Перайсці да зместу

Удовін сын

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Удовін сын
Беларускія народныя казкі
Аўтар: народ
Крыніца: http://bellib.by/index.php/2009-05-23-15-07-31/item/tales-folk-019

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Здарылася ў адным краі вялікая бяда: наляцеў аднекуль дзевяцігаловы змей Цуда-Юда і ўхапіў з неба сонца з месяцам… Бядуюць людзі, плачуць: і цёмна без сонца, і холадна.

А жыла ў тым краі бедная ўдава. І мела яна малога сына — так гадоў пяці. Цяжка жылося ўдаве ў голадзе ды ў холадзе. Адна толькі ўцеха была, што сынок разумны ды ўдалы расце.

І жыў там недалёка багаты купец. Быў у яго сын — такі ж па гадах, як удовін.

Пасябраваў купецкі сын з удовіным. Бывала, як прачнецца, дык і бяжыць да яго гуляць. Пагуляюць у хаце, пры лучыне, а потым ідуць на вуліцу. Вядома, малыя: трэба ж ім і кацёлку пакачаць, і на рэчку збегаць.

Усё было б добра, ды вось бяда — нявесела гуляць без сонца…

Аднойчы ўдовін сын кажа купецкаму:

— Эх, каб я тое еў, што ты, дык стаў бы асілкам, а тады Цуду-Юду зваяваў бы, сонца-месяц у яго адабраў бы і на неба павесіў!

Прыйшоў купецкі сын дадому і расказаў бацьку, што яму ўдовін сын гаварыў.

— Не можа таго быць! — дзівіцца купец. — Пайдзі пакліч яго на вуліцу — хачу сам паслухаць.

Пайшоў купецкі сын да сябра, кліча яго гуляць.

— Я есці хачу, — адказвае ўдовін сын. — А ў нас і кавалачка хлеба няма…

— Хадзем на вуліцу, я табе вынесу хлеба.

Вярнуўся купецкі сын дадому, узяў акрайчык хлеба, вынес сябру.

Зʼеў удовін сын хлеб, павесялеў.

— Ці памятаеш, што ты мне ўчора гаварыў пра Цуду-Юду? — пытаецца купецкі сын.

— Памятаю.

І пераказаў слова ў слова, што ён гаварыў пра Цуду-Юду. Купец стаяў за шулам і ўсё чуў на свае вушы.

«Эге ж, — падумаў ён сам сабе, — гэта, відаць, не просты хлопец. Трэба ўзяць яго да сябе. Паглядзім, што будзе».

Узяў купец у свой дом удовінага сына, пачаў карміць яго тым, што сам еў. Бачыць, і праўда — расце ўдовін сын як на дражджах. Праз год ці два стаў такі дужы, што і самога купца паваліць. Напісаў тады купец цару: «Так і так, ваша царская вялікасць, жыве ў мяне ўдовін сын, ён бярэцца, як вырасце, Цуду-Юду зваяваць, сонца-месяц на неба вярнуць…»

Цар прачытаў і адпісвае: «Зараз жа даставіць удовінага сына ў мой палац».

Запрог купец пару коней, пасадзіў удовінага сына ў павозку і павёз да цара.

— Чым цябе, удовін сын, карміць, каб ты вырас асілкам? — пытаецца цар.

— Карміце мяне тры гады валоваю печанню, — адказвае цару ўдовін сын.

Цару валоў не купляць: загадаў, і пачалі рэзаць валоў, карміць печанню ўдовінага сына.

Расце цяпер удовін сын яшчэ лепш, чым на купецкіх харчах. І гуляе ў царскіх палацах з царскім сынам-аднагодкам.

Мінула тры гады. Кажа ўдовін сын цару:

— Цяпер я пайду Цуду-Юду шукаць. Але хачу, каб твой сын і купецкі былі ў мяне за таварышаў. Усё ж весялей у дарозе.

— Добра, — згаджаецца цар. — Няхай ідуць з табою. Абы толькі Цуду-Юду зваявалі.

Паслаў ён купцу пісьмо, каб сын у палац зʼявіўся. Не хацелася купцу пускаць сына ў такую вялікую дарогу, ды з царом спрачацца не будзеш.

Прыехаў купецкі сын у царскі палац. Тады ўдовін сын і кажа царскаму сыну:

— Скажы бацьку, каб ён выкаваў мне булаву: пудоў гэтак на шэсць. Будзе хоць чым ад сабак абараняцца, а то я іх баюся.

