Перайсці да зместу

«Зарунела, зарунела аксамітам»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
„Зарунела, зарунела аксамітам“
Артыкул
Аўтар: Адам Бабарэка
1926
Крыніца: „Маладняк“, 1926, № 1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




М. Чарот. — Выбраныя вершы. — Выданьне ЦБ Маладняка. Менск — 1925 г. стар. 32, ц. 15 к.

Зборнік М. Чарота выбраных вершаў вызначаецца суцэльнасьцю. Калі „адважны падарожнік“ (галоўны герой творчасьці Чарота) у „Завірусе“ змагае нягоды жыцьця, зьмятае з родных палеткаў „жыцьця пацяруху“, то цяпер мы яго бачым у тую весну, якую радзіла восень. Коньніца чорных дзён стрымана, буралом спалены, заіскрыла сонца — і адважны падарожнік, імя якому вялікі камунар, у зборніку выбраных вершаў як–бы робіць агледзіны „здратованых, прыбітых“ палеткаў, робіць агледзіны загонаў пасьля „Завірухі“. Перад яго вачыма расьцілаецца аксамітам рунь маладога жыцьця, жыцьця новага. Ён бачыць яго ў росьце і пашырэньні прастору нараджэньня гэтага новага, маладога. Вось „маладняк ахіляе край іскравым лісьцем“, вось змагальніка човен „пераплыў ужо мель“ — „над балотам туманную бель“ разагнаў; вось „расьце і мужае комсамольцаў адважная раць“, якія ня ведаюць страху ў змаганьні; вось „на полі вораным сьлед праложан калясом“, сьлед новы на багаты ўраджай, „залом тут болей не заломан“; вось „паўзуць машыны ў шыр і даль палёў, балот“; а вось і пробліск новага каханьня. Усё гэта новае і маладое праходзіць перад вачамі адважнага падарожніка, і яго ахапляе радасьць. У гэтай радасьці ён як– бы зьліваецца з усім гэтым маладым, фактычна і ён сам — гэта маладое, — і гымнам разносіцца песьня „плывем к прыгожа–сьветлай далі“, дзе „відаць маяк–агонь дзяньніцы“ — маяк соцыялізму, а прыстань — сусьветная восень. Але ў гэтай плыні адважны падарожнік стаіць наперадзе, схіліўшы сярпом далонь да вачэй, і пазірае „моўчкі ў даль, у шыр блакітнага бяздоньня“.

Вось гэтым асноўным вызначаюцца і ўсе тэхнічныя сродкі, пры дапамозе якіх створаны М. Чаротам мастацкія вобразы і іх акроса. Рытмы гэтых вобразаў вышыты ў большасьці на анапэстычнай і ямбічнай аснове, але дзякуючы іпостасам і паўзам, частым ападаньням ненаціскных складоў, гэтыя рытмы павяваюць тым– жа маладым, якое ў сабе зьмяшчаюць. Тое самае льга сказаць і пра самыя вобразы. Цікава зазначыць, што асноўным вызначаецца і композыцыя лірычная. Так, у вершы „Плывем к прыгожа–сьветлай далі“ бачым цікавы композыцыйны прыём перавіву. Другі радок першай страфы спавівае першым і апошнім радком другую страфу; у сваю чаргу, другі радок гэтай страфы спавівае трэцюю і г. д. Гэта набяганьне хваляй на хвалі, якія нясуць човен да прыгожых даляй. Композыцыйнае хваляваньне праходзіць праз шмат якія вершы; так, перавітымі пярсьцёнкамі вызначаецца верш „Зарунела“.

Канчаючы кароткі агляд, мне хочацца зазначыць, што зборнік выбраных вершаў М. Чарота выяўляе перад намі той кругагляд, які зарунеўся новай маладою, поўнай імкнённасьці да росту, вясновасьцю, якая нарадзілася Кастрычнікаваю восеньню. Гэта той краявід, на прастор якога, у сінь прыгожа выйсьці, каб, будучы авеяным яго прыгожасьцю руні, ня спыняцца йсьці далей і далей — усё наперад і наперад.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.