Наддзьвіньне (1926)/Францішак Скарына

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ліст да палачан Францішак Скарына
Аповесьць
Аўтар: Сымон Хурсік
1926 год
Дзьвіна

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




С. ХУРСІК.

(Аповесьць).

С. ХУРСІК.


С. ХУРСІК.

I.

Тысяча пяцьсот трыццаты год быў суровым, сумным і страшным для усёй Беларусі і асабліва для гораду Вільні. Памятка аб ім надоўга засталася ў памяці людзей якойсьці чорнаю, непазбытнаю ды зьзяючаю плямай — ранаю…

Вясна ў гэтым годзе прышла раньняя, захапліва-радасная, пышная.

Шмат гадоў прайшло з таго часу, як бачылі беларускія палеткі такую магутную ды дзівосна-пульхную зеляніну. Зялёныя лугі, бясконцыя бы мора, усьміхаліся кветкамі, зьзялі мітульгой рознастайнай. Жыты, як хмары ў небе, вайдаваліся, плылі.

Радасьць людзей была бязьмежнаю: усе чакалі багатага жніва, вялікага ўраджаю.

Дні ішлі спакойныя, ціхія, нібы ў вырай журавы плылі.

А сонца прыпальвала ўсё мацней ды мацней.

Гэтак адсьмяліся, адцьвілі цэлыя тыдні, а на небе не паказалася ніводнага воблачка.

Пачаўся сухмень.

Занепакоілася, захвалявалася бяднота вясковая, замшавелыя вёскі нямы жах абхапіў.

А багатая Вільня, тым часам, жыла спакойна, весела, бястурботна. Сьпякоты дзён зьмяняліся сінімі вечарамі, пахучымі ды мяккімі чарнявымі начамі. У гэтыя ночы ў небе зоры іскрамі пырскалі, часам падалі кудысьці ў ніз, як буйныя сьлезы з воч, зара з зарою цалаваліся.

Багатыя вільняне жылі весела і бястурботна…

∗     ∗

Ліпнёвы дзень сканаў, захліпнуўся. Яшчэ пырскаў захад сьмехам лілёвым, але ў гэтым яго сьмеху ўжо чулася штосьці адпетае, аджыўшае, паканаўшае без надрываў, — такое, што ня можа вярнуцца назад, а бывае ў жыцьці толькі аднойчы.

Дзень сканаў, захліпнуўся. Ён утапіўся ў растопленым золаце вечару…

Вільня зашумела, залаташылася, аддалася вясёласьці. Вуліцы заліліся сьвятлом.

Гул вуліц і музыка начы зьліліся ў адзіную нявымоўную мэлёдыю, у вадзіны гымн жыцьцю…

Але нічога гэтага сёньня ня чуў і ня бачыў слаўны вучоны палачанін Францішак Лукіч Скарына. Ужо больш як з поўгадзіны ён узрушана хадзіў па сваім невялічкім, цёмным і суровым пакоіку.

У шэра-блакітным змроку начы яго аграмадная чорная фігура казалася нязвычайна вялічэзнай і магутнай, нібы з жалеза выкутай.

У кароткіх гуках, што выляталі з-пад яго ног, і ў зложаных назадзе руках чулася непамерная, казачная моц.

Хадзіў па пакоіку і аб чымсьці упорчыва думаў.

— Труцень агідны! — вырвалася ў яго, нарэшце, — ліха няма на вас, ляхі!..

Спыніўся ля акна і застыў. Цьмяна-зеленаватае неба з золатам зор патыхнула на яго чымсьці блізкім і знаёмым, чымсьці родным, дарагім сэрцу, але даўно запамятаваным. Стаў успамінаць.

— Гэта я на Полаччыне, дома, яшчэ ў дзяцінстве такія ночы бачыў, зялёнае неба, — ачнулася ў яго ў памяці, — калі я часта ў дзіцячым задуменьні сядзеў над шумлівай і бойкай Палатою, або над гордаю, магутнаю Дзьвіною… Колькі хараства там… і гора было…

І як хмары па небе, як цені па жытнёвым полі, паплылі ўспаміны пярэстыя перад ім.

Вось ён бачыць сябе маленькім хлопчыкам, калі вучыўся ў Полацку ў царкоўнай школцы. Нахмураны, суровы настаўнік поўпісьменны важна ходзіць па клясе, як прыганяты, за чубы каго трасе, каго за вушы…

Патом Вільня… Шчырае вучэньне… Пераход у каталіцтва, каб у Кракаўскі унівэрсітэт папасьці… Зноў напружаная праца… Дыплём бакалаўра філёзофіі… Агіднасьць да ачумелай каталіцкімі ідэямі прафэсуры…

Далей вандраваньне аж у Гіталію, у Падуанскі унівэрсытэт… Мучэньні, нявымоўныя мучэньні… беднасьць бязьлітасная… Урачысты экзамен. Новы дыплём «доктара лекарскіх навук»…

Потым зноў вандраваньні… Знаёмства з друкарскай справай… Друкаваньне беларускіх кніжак у Кракаве… Адтуль выжылі… думалі, што забудуся на свой край, забудуся, — хто я!.. Тупавумныя!.. Воўк і той любіць сваё логава, свой куст, дзе радзіўся!..

— Эх, ня быць прыгнёту! — сказаў Скарына скрозь зубы ў голас і адышоў ад вакна.

— Алеська! — гукнуў ён праз хвіліну, — прынясі мне сьвятло!

Скрыпнулі зьлёгку цяжкія дзьверы і ў пакой увайшла з лямпаю ў руцэ прыземістая дзяўчынка. Паставіла лямпу на стол, за якім заўсёды працаваў Скарына, і на дыбачках выбегла з пакою.

Скарына расшпыліў на сабе сваю доўгую чорную мантыю і прысеў за стол. Порстка адгарнуў убок кавалачкі дрэва, на якіх ён вырэзваў узоры, каб пасьля аддрукаваць іх у кніжцы, узяў невялічкую дошчачку з недакончаным узорам і пачаў яго асьцярожна дамалёўваць, каб пасьля было як вырэзваць.

Цёмна-сінія вочы ўпіліся ў вузор. Белая, як мармур, правая рука паслушна выводзіла чорныя рыскі, фігуркі. У моманты перапынку чуць прыкметнаю дробнаю дрыгвоткаю дрыжэлі доўгія пальцы…

А калі рука выводзіла нязвычайна цяжкі завіток, то твар мастака напружваўся. Па ім пачыналі перабягаць цені, уздрыгваць мускулы ды вялікі, крыху вуглаваты, падбародак…

Прайшло толькі некалькі хвілінак і на твары Скарыны і сьлядочку не засталося ад нахмуранасьці і нездаволеньня. Цяпер па ўсім яго абліччы разьлілася якаясьці ласкавая, мяккая замілаванасьць да гэтых чорных выкрунтасаў — завіткоў, да справы. Мажліва, што ў гэты момант дзесь глыбока ў сэрцы думка пяшчотная зацяплілася ды зазьзяла на твары цёплаю і мяккаю ласкавасьцю.

Зайдзі ў гэты момант у яго пакой хто-небудзь пабочны, дык і падумаць ніколі не падумаў бы, што гэта сядзіць за такою простаю справаю той вялікі палачанін, «бакалаўр філёзофіі» і «доктар лекарскіх навук», чыё імя вядома ўсяму вучонаму захаду, хто адмовіўся ад пыху і блеску каралеўскіх двароў абы толькі працаваць на карысьць свайго народу,

Але-ж Скарына мала лічыўся з тым, што пра яго могуць сказаць людзі, што на яго могуць паглядзець з кплівым задзіўленьнем. Справа для яго была ад усяго даражэй. Вось надрукаваць бы яму кніжку лішнюю ды даць яе для навучаньня не багатыром, не князём, а «люду простаму, паспалітаму», як ён часта сам казаў. Вось гэта было для яго ўсім. Вось таму і сядзеў ён так пільна над сваёю працаю ды старанна выводзіў рыскі, завіткі, фігуркі: усё-ж кніга будзе прыгажэйшаю.

— Яшчэ толькі адны суткі, — думаў Скарына за працаю, — і выйдзе новая кніжка… Гэта — вялікае сьвята!.. Кожная новая кніжачка — крок да самазабароны, вялікі крок да перамогі беларуса-бедняка над сваімі ворагамі! Хай ідуць да сьвету, вучацца, разумнеюць, каб цемра беспрасьветная не асіліла, вораг люты і бязьлітасны не асядлаў, не запанаваў бы!..

Так сядзеў, углыбіўшыся ў сябе, аддаўшыся дарагім і блізкім сэрцу думкам і пільна з захапленьнем працаваў.

— Юры Лукіч, — раптам гукнула за дзьвярыма дзяўчынка, што прыносіла ў пакой лямпу, — Даніла да вас прышоў!

— Ага?.. Калі ласка… Хадзі, браток… Ну, як там?..

— А нічога. Ужо ўсё гатова… Набралі… Усё якраз, толькі малюначкі, — сказаў, увайшоўшы Даніла (высокі танклявы хлапец, год дваццаці пяці, адзін з найлепшых супрацоўнікаў Скарыны ў яго друкарні).

— Я зараз канчаю, прысядзь пасядзі, — прагаварыў Скарына ня кідаючы працы і нават вачэй ня узьняўшы.

Даніла ціха апусьціўся на абітае зялёным сукном крэсла і сумотна суцішыўся.

— Ну, што чутно, Даніла?.. Мо дзе навіны якія?.. Я сёньня, дык цэлы дзень працую, ня вылажу з пакою, — спытаўся Скарына.

— Сумныя. Адно гора-горкае… Кажуць, што маскоўскі цар сабірае вялікае войска… Зноў усё дашчэнту зруйнуюць… Быццам крыві мала. І так ці цеперся палюць, нішчаць усё… божа — божа!..

— Ты ад каго чуў? — зацікавіўся Скарына і на момант дапытліва спыніўся на смуглым засмучоным твары Данілы.

— У горадзе адзін пан польскі казаў.

— Хто такі?

— Якійсьці Кубінскі.

Касая дрыгвотная ўсьмешка перацяла у Скарыны вусны. З-пад нахмураных броваў бліснулі іскаркі.

— Ёсьць каму верыць? — саркастычна прыкмеціў ён, — я гэтага пана нядаўна з пакою пратурыў, морда яго ляская! Ведаю іх, крывапійцаў гэтых!

— Калі-ж гэта?.. Сёньня?…

— Сёньня.

— І завошта?

Скарына прыкра паморшчыўся. Урэшце, адказаў.

— Вар‘ят! Ці-ж я ведаю, ці пазычаў мой пакойны брат у яго грошы, ці не, а ён чамусьці ка мне чэпіцца: «аддай», шляхецтвам сваім выносіцца недарэчным, а «доктар лекарскіх навук», дык гэта яму нішто!.. Я сваім розумам і цярплівасьцю дабіўся «доктара лекарскіх навук»… Ну і паказаў я яму яго шляхецтва!

— Няўжо так узялі і выгналі?

— Што-ж мне з ім валаводзіцца? Узяў да пратурыў! Мяне ўвесь Захад ведае!.. А хто ён? Крывапійца!

