Тром-сын безыменны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Тром-сын безыменны
Беларускія народныя казкі
Аўтар: народ
Крыніца: http://bellib.by/index.php/2009-05-23-15-07-31/item/tales-folk-030

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Жыў дзед з бабаю. Нарадзіўся ў іх сын. Пайшоў дзед да папа, каб сына перахрысціў, імя даў, а той і гаварыць не хоча: грошай у дзеда няма, дык якая можа быць гаворка! Так і застаўся дзедаў сын без імені.

Падрос хлопчык, пачаў на вуліцу хадзіць. Гуляе з дзецьмі, а тыя не ведаюць, як яго зваць. А потым самі прыдумалі яму імя: Безыменны. Ва ўсіх імёны як імёны, а дзедаў сын — Безыменны!

Прыходзіць ён аднаго разу з вуліцы і пытаецца ў маткі:

— Чаму гэта, мама, ва ўсіх імёны ёсць, а ў мяне няма?

Маці і расказала яму, чаму ён без імені застаўся.

— Калі так, — кажа сын, — дык мне жыць у сваім сяле нельга, пайду ў свет шукаць свайго шчасця.

Маці ў слёзы:

— А мой сынок, а мой сакалок, як жа ты нас, старых, пакінеш?

— Як знайду сваё шчасце, тады вярнуся да вас, — кажа сын.

Сабралі бацькі яму, што мелі, на дарогу, ён і пайшоў сабе памаленьку.

Ішоў, ішоў, прыходзіць у вялікі густы лес. Цэлы дзень ішоў лесам, пад вечар бачыць — стаіць хатка. Зайшоў у хатку, а там тры сівыя дзяды жывуць. Пакланіўся хлопец дзядам:

— Дазвольце, людзі добрыя, пераначаваць у вас.

Дзяды паглядзелі на яго і пытаюцца:

— Адкуль жа ты, хлопча, і якая нядоля цябе завяла сюды?

Расказаў ім хлопец пра сябе. Дзяды выслухалі, галовамі паківалі і кажуць:

— Калі так, жыві ў нас. А імя табе будзе Тром-сын, гэта значыць, будзеш ты ўсім нам тром сынам.

Згадзіўся хлопец і стаў жыць у дзядоў.

Дзяды яго і кармілі, і паілі, і ўсялякім навукам вучылі.

Пражыў ён так гадоў з дзесяць. Зусім вялікі вырас, і захацелася яму свету пабачыць, бо ў лесе доўга жыць нецікава. Вось ён і кажа дзядам:

— Бацькі мае названыя, пусціце мяне свету пабачыць.

— Добра, — згадзіліся дзяды, — ідзі сабе.

Далі яму буланага каня і сказалі:

— Будзеш ты ехаць гэтым лесам трое сутак. На чацвёртыя прыедзеш да вялікай гары, — на ёй жыве Жар-птушка. Ты раз разганіся на кані — не зловіш яе. Другі раз разганіся — таксама не зловіш. А трэці раз як скокнеш, дык ухопіш за хвост і вырвеш пяро. Палажы яго ў кішэнь, а каня пусці ў запаведныя лугі, на зялёныя мурагі. Сам жа ідзі ў стольны горад да цара. У таго цара ўсе коні хворыя. І ніякія лекары не могуць нічога зрабіць. А ты падручыся царскіх коней вылечыць: два разы — на захадзе сонца і перад усходам — пачысці іх Жар-птушчыным пяром, і яны зробяцца такімі, што люба глядзець. А калі з табою бяда якая здарыцца, то выйдзі ў чыстае поле і гукні свайго буланага каня: ён да цябе як бачыш прыбяжыць і будзе табе верна служыць.

Падзякаваў Тром-сын дзядам і паехаў у свет на буланым кані. Трое сутак ехаў, на чацвёртыя прыязджае да высокай крутой гары. Бачыць — лятае над ёю Жар-птушка. Уся так і зіхаціць, так і гарыць, як само сонца. Аж вочы слепіць. Ён раз разагнаўся — не злавіў. Другі раз разагнаўся — не злавіў. Трэці раз разагнаўся — вырваў з хваста пяро. Пусціў буланага каня ў запаведныя лугі, на зялёныя мурагі, а сам палажыў Жар-птушчына пяро ў кішэнь і пайшоў да цара.

Далажылі цару, што вось знайшоўся такі майстар — бярэцца царскіх коней вылечыць. Кліча яго цар да сябе.

— Праўду кажаш, Тром-сын, ці маніш? — пытаецца цар.

— Праўду, — адказвае Тром-сын.

— То ідзі на стайню. Вылечыш — узнагароджу, не вылечыш — ласкі ад мяне не чакай.

