далейшым поэта дае ім свой адказ, у якім ён паступова аналізуе іх абяцаньні. У вершы "Nocturno" поэта сустракае ў лесе сваю Нядолю і зварачаецца да яе з запытаньнямі, на якія яна адказвае доўгай, прасякнутай жыцьцёвай мудрасьцю, прамовай. Дыялёгічную пабудову вершу, у якім поэта ўкладвае словы ў вусны выведзенай ім асобы і адказвае на гэтыя словы, знаходзім мы і ў вершы "Муляру". Верш „Як ліст вярбінкі маладой" зьяўляецца дыялёгам поэты з рачной вадой, якая цячэ ў мора. У вершы "Нязнаны госьць" мы знаходзім прасякнутую запытаньнямі прамову поэты да дзіцяці і яго адказ дзьвюма пэрлінкамі сьлез. Да ўнутранага дыялёгу, дыялёгу поэты з самім сабой, набліжаецца верш "Ідуць гады". Дыялёгічна заканчваецца верш "Завіруха".

Усе разгледжаныя прыёмы-фігура звароту, укладваньне слоў у вусны асоб ці ўвасобленых зьявішчаў і паняцьцяў, фігура запытаньня, фігура загаду, дыялёгічная пабудова вершу-складаюць пэўную сыстэму мастацкіх сродкаў, якая адпавядае псыхолёгіі А. Гаруна, як лірыка.

Чысты лірык хацеў-бы зьліцца з сьветам, абняць сьвет. Немагчымасьць гэтага зьліяньня ўспрымаецца лірыкам як боль. Так званы лірычны струмень, піша адзін тэорэтык поэзіі, ёсьць нешта іншае, як струмень ад я да ты[7]. Такім лірыкам, які кахае сьвет і дзеля гэтага ажыўляе яго, зварачаецца да яго зьявішчаў і паняцьцяў, як да жывых істот, і надзеляе іх дарам слова, і быў А. Гарун.

Другі прыём, якім выключна часта карыстаецца наш пясьняр, гэта-прыём паўтарэньня. Яно сустракаецца у яго ў самых рознастайных формах: эпізэўксісу (простага паўтарэньня), анафары (аднапачатку), эпіфары (аднаканцоўкі), эпанастрафы (стыку), цыклю (колца). У большасьці лірычных вершаў А. Гаруна мы знойдзем тыя ці іншыя формы паўтарэньня. Паўтарэньні часамі зьвязваюць паасобныя паўрадкі і радкі, часамі строфы, часамі організуюць верш у целым (напр. "Начныя думкі", "Хай ня льлюцца дажджы цёмна-хмарныя", "Як ліст вярбінкі маладой" і інш.).

Апрача відаў паўтарэньня, якія навуковая стылістыка адзначае пэўнымі названымі вышэй тэрмінамі, сустракаюцца і іншыя больш рэдкія віды. Асабліва цікавым з гэтага пункту погляду зьяўляецца верш "Змора", весь прасякнуты орыгінальнымі слоўнымі і гукавымі паўтарэньнямі.

Блізкай да фігуры паўтарэньня зьяўляецца фігура зграмаджэньня сынонімаў ці слоў, розных па сэнсу, але выконваючых аднолькавую функцыю:

Што мне багацтва? Бяз грошы, бяз золата,
Быў бы магнат я, кароль багатыр…

Асабліва часта сустракаецца зграмаджэньне трох слоў:

Але наступіць дзень вясёлы, пекны, новы…
І дух непакоры, руіны, паўстаньня…

Часам сэнсавая блізкасьць такіх слоў узмацняецца іх гукавым падабенствам:

Аб чыстасьці, сьвятасьці, яснасьці душ…

Асобым відам паўтарэньня-паўтарэньнем парадку слоў--зьяўляецца сынтаксычны паралелізм, калі ў двух ці больш сказах ужыта аднолькавае разьмяшчэньне іх часьцін:

Хай ня льлюцца дажджы цёмна-хмарныя
Над зьмярцьвелаю пашаю,
Хай пачнуцца гады хлебадарныя
Над зямелькаю нашаю.

Сустракаюцца сынтаксычныя паралелізмы, якія зьвязваюць два паўрадкі:

Запомнены праз неба, нязнаны праз людзей.