— І мне, — кажа купецкі сын, — хоць пудоў на тры…

— А я што ж, горшы за вас: мне таксама трэба ўзяць у дарогу булаву, хоць пудоў на два, — кажа царскі сын.

Пайшоў ён да бацькі, сказаў яму. Цар загадаў кавалям выкаваць хлопцам па булаве: удовінаму сыну на шэсць пудоў, купецкаму — на тры, свайму — на два.

Узяў удовін сын сваю булаву, выйшаў у чыстае поле і шпурнуў яе ў неба. Прабыла булава ў небе гадзіны тры і ляціць назад. Удовін сын выставіў правую далонь. Булава трахнулася аб далонь і пераламалася напалам. Узлаваўся ўдовін сын і кажа царскаму сыну:

— Скажы бацьку, каб не рабіў ашуканства! З такою булавою і я загіну і вы. Няхай загадае кавалям, каб выкавалі мне булаву моцную і большую — пудоў на шаснаццаць.

— А мне пудоў на шэсць! — кажа купецкі сын.

— А мне — на тры! — кажа царскі сын. Пайшоў ён да бацькі і сказаў яму аб гэтым.

Выклікае цар да сябе кавалёў:

— Вы, такія-сякія, што сабе думаеце! Чаму нямоцную булаву выкавалі ўдовінаму сыну?

І дае ім загад, каб выкавалі тры новыя булавы — большыя і мацнейшыя.

Кавалі стук ды грук — выкавалі тры новыя булавы.

Узяў удовін сын сваю булаву, выйшаў у чыстае поле і шпурнуў яе ў неба. Прабыла булава ў небе з ранку да вечара і ляціць назад. Удовін сын падставіў калена — булава ўдарылася аб яго і пераламалася напалам!

Пайшоў удовін сын з сябрамі да цара:

— Калі вы хочаце, каб я Цуду-Юду зваяваў і сонца-месяц у яго адабраў, дык загадайце меднікам, няхай выльюць мне медную булаву пудоў на дваццаць пяць, каб яна не ламалася.

Купецкі сын кажа:

— А мне на дзевяць пудоў!

Царскі сын кажа:

— А мне і на шэсць хопіць.

Паклікаў цар меднікаў і загадаў ім выліць без усялякага машэнства тры булавы: адну на дваццаць пяць пудоў, другую на дзевяць, трэцюю на шэсць.

Узяў удовін сын медную булаву ў рукі, павесялеў — спадабалася яна яму. Потым выйшаў у чыстае поле, шпурнуў булаву ў неба. Заляцела булава за самыя высокія воблакі. Цэлы дзень і цэлую ноч хадзіў удовін сын па палях, па лугах, чакаў булавы. Нарэшце, на досвітку, чуе: ляціць булава з-за хмараў. Падставіў удовін сын плячо — булава ўдарылася і пакацілася на зямлю цэлая.

— Вось гэта булава сапраўдная! — кажа ён. — З такой булавою і ў белы свет можна падавацца, з паганым Цудам-Юдам змагацца.

Купецкі сын і царскі таксама рады, — добрыя і ім булавы вылілі меднікі!

Выпрабаваў гэтак удовін сын сваю сілу і кажа сябрам:

— Ідзіце развітайцеся з бацькамі. Трэба нам у дарогу збірацца.

Царскі сын пайшоў, а купецкі адмовіўся:

— Навошта мне час траціць: я ўжо развітаўся з бацькам, як сюды ехаў.

Сабраліся хлопцы і падаліся ў дарогу.

Адно царства мінулі, другое, трэцяе, — дайшлі да калінавага моста. Бачаць — стаіць недалёка ад моста старэнькая хатка.

— Давайце, — кажа ўдовін сын, — пераначуем тут, адпачнём дзён колькі. Бо невядома, якая яшчэ дарога перад намі ляжыць.

Зайшлі ў хатку. У ёй старая бабулька кудзелю прадзе. Далі хлопцы бабулі «добры вечар» і папрасіліся пераначаваць:

— Мы, бабка, з вялікай дарогі, дужа змарыліся…

— Начуйце сабе на здароўе, — кажа бабуля. — Той, хто па дарогах ходзіць, хаты з сабою не носіць.

Разгаварыўся ўдовін сын з бабуляй і даведаўся, што трапілі яны ў царства паганага змея Цуды-Юды: якраз туды, куды ім і трэба!

Прыйшла ноч. Удовін сын думае: «Трэба варту на калінавым мосце паставіць, каб хто знячэўку не напаў на нас».

Пасылае ён на варту царскага сына.