Пайшоў Тром-сын на стайню. Коней там лікам не злічыць. І ўсе такія змардаваныя, што глядзець на іх не хочацца.

Дачакаўся Тром-сын вечара, выправіў царскіх конюхаў са стайні, а сам узяўся за работу. Аднаго каня пачысціў Жар-птушчыным пяром, другога, трэцяга — палавіну перачысціў. А ранічкай, да ўсходу сонца, яшчэ раз пачысціў.

Прыходзяць назаўтра конюхі ў стайню, бачаць — палавіна коней, як лялькі! Дзе тая хвароба падзелася!

Пабеглі конюхі да цара, дакладваюць:

— Ваша царская вялікасць, цяпер ты сваіх коней не пазнаеш!

Цар не мог на троне ўседзець, пайшоў сам коней глядзець. І — праўда: вылечаныя коні яго аж блішчаць! Кліча ён да сябе Тром-сына:

— Чым цябе за гэта ўзнагародзіць?

Тром-сын адказвае:

— Нічога мне не трэба; пакінь, цар, мяне толькі за конюха. Я ўсіх тваіх коней вылечу.

Цар не пярэчыў:

— Добра. Будзеш ты ў мяне не толькі конюхам, а і начальнікам над усімі конюхамі.

Тут конюхаў зайздрасць узяла: яны гадоў па дваццаць — трыццаць на стайні служаць, а гэты хлапчына толькі што прыйшоў і ўжо над імі начальнікам стаў! Пачалі яны раіцца між сабою: якую б штуку прыдумаць, каб новага свайго начальніка са свету зжыць? І парашылі падгледзець, чым ён коней лечыць. Выправіў іх Тром-сын перад захадам сонца са стайні, а яны за варотамі схаваліся, праз шчылінкі глядзяць.

Выняў Тром-сын з кішэні пяро, і ўся стайня асвяцілася, як ад пажару…

Дачакаліся конюхі раніцы, бягуць да цара.

— Так і так, ваша царская вялікасць, — дакладваюць: — Тром-сын не сваёю сілаю коней лечыць! Як выняў ён з кішэні нейкае пяро, дык мы думалі, што ўся стайня загарыцца…

Паклікаў цар Тром-сына:

— Чым ты маіх коней лечыш?

Тром-сыну таіцца няма чаго, ён і адказвае:

— Ёсць у мяне пяро Жар-птушкі. Ім я і лячу.

— Ну што ж, — кажа цар, — чым лячыў, тым і лячы, абы вылечыў.

Зноў задумаліся конюхі, як Тром-сына са свету зжыць.

— Давайце, — кажа адзін, — пойдзем і скажам цару так: наш новы начальнік, пʼяным будучы, хваліўся, што можа для цябе Жар-птушку дастаць — тую, з якой пяро вырваў…

Так і зрабілі.

«Ого, — думае цар, — такой птушкі ні ў кога няма: будуць мне ўсе цары ды каралі зайздросціць». Паклікаў ён да сябе Тром-сына:

— Праўда, што ты можаш для мяне Жар-птушку дастаць?

Тром-сын паціснуў плячыма:

— Не, не магу.

— Як не можаш! — узлаваўся цар. — Ты ж учора, пʼяным будучы, хваліўся, што дастанеш! Глядзі: калі не дастанеш, дык мой меч — твая галава з плеч!

Пайшоў засмучаны Тром-сын у чыстае поле, паклікаў свайго буланага каня:

— Конь мой добры, конь мой любы! Дзе б ты ні быў, — каб да мяне прыбыў!

Тут як бачыш прыбягае да яго буланы конь:

— Чаго клікаў, гаспадар?

— Бяда ў мяне, — адказвае Тром-сын. — Парай, што рабіць. Загадаў цар загадку, не ведаю, як яе і разгадаць: хоча, бачыш, каб я яму Жар-птушку дастаў!

Конь кажа:

— Не смуткуй, гаспадар: гэта бяда невялікая! Скажы цару, каб даў табе ў дарогу тры кубкі салодкапʼяных напіткаў і свой настольнік чысты. У карэту няхай запрагуць самых лепшых коней. Як усё гэта будзе зроблена — садзіся і едзь да той гары. Там расце вялікі дуб. На тым дубе Жар-птушка начуе. Прыедзеш — пасцялі царскі настольнік пад дубам і пастаў на яго салодка-пʼяныя напіткі. А сам схавайся і ляжы. Жар-птушка як прачнецца — зляціць на зямлю. Тут яна ўбачыць напіткі і пачне іх піць. Напʼецца і паваліцца без памяці. Ты ж, глядзі, не марудзь: загарні яе ў настольнік ды цягні ў карэту. І едзь адтуль як мага хутчэй. Будзе Жар-птушка перакідвацца ў змяю, у жабу, у яшчарку, а ты яе з рук не выпускай.