Дзеля чаго яны цяпер слыхі такія разносяць, што быццам маскоўцы на нас вайною зьбіраюцца? Гэта ўсё запужваюць…

Вуніі хочуць. Гэта знамянуець, да сваіх рук нас хочуць прыбраць і… ужо, па крысе, прыбіраюць!...

— Ня можа гэтага быць?!

— Яно так ёсьць. Толькі шмат хто гэтага ня бачыць, а шмат хто бачыць, ды толькі радуецца гэтаму…

— Хто-ж няволі будзе рад? — наіўна зьдзівіўся Даніла.

— Гэтай няволі радуюцца нашы багатыры, паны, бо польскае панаваньне нясе з сабою няволю толькі для сялянства, яно нясе з сабою для сялянства паншчыну, яно заставіць яго на сябе дарэмна працаваць. Вось таму і хінуцца нашы паны да польскіх паноў, вось таму яны і мовы роднае зракаюцца, звычаяў, ды сваіх дзяцей пасылаюць для навучаньня ў польскія школы… Здраднікі!..

— І народ маўчыць?

— Што-ж народу рабіць?.. З аднаго боку маскоўцы паляць нашы сёлы і гарады, а з другога боку — і палякі кожную часіну гатовы рынуцца гэта-ж чыніць… Пятля на шыю накінута ды зацягваецца павольна… Палякі гэта бачаць ды выкарыстоўваюць, насядаюць з вуніяй.

Даніла нэрвова ўсхапіўся з крэсла і шпарка пачаў хадзіць па пакоі. Цераз некалькі хвілін суровы і сумны спыніўся супроць Скарыны.

— Няўжо-ж наша дзяржава прападзе, народ загіне?!.. Доктар, вы-ж вучоны чалавек, скажэце?!..

— Omnia mutantur — усё перамяняецца, — казалі калісьці рымляне — адказаў ціха і паважна Скарына — усё можа быць… Можа здарыцца так, што народ і ня вытрымае прыціску, памрэ, закоціцца, як сонейка за лес…

— Ня быць гэтаму, доктар!.. — ускіпяціўся Даніла, бліснуўшы чорнымі зранкамі, — мы народ абаронім, хоць бы за гэта жыцьцё прышлося аддаць. Усе да адзінага, калі трэба будзе, загінем!..

— А што з гэтага? — Сумна адказаў Скарына, — гэта ня выхад з палажэньня, што мы ўсе загінем… Ды хто ўсе?… З паноў мала хто вытрымае да канца… Яшчэ з маскоўцамі будуць усе змагацца, а супроць палякаў — не… думаюць, што з вуніі, злучэньня з палякамі, толк выйдзе… Распачаць змаганьне і з маскоўцамі і з палякамі — гэта значыць без пары сябе загубіць…

— Але чаго маскоўшчыне гэтай хочацца?.. Ці даўно сама под татарваю была… Чуць-чуць сама вызвалілася, ужо другога імкнецца заняволіць… Вось народ дзе бязьлітасны!.. І што рабіць?.. што рабіць??..

— Трэба сялянства ратаваць.

— Як?

— Трэба адукоўваць яго, — задуменна адказаў Скарына, нібы сам з сабою разважаючы, — гэтым мы яго захаваем ад ворагаў, не дадзім яго на зьежу ім… Калі і зваліцца на яго няшчасьце, то лягчэй яму будзе вызваліцца ад яго… Трэба кніжак больш даць, а то можа запанаваць чужая кніжка, чужая мова, і народ тады — памёр!..

— Не дачаканьне ім!.. Зубы паломяць!.. Апошнюю сарочку здымем з сябе, а абаронімся!..

— Апошнюю сарочку, — толькі пранеслася ў галаве ў Скарыны. Ён нічога не адказаў. У пакой усунулася якаясьці цяжкая, самлелая ціша ды здавіла іх. Нікому з іх не хацелася парушаць яе, бо, здавалася, зрабі толькі хоць адзін гук і гэта ціша выдасьць гаспадара яго, падхопіць нотку дрыжаньня, гора, ці сумненьня ў голасе дый панясецца з ім усюды, на паказ…

Скарына ізноў узяўся пільна за працу, якую часова быў спыніўшы.

— Ну, на, вузоры, — хвілін цераз пяць зьвярнуўся ён да Данілы.

Апошні хуценька ўзяў іх, закруціў у чырвоную хустачку, разьвітаўся нэрвова і вышаў.

А Скарына задумаўся. Цёмна-русыя паймы валасоў войстрымі грабеньчыкамі выбіліся між пальцаў з пад белай рукі і дрыжэлі, як жывыя.

Думкі беглі і мяняліся, як гукі ў песьні, як у сэрцы кроў…

— Не дамося ў крыўду!.. Адукацыяй, розумам пераможам…

На-днях кніжка выходзіць, трэ‘ было-б друкароў маіх крыху падахвоціць… Працуюць добра, сумленна, ня лічацца ні з чым… А грошай хоць бы капеечку дзе ўзяць. Сродкі нашы амаль усе вышлі…

Ды як-жа і працу бяз сродкаў пашырыць?.. Шмат кніжак ня выдасі…

А час уходзіць… Чакаць ні хвілінкі, ні капелечкі ня можна, бо пятля на шыі народу ўсё больш і больш зацягваецца.

Скарына раптам устаў з-за стала і, ашчарэпіўшы голаў рукамі, заснаваў па суровым і хмурым сваім пакоіку.

— Люду, мой люду!. Як цябе ратаваць?!.. Адкуль сілы ўзяць?!..

Але ўсё наўкол маўчала, нібы прытаіўшыся; толькі ціша ў пакоіку станавілася ўсё званчэйшаю і званчэйшаю ды за вакном, на дварэ ўсё сыпаліся й сыпаліся з неба зоры залацістыя, сыпаліся буйныя, спакойна, як з воч маткі сьлёзы над дзіцячаю магілкаю.


II.

Вялічэзнай, сумнай і цяжкою, нават гнятучай, аграмадзінай выглядзеў сярод звычайных драўляных будынкаў Вільні мураваны Троіцкі кляштар.

Высокія і войстрыя, як пікі, вежы, мураваныя сьцены наўкол і такія-ж мураваныя будынкі з маленькімі акенцамі з кратамі, як у вастрозе, нявольна ранілі кожнага глядача сваёй завостранасьцю і наганялі нявымоўны смутак і невядомы страх сумнаватай няпрыветнасьцю і цяжкасьцю.

Замкнуўся гэты кляштар ад акаляючага яго кіпучага жыцьця ў мураваныя сьцены і жыве сваім уласным маленькім жыцьцём, з сваімі цікавасьцямі, з сваім горам і радасьцямі.

Сёньня, як і заўсёды, кожны тут быў заняты сваёю справаю з самага ранку: большасьць манахаў малілася, некаторыя фізычна працавалі, а некаторыя, найбольш адукаваныя, сядзелі ў сваіх кельлях ды перапісвалі кнігі. Былі і такія, каторыя, замест малітвы, саматужным чынам усьціхамірвалі свае палы, задавольвалі цела «грэшнае».

Старэнькі ігумен, айцец Анісім, чуць сьвет пачаў рабіць абход па кельлях.

Першым чынам, чуць чутна падкраўся да кельлі «зло адзержымага бясамі». Прыслухаўся. Там чуліся якіясьці пастукваньні і нібы нэрвовыя ўздрыгваньні.

Ігумен прытка адчыніў дзьверы. На падлозе ля сьценкі штосьці чорнае вялізнае латахнулася і хутка шмарганула рызаю.

— Ахрэм, бога ты не баішся?..

Вялікі, здаравенны чорны манах, дрыжучы ўсімі членамі, узьняўся на ногі і зараз-жа апусьціўся на каленькі перад ігуменам.

— Аз грэшан есьм, — балесна пачаў манах, ня уздымаючыся, — праз усю ношч маліўся. Токма расьніцы зьвёў, — бачу: ідзе жанчына, якая была мне калісьці знаёмаю… уся як ёсьць, голая… усьміхаецца, маніць мяне… А яна такая поўная, павабная…

Я загарэўся, кінуўся.......

Прачнуўся, памаліўся… А яна ўсё ня выходзіць з галавы… Зноў мяне пацягнула, а ўспрацівіцца не магу, сілы не хапае… кроў у мазгі стукае, я і пачаў..... каб ад сэрца адлягло........

— Маліся, сын, маліся!… Гасподзь Хрыстос сказаў: Ашчэ цябе левая рука змушчае, то вазьмі адсячы яе ды выкінь»…

— Уладыка праведны! — перабіў яго манах, лепей бы я зусім бяз гэтага радзіўся; як-жа я адсяку?!.

— Маліся, сын, і пасьціся і гасподзь бог памілуе цябе і правазьнясе.

Айцец Анісім перахрысьціў яго і пайшоў далей рабіць абгляд, а «грэшны» Ахрэм прычыніў дзьверы сваёй кельлі, прыслухаўся да крокаў ігумена і ўноў заваліўся да сьценкі.

Прайшоўшы па ўсіх кельлях, айцец Анісім даў, каму трэба было, належныя настаўленьні, рады, пахрысьціў усіх сустрэчных і папярэчных, зрабіў некаторыя распараджэньні на гаспадарцы і, урэшце, зайшоў у сваю кельлю, каб крыху адпачыць.

Прысеў. Цяжка перавёў дыханьне. Пагладзіў рукою доўгую клінаватую бародку, якая выступала белай ручайкай льну з-пад доўгага тонкага, крыху кручкаватага носу. Чорныя, выцьвіўшыя ад старасьці, вочы бяссэнсна моргалі, ня то — блудзілі дзесьці ў паветры.

Яшчэ ня ўсьпеў айцец Анісім сабрацца з якой-колечы думкай, як ціхі стук у дзьверы парушыў яго спакой.

Стрыгануў вачыма. Паморшчыўся, аднак хутка прыняў, звычайны для яго, строга-набажны від і сказаў — прашу.

Нясьмела і сукромна ўвайшоў яго паслушнік.

— З якою весьцію? — Ціха зьвярнуўся да яго айцец Анісім, даў пацалаваць яму сваю руку і мэханічна блаславіў яго.

— Прышоў стараста царкоўны Грыгор; той самы, што быў у нас пазаўчора, — усё так-жа ціха паведаміў паслушнік і парабскі схіліў уніз голаў.

— Хай войдзе — загадаў ігумен, паправіў на аналоіку вялічэзную пэргамэнтную кнігу з срэбным крыжам на ёй і ў чаканьні схіліўся над столікам, што стаў перад ім.

Цераз хвіліну, няўмела ступаючы і спатыкаючыся, увайшоў Грыгор.

Гэта быў нізенькі чалавечак з аграмаднаю калматаю галавою і маленькімі жывымі і жорсткімі жоўтымі вачыма.

Вопратка бедная. Доўгая белая саматканая сарочка, падпяразаная чырвоным з узорамі самаробным паясом, даходзіла амаль-што да самых палатаных каленак.

Босыя ногі, як і рукі, кідаліся ў вочы сваёю непамернаю вялічынёю і такою бруднасьцю, што, здавалася, быццам бы ён толькі-што воз сорак гною ў полі рукамі разьбіў. Відаць было, што мала сьветлых хвілін бачыў у жыцьці гэты чалавек.