Узышоў царскі сын на калінавы мост, патупаў крыху ды думае сабе: «Што мне тут стаяць навідавоку. Як будзе хто ісці ці ехаць, дык і ўбачыць мяне. Пайду лепш лягу пад мостам — там спакайней».

Так і зрабіў.

Тым часам удовінаму сыну не спіцца. «Трэба, — думае, — праверыць, ці стаіць царскі сын на варце».

Выйшаў ён у поўнач на калінавы мост, глядзіць, а вартаўніка і няма!

Пакуль ён шукаў царскага сына, бачыць — едзе на паляванне трохгаловы змей, малодшы брат Цуды-Юды. На сярэдняй галаве ў яго быстравокі сокал сядзіць, збоку быстраногі хорт бяжыць. Конь, як ступіў на мост, адразу заржаў, хорт забрахаў, а сокал зашчабятаў.

Ударыў малодшы Цуда-Юда каня між вушэй:

— Ты чаго, травяны мех, заржаў? А ты, псінае мяса, чаго забрахаў? А ты, ястрабінае перʼе, чаго зашчабятаў? Калі супраціўніка майго чуеце, дык тут яго і блізка няма. Ёсць у мяне толькі адзін супраціўнік, але жыве ён за трыдзевяць зямель, у трыдзесятым царстве. Гэта — удовін сын. Ды сюды і воран касцей яго не занясе!

Пачуў гэтыя словы ўдовін сын і кажа:

— Добрага малайца не воран косці заносіць, — ён сам прыходзіць!

Напужаўся змей:

— Дык ты тут, удовін сын?

— Тут, нячыстая сіла!

— Ну, што будзем рабіць: біцца ці мірыцца?

— Не для таго я за блізкі свет ішоў, каб з вамі, паганымі, мірыцца, а для таго, каб біцца!

— Дык дзьмі ток! — закрычаў змей.

Удовін сын адказвае:

— Табе трэба — ты і дзьмі. У цябе тры духі, а ў мяне адзін. Я да панскай раскошы не прывык: магу біцца і на сырой зямлі.

Злез Цуда-Юда з каня, дзьмухнуў на тры духі, і стаў гладкі ток на тры вярсты.

Пачалі біцца.

Тры гадзіны біліся. Перамог удовін сын малодшага Цуду-Юду: збіў яму ўсе тры галавы. Каня на зялёны луг пусціў, харта і сокала ў чыстае поле. А сам вярнуўся ў хатку і лёг спаць.

Назаўтра прыходзіць царскі сын з варты.

— Ну, як табе там вартавалася? — пытаецца ўдовін сын. — Можа, ішоў хто ці ехаў?

— Не, — адказвае царскі сын, — за цэлую ноч нават і птушка блізка не праляцела…

«Ненадзейны ты ў мяне таварыш, — думае ўдовін сын. — Відаць, трэба больш на сябе спадзявацца».

На другую ноч пасылае ён на калінавы мост купецкага сына.

Пахадзіў купецкі сын па мосце і думае сабе: «Навошта мне рызыкаваць тут сваёю галавою? Пайду лепш пад мост, лягу спаць».

Так і зрабіў.

У поўнач удовін сын выйшаў на мост праверыць, ці стаіць на варце яго таварыш. Паглядзеў туды-сюды — няма! Аж раптам бачыць: узʼязджае на калінавы мост Цуда-Юда з шасцю галовамі. Конь дубка стаў, моцна заржаў, хорт забрахаў, сокал зашчабятаў. Цуда-Юда каня троп між вушэй!

— Чаго, травяны мех, заржаў? А ты, псінае мяса, чаго забрахаў? А ты, ястрабінае перʼе, чаго зашчабятаў? Тут няма мне супраціўніка па сіле роўнага. Ёсць ён, праўда, ды за трыдзевяць зямель, у трыдзесятым царстве, — удовін сын. Але ж сюды і воран касцей яго не занясе!

Удовін сын адказвае:

— Добрага малайца воран касцей не заносіць, — ён сам прыходзіць!

— А-а, дык ты тут, удовін сын?

— Тут, нячыстая сіла!

— Ну, што ж: будзем біцца ці мірыцца?

— Не для таго я за блізкі свет ішоў, каб з вамі, паганымі, мірыцца, а для таго, каб біцца!

— А я раіў бы табе, удовін сын, лепш мірыцца, бо я цябе забʼю.

— Забʼеш, тады і гаварыць будзеш.

— Ну, дык дзьмі ток! — зароў Цуда-Юда.

— Табе трэба — ты і дзьмі. У цябе шэсць духоў, а ў мяне адзін. Мне і без тока добра: я мужыцкі сын, да раскошы не прывык, магу біцца і на сырой зямлі.

