Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ДЗЬВЕ ДАРОГІ

Над балотам, над лясамі
Жураўлі крычаць,
Бы сваімі галасамі
Хочуць вестку даць,

Што цяпло мінецца скора,
І заглухне бор,
Ў полі сіняга прастору
Ты ня ўгледзіш зор,

Што нагоніць хмар вятруга,
Наплыве туман.
І абніме гора-туга
Поле, лес, курган.

Разам з вамі вольны вырай,
Палячу і я,
Толькі-ж к сьмерці стане бліжай
Сьцежка там мая.

Ляціце вы ў край паўднёвы
Зіму пераждаць,
Каб на весну песьняй новай
Родны кут вітаць.