«Маладая Беларусь»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
«Маладая Беларусь»
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1911
Крыніца: Наша Ніва. 3(16) лістап.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Калі беларускі нацыянальны рух толькі пачынаўся, гэта быў рух чыста сялянскі: васьмімільённая мужыцкая грамада першы раз падала свой голас, пачала сама гаварыць аб сабе і сваіх справах, выказываючы свае думкі так, як было найлягчэй, - у роднай беларускай мове.

За наш народ лішне доўга гаварылі другія: або зусім чужыя людзі, або тыя сыны беларускай вёскі, каторыя выйшлі "ў людзі" і на сваіх сярмяжных братоў глядзелі зьверху ўніз. Ведама, ні адны не маглі пераказаць таго, што думае і чаго хоча народ: яны або ніколі ня зналі беларускага сялянства як ніжэйшага, "простага" стану, або так ад яго далёка адышліся, што перасталі разумець людзей, між каторымі ўзрасталі змалку. Затое усе шчырыя дэмакраты горача віталі прабуджэньне вёскі і сталі працаваць над тым, каб ей лягчэй было выказываць усе, што праз доўгія гады было зачынена ў галовах сялянства цемнатой і бяспраўным палажэньнем. Пачалася работа над разьвіцьцём "простай мовы", каб беларус мог гаварыць аб усім па-беларуску: гэта - найлепшы спосаб выказываць свае думкі.

І паліліся мужычыя думкі ў вершах-песьнях, гутарках-казках, у пісьмах і карэспандэнцыях, друкаваных у беларускай газэце і кніжцы. Простыя, шчырыя словы народу прамовілі да душы і сэрца ўсіх, хто не загубіў здольнасьці разумець чужы боль і гора. Загнаная, абкіданая пагардай і асьмеяная родная мова разам зрабілася дарагой і мілай сэрцу ня толькі селяніну-землеробу, але і яго сыну інтэлігенту. І вось на нашых вачах родзіцца беларуская інтэлігенцыя: беларус, каторы зразумеў, хто ён такі, калі йшчэ хадзіў у сярмязе, ужо ня можа перастаць быць беларусам, хаця сярмягу замяніў на сурдут ці мундзір.

Ёсьць, праўда, людзі, каторыя даводзяць, быццам лічыць сябе беларусам і гаварыць па-беларуску можна толькі датуль, дакуль жывеш у мужыцкай хаце, у холадзе і голадзе, з жывёлай, парасятамі, курамі і т. д. Так думаюць розныя Саланевічы, каторым няўсмак пайшло нават тое, што ў беларускім тэатры і па-беларуску іграюць п'есы з жыцьця не мужыкоў, а шляхты! Калі ты інтэлігент, - кажуць яны, - дык будзь расейцам, палякам або чым толькі хочаш, але не беларусам!

Жыцьцё разьбівае ўсе хітрыя выдумкі ворагаў беларускага народу: спачатку зусім малая жменя народных інтэлігэнтаў з кожным днём расьце і здабывае большую сілу.

Ужо даўно падымаліся галасы гэтых інтэлігентаў і ў "Нашай Ніве", і шмат гдзе яшчэ, трэба чым баржджэй узяцца за выдаваньне месячніка ці іншага журнала, каб здаволіць патрэбы нацыянальна сьвядомых інтэлігентных беларусаў, каб яны маглі шырэй і свабадней выказываць свае думкі, разьбіраць і разьвіваць нашы нацыянальныя і агульнакраёвыя пытаньні і т. д., каб было гдзе друкаваць вялікшыя і больш сур'ёзныя літаратурныя творы. Аб гэтым многа гутарылі, многа думалі. Але неяк не маглі зь сіламі сабрацца.

Урэшце такі сабраліся: гэтымі днямі мы дасталі дужа радасную вестку зь Пецярбурга, што тамака справа наладзілася і з канца гэтага году пачнуць выдаваць беларускія зборнікі, каторыя павінны пакуль што замяніць дужа патрэбны беларускі месячнік. Вось, што нам пішуць:

"Сучасная беларуская мысьль выліваецца на паперу у "Нашай Ніве", календарох і беларускіх кніжках. З гэтых выданьняў кожнае мае сваю вядомую мэту; да гэтай мэты нагібаецца і іх істота. Аднак усё болей знаходзіцца між прабудзіўшыміся беларусамі думак і твораў, для каторых з розных прычын няма мейсца ў сучасных беларускіх выданьнях, і многа ёсьць такіх людзей, каторых сучасныя беларускія выданьні мала здаволіваюць. Вось, з гэтай-то прычыны ўжо даўно чуецца патрэба такога выданьня, дзе бы маглі знайсьці прыпынак дасюль бяздомныя творы, дзе бы магла падзяліцца сваімі думкамі ўся Маладая Беларусь. Такім выданьнем быў бы найбаржджэй месячнік, ці часопісь. Але сягоньня мы можам пачаць толькі ад зборніка. Хрысьцім яго - "Маладая Беларусь".

"Маладая Беларусь" будзе выхадзіць кнігамі ў 160 стр., фармату 14х21 сант. Кніжкі будуць выхадзіць адна за аднэй як толькі набярэцца матар'ял. Ідучы да сваей мэты, "Маладая Беларусь" будзе мець аддзелы: 1) грамадзянскі, дзе будзем разьбіраць неадложныя для ўсяго беларускага грамадзянства пытаньні; 2) навучны - з асаблівай увагай на навучнае пазнаньне Беларусі; 3) аддзел прыгожага пісьменства".

Усё выданьне будзе вясьці выдаўніцкая беларуская суполка "Загляне сонца і ў наша ваконца", вядомая ўжо тым, што пусьціла ў сьвет багата беларускіх кніжок. Работа, за каторую суполка цяпер узялася, дужа важная і патрэбная, і мы ад усей душы шчыра вітаем яе думку. Хай жыве і разьвіваецца "Маладая Беларусь"!