Злез Цуда-Юда з каня, дзьмухнуў на шэсць духоў, і стаў гладкі ток на шэсць вёрст.

Пачалі біцца.

Біліся шэсць гадзін. Удовін сын збіў Цуду-Юду ўсе шэсць галоў. Каня на зялёны луг пусціў, харта і сокала ў чыстае поле. А сам вярнуўся ў хатку і лёг спаць.

Назаўтра прыходзіць вартаўнік, будзіць удовінага сына:

— На чужой старане засыпацца нельга. Я вось цэлую ноч і вокам не звёў.

Падумаў удовін сын: «І на гэтага таварыша малая надзея. Трэба толькі на сябе спадзявацца».

Настала трэцяя ноч. Удовін сын выправіў бабулю ў клуню начаваць, а сам убіў у сцяну нож, падставіў кубак і кажа сябрам:

— Калі ў гэты кубак капне з нажа кроў, дык бяжыце мне на дапамогу.

А каб сябры не паснулі, даў ім карты і загадаў гуляць у воза.

Але толькі ён выйшаў за парог, як тыя пакідалі карты і ляглі спаць.

Прыйшоў удовін сын на калінавы мост, стаў на варту.

Роўна ў поўнач бачыць — узʼязджае на калінавы мост старэйшы Цуда-Юда з дзевяццю галовамі. На грудзях у яго месяц зіхаціць, на сярэдняй галаве сонца гарыць. Конь пад ім на калені ўпаў, моцна заржаў, хорт забрахаў, сокал зашчабятаў.

Цуда-Юда ўдарыў каня між вушэй:

— Ты чаго, травяны мех, заржаў? А ты, псінае мяса, чаго забрахаў? А ты, ястрабінае перʼе, чаго зашчабятаў?

Конь кажа:

— Эх, гаспадар, апошні раз ты на мне на паляванне едзеш…

— Што ты, воўчае мяса, брэшаш! Тут няма майго супраціўніка. Ёсць толькі за трыдзевяць зямель, у трыдзесятым царстве ўдовін сын, ды сюды і воран касцей яго не занясе.

Выйшаў удовін сын наперад і адказвае:

— Добрага малайца воран касцей не заносіць — ён сам прыходзіць!

— Ах, дык ты тут, удовін сын?

— Тут!

— Ну, што ж ты хочаш: біцца ці мірыцца? Я раіў бы табе лепш мірыцца, бо ты малады яшчэ, каб са мною сілаю мерацца.

— Малады ці не малады, а не для таго я за блізкі свет ішоў, каб з табою, злодзей паганы, мірыцца, а для таго, каб біцца.

— Ну, калі ты ўжо так наважыўся біцца са мною, дык дзьмі ток. Пагляджу, якая ў цябе сіла.

— Мне ток не патрэбен: я і на сырой зямлі магу біцца! А ты дзьмі сабе, калі прывык па чыстым хадзіць.

Злез Цуда-Юда з каня, дзьмухнуў — на дзевяць вёрст гладкі ток стаў. Пачалі біцца.

Біліся, біліся, — удовін сын Цуду-Юду тры галавы збіў, а перамагчы не можа. «Дзе ж мае таварышы? — думае ён. — Ці не спяць яны?»

Просіць удовін сын у Цуды-Юды перадыху:

— Цары-каралі ваююць і то перадых маюць: давай і мы зробім!

— Давай, — кажа Цуда-Юда. Адышоўся ўдовін сын убок, зняў з левай рукі рукавіцу ды як кінуў у хатку, дзе засталіся таварышы, — дык страху ўсю чыста сарваў. Сябры ж ані павярнуліся — спяць, як спалі.

Бачыць удовін сын — няма падмогі. Пачалі зноў біцца. Біліся, біліся,— збіў удовін сын яшчэ тры галавы Цуду-Юду, сам па калені ў крыві стаіць, а астатнім галовам рады даць не можа.

Зноў просіць ён перадыху.

— Што гэта ты, — выскаляецца Цуда-Юда, — часта перадыху просіш?

— А хіба нам часу мала?

— Ну, давай перадыхнём.

Улучыў удовін сын хвілінку, як вораг адвярнуўся, ды шпурнуў другую рукавіцу ў хатку. Хатку па самыя вокны сарвала, а сябры спяць, як спалі.