На момант спыніўся ля дзьвярэй. Урэшце, ступіў крокі два наперад ды кініўся прад ігуменам на каленкі.

Ігумен даў пацалаваць яму руку і нярухома пачаў чакаць.

— Сьвяты айцец, уладыка, — узрушана пачаў стараста, — жытцо наша гіне!.. А дажджу як няма, дык і няма! усе поле… сонца усё выпальвае… з голаду, значыцца, прыдзецца памерці… а суседзі мае лаюць мяне… значыцца, і наш поп-айцец маліўся і другі бацюшка маліўся і вы, сьвяты айцей, маліліся і шаптуноў ужо мо‘ з дзесяць малілася, а дажджу як няма, дык і няма!.. Чорт яго ведае!.

— Супакойся, сын, — папрабаваў айцец Анісім супакойваць Грыгора.

— Дык дзе-ж, бацюшка бачылі?.. дык суседзі-ж мне жыцьця ніякавага не даюць, значыцца, лаюць мяне… «Ты, — кажуць, — гадзюка, грошай папу (значыцца, вам, бацюшка) не аддаў, а прапіў, кажуць іх, а поп, кажуць, за гэта кепска памаліўся, таму і дажджу, кажуць, няма»!.. Дык, я думаю, сьвяты айцец, мо' яшчэ з разочак можна памаліцца ды каб ізноў з гэтым самым, як яго!.. з гэтым?.. з крапілам!?.

— Супакойся, — па хвіліне маўчаньня, з ноткай нездаволеньня ў голасе, прагаварыў айцец Анісім, — гэта ўсё за грахі. За грахі за нашы цяжкія, за праступкі… але будзем маліцца: бог міласьціў!

Уздыхнуў. Сашчапіў рукі. Падняў вочы ўгару.

— Многа ёсьць на сьвеце сваявольства, непаслушэнства, бясчынстваў і гэрэсяў бога-праціўных, і гасподзь бог наш карае за гэта нас!…

— Вось гэта дык праўда!.. Яй-богу, праўда! — пачаў паддабрывацца Грыгор, — шмат, ой шмат, мы, бацюшка, вінаваты… вядомая рэч — халопы… Яно так і ёсьць, што халопы… але-ж бацюшка, мне ніякавага жыцьця няма ад іх! Хто вінават? — Стараста? Ты, кажуць, стараста, грошы браў, а ці-ж я сам маліўся?.. вельмі я шмат разумею ў гэтым маленьні?… Вот, скажам, як баран у новых варотах?!. А за ўсё адказвай стараста!.. Ну дык ці-ж гэта-ж добра?.. га?.. Бацюшка маліўся і ўсе маліліся, а я толькі грошы плаціў… што я ведаю, як тут што?!. Усе маліліся, а бог ні капелечкі не дапамагае… мо‘ і я тут вінаваты: мо‘ рука ў мяне такая: цяжкая?.. хто яго ведае?!

— А не дапамагае таму, — пачаў забараняцца айцец Анісім, — таму, што сярод пшаніцы ёсьць плевелы!.. і з-за іх нас гасподзь-бог наш і карае, ня ўнемле маліцьве нашай… Так-так!..

Токмо малітва шчырая і гарачая, пакаяньне і добрыя ўчынкі вывядуць нас на пуць ісьціны… і гасподзь-бог тады ніспашле нам благадаць сваю!..

— Так-так, бацюшка, разумею, ргзумею, — перабіў ігумена Грыгор, — дык кажаце, што тутацькі Плевіл якійсьці вінават?.. Ды я, каб убачыў яго, то яй-богу-ж на шматкі разарваў-бы!

Грыгор скамячыў кулакі, нібы ён вось-вось з кім у бойку ўступаў, і так гэраічна пасунуўся з імі да айца Анісіма, што той аж зьбялеў ды рукі ад страху расставіў, як-бы забараняючыся ад нападу.

— Супакойся, сын! — урэшце выгукнуў ён здаўленым голасам, — што гэта? Гэта смуцьянства!..

Грыгор адхіснуўся назад, як паднятая былінка касою.

— Не — не — не, бацюшка; вы ўжо і перапужаліся?.. Я толькі так… бачыце, мужчыны лаюць мяне…

Змоўк і сагнуўся ля дзьвярэй, нібы просячыся, каб яго хаця ня білі тут.

— Грэшнікі мы ўсе і плевелы мы самі, — ізноў пачаў айцец Анісім навучальным тонам, але раптам абарваўся, бо ў гэты момант ізноў пачуўся стук у дзьверы.

Зноў увайшоў паслушнік.

— Хто яшчэ якую патрэбу да нас мае?

— Друкар прышэд.

Айцец Анісім палахліва прыўстаў.

— Хто-хто? — запытаўся ён узноў.

— Друкар нейкі, заве сябе Скарыною.

— Друкар Скарына?! — Ускрыкнуў ад зьдзіўленьня ігумен і тройчы перахрысьціўся, — упасі, госпадзі, ад гэрэціка!.. ад наважджэньня дзьявальскага!..

Затарапіўся. Пералажыў левую нагу цераз правую, потым правую цераз левую, потым уноў левую цераз правую, а, урэшце, прыўстаў і ўжо зусім звычайна сеў.

Пальцамі пачаў кнігу церабіць і папраўляць на ёй крыж срэбны, які й бяз гэтага ляжаў акуратна; другою рукою схапіўся за залаты крыж, што вісеў у яго на грудзёх.

— Вайдзеце — дрыжачым голасам папрасіў айцец Анісім.

Грыгор крокі два адступіўся ў кельлю і ўставіўся вачыма ў дзьверы.

Роўнаю і цьвёрдаю паходкаю ўвайшоў Скарына. У кожным яго руху адчувалася спакойная гордасьць, паважнасьць і сіла.

Прывітаўся. Заўважыўшы неспакой ігумена, паморшчыўся і на момант адвёў убок свой погляд.

— Выбачайце, вы будзеце ігуменам? — спакойна і ветла спытаўся ён у айца Анісіма.

— Так-так-так!..

— Я — доктар Скарына!..

— Так-так… вельмі рад… садзецеся, калі ласка.

Скарына прысеў на пададзенае паслушнікам крэсла.

— Справа вось у чым, — пачаў ён цераз некалькі момантаў, — я — доктар лекарскіх навук Скарына (я думаю, што вы крыху аба мне чулі?).

— Так-так-так, — у знак згоды затараторыў айцец Анісім.

— Дык вось, — працягваў далей Скарына, — а цяпер я тут кірую друкарняй…

— Вельмі цікава, — перабіў яго ігумен, — я дык ні разу гэтай рэчы ня бачыў… Што там такое… ведаю, што кніжкі там неяк пішуць, а як?..

— Ня дзіва, што вы ня ведаеце, — з гордасьцю заўважыў Скарына — друкарні ёсьць толькі ў немцаў, у чэхаў, да вось я ўтварыў, у нас, а больш нідзе, ні ў адным краі ня знойдзеце…

Твар яго засьвяціўся чуць прыкметным сьветам ціхай і цёплай радасьці.

— Гэта спанарад такі: — дабавіў ён цераз некаторы час, — рэч, праўда, хітравумная… Тут і варштат, і літары, і вузоры, і шмат чаго іншага… наогул, лепей было-б, каб вы калі-небудзь самі да нас зайшлі…

Грыгор увесь час стаяў ля сьценкі нібы слуп і толькі часта вачыма ўспаленнымі лыпаў.

— Іш ты, — толькі вырывалася, падчас, у яго з вуснаў, — га?..

Айцец Анісім таксама замёр на адным месцы і толькі мацней сьціскаў рукою крыж залаты.

— Я прышоў да вас, айцец ігумен, — прыступіў проста да справы Скарына, — каб утварыць з вамі адну згоду, згоду вельмі вялікага значэньня, згоду ня толькі карысную для мяне, для вас, але і для ўсяго нашага краю.

— Так… чаго хошчаце вы ад мяне, грэшнага раба божага? — устрывожана запытаўся ігумен і тарапліва-недаўменна заморгаў вачыма.

— Я хацеў-ба-б запрасіць вас да сябе ў супольную справу?..

— Што вы?.. што вы?… — яшчэ больш напалохаўся ігумен, — мая справа сукромная: памаліцца за душы нашы грэшныя… гэта так…

— Паважаю гэта, — ветла сказаў Скарына, але бачыце, цяпер сьвет стаў крыху інакшым, як быў раней, цяпер людзі пачалі навучацца прамудрасьці рознай жыцейскай… Я быў на Захадзе… Там народ жыве інакш ад нашага, у многа крат лепей… Там многа вучоных, нават людзі паспалітыя, простыя, там шмат праўсьпяялі ў навуцы, а ў нас — цемра. А нявучоныя людзі — гэта тая-ж самая жывёла, толькі-што душа ёсьць, але душа гэта… сьляпая… Вучоны чалавек і жыцьцё сваё ўмее лепей утварыць… Ад нявучонасьці шмат зла на сьвеце і несправядлівасьцяй…

Вось я і думаю, што і ў нас ужо пара пачынаць вучыць люд. Патрэбна шмат кніжак… таму і залажыў я тут сваю друкарню… Хай сеюцца веды… Хай будзе сьветла і прыгожа і ў нашай старонцы.

Спыніўся. А айцец Анісім, схіліўшы на бок голаў глыбока аб чымсьці думаў. Не варушыўся. Сядзеў, нібы зачарованы.

Скарына казаў далей:

— Я маю друкарню, я маю майстроў, а вы дапамажэце мне сродкамі?.. Наконта прыбытку, я думаю, мы таксама згодзімся.

— Ха!.. — бы ад сну абудзіўся айцец Анісім, — а нашто-ж вам люд праваслаўны?. вы-ж католік?.. Нашто мы вам?!. Га?!.. вучэце католікаў?!..

Гэтыя словы былі так шчыра-фанатычна і ў той-жа момант нечакана сказаны, што ў Скарыны адразу па ўсіх нэрвах драпанула і па твары забегалі цені адна хмурней другой.

Аднак, ураз-жа аправіўся. Усьмешка скрывіла вусны. У вачох бліснуў аганёк.

— Дык, па вашаму, я ня маю права для свайго народу працаваць?! — адказаў Скарына запытаньнем і бліжэй нахіліўся да ігумена.

— Хэ-хэ-хэ! — кпліва захіхікаў айцец Анісім, — якое-ж тут права, калі вы самі, па сваёй уласнай ахвоце, зракліся гэтага «люду паспалітага», зракліся яго веры!..

— Дазвольце, айцец ігумен, — абарваў яго Скарына, — бог — адзін, але-ж там… а, урэшце, — гэта мая асабовая справа!.. А калі хочаце ведаць, чаму я перайшоў з праваслаўя ў каталіцтва, то дазвольце вам паведаміць, што гэта было тагды модным, як і цяпер, я быў маладым, але самае галоўнае, гэта мне трэба было атрымаць асьвету вышэйшую ў Кракаўскім унівэрсытэце, а праваслаўных туды ня прымалі… але цяпер гэта каталіцкасьць для мяне ня мае аніякага значэньня…

Паміж іншым, трэба згадзіцца з тым, што ў каталікоў царкоўная справа больш арганізавана пастаўлена, чым у праваслаўных, там хутка вар‘ятамі пастануць усе: дыхнуць нельга!.. асабліва ў Польшчы…

— А ўсё-ж вам міла яшчэ каталіцтва: усё-ж вы яго яшчэ ня кінулі?.. Што-ж будзьце каталіком, а нас праваслаўных пазбаўце ад інквізіцый і іншых богапраціўных спраў!..