Часамі такі паралелізм атрымлівае контрасны характар:

Злотам багатыя, сэрцам зьнішчэлыя.

Як вядома, прыём паралелізму часта сустракаецца ў песеннай лірыцы наогул і зьяўляецца ўлюбёным прыёмам народнае поэзіі. Тыпова-народны прыём вобразных паралелізмаў у адмоўнай форме, праведзеных праз увесь твор, мы маем у вершы "Хаўтуры", напр.:

Не на магілкі людзі кахану нясьлі,
А ў цэркву баяры ея павязьлі,

Такім-жа відам паралелізму заканчваецца „Песьня“:

Ой, з-за хмарак ясна слонца
Йшчэ ўзыйдзе,
Да дзяўчынкі-ж любы ў вечар
Больш ня прыйдзе.

Апрача разгледжаных стылістычных прыёмаў паўтарэньня, вялікае значэньне мае паўтарэньне як чыста-фонетычны прыём.

Важным відам гукавага паўтарэньня зьяўляецца рыфма. Сіла А. Гаруна не ў самых рыфмах, а ў іх разьмяшчэньні. Поэта не здавальняецца рыфмай у канцы радку. Мы назіраем у яго выключнае багацьце ўнутраной рыфмоўкі. Вельмі часта сустракаюцца ў яго рыфмы перад цэзурай, якія падкрэсьліваюць дзяленьне вершу на два паўвершы. Большай часткай, у гэтым выпадку рыфмай зьвязаны абедзьве паловы таго-ж самага вершу. Так мы сустракаем у А. Гаруна ў двух вершах радкі з двух анапэстаў, пры чым абодва анапэсты рыфмуюцца. Прывядзём толькі першыя строфы гэтых двух вершаў, у якіх тыя-ж самыя зьвязаныя рыфмай анапэсты гучаць аднак-жа зусім іначай,-больш шпарка ў першым і больш павольна ў другім.

У вершы „Вясельле“:

Гей, гуляй, ня думай,
Не глядзі панура.
Засьпявай, заіграй,
Загудзі віхурай.

У вершы „Ноч“:

У гэту ноч мне ня ў моч —
Няма сілы чакаць і маліцца…
Каб я ўмеў, каб я сьмеў
Узляцець, паляцець, ці разьбіцца.

Такую самую ўнутраную рыфму ў няцотных радкох строфы мы знаходзім і ў іншых вершах, напр.:

Чаму з маленства, з ураджэнства,
Ў жыцьцёвы май,
Ня ўмеў, як маці, шанаваці
Цябе, мой край?

Унутраную рыфмоўку знаходзім таксама ў першай і трэцяй строфе „Літаньня Адзіноце“.

Асаблівай увагі заслугоўвае вельмі складанае ўжываньне ўнутраной рыфмы ў вершы „Завіруха", дзе побач з сыстэмай рыфмоўкі, занатаванай вышэй, сустракаецца (і пераважае) рыфма, якая зьвязвае канец аднаго радку з канцом наступнага паўрадку:

Завіруха скача ноччу
Патарочай, плача, вые;
Пухавыя сыпе у вочы
Сьнегавінкі мне; рагоча.

Рыфмоўку, дзе абедзьве рыфмы зьяўляюцца сярэдзінымі, знаходзім у вершы "Змора":

Ня журыся, палажыся, адпачні.
Мардаваньне, сумаваньне адгані.

Нярэдка сустракаюцца і аднолькавыя канчаткі слоў, якія не зьвязаны з пэўнай цэзурай:

Восень халодная, чорная, хмурая…
Вольхі, рабіны, асіны з бярозамі.
Ночкай ля рэчкі раздольна, прывольна…

Сутракаюцца паўтарэньні складоў таксама ў сярэдзіне і пачатку слоў:

Ты-ж, як матуля, прытуліш і прымеш…

</poem>Сэнсавая блізасьць слоў матуля і прытуліш падкрэсьлена паўтарэньнем складу.

У радку

Потым прыходжу пануры, пахілы

на фоне алітэрацыі "п" і „х" востра ўспрымаюцца дысонансы галосных.