Расказаў яму буланы конь, як і што рабіць, а сам памчаўся ў запаведныя лугі, на зялёныя мурагі.

Прыйшоў Тром-сын да цара, сказаў, што яму трэба ў дарогу.

Цару напіткаў не пазычаць. Намяшаў ён тры кубкі віна салодкага з пʼяным, даў настольнік, запрог самых лепшых коней у карэту, — Тром-сын і паехаў. Прыехаў пад дуб адвячоркам, разаслаў настольнік, паставіў на ім тры кубкі віна, а сам схаваўся за куст.

І як казаў буланы конь — так усё і сталася.

Загарнуў Тром-сын пʼяную Жар-птушку ў настольнік, сеў у карэту і памчаўся на ўвесь дух.

Працверазілася ў дарозе Жар-птушка, пачала перакідвацца ў жабу, у яшчарку, у змяю — ды нічога: пабушавала і зноў Жар-птушкаю стала.

Прывёз яе Тром-сын у царскі палац. Разгарнуў настольнік, і ўвесь палац, як сонца, заззяў.

— Ну, — кажа цар, паціраючы рукі, — дагадзіў ты мне, Тром-сын. Чым цябе за гэта ўзнагародзіць?

— Нічога мне, цар, не трэба, — адказвае Тром-сын. — Пашлі мяне зноў на стайню: хачу пры сваёй рабоце застацца.

— Добра, ідзі на стайню.

Пачалі конюхі новую думу думаць, як Тром-сына са свету зжыць. Думалі, думалі, — нічога прыдумаць не могуць. Аж тут адзін выпадак дапамог: здарылася ў тым царстве зацямненне. Цэлыя тры дні не свяціла сонца. І ніхто — ні сам цар, ні яго мудрацы — не мог разгадаць прычыну, чаму тры дні сонца не свяціла.

Прыйшлі да цара конюхі і кажуць:

— Ваша царская вялікасць, Тром-сын, пʼяным будучы, выхваляўся ўчора перад намі: вось, кажа, цар і ўсе яго мудрацы не могуць даведацца, чаму зацямненне было, а я магу даведацца!

Кліча цар да сябе Тром-сына:

— Што ты ўчора, пʼяным будучы, гаварыў конюхам?

— Нічога не гаварыў, — адказвае Тром-сын. — І пʼяным я не быў. Гэта яны, недавяркі, выдумалі.

Цар пачаў злавацца:

— Ты ж гаварыў, што можаш даведацца, чаму тры дні ў маім царстве сонца не свяціла.

— Як жа можна пра гэта даведацца? Хіба я сябрую з сонцам?

— Ты жартуеш з мяне! — закрычаў цар. — Глядзі: калі не даведаешся, дык мой меч — твая галава з плеч!

Пайшоў Тром-сын засмучаны ў чыстае поле. Свіснуў-крыкнуў свайго буланага:

— Конь мой добры, конь мой любы! Дзе б ты ні быў — каб да мяне прыбыў!

Тут як бачыш конь бяжыць, капытом зямлю бʼе.

— Што, зноў бяда? — пытаецца.

— Бяда, кося, ой бяда… Выслухаў яго конь і кажа:

— Не смуткуй, гаспадар: гэта яшчэ не бяда. Скажы цару, няхай ссуча табе клубок у тры ніткі: нітка залатая, нітка сярэбраная і нітка шаўковая. Вазьмі гэты клубок і пусці перад сабою: куды ён пакоціцца, туды і ідзі. А прыкоціцца той клубок проста да сонцавай маткі. Там ты і даведаешся, чаму тры дні зацямненне было.

Цар, доўга не думаючы, ссукаў клубок у тры ніткі, як яму Тром-сын сказаў.

Выйшаў Тром-сын за царскую сталіцу і пусціў клубок перад сабою. Дакаціўся клубок да лесу. Бачыць Тром-сын — бʼюцца пры дарозе выдра з крумкачом. І так бʼюцца, — кроўю сплываюць. Крумкач выдру дзюбаю дзяўбе, а выдра крумкача зубамі грызе. Убачылі яны Тром-сына.

— Куды, Тром-сын, ідзеш, куды дарога твая вядзе? — пытаюцца ў яго.

— Іду да сонцавай маткі.

— Чаго?

— Даведацца, чаму ў нашым царстве тры дні сонца не свяціла.

— Успомні там, калі ласка, Тром-сын, і пра нас, дакуль нам тут біцца? Пазабіваліся да паўсмерці, а не ведаем нават за што.

— Добра, успомню.

Пакаціўся клубок далей. Прыкаціўся да мора. Ляжыць на моры кіт-рыба, а па ім людзі ездзяць: нават каляіны, ездзячы, павыбівалі.