— Айцец ігумен, — раптам узрушыўся Скарына, — Да я-ж працую для праваслаўных… Аб каталіцтве я толькі так гавару, а для мяне ўсёроўна… Я вам кажу, што мне трэба было вучыцца, ну таму ўзяў дый — перайшоў у каталіцтва… Мэтаў рэлігійных я ніякіх ня маю: гэта мяне ня цікавіць…

— Рэлігійных мэтаў, кажаце, ніякіх ня маеце? — усё наступаў айцец Анісім, — а з майго кляштару, дык, па вашаму, і можна ўтварыць вярцеп разбойнікаў?.. Га?!

— Айцец ігумен, — спакойна зазначыў Скарына, — вярцепаў ніхто ніякіх ня будзе ўтвараць, мы будзем толькі кніжкі друкаваць, кніжкі добрыя, рэлігійныя і ня ў кляштары!.. Вы дайце толькі сродкі?!..

— А сказаць, па праўдзе, — пачаў ігумен, скрывіўшы хітранькую грымаску, — нашто гэтыя кніжкі? каму яны патрэбны?.. Я лічу, што яны нават шкодны!..

— Як-та? — зьдзівіўся Скарына, — кнігі шкодны? вы хіба жартуеце?!.

— Я — ігумен, і мне жартаваць не належыць!..

— Прабачце. Але можа будзеце ласкавы растлумачыць, чаму, павашаму, кніжкі шкодны?

— Зусім проста, — пачаў гіранічным і высокамерным тонам ігумен, — вы былі ў немцаў і бачылі, што там робіцца?.. Як гэта вам падабаецца?.. Што робяць там халопы? Ёсьць там права хоць якое, ці закон?.. Ці можа лепей, каб раб сваім гаспадзінам кіраваў?.. Га?.. А хто ў гэтым вінават?..

— Я інакшай думкі трымаюся, — толькі ўставіў Скарына.

— Не-не… вы не перабівайце, — ужо зусім пасьвецкі разважаў і, спрачаўся айцец Анісім, — дайце дакончыць… А чаму ў немцаў столькі гэрэсяў розных зьявілася?.. Хіба ва ўсім гэтым ня кнігі вінаваты?… Кніга і толькі кніга!..

Скарына маўчаў ды толькі пільней прыглядаўся да ігумена.

— Дык, па вашаму, люд наш трэба так і пакінуць у цемры, без асьветы, у нішчаце?! — абурыўся Скарына, — трэба, каб ён толькі жывёлаю застаўся?.. Да вы, бадай і ў хрыста ня верыце?!

— Гэта вы мо‘ ня верыце?! — энэргічна абарваў яго прамову ігумен, — люд трэба навучаць, я не кажу, што ня трэба, але навучаць яго належыць ізусна — так, як у нас, на сьвятой Русі, з даўных заведзена!.. Вось як!

Скарына паморшчыўся, насупіў густыя бровы і моўчкі ўзьняўся з крэсла. Склаў на грудзёх рукі, разы два павярнуўся па кельлі ды ізноў застанавіўся супроць айца Анісіма.

— Дык кніжак, значыцца, не патрэбна нікому?

— Для «лепшых» людзей хопіць кніжак, што напішуць схімнікі і манахі… А падругое, вы-ж самі ня духоўнік: што вам да гэтае нявучонасьці халопскае?.. Якую вы маяце праву у гэтыя справы ўмешвацца?.. Вы дохтур — ну і лячыце сабе людзей, дапагайце ім у нядугах іх цялесных?..

— Вы кажаце, што ад кніжак зьявяцца беспарадкі, а я кажу, што гэтых беспарадкаў у сто крат будзе больш, калі люд будзе не асьвечаным… Цяпер час такі, што ў многіх старонках жыцьцё старое ломіцца; ёсьць, бязумоўна, і беспарадкі; вядомая рэч: кожны раз пры перабудове бывае гэта…

Аб гэтым аб усім чуткі даходзяць і да нас, люд прыслухоўваецца, бярэ сабе ў глузд, могуць і ў нас такія беспарадкі пайсьці, бо няпісьменны люд усё бярэ на веру, а сам ня можа зьверыцца па пісаньнях. Асьвета людзей паспалітых накіруе толькі на добры шлях… Дапамажэце нам?!.

— Ха-ха-ха!.. дапамажэце, — разыйшоўся айцец Анісім, — вы думалі, што калі вы будзеце там на сваёй гэтай друкарні па сто кніжак у дзень пісаць, ды танна іх прадаваць, дык у кляштару ўвесь даход адаб'еце, прымусіце манахаў з голаду паміраць, думалі, што манахі кніжную справу так і акінуць? Ха-ха-ха! З намі бог!.. Да я вас і вашы кніжкі праклёну прадам, так што ў вас ніхто ні аднэй ня купіць!.. А я — сто манахаў і схімнікаў богаўгодных за пісаньне кніжак засаджу, і мы ваша дзьявальскае наважджэньне, вас і вашу друкарню, — пераможам!.. З прававернымі бог!..

— Калі так, дык я вас магу ўпэўніць што праз якіх- небудзь пяць год на вашы кнігі нават ніхто і зірнуць не захоча!.. Я-ж сваю кніжку у сорак крат таньней прадам чым вы!.. На вашы праклёны і увагі ніхто ня зьверне!.. Я вось прапаную: ідзеце ў суполку да нас, дапамажэце нам сродкамі, і будзе для ўсіх вялікая карысьць…

Апрача таго, калі ваш кляштар пачне друкаваць кніжкі, то вы будзеце праз іх мець вялікі ўплыў на паспаліты люд, вам будзе надзвычайна лёгка змагацца з каталіцтвам: народ увесь пойдзе за вамі!.. Падумайце на гэтым, айцец ігумен… будучыя пакаленьні будуць падзячны вам за гэту вялікую справу?.. Падумайце!...

Змоўк. Энэргічны, бы з сталі выкуты, твар пылаў агнём, а па лобе і шчаках ўжо даўно каціліся, як град, буйныя сьветлыя кроплі.

Айцец Анісім маўчаў і аб чымсьці мазгаваў, закрыўшы жоўтаю худою рукою падсьлепаватыя вочы.

Скарына ўважліва сачыў за ім і напружана — нецярпліва чакаў адказу.

Так прайшло некалькі хвілін.

— Бачыце, тут справа такая, — нерашуча пачаў айцец Анісім, — дапамагчы вам, ня ведаю, можа й можна было-б, але-ж я сам, адзін, не магу… Яно-то мо‘ й добра было-б? Я хіба параджуся з некаторымі манахамі старэйшымі, са схімнікамі богаўгоднымі?..

— Айцец ігумен, ведайце, што зразумелая для простага люду кніжка надзвычайна лёгка паб‘е і гэрэсі, і каталікаў, і каго хочаце… А кніжку я ўжо выдам добрую. Цяпер нават і немцы ня могуць выдаваць такіх прыгожых кніжак, як я ды, апрача таго, я здолею выдрукаваць кніжку, зразумелую для кожнага.

Так-так, добра-добра…

— Я буду чакаць на вас…

— Добра-добра… я параджуся са схімнікамі… хаця наперад не абяцаю…

— Дый што-ж вам, урэшце, мучыцца пісаць кніжкі, калі іх друкаваць у сто крат лягчэй?!.

— Добра-добра… мы падумаем… Вы на-днях мо‘ наведаецеся да нас.

— Добра.

Скарына разьвітаўся і пайшоў.

— Адно кепска, што католікам лічыцца, а то мог-бы быць вельмі карысным чалавекам, — сказаў услых ігумен.

— Бацюшка! — раптам азваўся Грыгор, які ўвесь час стаяў у кутку, — ды гэта мо‘ і ёсьць той Плевіл?…

— Які Плевіл? — зьдзівіўся забыўчывы ігумен.

— А той, што бог дажджу не дае з-за яго?..

— Ня ведаю.

Айцец Анісім пацёр лоб рукою і задумаўся.

— А што-ж будуць кнігапісцы-манахі мае рабіць, калі гэту друкарню завесьці? — раптам стукнула яму ў голаў, — наважджэньне дзьявальскае!..

Устаў. Некалькі раз перахрысьціўся. Пацалаваў чорную ікону.

— Так мой сыну, зьвярнуўся ён пасьля гэтага да Грыгора, сумна-дрыжачым і балесным голасам, — хоць ён і вучоны, але ён плевела шкоднае… богапрадаўца!.. Ён зрокся сваёй веры, законаў дый яшчэ думае навуку пашыраць!.. Смуты ён зьбіраецца сеяць, цэрквы божыя нішчыць!.. Сатанін сын, Лютар ён акаянны!..

— Бацюшка! — заенчыў раптам Грыгор, — ня вытрымаю, яй-богу ня вытрымаю!..

Айцец Анісім акінуў Грыгора дзікім і недаўменным поглядам, у якім разам з гэтым і запытаньне выражалася «Ці здолееш, ці хопіць сіл? Раптам здрыгануўся, махнуў рукою і сказаў — ідзі.

— Дык не, бацюшка сьвяты айцец, а як-жа што мужчыны лаюцца?

— На днях я буду ў вас… памолімся…

Грыгор пацалаваў ігумену ў руку і выйшаў.

— Рабі, што хочаш… хай дапаможа табе бог, а я… умываю рукі… — сказаў наўздагон Грыгору ігумен, апусьціўся прад іконаю на калені і пачаў маліцца…

Хвілін праз некалькі прачыніліся дзьверы і ў кельлю ізноў прасунулася лахматая галава Грыгора.

— Бацюшка, — патаёмна спытаўся Грыгор, — а дзе ён жыве?..

— Ня лезь, — пачуўся знадворку голас, — я табе скажу!

Дзьверы кельлі зачыніліся.

— А, Ахрэмка?.. Ну як ты жывеш? — пытаўся Грыгор ўжо на дварэ.

— Дармо…

— Але ведаеш, братка, ось хвост ужо, дык хвост! а — я — яй!..

А айцец Анісім узьняўся з каленак, схапіўся рукамі за голаў і, хістаючыся падышоў да крэсла і ўпаў у яго, як падбіты…


III.

З кляштару Скарына накіраваўся ў сваю друкарню, якая зьмяшчалася ў доме бурмістра гораду Вільні Якуба Бабіча.

Ішоў і думаў.

А летні дзень хвіліна-ад-хвіліны ўсё больш і больш сьвятлеў, разгараўся. Сонца чаравала ўсё наўкол, сваім сьмехам трапятлівым, прымушала ўсё жыць, радавацца, цьвісьці.

Сьпявала птаства.

Горад варушыўся, як мурашнік, шумеў.

Толькі-ж Скарына быў заняты сваім. Рой думак вярцеўся ў яго галаве, цэлы натоўп пачуцьцяў розных атуляў яго сэрца.