Перадыхнулі трохі ды зноў пачалі біцца. Удовін сын ужо траха не па пояс у крыві стаіць, а астатнім галовам рады даць не можа: сілы не хапае. Тым часам і світаць пачало. «Сябры, напэўна, ужо выспаліся, — думае ўдовін сын. — Трэба ім яшчэ раз аб сабе напомніць».

Зноў кажа ён Цуду-Юду:

— Цары-каралі ваююць і то перадых маюць. Давай мы яшчэ і трэці раз перадых зробім. А тады будзем біцца да канца.

Цуда-Юда таксама аслабеў.

— Добра, — кажа, — давай перадыхнём. Зняў удовін сын бот з левай нагі і шпурнуў яго ў хатку.

Даляцеў бот да хаткі і растрыбушыў яе да самых падвалін. Усхапіліся тады з пасцелі яго сябры, бачаць: поўны кубак крыві з нажа нацякло…

— Ну, — кажуць, — відаць, дрэнна нашаму таварышу, калі так.

Схапілі яны свае булавы ды кінуліся на калінавы мост.

Убачыў іх Цуда-Юда і аж скалануўся:

— Ах, удовін сын, цяпер я ведаю, чаму ты перадыху прасіў ды бот з левай нагі кідаў! Перахітрыў ты мяне…

Як ухапіліся сябры ўтрох малаціць Цуду-Юду з усіх бакоў, дык той не ведае, на каго і нападаць.

Збілі яны і астатнія тры галавы. Тут Цуду-Юду і канец прыйшоў.

Узяў тады ўдовін сын сонца-месяц ды павесіў на неба. І адразу святло па ўсёй зямлі пайшло. Выбеглі людзі на вуліцу, радуюцца, цешацца, на сонцы грэюцца…

Вярнуліся сябры да бабулі, збудавалі ёй новую хатку, лепшую, чым была, і парашылі крыху адпачыць перад дарогай.

Царскі і купецкі сыны спяць, гуляюць, а ўдовін сын усё думае: «Цудаў-Юдаў больш няма на свеце, але ж засталіся яшчэ іх жонкі — ведзьмы. Каб не нарабілі яны бяды якой!»

Пакінуў ён сяброў, а сам пераапрануўся і пайшоў у палацы Цудаў-Юдаў.

— Ці не трэба вам парабка? — пытаецца ў ведзьмаў.

— А трэба, — адказвае старэйшая ведзьма. — Мы ж цяпер асірацелі: няма каму рабіць. Усіх трох мужыкоў нашых удовін сын пазабіваў. Ды нічога — і мы яго са свету страцім!

— А як жа вы яго страціце? — пытаецца парабак. — Ён жа, відаць, вельмі дужы.

— У яго сіла, а ў нас чары, — кажа жонка малодшага Цуды-Юды. — Вось будзе ён са сваімі памочнікамі ехаць назад, у сваё царства, дык я на дарозе крыніцай разліюся: напʼюцца яны вады — і капцы ім.

— А калі гэта не паможа, — кажа жонка сярэдняга Цуды-Юды, — дык я салодкай яблыняй зраблюся. Зʼядуць яны па яблыку — і больш не захочуць…

— Вы зробіце тое, — кажа жонка старэйшага Цуды-Юды, — без чаго яны могуць і абысціся. А я прыдумала лепш: на сто вёрст квяцістым лугам рассцялюся. А збоку цяністую вярбу пастаўлю. Будуць яны ехаць, захочуць коней на лузе папасвіць, а самі пад вярбой адпачыць. Як лягуць, дык і не ўстануць. А конь калі скубне тры разы травы з таго лугу, дык і яму больш не жыць.

Удовінаму сыну толькі гэта і трэба было. Дачакаўся ён ночы і, як паснулі ведзьмы, пакінуў палац ды бягом да сяброў.

Назаўтра чуць свет пайшлі яны на зялёны луг, палавілі коней Цудаў-Юдаў. Удовін сын сеў на каня дзевяцігаловага Цуды-Юды, купецкі — на каня шасцігаловага Цуды-Юды, а царскі — на каня трохгаловага Цуды-Юды. І паехалі ў сваё царства.

Едуць яны палямі, едуць барамі, даязджаюць да крыніцы. І тут царскаму сыну і купецкаму так захацелася піць, што вытрымаць не могуць.

Удовін сын кажа:

— Вы ўсё ж людзі не мужыцкага звання. Пачакайце, я вам сам вады прынясу.

Саскочыў ён з каня, падышоў да крыніцы і давай біць яе булавою. Збіў так, што адна гразь ды кроў засталіся.

Сябры ледзь не плачуць:

— Навошта ты гэта зрабіў? Мы ад смагі паміраем…

— Не крыніца гэта, — кажа ўдовін сын, — а наша здрада.