— Добры дзень, кіт-рыба! — прывітаўся Тром-сын.

— Добры дзень, Тром-сын! Куды ідзеш, куды дарога твая вядзе?

— Іду да сонцавай маткі.

— Чаго?

— Даведацца, чаму тры дні ў нашым царстве сонца не свяціла.

— Успомні там, калі ласка, Тром-сын, і пра мяне: дакуль мне тут ляжаць на адным месцы? Не магу нават на другі бок перавярнуцца.

— Добра, успомню.

Пакаціўся клубок далей і трапіў у густую дуброву. А там, у дуброве, стаіць хатка — уся абпаленая, абсмаленая…

Коціцца клубок проста ў хатку, і Тром-сын следам за ім ідзе. Сустрэла яго на парозе старэнькая сівая бабуля, сонцава маці.

— Тром-сын, — пытаецца ў яго бабуля, — па ахвоце ты сюды прыйшоў ці па няволі?

Пакланіўся Тром-сын старэнькай бабулі:

— Па няволі, матухна. Загадаў, бачыш, мне мой цар даведацца: чаму ў нашым царстве тры дні сонца не свяціла? Як не даведаюся, дык царскі меч, а мая галава з плеч…

Разгаварылася бабуля з хлопцам, і расказаў ён ёй, каго сустрэў па дарозе: пра выдру з крумкачом і пра кіта.

— Добра, — кажа бабуля, — я табе дапамагу. Як вернецца нанач мой сын, дык я пачну ў яго аб усім распытвацца, а ты запамінай.

Узяла бабуля валовую шкуру, загарнула ў яе Тром-сына і палажыла яго ў вялікую скрыню, а сама паслала. сабе і сыну пасцелі на скрыні.

Пачало змяркацца. Раптам укацілася ў хату само сонца. Сцены — трэсь-трэсь! Ад гарачыні.

— Добры вечар, матухна! — прывітаўся сын.

— Добры вечар, сынок. Дзе ты ходзіш, дзе ты бродзіш? Я адна без цябе сумую…

— Ах, матухна, і не пытайся: клопат у мяне вялікі!

Дала яму маці вячэраць. Наеўся сын ды лёг спаць на скрыню.

Маці трошкі паляжала, потым як скаланецца, быццам спрасонку…

Сын пытаецца:

— Чаго гэта ты, матухна, напужалася?

— Ах, сынок! Прыснілася мне, што ў адным царстве было зацямненне свету. З чаго б гэта яно так?

— Але, — кажа сын, — гэта праўда. А прычына таму такая: жыве ў акіяне-моры Настасея-прыгажуня. Я хацеў акіян-мора выпаліць і сабе яе за жонку ўзяць. Тры дні паліў і не выпаліў. Вось якая бяда ў мяне!

Маці зноў крыху паляжала і зноў скаланулася.

Сын пытаецца:

— Чаго гэта ты, матухна, напужалася?

— Ах, сынок, прысніла я сон, што на моры ляжыць кіт-рыба. Па ім людзі на калёсах ездзяць і нават каляіны на баках павыбівалі. А ён ляжыць, небарака, і зварухнуцца не можа. Цяжка яму. З чаго б гэта, сынок?

— Гэта з таго, — адказвае сын, — што ён шмат караблёў з людзьмі праглынуў. Калі ён выкархне іх, дык зможа на другі бок перавярнуцца.

Зноў маці крыху паляжала і зноў скаланулася.

— Матухна, чаго ты гэтак сёння палохаешся?

— Ах, сынок, бачыла я ў сне: выдра з крумкачом бʼюцца, аж кроў плыве. З чаго б гэта?

— З таго, — адказвае сын, — што выдра сабе за кума крумкача ўзяла, а ён панёс дзіця хрысціць і згубіў яго. Тады яна пачала яго біць, а потым яны і забыліся, за што бʼюцца. Дзіця ж выдрына ў возеры каля трох вербаў жыве. Няхай крумкач знойдзе яго там і аддасць ёй, тады і перастануць біцца.

Пагаварылі яны так ды і заснулі.

Назаўтра, як сонца пайшло на работу, Тром-сын устаў, падзякаваў добрай бабулі і рушыў дахаты. Зайшоў па дарозе да кіта-рыбы і да выдры з крумкачом, расказаў ім, што ад сонца чуў. Выкархнуў кіт усе караблі з людзьмі і адразу лёгка перавярнуўся на другі бок. Знайшоў крумкач выдрына дзіця, і перасталі яны біцца.

Прыйшоў Тром-сын да цара.

— Ну што, Тром-сын, ці даведаўся ты, чаму тры дні сонца не свяціла?