— Мабыць, кепска я зрабіў, — думалася яму, — што сказаў ігумену, што карыстаючыся друкам, будзе лёгка з каталіцтвам змагацца?.. Кляштар, напэўна, за гэта ўхопіцца дый мо‘ захоча ўсялякую бязглузьдзіцу друкаваць?.. А тут кніжка патрэбна звычайная. на нашай мове, для навукі людзем паспалітым, дзецям малым?..

Сродкі то яны дадуць, толькі ці згодзяцца кніжкі такія друкаваць, якіх мы хочам? Хіба прыдзецца ўтлумачыць ім… Значыць, крыху падвесьці іх… Вось жыцьцё: за капейкі, за грашы няшчасныя прыходзіцца душою крывіць!?.. А дзеля чаго ўсё гэта мне?.. Толькі-ж хто, апрача мяне, возьмецца за такую справу?…

І бог на гэта спакойна пазірае?.. Чаму яго праўда гэтак далёка ад нас?.. А мо‘ яе і зусім няма, мо‘ наўкол, усюды толькі пустэча?..

Чалавек, камень, дрэва… ну якая розьніца паміж ім?.. Чаму чалавек памірае, чаму яго чэрві ядуць таксама, як і каня здохлага, сабаку?..

Божа, божа!.. Прабач мне!.. Хаця адкуль і што я ведаю?..

— Мітвох грошай прасіў, — раптам, як з-пад вады, усплыла думка, — добры, шчыры чалавек і, покуль што, найлепшы з майстроў у друкарні… Хоча боты купіць… Яно-то і трэба было-б даць; ён такі і, сапраўды, чуць ня босы ходзіць… даць трэба… мо‘ ў бурмістра што-колечы ёсьць… а ў мяне хоць бы грыўня за душою!.. ах!..

∗     ∗

Друкары Скарыны, тым часам, пільна працавалі. Іх было толькі траіх: немец — Мітвох і два тутэйшых — Даніла і Цімох. Сапраўднымі майстрамі лічыліся толькі двое: Даніла і Мітвох. Цімох быў значна слабейшым ад іх.

Сёньня да працы яны прыступілі раней звычайнага, бо пачалі набіраць апошні разьдзел кнігі і ім хацелася што найхутчэй скончыць набор; праз якіх-небудзь два дні, да нядзелі. Скончыўшы раней працу, у сьвята можна было-б і «дыхнуць вальней і пагуляць, што называецца»…

Працавалі. Калі-ні-калі перакідваліся адным — двумя словамі, жартавалі.

— Даніль!.. а, Даніль!.. — Пазваў сябру Мітвох.

— Слухаю, — сур‘ёзна адказаў той, не пакідаючы працы.

— Ты чаму такі сур‘ёзны?

— А ў чым справа?

Мітвох пашавяліў чорнымі густымі брывамі, усьміхнуўся і даў сабе пад бараду пстрычку.

Даніла засьмяяўся.

— Што гэта за штука, немец?

— А ты ня ведаеш?.. Скажы, Даніль, ці дасьць нам дохтар к сьвяту на піфца?..

— Каму што, а курыцы крупы…

Момантаў некалькі памаўчаў, паправіў на століку лісты, з якіх набіраў, дабавіў:

— Чаму-ж не?.. Я думаю, што дасьць, абы было… не пашкадуе…

— Ужо ізноў хочацца піфца выпіць.

— Абавязкова піўца?…

— Немец піф любіць…

— А яшчэ што?..

— Го-о-о!..

— Ну, скажы ты мне, братка, па праўдзе: маеш ты цяпер якія-колечы зьвесткі ад сваёй Міны, ці не?..

Мітвох страпянуўся, як ужалены. Пачырванеў. Патупіўся. Потым зусім зьмяшаўся.

— Н — не!.. Н — ня ведаю… ня варта гафарыць, — сказаў ён, урэшце, дрыжача — ўпрашаючым голасам і апусьціў вочы ўніз, — гэта быль так дафно… я ня ведаю… мо?..

— Мо‘ ўжо замуж вышла?!. — пажартаваў Даніла, — ды яно так і будзе!.. Хіба-ж ёй чакаць покуль валасы на галаве не пабялеюць?.. Дый ты-ж ужо стары: бадай, гадоў сорак будзе?..

— Будзе, — ціха адказаў Мітвох і пільней пачаў набіраць. Пальцы хвіліна-ад-хвіліны ўздрыгвалі і з іх падалі на падлогу літары…

— Ня журыся, браток, — пачаў супакойваць свайго сябру Даніла. — На сьвеце ўсяляк бывае… Вось пабудзь яшчэ ў нас троху… Хай падвучыцца крыху Цімох… Тагды мы цябе адпусьцім… Міна твая мо‘ яшчэ пачакае цябе?..

— Ай, кінь! Многа ты ўжо набраў?..

— Што гэта ты, Мітвох, сёньня такі сур‘ёзны?... Ха-ха-ха!?

— Чаго пытаеш?..

— А чаго-ж ты, Даніль!? Го-о-о!..

— Думаеш, што і ў мяне Міна ёсьць?.. не, няма…

— Ня круціся.

— Не; сапраўды, няма.

— Баба ты, а не чалофек!

— Калі захачу, то дзесяць буду мець, а ты страціў Міну і другой ня знойдзеш!..

— Кіньма аб гэтым!.. Можа хутка я сабе нофы бот куплю…

Даніла нездаволена ўхмыльнуўся.

— Нашто табе новыя боты, старому?

— А што-ж: працафаць, працафаць дый нічога ня мець?

— Галава твая!.. У труну з сабою ўсё-роўна ня возьмеш!?

— Сьмешна!.. Я паеду яшчэ дадому. Дык усё будзе патрэбна.

— А чаго табе ехаць?.. Хіба тут кепска?..

— Тут мне смутна. Ужо нямала я тут жыву, а на дом не забыцца аніяк… Паеду, усёроўна паеду!.. ня вытрымаць!.. Vaterland, libe Vaterland!.. (бацькаўшчына, мілая бацькаўшчына!..).

На вачох у Мітвоха навярцеліся сьлёзы. Ён ізноў сутуліўся над столікам і ізноў пачаў шпарка набіраць дрыжачымі пальцамі, стараючыся ні на каго не пазіраць.

Даніла, заўважыўшы настрой Мітвоха і ведаючы, як кепска на ім адбіваюцца жарты (заўсёды, пасьля такіх напамінаньняў аб Міне і бацькаўшчыне, Мітвох па цэлых днях сумаваў: суцішаўся, амаль-што ні з кім нічога не гаварыў, імкнуўся быць на самоце, нават адмаўляўся ад яды), адразу стаў уноў сур‘ёзным і пачаў гутарыць з Цімахом.

∗     ∗

У калідоры пачуліся крокі, і ў друкарню ўвайшлі Скарына і бурмістр Якуб Бабіч.

— Ну, як справа ідзе? — ветла спытаўся ў друкароў каранасты, плячысты бурмістр. Сінія крыху задуменныя, вочы бліснулі з-пад чорных, як аксаміт, броваў, засьмяяліся ласкавай радасьцю.

— Нічога… добра, — адказаў, з павагай да бурмістра, Даніла, — яшчэ крыху ёсьць працы.

— Хутка скончыце?...

— Да нядзелі думаем.

— Ага… добра-добра… так… цяпер, паважаныя працаўнікі я магу вам крыху грошай даць, — сказаў бурмістр, і пры гэтым дастаў з кішэні вялічэзны партманэт і даў друкарам па некалькі зьвёртачкаў з манэтамі.

— Покуль-што небагатка, — дабавіў ён, — у хуткім часе справы нашы мо‘ палепшацца; наш паважаны доктар і кіраўнік у гэтым можа заўпэўніць нас.

— Дзякуем і за гэта… трэба жыць і меркавацца, — адказаў Даніла.

— Danke sehr!… Danke sehr! — крычаў узрадавана Мітвох, — цяпер пайду і зараз-жа куплю сабе нофы бот! Эх, жыфе я!..

— Так — так, абавязкова, — падтакнуў яму бурмістр і пачаў разглядаць нядаўна прьгатаваныя Скарыною клішэ.

Скарына-ж стаяў непадалёку ад Данілы, каля століка, і набіраў.

— Скажэце, доктар, — спытаўся ў яго Даніла ўзяўшыся ўноў за працу, — што за мажлівасьць палепшыць нашу справу ў вас знайшлася?

— Мажлівасьць ёсьць, — адказаў Скарына, — і мажлівасьць дужа цікавая!

І ён рассказаў Данілу аб сваім наведваньні ў кляштар і гутарцы з ігуменам.

— І што з гэтага выйдзе? — спытаўся Даніла, калі Скарына скончыў апавядаць.

— Покуль-што нічога асаблівага, але трэба спадзявацца, ва ўсякім разе хоць разварушыў іх крыху, прымусіў страхнуцца ад пылу, абудзіцца ад сну… Ах, а багацьці якія там, у гэтым кляштары!.. каб нам хоць дзесятую долю гэтага!..

— О, го-го!

— На днях трэба ўноў зайсьці ў кляштар, — працягваў далей Скарына, — ігумен абяцаўся парадзіцца з сваімі старэйшымі манахамі.

— Тады мы зажылі-б!…

— Так.

Падышоў бурмістр.

— Аб чым вы тут талкуеце?...

Скарына адказаў.

— Але вы, доктар, бяз працы напэўна, ня можаце жыць, як рыба без вады? — поўжартаўліва заўважыў бурмістр, — ну, але хоць бы адну хвілінку пагулялі?…

— Покуль жывы — трэба працаваць, а адпачнем, як памром.

— Так-то так, але…

— А мне нешта ня верыцца, што нам ігумен можа дапамагчы? — раптам усумніўся Даніла.

— Чаму-ж? — спытаўся бурмістр.

— Я ігумена Троіцкага кляштару ведаю. Гэта фанатык сваёй справы і, апрача таго, надзвычайна вузкі чалавек па сваёй натуры… Малая з яго карысьць будзе!

— Я таксама, па праўдзе сказаць, крыху сумляваюся, — згадзіўся бурмістр.

— Бачыце, я на справу гляджу іначай, — заўважыў Скарына, — я думаю ўсё-ж, што мне ўдасца ігумена ўламаць… Нам самае галоўнае зрабіць хоць з адзін зварот грошай, а тады мы нажывём і свае ўласныя і духаўнікоў розных і знаць не захочам.

Падумайце: ня людзі, а непаразуменьне нейкае; мы бяромся дапамагаць ім адукоўваць людзей і ў гэты момант трэба амаль-што на каленках вымальваць у іх грашы медныя! «Вы, кажа, доктар, дык ня маеце права ўмешвацца ў адукацыйныя справы», а сам ён, дык амаль — што сапраўдны шаптун… Але прыдзе час!..

— Юры Лукіч, — паважна і ветла пачаў у сваю чаргу бурмістр, — я лічу, што супроць духаўнікоў выступаць покуль-што ня варта і ня можна. Трэба ўзгоднівацца з імі. Добра было-б, каб у нас, на Беларусі, свая ўласная царква ўтварылася, але-ж гэта невядома… Каталіцтва, зразумела, толькі шкоду прынясе: апалячыць наш народ, а, ў згодзе з праваслаўным духоўніцтвам, мы будзем заўжды лепшы уплыў мець на люд паспаліты, які яшчэ ўпорчыва трымаецца праваслаўя… Можа ў нас, як і ў немцаў, пашырыцца вучэньне Лютара, тады мы зусім самастойна будзем жыць.