Усе разгледжаныя намі віды паўтарэньня складаюцца ў пэўную сыстэму мастацкіх сродкаў. Што датычыцца псыхолёгічнага асьвятленьня прыёму паўтарэньня, то гэтаму пытаньню прысьвечана цікавая брошура нямецкага дасьледчыка Роберта Лаха[8]. Паводле яго думкі, паўтарэньне ёсьць рэзультат аўтаматызму, які ахапляе нашую псыхіку ў хвілі моцнага ўзрушэньня, калі розум і воля яшчэ ня могуць падпарадкаваць яе сабе. У той-жа час паўтарэньне ёсьць і сродак сконцэнтраваць розум і волю і дзякуючы гэтаму вярнуць страчаную душэўную роўнавагу. Разглядаючы паўтырэньне ў яго значэньні для мастацтва і мовы, Лах лічыць, што паўтарэньне на першых кроках нашае культуры мела вялікае значэньне. Цяпер паўтарэньне захоўвае вялікае значэньне ў музыцы, хаця-ж і тут яго роля зьменшылася. Музыка зьяўляецца, па яго думцы, мастацтвам, у якім найбольш захавалася адзнак архаічнага мастацтва.

Калі стаць на гэты пункт погляду, то вялікае значэньне паўтарэньня у творах А. Гаруна можна растлумачыць, па-першае, сілай яго непасрэднага лірызму, зьвязанага з душэўнай узрушанасьцю, і, па-другое, сувязьзю нашага песьняра з архаічным відам слоўнага мастацтва, з народнай творчасьцю.

Поэтычнае мастацтва А. Гаруна выяўляецца і ў яго досыць рознастайнай і орыгінальнай строфіцы.

Канонічных іменаваных строф мы ў яго не знаходзім, калі ня лічыць вершу, які з вялікай нацяжкай можна было-б аднесьці да сонэтаў. Гэта — „Жыцьцё“:

Жывець спакойна вол пад тым ярмом сваім,
Намуліў карк. Мазолі, скрозь мазолі!
Падкінуць сена жмут — яму й таго даволі,
І льос мізэрны свой ні назаве благім.

Цярпліва зносіць ен нівыгады жыцця:
Ніхай яго часамі злаюць, ліха,
Хай сьвішчэ страшны біч, — пакорліва і ціха
Ідзе разораю. Кіруе ім дзіця.

Жыві-ж, спакойна, вол, хадзі ў сваім ярме,
Цягай плугі і лій свой пот на пана,
Хаця ні ведаеш, якая рэч пашана.
На што яна табе? Сьляпому добра у цьме,
Лягчэй ісьці яму дарогаю жабрачай…

А ты — жывелаў цар? Ці ж ты жывеш іначай?!..

Мэтрыка гэтага вершу з сонэтнага пункту погляду ня вытрымана (шасьцістопны ямб зьмяняецца ўва ўсіх другіх радкох кожнай строфы пяцістопным ямбам); рыфмоўка ў другой строфе іншая, ніж у першай; аднолькавыя словы сустракаюцца ў разных месцах вершу. І ўсё-ж такі ў гэтым чатырнаццацірадковым вершы ёсьць вельмі характэрныя рысы сонэтнае пабудовы. Два катрэны даюць апісаньне вала, што ідзе пад ярмом, пры чым другі катрэн разгортвае тэму першага; дзевяты радок зьяўляецца зваротам да вала, прадмету апісаньня; апошні радок (ключ сонэту) выдзелен як фінальны акорд і зьяўляецца зваротам да чалавека, зваротам, які перакідае ўсё, што было казана, у матар'ял для супастаўленьня і адчыняе сваім ключом запраўдную тэму вершу. Композыцыю гэтаго вершу-4+4+5+1-поэта передае і графічна адпаведным надрукаваньнем.

Заслугоўвае вялікай увагі строфіка вершу "Ідуць гады":

Ідуць сабе гады, ідуць,
Бы карагод без конца,
Што у небі зорачкі вядуць
Ля месяцу, ля сонца.
Ідуць сабе гады, ідуць —
І чалавек за імі.
Куды цябе яны вядуць,
І сьцежкамі якімі?

— «Ніведама мне скуль усе і што я;
Ніведама мне сама сьцежка мая,
Ніведама мне і куды я іду.
Пытання ні маю, ці што там знайду,
Ніведаю жыцце, ці шчасьце, ці не, —
Пачалося гэта, браток, ні на мне».

Ідуць гады, ідуць гады
І з імі усе на сьвеці.
Сягоння ты, а йшлі дзяды,
А заутра пойдуць дзеці.
Ідуць гады і ты ідзеш
У здагонь за імі, з імі.
На што, скажы мне, ты жывеш
І з думкамі якімі?