— Даведаўся, — адказвае Тром-сын. — Жыве ў акіяне-моры Настасея-прыгажуня, дык сонца хацела акіян-мора выпаліць і сабе яе за жонку ўзяць. Тры дні паліла і не выпаліла. Таму і не свяціла ў гэты час.

Зарадаваўся цар, што нарэшце такі даведаўся аб прычыне зацямнення свету, і кажа:

— Чым цябе, Тром-сын, узнагародзіць за гэта?

— Нічога, цар, мне не трэба, — хачу толькі пры сваёй рабоце застацца.

— Добра, заставайся.

Пайшоў Тром-сын у стайню і давай там конюхаў лаяць ды прабіраць за іх хлусню.

Конюхі аж шалеюць ад злосці. Сабраліся ды зноў пачалі думаць, як ад Тром-сына збавіцца. Адзін кажа:

— Хадзем, браткі, да цара і скажам яму, што Тром-сын хваліўся Настасею-прыгажуню з дна акіяна-мора дастаць…

Пайшлі да цара і сказалі яму так. Кліча цар да сябе Тром-сына:

— Што ты ўчора, Тром-сын, гаварыў, калі пʼяным быў?

— Нічога не гаварыў, — кажа Тром-сын. — І пʼяным не быў.

— Лжэш! Ты гаварыў конюхам, што можаш Настасею-прыгажуню з дна акіяна-мора дастаць і мне прывезці.

Тром-сын пачаў спрачацца:

— Як гэта можна? Само сонца не магло выбавіць яе адтуль, а я што зраблю?

— Зробіш! — крыкнуў цар. — Глядзі: не дастанеш, дык мой меч — твая галава з плеч!

Пайшоў Тром-сын, заплакаўшы, з палаца проста ў чыстае поле. Крыкнуў-свіснуў свайго добрага каня. Конь бяжыць, капытамі зямлю сячэ:

— Навошта, гаспадар, турбуеш мяне?

— Бяда, косю. Загадаў пракляты цар Настасею-прыгажуню з дна акіяна-мора дастаць яму. Парай, як гэта зрабіць?

— Гэта не бяда, — адказвае конь. — Скажы цару, каб ён шаўковы шацёр пашыў і каб тавару прывабнага падрыхтаваў — хустак каляровых, каснікоў, стужак… Вазьмі ўсё гэта і едзь да акіяна-мора. Як прыедзеш — разапні шацёр і разлажы ў ім тавары прывабныя. Настасея-прыгажуня будзе на лодцы прагулянку рабіць. Першы раз праедзе — нічога не скажа, а назад будзе варочацца — запытае ў цябе: «Пан купец, якімі таварамі ты гандлюеш?» Ты ёй скажы: «Калі ласка, Настасея-прыгажуня, плывіце да берага, я пакажу вам усе свае тавары». Яна падплыве, а ты хапай яе, саджай у карэту і вязі ў царскі палац. А цяпер бывай, Тром-сын. Калі яшчэ якая патрэба будзе, кліч мяне.

Як сказаў добры конь, так усё і сталася. Прывёз Тром-сын Настасею-прыгажуню ў царскі палац. Спадабалася яна цару.

— Ну, Тром-сын, — кажа цар, — цяпер прасі ў мяне якой хочаш узнагароды.

— Шчога мне, цар, не трэба: пайду зноў на стайню служыць.

І пайшоў.

Дужа закахаўся цар у Настасею прыгажуню. Старая жонка яго памерла, дык ён захацеў жаніцца на маладой. Настасея яму кажа:

— Каб я ведала, што мне давядзецца замуж за самога цара ісці, дык забрала б з акіяна-мора ўсю сваю красу, а так у мяне пры сабе і палавіны яе няма.

Цар захваляваўся, кліча Тром-сына:

— Дастаць з дна акіяна-мора ўсю красу Настасеі-прыгажуні!

Тром-сын нахмурыўся:

— Што ты, цар, надумаўся? Хіба ж можна красу даставаць?

Цар стукнуў сваім царскім посахам аб падлогу:

— Маўчаць! Рабі, што табе кажуць. А не, дык мой меч — твая галава з плеч!

Пайшоў Тром-сын за горад, у чыстае поле. Крыкнуў-свіснуў там свайго буланага каня:

— Конь мой добры, конь мой любы! Дзе б ты ні быў, — каб да мяне прыбыў!

Прыбягае да яго буланы конь:

— Чаго клікаў, гаспадар?

— Зноў не дае мне цар спакою, — кажа Тром-сын. — Хоча, каб я дастаў красу Настасеі-прыгажуні. Дзе ж яе дастаць?

Адказвае буланы конь:

— Ідзі на акіян-мора, там убачыш кіт-рыбу. Скажы яму, каб выкінуў з мора залаты куфэрак. У тым куфэрку — качка, у качцы — залатое яйка — гэта яе краса!