Пры апошніх словах бурмістра Скарына раптам нахмурыўся. Па твары праскочыла нэрвовая ўсьмешка.

— Лютаранства — глупства чысьцюсенькае. Я толькі дзіўлюся, чаму яго (Лютара) вучэньне распаўсюджваецца ў Нямеччыне?.. Хто мог-бы гэтак здрадніцкі падвесьці свой люд, паспаліты люд у васаблівасьці, як Лютар. Узбурыць сялянства, падштурхнуць яго да змаганьня за сваю долю, а потым праклінаць яго і заклікаць князёў і шляхту «вешаць сялян, як сабак» — гэта зрабіць мог толькі Лютар!..

А калі я яму напомніў аднойчы пра гэта, дык ён мяне антыхрыстам абазваў, зрабіўся маім ворагам лютым!.. Не, лютаранства — гэта недарэчнасьць!.. Гэта — ашуканства!..

З праваслаўем было-б мо‘ і дармо, але-ж з імі нельга паладзіць?..

— Я вас разумею, але-ж мы яшчэ покуль-што слабенькія… Трэба покуль-што ладзіць… Бязумоўна, прыдзе час, калі царкоўныя прамовы ня будуць адзінай крыніцай асьветы народу, будзе ў нас шмат кніжак, будзе шмат школ для ўсіх людзей: і для лепшых і для паспалітых, гэтак званых «подлых».

— Згадзіцца цалкам, паважаны мой бурмістру, не магу: у нас з духоўнікамі розныя шляхі: я ведаю, што яны пішчом трымацца будуць за старую славянскую мову і захочуць толькі на ёй кніжкі друкаваць, а славяншчына ўжо незразумела людзём паспалітым… З славяншчынай трэба змагацца!.. За граніцай ужо ўсе заходнія народы пачынаюць кідаць латынь, кожны народ пачынае ўжываць і ў навуцы сваю родную мову… Ня трэба быць і нам сьляпымі…

Тут мы з духоўніцтвам рана, ці позна, а разойдземся… Эх, беднасьць наша!

— Нічога ня зробіш, — ціха адказаў бурмістр і задумаўся. І ўноў яго вочы, як блакіт задуменна — ціхія, сінія, кудысьці ў далячыню сягнулі.

— Хадзем, доктар, да мяне, — сказаў, па хвіліне задуменьня, бурмістр.

Скарына пакінуў працу, і яны ўдваіх, гутарачы паміж собку, вышлі.

∗     ∗

— Хадзем, Цімох бот купляць, — гаварыў Мітвох да другога свайго сябры, калі яны ўсе ўтраіх выходзілі з друкарні, каб ісьці папалуднаваць.

Цімох, здаравенны белабрысы хлапіна, спачатку пачухаў патыліцу, хаўкнуў разы два, гледзячы на сонца і, урэшце, апатычна прамямліў:

— Хадзем. Чаму-ж не?…

Пашлі.

Пасьля полудню Мітвох прышоў у друкарню з новымі ботамі.

Даніла, насупіўшыся, ужо працаваў.

— Ну, ях мой бот? — спытаўся у яго Мітвох.

Той узяў нехаця ў рукі адзін бот, пакамячыў яго крыху, паціскаў пальцамі падашву ды моўчкі паставіў да сьценкі.

— Ну, як? — боязка ўноў спытаўся Мітвох.

— Колькі ты заплаціў за іх?

— Рубель.

— Я лапцей добрых за іх ня даў-бы!.. куды яны варты, — зайздросьліва ацаніў іх, урэшце, Даніла, — куды галянішчы варты?.. Мядзьведзю іх толькі насіць: якраз яму па назе будуць!.. А-а-а-х!..

І ўжо амаль-што да самага вечару друкары працавалі моўчкі: Даніла з Мітвохам нібы-то пасердзіліся, а Цімох, наогул, заўсёды любіў маўчаць.

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

— Чаму-ж ты ботаў з сабою не бярэш? — сказаў толькі Даніла, адыходзячы ўвечары дадому і заўважыўшы, што Мітвох хавае іх у друкарні.

— Не хачу… баюся, каб на кватэры ня ўкралі.

— Ну, як сабе хочаш? — холадна-ніякава адказаў Даніла, замкнуў на замок дзьверы друкарні, і ўсе ўтраіх разыйшліся хто куды.


IV.

Лёгкай хмаркай праляцелі два дні; быццам іх і ня было.

У пятніцу к поўдню друкары скончылі набор кніжкі. У друкарню пазьбіраліся розныя магнаты беларускія, мэцэнаты. У майстэрні запанаваў вясёлы прыўзьнята-святочны настрой.

— Любыя другі мае, майстры! — зьвярнўуся да сваіх друкароў Скарына, калі тыя скончылі працу, — за вашу працу шчырую, добрасумленную ад шчырага сэрца беларускі дзякуй!

Ваша праца, браты, — вялікая і пачэсная праца!.. Хай людзі нашы паспалітыя маюць карысьць ад яе. Хай навучаюцца па кніжках, якія вы ўжо некалькі год друкуеце, навукам розным! Няхай жыве і красуецца збожжам у полі наша справа друкарская! Хай цьвіце і красуецца кветкай чырваньню наша асьвета беларуская!.. Хай жывуць і працуюць на карысьць людзям верныя сыны Беларусі, няўхільныя змаганьнікі, волаты, змаганьнікі за лепшую будучыну цёмнага люду паспалітага!

— Віват!.. віват! — ускрыкнулі ўсе.

— Няхай жыве беларуская адукацыя і яе лепшы будаўнік Скарына!.. Віват!..

— Віват!..

— Віват!..

— Паважаныя другі! — зьвярнуўся да ўсіх бурмістр Якуб Бабіч, — сёньня ў нас вялікае сьвята. Мне хацелася-б сёньнешні дзень адзначыць, як дзень асабліва для нас радасны, як дзень урачысты. Мне хацелася-б сёньня вас усіх бачыць і мець за гасьцей у сябе.

Прашу не адмовіцца і зайсьці да мяне на невялічкую трапезу!..

— Паважаныя друкары! — зьвярнуўся ён асабіста да супрацоўнікаў Скарыны, — зрабеце мне гонар сваёю прысутнасьцю на нашым сёньнешнім сходзе ў мяне, я буду вельмі рад і падзячан вам.

— Шчыра дзякуем, вельмі рады!

— Так пойдзем, паважаныя госьці!

Усе накіраваліся ў пакой бурмістра.

У багата абстаўленай залі, з старыннымі партрэтамі дзядоў і прадзядаў бурмістра, з каштоўнымі малюнкамі лепшых сваіх і замежных мастакоў і з цэлым іконастасам ікон у куце, ужо былі расстаўлены сталы і крэслы. На сталох горамі настаўлена і накладзена была ежа і закускі рознай, выпіўкі.

Госьці амаль-што бясшумна пачалі рассажвацца ў паказаныя гаспадаром месцы, па старшынству, радавітасьці і багацтву.

Скарыну з яго супрацоўнікамі пасадзілі на першым месцы, найбольш ганаровым.

Гаспадар дому, бурмістр Якуб Бабіч прывітаў гасьцей кубкам старыннага моцнага мёду, які ён выпіў поўнасьцю.

Усьлед за ім, пачаліся прывітаньні гасьцей, пайшлі прамовы, тосты, пажаданьні. Хвілін цераз дзесяць зашумела бяседа, загула, залілася сьветлай радасьцю вясновага дню.

Паляцелі гадзіны адна за другой, як хвалі шумнацечнай ракі… Госьці гадзін ня лічылі…

Няпрыкметна і вечар чорнакудры пад сінія вокны падкраўся, а госьці ўсё шумелі і шумелі, гутарылі.

Некаторых нарэшце і змора браць пачала.

Раптам узьняўся Скарына.

— Другі паважаныя! зьвярнуўся ён голасам зычным да грамады, — я маю зараз сказаць вам адну надзвычайна цікавую рэч. Я знарок адлажыў быў яе надалей і не сказаў спачатку…

Усе схамянуліся. Пахіліліся да прамоўцы. Замёрлі ў чаканьні.

— Я сёньня, — працягваў далей Скарына, —дагаварыўся з Троіцкім кляштарам!.. Зрабілі згоду!..

Кляштар нам дае сродкі на выдрукаваньне кніжак… Сродкі, праўда, невялічкія, як-бы для спробы, але я спадзяюся, што з цягам часу гэты кляштар стане для нас самым карысным сябром!

— Віват!.. Доктар, віват!.. няхай жыве адукацыя! — грымнула грамада.

— Доктар!… друг паважаны! — усхвалёвана гаварыў Якуб Бабіч, вітаючы Скарыну з посьпехам і цалуючыся з ім, — вы вялікі чалавек!.. Чым і як дзякаваць, вам!?.

—Няхай жыве Скарына! — крычаў і Мітвох, — няхай жыве Deutchland (Нямеччына)!..

Абарваўся голас. Мітвох закрыў далонямі твар і прынік к сталу…

— Няхай жыве беларускі друк! — грамовым маладым голасам ускрыкнуў усьлед за Мітвохам і Даніла, — ён павінен жыць, ён будзе жыць!!. Няхай жыве разам з ім і кіраўнік наш Скарына!..

— Няхай жыве!..

— Няхай жыве!..

— Няхай…

— …Жыве!.. Няхай… жыве!.. — крычалі ўсе.

І ўноў усё захвалявалася, зашумела, загуло…

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Толькі прыблізна каля поўначы госьці разыйшліся, бяседа замёрла.

Скарына прышоў дадому, калі ўсе ўжо спалі. Сам запаліў лямпу і на момант прысеў да стала.

Нечакана штосьці назойліва заварушылася дзесьці глыбока ўнутры: ні то сум чорны агідна ўзварухнуўся, ні то крыўда якаясь, даўно забытая, але калісьці балючая, ледзь-ледзь ня прыпомнілася але бясьсьледна зьнікла невядома куды, як праскаўзнуўшаяся зорка на чорным небасхіле.

Напружана стараўся прыпамятаваць. Доўга сядзеў і мучыўся. Але ўспамін, урэшце, сам сабою прышоў, неяк раптам, нечакана.

— Гэта цень якаясьці чорная была мільгатнулася непадалёку ад мяне, — думаў ён, — калі я выходзіў сёньня ад Бабіча… Цень палахлівая, чорная… Дык што-ж тут такое?.. Мо‘ проста цікавы хто у вакно стараўся паглядзець?.. Мо‘ ляхі?..

Раптам да слыха Скарыны данёсься якійсьці нязвычайны шум і гуд, якія момант-ад-моманту ўсё больш і больш узмацняліся.

Скарына мэханічна узьняўся з крэсла і падышоў да вакна, але нэрвова адхіснуўся назад, нібы яго знадворку хто ў грудзі штурхануў, і схапіўся рукамі за голаў.


V.