— „З аднэю я думкай у сьвеці жыву,
Настаунікам узяушы і лес і траву,
Крыніцы і кветкі, і цемру, і сьвет,
І месяц, і зоры, і сонца прывет.
Прысуджаны шлях свой рабі дарагім,
Красуйся на радасьць сабе і другім.“

Няцотныя васьмірадковыя строфы, якія напісаны шпаркім і адрывачным ямбам, перадаюць зьмену гадоў, што невядома куды вядуць чалавека і ўзбуджаюць у яго душы прасякнутыя незразуменьнем пытаньні аб сэнсе гэтага бязупыннага руху. Адказы на гэтыя запытаньні даюцца ў шасьцірадковых строфах, якія напісаны павольным і пявучым амфібрахіем.

Бязупынны рух. надыход усё новых і новых гадоў, падкрэсьліваецца анафорычным „ідуць“ у кожным з чатырох радкоў ямбічных строф. У пачатку кожнае з гэтых дзьвюх строф даецца агульны об'ектыўны малюнак зьмены гадоў, у канцы робяцца суб'ектыўна афарбованыя вывады ў форме запытаньняў. Запытальныя канцоўкі гэтых строф узаемн зьвязваюцца і ўзмацняюцца сынтаксычным паралелізмам:

Куды цябе яны вядуць
і сьцежкамі якімі?
..............
На што, скажы мне. ты жывеш
і з думкамі якімі?

Таемнічасьць жыцьця падкрэсьлена ў першай амфібрахічнай строфе анафорычным "няведама", у другой-об'ектыўнасьць тэй мудрасьці, якая раіцца поэтай, падкрэсьлена перысолёгіяй-пералічэньнем зьявішч прыроды, якія жывуць паводле гэтае мудрасьці. Чаргаваньне ямбічных і амфібрахічных строф органічна зьвязана з дыялёгічнай пабудовай і з тэматыкай вершу наогул. Ідэëвай важнасьці разгледжанага вершу ў кнізе адпавядае яго мастацкае аформленьне.

Трэці верш, на пабудове якога я спынюся, гэта-"Асеньні спеў":

Пойдзем, каханачка, двое
У лес у густы.
Ціхі, бо скончыў свае панаваньне:
Жоукне, галее, мураўка ў ім вяне,
Чарнеюць кусты.
Пойдзем, галубка, пад дубам
Прысядзем, мая.
Гэным убачым лістоў ападаньне.
Шэлест іх сумны пачуем, шаптаньне,
І звоны руч‘я.
Будзем адны мы на сьвеце
З табою, адны
Тыя, што прыйдзем у часе скананьня
Беднаму лесу сказаць на жагнаньне:
— „Да новай вясны“.

Уражаньне, якое робіць гэты верш, дасягаецца ня толькі нешаблёнавым і мілагучным злучэньнем розных па сваёй мэтрыцы радкоў у строфу, але і гармонічным разьмяшчэньнем слоў і вобразаў. Усе тры строфы пачынаюцца з прасякнутага душэўнай ласкай звароту да каханкі (2 радкі), пасьля чаго даецца вобраз лесу ў час яго блізкага скону (тры наступныя радкі); увесь верш заканчваецца сумным і ласкавым зваротам каханкаў да лесу:- "Да новай вясны", -зваротам, якім дасягаецца злучэньне абедзьвюх тэм вершу. Ласкавасьць зваротаў да каханкі ўзмацняецца ў другой строфе інвэрсіяй слова "мая", у трэцяй строфе-паўтарэньнем слова адны".

Апрача разгледжаных трох вершаў, орыгінальную строфічную пабудову знаходзім у вершах "Песьня-звон", "Навакол", "На сьмерць", "Літаньне Адзіноце", "Салавейка".

Спынімся і на тых сторанах слоўнага мастацтва нашага поэты, якія робяць адмоўнае ўражаньне. Адзначым:

1) расходжаньне паміж граматычным націскам слоў і мэтрычным запатрабаваньнем:

Мілая, родная старонка-маці (замест старонка).
Думкі-дыяменты, краскі жыцьця (замест дыамэнты).
Пачалася гэта, браток, не на мне (замест пачалося)
Старае нешта усе ўспамінаецца (замест старое).
Аб сьмерць пытаеш ты? Калі сканчыцца (замест скончыцца).
А усьмешка каханай -ў зялёным аксаміце луга мурожнага (замест аксаміце).