Сеў ён на каня, і паехалі далей.

Падʼязджаюць да яблыні. І такія на ёй яблыкі растуць — чырвоныя ды румяныя: самі ў рот так і просяцца.

Кінуліся таварышы да яблыні, а ўдовін сын спыніў іх:

— Пачакайце! Вы ўсё ж людзі панскага звання — я вам лепш сам яблыкаў нарву.

Падышоў ён да яблыні, ударыў булавою — тая адразу павалілася і завяла.

— Навошта ты гэта зрабіў? Мы ж бы хоць па яблычку зʼелі…

— Не яблыкі гэта, а смерць наша, — кажа ўдовін сын.

Паехалі далей. Падʼязджаюць да квяцістага лугу. Убачылі вярбу цяністую і так усім спаць захацелася — рады няма. А коні аж капытамі зямлю бʼюць — да квяцістай травы рвуцца.

Спыніў удовін сын каня:

— Пайду пагляджу, ці можна коней на гэтым лузе пасвіць.

Падышоў да вярбы ды як пачаў яе булавою дубасіць, дык луг адразу і засох, а ад вярбы адны косці засталіся.

— Ну, вось бачыце, якая гэта вярба і які луг, — кажа ён таварышам.

Пераехалі сухі луг і спыніліся начаваць у зялёнай дуброве. Коней пасвіцца пусцілі, а самі павячэралі ды леглі спаць. Тры дні і тры ночы спалі. А як прачнуліся, удовін сын кажа сябрам:

— Тут ужо царства наша недалёка. Едзьце сабе дадому адны. А то вашы бацькі даўно чакаюць вас. У мяне ж бацькі няма. Я яшчэ па белым свеце пагуляю.

Развітаўся ўдовін сын з сябрамі і паехаў па белым свеце гуляць.

Ці доўга ён ездзіў, ці нядоўга, — прыязджае да цара Пастаянца. А той цар быў з адным бокам, з адным вокам, з адною нагою, з адною рукою, палавіна галавы і палавіна барады. І вельмі любіў ён коней.

Убачыў ён каня ўдовінага сына і кажа:

— Давай навыперадкі пабяжым вакол палаца. Калі я цябе выпераджу — забяру твайго каня, а калі ты мяне — аддам табе сваё царства.

Падумаў удовін сын: «Не можа быць, каб аднабокі і аднаногі цар выперадзіў мяне». І згадзіўся.

Кінуліся бегчы. Удовін сын і трох крокаў не зрабіў, а аднаногі цар ужо тры разы вакол палаца абабег…

Забраў цар Пастаянец каня ўдовінага сына і паставіў у сваю стайню.

Удовін сын ледзь не плача: шкада каня. Пачаў ён прасіцца ў цара:

— Якую хочаш службу саслужу табе — аддай каня!

Падумаў цар Пастаянец і кажа:

— Жыве ў трыдзевятай зямлі, у трыдзесятым царстве баба Каргота. Ёсць у яе дванаццаць дачок, як адна: волас у волас, голас у голас, твар у твар. Дом бабін высокім частаколам абгароджаны, і на кожнай частаколіне чалавечая галава тарчыць: гэта ўсё тыя, што ў сваты да бабіных дачок прыходзілі. Толькі адна частаколіна вольная. Дык вось: калі ты высватаеш за мяне малодшую дачку бабы Карготы, — вярну табе каня.

Падумаў удовін сын: калі не згадзіцца, — не бачыць яму каня, як сваіх вушэй. А калі згадзіцца, то, можа, і без галавы застанешся, а можа, і з галавою і з канём.

— Добра, — кажа ён цару. — Пайду ў сваты.

Ідзе ён, ідзе, бачыць — бяжыць чалавек па моры, як па мосце. Загледзеўся ўдовін сын на бегуна.

— Добры дзень табе, Марскі Бягун! — прывітаўся да яго.

— Добрага здаровейка, удовін сын! Куды ідзеш, куды дарога твая вядзе?

— Іду да бабы Карготы сватаць яе малодшую дачку за цара Пастаянца.

— Вазьмі і мяне з сабою. Я табе не лішнім буду.

— Хадзем.

Ідуць удвух. Бачаць — чалавек адным вусам млын трымае, што на дванаццаць камянёў меле, а другім воблака ў небе падпёр.

— Добры дзень табе, Вусач!

— Добрага здаровейка, удовін сын! Куды ідзеш, куды дарога твая вядзе?