Позна, амаль да самай поўначы, блішчаў, у ваднэй з акраінных брудных карчомак Вільні, цьмяны сьвет.

Хваравітым, брудна-чырвоным аганьком гарэла на сьцяне старая лямпа бяз шкла.

Па сьценах, па дзьвярах і па аблупленай і падрапанай печцы сумнымі і палахліва-дрыжачымі ценямі сьвет бегаў, марнеў і, урэшце, бясьсьледна стушоўваўся на чорных шыбах акон.

Шум карчмы ўжо даўно спыніўся. Хто быў — паехаў, хто прыбыў — спаць лёг — па лаўках, на падлозе.

Толькі ў адным далёкім і цёмным куточку яшчэ сядзела два мужчыны і аб чымсьці ціха гутарылі.

Адзін з іх — пан Кубінскі (што Скарына на днях выгнаў з сваёй хаты) пахвілінна падліваў у чаркі сабе і свайму суседу Грыгору (царкоўны стараста) і мэханічна выпіваў. Грыгор усе сілы напружваў, каб не застацца. Пілі і закусвалі бясконца, быццам у якуюсь процьму саджалі ўсё гэта.

— Вы думаеце, што ўсё гэта жартачкі? — патаёмна шаптаў Грыгор, — не, гэта справа цяжкая!.. я перакананы ў тым, што я выканаю толькі боскую волю.

— Для мяне ня важна: чы боску, чы волю д‘ябла ты выканаш, — сярдзітым тонам на зьмешанай беларуска-польскай мове зазначыў пан Кубінскі, — тшэба зробіць!.. розумеш?!

— Так-так, паночку, — пакорліва падтакнуў Грыгор.

— За працу атшымаш; магу і цяпер крыху даць…

— Так-так… але хто вы такі, паночку?..

— Гэта табе не патшэбна… На цо тобе?..

— А як-жа з грашыма, з усімі? — нясьмела заўважыў Грыгор на яго запытаньне.

— Ах до сту д‘яблуў!.. хлоп!.. На, тобе поўны партманэт… Ну, цо — здавалёны естэсь?! «Подлы»!..

Грыгор схапіў аберуч скураны кашалёк, набіты срэбнымі манэтамі і, дрыжучы ўсімі членамі пачаў перакідаць яго з рукі у руку, мацаць і аглядаць з усіх бакоў, не асьмельваючыся заглянуць ў сярэдзіну яго.

— Схавай! — скрозь зубы загадаў пан Кубінскі.

Грыгор павініўся загаду, як пакорлівае дзіцё: паслушна схаваў, потым запытаўся:

— Дык скажэце-ж, калі ласка, хто вам нараіў мяне?

— Мой фурман і…

— І сьвяты айцец? — перабіў Кубінскага Грыгор,

— Які там чорта сьвяты!.. І ня ён!..

— Але ці ведаеце? — узрушана і недаўменна — радасна пачаў Грыгор, — я дык сёньня ужо наперад усё ведаў… Сасьнілася — навярзлося мне сёньня чорт ведае што… Адразу гарэлкі наўкол мяне дык о-ё-ёй колькі!.. але ні аднэй бутэлькі не адкупарыць!.. потым чорт, гадзюкі, ваўкі… а раптам анёлачак… зьявіўся ды загадвае мне ваўкоў з лесу выгнаць… я і пашоў…

— Гы-гы-гы-ы-ы!.. — хітра зарагатаў пан Кубінскі, — нігды не чакаў, каб хлоп, подлы хлоп быў такі мондры… Ну, тэраз ідзь, юж час… астатне пенёндзы ютро за лясэм, дзе я мувіў, атшымаш… ідзь!

Грыгор тарапліва ўсхапіўся з-за століка, дзе яны сядзелі, і узрушана затупаў на адным месцы.

— Ідзь, ідзь! — прыкрыкнуў пан Кубінскі.

Прыкметна падзёргваючы рукамі і нагамі Грыгор вышаў.

Счакаўшы некалькі хвілін усьлед за ім вышаў і пан Кубінскі.

∗     ∗

Час быў к самай поўначы. Срэбны маладзічок ужо больш гадзіны было таму назад, як закаціўся.

Наўкол было ціха і прыгожа.

Толькі сьветла-сінія зорачкі чагосьці ўглядаліся на землю ды палахліва дрыжэлі, нібы поўраспранутыя на марозе дзеткі — сіроты.

Хвілінамі здавалася, што яны зьбіраліся аб чымсьці закрычаць, перасьцерагчы кагосьці, але нямы жах скоўваў іх вусны, і яны толькі рабілі непамерныя патугі, надрываліся моўчкі ды бязунімку дрыжэлі…

Шэры змрок зачараваў усё навокала, прыспаў. У салодкай поўдрымоце аб чымсьці гутарылі паміж собку высокія стройныя, як дзяўчаты, таполі, разьвесістыя поўныя ліпы, бялявыя, сінявокія бярозкі.

Злыя-ж думкі людзкія нішто ня можа ні прыспаць, ні зачараваць!...

Толькі пракрычалі дзесьці пеўні першыя, як у васяродку гораду выбухнуў раптам аграмадны клубок дыму. Крывавачырвоныя языкі полымя радасна запрыгалі, загулялі у паветры, зашыпелі зьмеямі. Лізанулі высь… схаваліся… раптам уноў ірвануліся ўгару, як прывязаныя разьюшаныя львы…

Пяць хвілін… і усё неба залілося крывавым заравам пажару… задрыжэла, затрапяталася, бы дзявочая каса, сінь-смуга начнога неба, замільгала пералівамі дзівоснымі, паўтонамі.

Зазьвінелі, загрымелі, загукалі на вежах гарадзкіх званы.

Горад страпянуўся, бы ранены зьвер, загуў, залаташыўся.

Народ морам рынуўся да месца пажару.

А к гэтаму моманту ўжо дагарэў і разваліўся дом бурмістра Якуба Бабіча і больш дзесяці суседніх былі ў агні…

Рвануўся вецер. Аграмадным роем узьвіліся угару іскры, вуглі, галавешкі… ляцелі ўноў уніз… раптам яшчэ ў некалькіх мясцох гораду загулялі чырвоныя языкі агню.

Народ замяшаўся, завыў.

— Дзетачкі-ж мае!…

— Ай людцы!…

— Божухна!…

— Ратуйце!…

— Трымайце! трымайце!.. лавіце!..

— Вады падайце! Сюды вады!..

Частка натоўпу яшчэ спрабавала змагацца з агнём.

Нечакана вецер накіраваўся на паўднёвы — усход, захапіўшы з агнём большую палову гораду і рвануўся наперад з гураганнай сілай.

Нават самыя стойкія з натаўпу ня ўтрымаліся цяпер супроць агню, і ўсе, зьбіваючы адзін другога з ног, топчучы ўпаўшых, крычучы, стогнучы і праклінаючы адзін другога і ўсіх без разбору, рынуліся наўцекі за ветрам.

Цераз некалькі хвілін зусім апусьцела ад народу аграмаднае вогнішча, толькі вуглі і галавешкі скаліліся на зямлі, як воўчыя зубы.

— А-я-яй!.. гу-у-у! — галосіў непадалёку ад руінаў друкарні Мітвох, — нофы бот згарэў!.. а-я-я-яй, зусім нофы!.. ах-ха-ха-а!

А ніўцешны плач яго, плач балесны і ў той-жа час наіўны, як дзіцячы, вецер утрапёны захліпаючыся глытаў ды заглушаў яго дзікім рогатам.

— Ты чаго галосіш, Мітвох?! — спытаўся ў немца Даніла, які вынырнуў з Цімахом з-за вугла, як з процьмы зьзяючай, — глупства, пашыеш новыя, чорт ты гэтакі!…

— Ай — вай, — усё несупакойваўся Мітвох, — такі агонь!.. ай-вай!.. і нофы бот і усё! а-а-ай-вай!..

— Вось дзе яны! крыкнуў адзін з кучкі людзей, якія выбеглі ў гэты момант з цемры незачэпленага агнём перавулачку, — гэта брукары падпалілі! бі іх!… га-а-ах!!. растакую іх маць!..

Кавалак яшчэ гарачай ад агню цагліны ўпіўся вострым кантам у сківіцу Мітвоху.

Апошні толькі ўзьняўся на наскі нэрвова, схапіўся рукою за шчаку, хіснуўся, як ракіцінка ад ветру, і клубком зьвіўся на зямлі.

Уздыхнуў хрыпла і глыбока, страпянуўся, як з прастрэлянымі грудзьмі птушка, і сканаў…

Даніла з Цімахом кінуліся наўцекі ў заходнюю частку гораду, адкуль дзьмуў вецер і дзе ня было агню

Адным каменем яшчэ хапіла і Данілу па назе, аднак надалей пагоні за імі ня было і яны, крыху прабегшы, супыніліся ў адным з глухіх перавулкаў.

— Ну, цяпер куды? — спытаўся Цімох у свайго сябры, дрыжучы ўсім целам і чуць зводзячы дыханьне.

— Трэба да доктара забегчы, — адказаў Даніла, — ты — як сабе хочаш, а я пайду!.. Божа, божа мой!...

— А я да Аньковых пабягу!?.

— Бяжы! — крыкнуў ужо здалёк Даніла і зданьню зьнік у ружовым змроку вузенькага перавулачку

∗     ∗

Скарыны ў дому ня было.

— Куды-ж ён пайшоў? — спытаўся Даніла ў жонкі Скарыны, якая з сваёй служанкай Алеськай зьвязвала ў клункі розную вопратку і іншыя рэчы і перакідала іх у перапудзе з аднаго кутка ў другі, хвалявалася і плакала.

— А вы яго ня сустрачалі?!

— Не!..

— Бог сьвяты ведае!… Бажочкі мае!.. Пашукайце яго Данілачка!.. родненькі!..

— Добра, добра… Вы толькі не палохайцеся так, — супакойваюча сказаў Даніла, — ён цяпер, напэўна будзе ў Аньковых, куды перабраўся і бурмістр.

— І бурмістр Бабіч сгарэў?!

— Ды з яго-ж дому пачалося і гарэць… падпаліў хтосьці, — сумна адказаў Даніла і апусьціў уніз голаў.

— Данілачка, бяжэце пашукайце!.. Я-ж сама пашла-б, ды нельга… тутака-ж усё… бяжэце, родненькі!..

— Добра, добра… Мы хутка прыдзем… Толькі вы не палохайцеся так.

Пашоў.

У Аньковых Скарыны таксама Даніла не знашоў.

Усе занепакоіліся. Падняўся цэлы шурум-бурум. Якуб Бабіч, малады Анькоў, Даніла і Цімох усе кінуліся адшукваць доктара. — Хоць-бы жывым знайсьці, — было ў кожнага на вуме.


VI.

— За што наказуешы о божа! — ускрыкнуў Скарына, калі згледзяў праз акно полымя, — ай божа!…

— Што там? — спыталася ў яго жонка з другога пакою.

— Нічога такога!… — адказаў ён здаўленым голасам, баючыся перапужаць яе.

— Як нічога?! — устрывожана спыталася яна і ўсхапілася з пасьцелі, — божачка!… гарыць!!… Дзе гэта?!