2) няправільнасьць граматычных форм, ужытых для захаваньня рытму і рыфмы (гл. „Поэту“, „Слабасьці“).

3) нявытрыманасьць рытму ў форме лішніх складоў, часамі непасрэдна перад цэзурай, ці непасрэдна пасьля яе, напр. у вершы „На сьмерць“:

Бяшчасны тата мой. Усім адна дарога…
У торганьня разлукі ня так катуюць строга.

Асабліва слабым у рытмічных адносінах зьяўляецца верш "Вецер"; сапсуты нявытрыманасьцю рытму верш "Сын".

4) цяжкасьць сказавых конструкцый, напр.:

Хай засьпяваю, як лебедзь, калі
Прыйдзе гадзіна яму,
Ўзьнесшыся ў неба ад маці-зямлі,
Рыне ў адвечную цьму.

5) Недахопы ў лексыцы (наогул у А. Гаруна орыгінальнай і досыць багатай) у відзе частага ўжываньня такіх русіцызмаў і полянізмаў, якія супярэчаць стылю беларускае мовы. У акадэмічным выданьні гэтыя асаблівасьці мовы поэты будуць адзначаны ў увагах. Лексіка А. Гаруна патрабуе спэцыяльнага лінгвістычнага досьледу.

Запрапанованы на гэтых старонках далёка невычэрпваючы разгляд кнігі А. Гаруна, яе пабудовы, яе мотываў, яе поэтычных сродкаў зьяўляецца толькі матар‘ялам, які, у сувязі з усёй спадчынай пісьменьніка, у сувязі з яго біографіяй, з яго літэратурным і соцыяльным асяродзішчам, можа дапамагчы навукова высьвятліць творчасьць поэты, яе крыніцы і яе значэнне ў беларускай літаратуры.




  1. Узвышша 1927 г., № 5 ст. 133.
  2. Узвышша 1927 г., № 1.
  3. U. Belart. Gehalt und Aufbau von H. Heіnes Gedichtsammlungen. Bern 1925.
  4. Аднойчы Гётэ пастараўся два вершы, якія адпавядаюць адзін другому, надрукаваць у сваёй кнізе так, каб адзін верш быў надрукованы на адваротнай старонцы аднаго лісту, а другі на пярэдняй старонцы наступнага; такім чынам, абодва вершы стаялі поруч у зрокавым успрыяцьці. Тое ж самае зьявішча знаходзіць Бэлярт і ў кнігах Гейнэ (Два сонэты да маткі, 8 першых вершаў Fresco-Sonette і інш).
  5. Таксама паўтарае А. Гарун і надае больш шырокі сэнс другому свайму улюбёнаму вобразу. У вершы "Я. Коласу ён параўноўвае сябе з зернем, якое вецер занёс у чужыну, ня даўшы яму з рук сейбіта ўпасьці на родную глебу. У вершы "Nocturno" поэта называе сябе "адлучаным ад дзераўца лістком", — вобраз блізкі да першага. І, нарэшце, у вершы "Як ліст вярбінкі маладой" мы маем далейшае разгортваньне таго-ж самага вобразу.
  6. Па тым душэўным вопыце, які выяўлен у гэтым вершы, яго цікава супаставіць з вершам Пушкіна "Стихи, сочиненные ночью во время бессонницы". Тэма Пушкіна-бяссонніца сярод ночнай цемры. Тэма А. Гаруна-адваротная: сон душы і розуму ў ясны дзень. Але і ў аднаго і ў другога ў гэтым стане, памежным між сном і дбаньнем, мацней, ніж звычайна, гучыць унутраны голас, у цёмнай таемнічай прамове якога абодва поэты чуюць словы дакору, словы сумленьня.
  7. H Falkent.Іd. Wort und Scele. Leіpzіg 1913, ст. 80. У пятай главе гэтай кнігі выказаны вельмі тонкія думкі аб каханьні да сьвету як крыніцы лірызму.
  8. R. Lach. Das Konstruktіonsprіnzіp der Wіedertolung іn M.sіk, Sprache und Lіter tur. Wіen. 1925.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.