— Іду да бабы Карготы сватаць яе малодшую дачку за цара Пастаянца.

— Вазьмі і мяне з сабою.

— Хадзем.

Пайшлі ўтрох. Ішлі, ішлі, бачаць — пʼе чалавек ваду з возера. Цэлае возера выпіў, а ўсё крычыць: «Піць хачу!»

— Добры дзень, Вадапой!

— Добры дзень, удовін сын! Куды ідзеш, куды дарога твая вядзе?

— Іду да бабы Карготы сватаць яе малодшую дачку за цара Пастаянца.

— Вазьмі і мяне з сабою.

— Добра, ідзі з намі.

Прайшлі трохі, бачаць — грызе чалавек асінавую калоду і ўсё крычыць: «Есці хачу!»

— Добры дзень, Пражора!

— Добры дзень, удовін сын! Куды ідзеш, куды дарога твая вядзе?

— Іду да бабы Карготы сватаць яе малодшую дачку за цара Пастаянца.

— Вазьмі і мяне з сабою.

— Ідзі з намі.

Падышлі да лесу. Сустракаюць чалавека ў кажусе да пят. Стаіць ён пры дарозе ды ўсё рукавіцамі — плясь, плясь! І як толькі плясне — адразу дрэвы інеем пакрываюцца.

— Добры дзень, Мароз!

— Добры дзень, удовін сын! Куды ідзеш, куды дарога твая вядзе?

— Іду да бабы Карготы сватаць яе малодшую дачку за цара Пастаянца.

— Без мяне табе з бабаю Карготаю не згаварыцца…

— Дык ідзі і ты з намі!

Пайшлі ўшасцёх. Ішлі, ішлі і прыйшлі да двара бабы Карготы. Бачаць — на ўсіх частаколінах галовы вісяць, толькі на адной няма. Удовін сын кажа:

— Вось тут мая галава сядзе!

— Можа б, і села, — усміхаюцца таварышы, — каб не мы…

Пачалі шукаць вароты. Ды нідзе іх няма. Тут Марскі Бягун абабег разоў тры вакол двара і знайшоў вароты. Зайшлі на двор. Баба Каргота стаіць на ганку, дзівіцца: як маглі знайсці вароты гэтыя падарожнікі?

Падышоў удовін сын да бабы Карготы:

— Добры дзень, гаспадыня!

— Добры дзень, удовін сын! Кажы, чаго прыйшоў да мяне?

— Прыйшоў сватаць тваю малодшую дачку за цара Пастаянца.

— Ну што ж, сватай, калі не жартуеш. Але перш чым дачку сватаць — паспытай піўка з майго скляпка. Выпʼеш усё — аддам дачку за цара Пастаянца, не выпʼеш — галаву зніму.

— З ахвотаю выпʼю, — адказвае ўдовін сын. — Я з вялікай дарогі і вельмі ж піць хачу. Ды і сябры мае таксама пасмяглі.

Загадала баба слугам, каб завялі ўдовінага сына з таварышамі ў піўны склеп. Завялі іх слугі і на замок замкнулі.

Удовін сын з сябрамі шклянкамі пʼюць, а Вадапой — цэлымі бочкамі глытае. Выпʼе бочку, стукне па ёй кулаком — тая і рассыплецца на клёпкі. Выпіў усе бочкі і крычыць нема:

— Баба Каргота, давай яшчэ піва! Адчыніла баба склеп, бачыць — усе бочкі разбіты, усё піва выпіта!

— Піва ў мяне, — кажа баба, — больш няма. А ёсць пірагі. Зʼясце ўсе мае пірагі — будзеце дачку сватаць.

Сваты зарадаваліся:

— Давай, бабка, свае пірагі! Мы вельмі ж здарожыліся, даўно есці хочам.

Загадала баба слугам адчыніць другі склеп з пірагамі. Пусцілі туды сватоў. А пірагоў у склепе — цэлыя горы.

Пакуль іншыя па пірагу зʼелі, дык Пражора ўвесь склеп ачысціў, сцяну праеў і крычыць нема:

— Баба Каргота, давай больш пірагоў!

Узлавалася баба: тры гады пякла яна з дочкамі пірагі, а сваты за адну гадзіну зʼелі. Загадала яна слугам нацяпліць жалезную лазню. Слугі так нацяплілі, што аж сцены пачырванелі. Баба кажа сватам:

— Памыйцеся ў маёй лазні, пераначуйце там, тады будзем аб справе гаварыць.

— Добра, бабка, мы па дарогах нахадзіліся, дужа запыліліся, — лазня нам не пашкодзіць.