— Ня ведаю. Пайду пагляджу…

— А што-ж мне рабіць?… Куды ты?!…

— Я не пайду… я толькі пагляджу куды агонь накіраваўся…

— Вой!… Ня йдзі!… Як-жа дзеці!… ай!..

— Гм!… Чаго ты так?… Складвай рэчы, якія хочаш, а я выйду зірну… там мо‘ людзі гінуць… Ад нас агонь яшчэ далёка!

— Дык варочайся назад хутчэй, а то я ня ведаю, што рабіць!…

∗     ∗

Скарына вышаў на вуліцу.

— Дзе гарыць? спытаўся ён у першага сустрэчнага.

— Чаго пытаешся?! — груба адказаў яму праходзіўшы, — ужо палова гораду згарэла, а ён пытае!!…

Нічога больш ні ў каго ня пытаючыся, Скарына кінуўся наперад.

Думкі ў галаве віхром іскраў закруціліся. Не хапала моцы застанавіцца на якой-небудзь аднэй з іх.

Бег далей, і сам ня ведаў і ня думаў, куды бег.

Раптам прышоў у сябе.

— Яшчэ раз завярнуць направа… на вуліцу… і будзе дом відаць, дзе падумалася яму, — няўжо няма?!… О, божа!…

Выбег на вуліцу.

Далёка ўперадзе полымя разьюшанае лізала неба, цяжкімі чорнымі хмарамі ўздымаўся дым угору; бліжэй-агнявая завіруха пагульвала, круціла і гнала наперад цэлыя воблакі сьняжынак залатых…

— Вось і пляц, — мільгатнулася ў думках у Скарыны.

Спыніўся на вуглу. Пачаў шукаць вачыма дому Якуба Бабіча.

— Няўжо няма?!…

Аглядзеўся навокала і ўноў кінуўся наперад.

— Так… няма!… згарэла! Вось і месца, дзе была друкарня!..

— Спыніўся. Рукамі схапіўся за голаў.

Перад Скарынам, сапраўды, былі толькі напалову параскіданыя печкі ад дому Бабіча ды дзьве-тры галавешкі курэла дымам сьмярдзючым.

Па твары ў яго шпарка пакаціліся кроплі халодныя, сьветла-шкляныя, буйныя. Скарына ня вытрымаў ад болю, заплакаў.

— Ах, божа! — прастагнаў ён, — зашто пакараў ты нас?!

З момант памаўчаў, нібы акамянеўшы.

Крутнуў вецер і абсыпаў яго пылам і іскрамі з ног да галавы.

Скарына страпянуўся. Скрыгануў зубамі.

— О, божа! ізноў паўтарыў ён не сваім голасам, — ты вар‘ят, бог!.. Ты — няправы!.. Што ты скажаш людзям на сваім страшным судзе? А я ў цябе спытаю!!…

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

… А мо‘ цябе і зусім няма?! — няважна… вось друкарні няма і людзі стогнуць… і ўсе прапала!.. а-ах!.. — ах-ха-ха-ха! — дзіка зарагатала жанчына ў лахмоцьцях, якая ў гэты момант выбегла з вуліцы, адкуль прышоў Скарына, — мае дзеткі на неба паляцелі, мае дзеткі анёлачкі!.. ха-ха-ха!.. Юрку скачэце! крутуху вярцеце!.. ха-ха-ха!.. Ух-я!.. Ух-я!.. Скачэце!!.

Жанчына некалькі раз перакруцілася перад Скарынам і ўзьвізгваючы і прыпяваючы пабегла далей.

Скарына сумна паглядзеў ёй усьлед, павярнуўся і ціхім крокам пашоў назад.

Ня думаў куды ішоў.

— Цяпер ужо ўсёроўна, — думалася яму.

Вышаў за горад і ўсё ішоў…

— Там ня так, — думалася яму, — спакайней… а чаго-ж я ад людзей уцякаю: там стогнуць, плачуць, а я?..

Аглянуўся на горад.

Там яшчэ стаяў гул, быццам навальніца толькі што разыгралася. У далі полымя шугала. За ветрам, па зямлі цяжка сунуліся чорныя валы дыму. (Было ўжо сьветла). Поле, лес, лагчыны — ўсе закрылася дымам, як аграмаднай таўшчэзнай коўдрай. Роем зорак сыпаліся іскры, рэзалі цемру дыму, фігурна віліся ў гарачым паветры, цалаваліся з апошнімі зорамі неба, зьляталі наўкось уніз і гасьлі…

Чуць-чутна дзесьці вылі сабакі, раўла канаючая жывёла.

— Хіба пайсьці назад? — надумалася раптам Скарыне, — трэба дапамагчы каму-небудзь?

Супыніўся і павярнуў к гораду.

Цераз хвіліну ўноў супыніўся, павярнуў назад і пашоў, хістаючыся, як п‘яны, да бліжэйшага пярэляску.


VII.

Даніла бег у канцы вуліцы, захліпаючыся ад сьлёз і чуць перастаўляючы ногі. Больш трох гадзін ужо шукаў ён доктара Скарыну, дзе толькі ня быў, у каго толькі ня пытаўся, але адшукаць ніяк ня мог.

Хацеў стрымацца як-небудзь ад плачу, але нейкі балючы неадвязны жаль агарнуў яго сэрца, заціснуў яго, як у клешчы, і давіў бязжаласна, самі сабою падступалі к горлу сьлёзы…

— Чаго ты плачаш, чалавеча? — спытала ў яго пажылая жанчына, якая стаяла каля варот аднаго дому.

— А-а-ах! — ўсхліпнуў ён, — няма чалавека, згінуў дзесьці.

— Якога чалавека?.. мо‘?..

— Доктара няма, Скарыны…

— Нядаўна тут ішоў якійсьці поп?.. але я ня ведаю…

— У доўгай у чорнай вопратцы?! — радасна спытаўся Даніла.

— Але-ж… Я-ж кажу… Як поп… ішоў і пайшоў вэнь туды, у той бок, — адказала жанчына, паказаўшы ў бок лесу рукою.

— Туды?!. Дзякую шаноўная! — крыкнуў Даніла і проста пабег, куды паказала жанчына.

— Доктар! — крыкнуў ён яшчэ здалёк, заўважаўшы ў беразе лесу чорную фігуру, — доктар!..

Спаткнуўся і далавах упаў назем. Войстры боль праскочыў па ўсім целе і тупа заныў у косьцях… Чуць узьняўся на ногі ўноў. У цяглях нылі жылы. Дробнай дрыгвоткай задрыжэлі калені. Пад сэрцам стала млосна.

— Што цяпер будзе? — з болем думка мільгнула, — і доктар, відаць, засумаваў?..

Слабым, няўпэўненым крокам пашоў у напрамку чорнай фігуры, якая ўвесь час сядзела нярухома.

— Няўжо-ж ён ня чуе? — падумалася Данілу, і ён прыбавіў кроку.

Падышоў.

Навокала сумны зялёны ельнік. Па зямлі, як аксаміт, блішчэў сьветла зялёны мох; здавалася, ён пераліваўся адценьнямі. Па ім жоўтыя іголачкі парассыпаны. Дзе-ня-дзе чорныя шышкі ў зямлю паўрасталі, а дзе і траўка бледная рэдзенька павыбівалася на сьвет.

Скарына сядзеў на абросшым зялёным мохам пні, абхапіўшы голаў рукамі.

На зямлі перад ім ляжала яго шапка і некалькі паймаў яго сьветларусых валасоў.

Вочы бяссэнсна глядзелі кудысьці ў даль…

Калі падышоў да яго Даніла, ён нават і галавы не крануў.

— Доктар! — абазваў яго Даніла, — доктар, вы тут?!.

Скарына маўчаў і не парушаўся,

— Юры Лукіч!?? — ужо трывожна ўскрыкнуў Даніла.

Скарына ўноў не варухнуў ні адным членам;

— Юры Лукіч! — паўтарыў напалохана Даніла і тармазнуў яго за плячо.

Скарына не варушыўся.

Даніла ўпаў да яго ног і заплакаў горка і ніўцешиа, як дзіця.

Скарына не крануўся: ён нічога ня чуў і ня бачыў, ён быў у якімсьці акамяненьні…

— Ах ты, Лявоніха, туды тваю…

Не хадзі маёй капусты ламаць!.. — хтосьці гаркнуў ублізку грубым голасам, падобным хутчэй да рыканьня, чымсі да сьпеву.

Скарына страпянуўся… Даніла ўсхапіўся на ногі, адступіўся ў бок і прыпёрся плячыма да бліжэйшай елі.

— …Ня мытую мне кашулю дала!.. ых!... ых!.. ха-ха-ха! — усё пяяў той-жа самы голас.

Скарына ўзьняўся з пня, хіснуўся ў бокі ўноў зваліўся на тое самае месца, дзе сядзеў.

— Хто гэта?! — ускрыкнуў ён разьдзіраючым нутро: голасам і ніўцешна заплакаў.

Даніла стаяў над ім, увесь трасучыся, ня ведаючы што рабіць, нібы вінаваты ў чым…

Хвілін цераз пяць у беразе лесу паказалася п‘яная постаць царкоўнага старасты Грыгора.

— Во хто!.. во ён! — здаўленым ад болю і гневу голасам крыкнуў Скарына, падняўся на ногі і накіраваўся да Грыгора.

Апошні з момант паглядзеў п‘янымі аслупянеўшымі вачыма на Скарыну, чухнуў патыліцу і раптам кінуўся наўцекі ў лес.

Скарына спыніўся.

— Бедны мой люду! — сказаў ён, схапіўшыся рукою за грудзі і гледзячы на Данілу, — сам сябе ты губіш, у няволю прадаеш!!.

— Што вы кажаце, Юры Лукіч? — спачуваюча і трывожна запытаўся Даніла.

— Не!!. Каты маскоўскія і польскія!!! не запанаваць вам над нашай краінай!.. не заняволіць вам бядноты нашай, не заняволіць сялянства!!. Так ня будзе!!!

Даніла падхапіў Скарыну пад руку і амаль пацягнуў за сабою к полю.

— Пачакай! — раптам апамятаваўся Скарына, — што-ж ты?.. шапку дай вазьму.

Пры гэтым ён вызваліў сваю руку з-пад пахі Данілы, вярнуўся, падняў шапку з зямлі і шпарка пашоў з лесу.

— Vox populi — vox dei! — прагаварыў ён ужо ідучы па полю.

— Што сіе знамянуець, доктар? — спытаўся Даніла.

— Сіе знамянуець: глас народу — божы глас! — цьвёрда адказаў Скарына, — і на цэлы народ ніякі кат ня мае права і ня сьмее працягваць сваю драпежніцкую руку!!. Але хутчэй хадзем: мо‘ дапаможам яшчэ каму ў горадзе… Так ня будзе!!.

Прыбавілі кроку.

А чырвоныя праменьні сонца, тым часам, старэнна забегалі, заснавалі па полі і залатымі пікамі пачалі брудны чорны дым у лес зганяць…

Замест большай часткі гораду, зьзяла на зямлі страшная і дзікая, як процьма, ванючая рана…

Тысяча пяцьсот трыццаты год для ўсёй Беларусі і, асабліва для гораду Вільні, быў суровым і страшным…