— А няхай яе самую качкі стопчуць! — скрывіўся Тром-сын і падаўся на акіян-мора.

Доўга ішоў ён ці коратка, прыходзіць нарэшце да знаёмага кіта. Ляжыць ён цяпер на другім баку і бяды не знае.

— Добры дзень, кіт-рыба! — пакланіўся Тром-сын.

— Добры дзень, Тром-сын! — адказвае кіт. — Дзе блукаеш, чаго шукаеш?

— Ды вось, — кажа Тром-сын, — прыйшоў да цябе дапамогі прасіць. Выкінь мне, калі ласка, з дна акіяна-мора залаты куфэрак Настасеі-прыгажуні.

— Гэта можна. Толькі ты, брат, адыдзіся на сем вёрст ад мора: бачыш, я калі нырну на дно, дык вялікі разліў зраблю.

Адышоўся Тром-сын на сем вёрст ад берага. Кіт нырнуў на дно і адразу ўвесь бераг затапіў. Доўга блукаў кіт па дне, нарэшце вынес адтуль залаты куфэрак, падаў Тром-сыну:

— На, бяры!

Падзякаваў Тром-сын кіту за паслугу, адчыніў куфэрак, а качка — фыр! — і паляцела на мора…

Тром-сын ледзь не заплакаў ад жалю.

«Вось каб цяпер той крумкач тут быў: ён бы мне ў бядзе дапамог!» — падумаў Тром-сын.

І толькі ён так падумаў, бачыць — ляціць крумкач. Пагнаўся крумкач за качкаю, злавіў яе над морам і разарваў на кавалкі. Залатое яйка вывалілася з качкі ды ўпала на дно мора.

Зноў засмуціўся Тром-сын. «Вось, — думае, — каб тут тая выдра была: яна б мне ў бядзе памагла!»

Толькі ён так падумаў, як бачыць — стала перад ім выдра.

— Чаго ты ад мяне хочаш, Тром-сын?

— Зрабі ласку, даражэнькая: дастань з дна акіяна-мора залатое яйка.

Кінулася выдра на дно акіяна-мора. Тры дні чакаў яе Тром-сын. На чацвёрты выплыла выдра і падала яму ў рукі залатое яйка.

Узяў Тром-сын залатое яйка, падзякаваў добрай выдры ды пайшоў назад.

Разбіла Настасея залатое яйка і — была прыгожая, а то адразу ўдвая папрыгажэла! Цар пагладзіў бараду, засмяяўся.

— Ну, — кажа, — цяпер будзем вянчацца.

— Не, — адказвае Настасея-прыгажуня, — яшчэ не пара.

— Чаму ж? — спалохаўся цар.

— Бо няма яшчэ пры мне маёй весялосці.

— Гэй, паклікаць сюды Тром-сына! — загадаў цар.

Прыходзіць Тром-сын у палац. Настасея-прыгажуня кажа яму:

— Калі ты, слаўны дзяцюк, умеў дастаць мяне і маю красу, дык дастань яшчэ і маю весялосць.

— Дзе ж мне яе дастаць? — пытаецца Тром-сын.

— Вазьмі з сабою сваіх конюхаў і ідзі ў заморскую пушчу. Там убачыш хатку. У ёй жыве мой брат Воўк Ваўковіч. Ён табе зробіць гуслі-самаграі: гэта і ёсць мая весялосць. І яшчэ на табе маю хустачку: калі вельмі захочацца спаць, дык вытры ёю вочы…

Узяў Тром-сын конюхаў і падаўся ў дарогу. Доўга яны ішлі ці коратка, прыходзяць нарэшце адвячоркам у тую пушчу, дзе жыў Воўк Ваўковіч.

— Чаго, Тром-сын, прыйшоў да мяне? — пытаецца Воўк Ваўковіч.

— Зрабі мне, будзь ласкаў, гуслі-самаграі.

— А ёсць каму лучынай свяціць? Бачыш, цёмна ўжо, дык без святла я іх не зраблю.

— Ёсць.

Выправіў Тром-сын аднаго конюха свяціць. Той свяціў, свяціў ды і задрамаў. Узлаваўся Воўк Ваўковіч і праглынуў яго. Аблізнуўся і просіць другога работніка. Тром-сын выправіў яму другога. Той таксама свяціў, свяціў ды і задрамаў. Воўк Ваўковіч і яго праглынуў. Просіць трэцяга. І трэцяга праглынуў. І ўсіх паглытаў.

— А цяпер, — кажа Тром-сыну, — свяці сам.

Пачаў Тром-сын свяціць. Свяціў, свяціў, і раптам так спаць захацелася, што бяда. Дастаў ён Настасеіну хустачку і пачаў выціраць вочы.