Павяла баба сватоў у лазню сама. Толькі ўдовін сын падышоў да парога, як Мароз цоп яго за плячо і паставіў за сабою. Сам увайшоў першы, надзеў рукавіцы, пляснуў раз-два, і адразу халадком павеяла. Зайшлі за Марозам усе сваты, а баба дзверы зачыніла і ключом замкнула…

Тут Мароз давай па лазні пахаджваць, рукавіцамі памахваць:

— Ну, як: не перастудзіў? Можна будзе начаваць не накрываючыся?

— Добрая лазня, — хваляць таварышы. — Не гарачая і не халодная, — якраз у меру.

Памыліся і ляглі спаць. Назаўтра пасылае баба Каргота слуг у лазню:

— Схадзіце павыкідайце сабакам папечаных сватоў!

Адчынілі слугі лазню, а адтуль выходзяць шэсць малайцоў, як дубоў.

Баба аж умлела: нічога сватам зрабіць не можа! Вось яна і кажа ўдовінаму сыну:

— Калі пазнаеш маю малодшую дачку, то будзеш сватаць яе за цара Пастаянца. А не пазнаеш — пасаджу тваю галаву на вольную частаколіну.

Удовін сын зажурыўся: «Як жа яе пазнаць, тую малодшую дачку?»

— Я пазнаю, — шэпча Марскі Бягун. — Я іх не раз бачыў, калі яны прыходзілі да мора купацца.

— Добра, — кажа ўдовін сын бабе, — вядзі сваіх дачок.

Прыводзіць неўзабаве баба Каргота дванаццаць дачок — волас у волас, голас у голас, твар у твар, плячо ў плячо: як адна! Сама стала наперадзе, дачок за сабою паставіла. Удовін сын тры разы бабіных дачок абышоў, а якая малодшая, — не пазнаў: усе роўныя!

Тут Марскі Бягун падмаргнуў і вачыма на малодшую дачку паказаў. Узяў яе ўдовін сын ды вывеў наперад, да бабы Карготы:

— Вось твая малодшая дачка! Закалацілася баба ад злосці, ды нічога не зробіш: не памаглі хітрыкі!

Узяў удовін сын бабіну дачку за руку і павёў за вароты. Але толькі яны выйшлі, — скокнула бабіна дачка ў неба, села на воблака ды смяецца. Тут Вусач падняў правы вус угору, падчапіў яе і зняў з воблака.

Бачыць бабіна дачка: з такімі сватамі не вельмі нажартуеш, і супакоілася.

Пайшлі сваты дадому.

Па дарозе кожны як толькі дойдзе да свайго месца, дык там і застаецца, дзе быў: Марскі Бягун заняўся сваёй работай, Вусач сваёй, Вадапой сваёй… А ўдовін сын з бабінай дачкою пайшлі да цара Пастаянца.

Цар нацягаў за гэты час на кані ўдовінага сына цэлую яму смалы і падварвае яе знізу: смала аж кіпіць. А зверху палажыў тонкую чараціну.

Прыйшоў да яго ўдовін сын.

— Вось, — кажа, — табе, цар, малодшая дачка бабы Карготы: ледзь высватаў! Аддай цяпер майго каня.

Цар паказаў на чараціну і кажа, пасміхаючыся ў аднабокую бараду:

— Пяройдзеш па гэтай кладцы — аддам каня…

Паглядзеў удовін сын на тонкую кладку — страшна зрабілася. А бабіна дачка штурхае яго пад бок: «Не бойся!»

І ніхто нават не згледзеў, як уцягнула яна ў чараціну моцны сталёвы прут.

— Ідзі, — кажа ўдовінаму сыну.

Ён і пайшоў па чараціне. Перайшоў і кажа цару Пастаянцу:

— Вось што, цар: я саслужыў табе дзве службы. Ну, дык саслужы і ты мне хоць адну: перайдзі кладку, што сам палажыў.

— Але, — угаворвае цара бабіна дачка, — перайдзі, а то не быць табе маім мужам.

Бачыць цар — калі ўдовін сын перайшоў, то і яму не страшна.

І толькі ён ступіў на чараціну, як бабіна дачка — шморг! — і выцягнула з яе сталёвы прут… Чараціна хруснула, цар паляцеў у кіпячую смалу ды там і застаўся.

— Ну вось, — кажа ўдовін сын, — не капай другому ямы, бо сам у яе ўвалішся.

Ажаніўся ён з малодшаю дачкою бабы Карготы і застаўся жыць у тым царстве.

І цяпер жыве-пажывае ды дабра нажывае.