Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ХМАРЫ

Хмары, хмары, што па небе
Ходзіце гарамі!
Каб меў крыльле, паляцеў-бы
Я на волю з вамі!

Паляцеў-бы ў край той родны,
Дзе так сэрцу міла,
Дзе я вырас, дзе мне радасьць
Моладасьць суліла.

Паляцеў-бы ў луг, дзе Нёман
Бераг точыць, мые,
Дзе гамоняць з ветрам-бурай
Дубы векавыя,

Дзе над Нёманам старая
Пахінулась хата,
Дзе так многа пылу ўлетку,
Дзе пяскоў багата.

Паляцеў-бы да курганаў,
Што стаяць маўкліва,
Да узгоркаў, дзе вясною
Зелянеюць нівы.