Паглядзеў Воўк Ваўковіч на хустачку:

— Ах, Тром-сын, чаму ж ты мне раней нічога не сказаў: гэта ж хустачка маёй роднай сястры Настасеі-прыгажуні! Ну, для яе дык я і гатовых гусляў не пашкадую!

Вынес ён гатовыя гуслі-самаграі:

— На, нясі сястры.

Узяў Тром-сын гуслі-самаграі, падзякаваў Ваўку Ваўковічу і пайшоў назад.

Ідзе ды паціху на гуслях іграе. Сустракае па дарозе разбойніка з дубінкаю ў руках. Пачуў разбойнік ігру на гуслях-самаграях, спыніўся ды давай скакаць. Сам скача, і дубінка яго скача. І ніяк суняцца не могуць.

— Аддай, — просіць разбойнік у Тром-сына, — мне гэтыя гуслі: вельмі ж яны мне падабаюцца!

— А ты мне што за іх дасі?

— Дам табе сваю дубінку.

— А што я з ёю рабіць буду?

— Яна ў мяне такая, што якую хочаш сілу сама пабʼе. Хоць тут дваццаць палкоў войска стаў, дык мая дубінка іх і пакалоціць і памалоціць.

Аддаў Тром-сын разбойніку гуслі, а сабе ўзяў дубінку. Прайшоў ён колькі часу і ўспомніў пра гуслі.

— Ах, — кажа, — што ж я нарабіў! Што я цяпер Настасеі-прыгажуні скажу? Гэй, дубінка, бяжы адбяры ў разбойніка гуслі!

Дубінка — скок, скок! Дагнала разбойніка і давай яго дубасіць.

— Аддай, — крычыць, — Тром-сыну гуслі-самаграі, а то я цябе забʼю!

Кінуў разбойнік гуслі ды ходу. Дубінка падхапіла гуслі і прынесла Тром-сыну.

Пайшоў ён далей. Сам на гуслях іграе, а дубінка скача.

Трапіўся насустрач вядзьмар. Пачуў ён музыку і таксама пусціўся ў скокі. Скакаў, скакаў, аж чорная барада змакрэла.

— Аддай мне, — просіць вядзьмар у Тром-сына, — гэтыя гуслі.

— А ты мне што за іх дасі?

Выняў вядзьмар з кішэні залатую шкатулку:

— Дам я табе гэтую шкатулку.

— А што я з ёю рабіць буду? Адчыніў вядзьмар шкатулку, а з яе як паваліць войска! Цэлыя палкі сталі. Дзівіцца Тром-сын: вось гэта дык штука! Тут вядзьмар закрычаў да войска:

— Марш на месца!

І войска зноў у шкатулку пайшло.

Тром-сын забыўся на ўсё, аддаў ведзьмару гуслі, а сабе ўзяў цудоўную шкатулку. Пайшоў ён з дубінкаю і шкатулкаю далей. Мінула ці мала, ці многа часу, зноў успомніў Тром-сын пра гуслі:

— Вось у мяне цяпер і войска сваё ёсць, а хто ж яму маршы іграць будзе? Гэй, дубінка, бяжы адбяры гуслі-самаграі!

Дубінка — скок, скок! Пабегла, адабрала ў ведзьмара гуслі. Пайшлі далей з музыкаю. Едзе насустрач багаты купец. Пачуў ён музыку і давай скакаць. Сам скача, фурман скача, коні скачуць. Скакаў, скакаў купец, змарыўся, боты скінуў, кашулю скінуў, а ўсё скача. Наскакаўся ў ахвоту і кажа:

— Гэй, дзяцюк, аддай мне свае гуслі!

— А ты мне што дасі за іх?

Купец пакапаўся ў возе, дастаў настольнік:

— На табе гэты настольнік.

— Навошта ён мне?

— Як навошта? Ты толькі яго пасцялі, дзе хочаш, і скажы: «Піценне-ядзенне, да мяне!» І ўсё табе будзе.

Тром-сыну даўно ўжо есці хацелася.

— Ану давай, — кажа, — паглядзім, чым ён частуе!

Паслаў купец настольнік пасярод дарогі, сказаў што трэба, і тут такія стравы ды напіткі зʼявіліся, што лепшых і не трэба. Наеўся Тром-сын, напіўся і памяняў гуслі на настольнік.

Пайшоў ён далей. Успомніў у дарозе пра гуслі.

— Э, — кажа, — а ўсё ж з гуслямі весялей было б ісці. Дубінка, вярні гуслі!

Дубінка — скок, скок! Падбегла да купца і пачала яго дубасіць:

— Аддавай гуслі!

Купец кінуў гуслі, а сам выхапіў у фурмана пугу ды давай коней гнаць — ад бяды ўцякаць.

Пайшоў Тром-сын далей. Бачыць — на панскім двары цесляры дом будуюць. Тром-сын зайграў на гуслях. Тут усе цесляры сякеры пакідалі ды ў скокі. Скачуць і смяюцца. Весела ім стала. Наскакаліся ў ахвоту, тады адзін з цесляроў і кажа Тром-сыну:

— Вось пацешыў ты нас, хлопча. А то мы ўсё жыццё на пана робім і ніколі не весялімся. На табе за гэта ад нас падарунак.

І даў цясляр Тром-сыну сякерку.

— Навошта яна мне? — пытаецца Тром-сын.

— Гэта не простая сякерка, — адказвае цясляр. — Ты ёй толькі загадай, дык яна табе за адну ноч любы палац збудуе. Мы яе, братка, ад пана хавалі, бо як дачуецца, — адбярэ. Дык лепш ужо няхай добры чалавек спажывае.

Падзякаваў Тром-сын цеслярам за падарунак ды пайшоў да стольнага горада. Падышоў да ракі, а за ёю ўжо і сам царскі палац відаць. Спыніўся Тром-сын на беразе ракі і загадаў сякерцы пабудаваць за адну ноч палац лепшы за царскі. А сам лёг спаць. Устае на досвітку, бачыць — стаіць новы палац, ды такі прыгожы, — лепшы за царскі. Адчыніў шкатулку — войска валам валіць. Пастала войска каля палаца, каманды чакае. Тым часам разгарнуў Тром-сын настольнік — сам наеўся, напіўся, войска накарміў ды пачаў на гуслях іграць. А войска маршыруе пад музыку: раз-два! раз-два!

Прачнуўся цар, паглядзеў у акно — бацюхны! Стаіць за ракою новы палац, лепшы, чым яго, і войска пад музыку маршыруе… Адкуль усё гэта?

Паклікаў ён Настасею-прыгажуню:

— Паглядзі, душа мая, што гэта робіцца ў нашым царстве…

Паглядзела яна і кажа:

— Гэта Тром-сынава работа.

Паслаў цар за раку слугу:

— Пакліч Тром-сына!

Пераехаў слуга раку на чоўне, перадаў царскі загад. Тром-сын кажа:

— Не вялікі твой цар пан: захоча, то сам мяне наведае.

Хоць і не гонар цару самому да свайго конюха ехаць, ды рабіць няма чаго. Сеў ён у човен з Настасеяй-прыгажуняй, паехаў на другі бераг да новага палаца.

Тром-сын сустрэў іх як належыць: з паклонам, з музыкай. І павёў паказваць свой палац. Пахадзілі яны, паглядзелі, — Настасеі-прыгажуні ўсё тут да душы, а цар як цёмная хмара ходзіць: не падабаецца яму, што ў конюха такі палац і такое войска… Думае цар: як яму Тром-сына загубіць, каб палац і войска сабе забраць?

Прыйшлі на кухню. Тром-сын хацеў гасцей пачаставаць. Але толькі ён дастаў цудоўны настольнік, як Настасея-прыгажуня выхапіла ў цара меч і — чах! — па Тром-сыну. Галава Тром-сына так і паляцела ў куток. Тады яна пасекла яго мячом на дробныя кавалкі і загадала кухарам нагрэць поўны кацёл малака. Кухары нагрэлі. Настасея ўкінула пасечанага Тром-сына ў кіпень, потым дастала, астудзіла і спырснула гаючаю вадою. Як бачыш усе пасечаныя часткі зрасліся! Яшчэ раз спырснула жывучаю вадою — і Тром-сын усхапіўся на ногі. Ды такі стаў прыгожы, такі стройны асілак, што люба паглядзець! Цар аж вочы вылупіў: вось каб яму такую красу ды такую сілу! І прыстаў да Настасеі-прыгажуні:

— Зрабі і мяне такім!

— Добра, — кажа яна, — зраблю.

Ухапіла меч, пасекла цара ды выкінула за плот. Сама ўзяла за руку Тром-сына і павяла ў палацы.

Сабраў Тром-сын гасцей з усіх валасцей, паклікаў бацькоў — родных і названых — і наладзіў гучнае вяселле.

І я на тым вяселлі быў, мёд, віно піў, па барадзе цякло, а ў роце не было. Далі мне там смаляную кабылку, лазовае сядло, гарохавую пугу. Еду я назад на кабылцы, бачу — гумно гарыць. Я спыніў кабылку, пачаў яго тушыць. Пакуль тушыў — кабылка мая ад агню растала, сядло козы зʼелі, а пугу вароны раздзяўблі… Адтуль я далей пехатою пайшоў, да вас прыйшоў і гэтую казку расказаў.