Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/237

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НАША ДОЛЯ

Наша доля нас ня знае.
Жыцьце наша — ноч і цьма.
Ўлетку жар нас данімае,
Цісьне холадам зіма.

Не красуе наша ніва,
Луг ня цешыць нам вачэй.
Гне к зямлі нас праца жыва,
Гоніць ў могілкі дзяцей.

Наша жыцьце невясёла…
Ноч і цьма на нас ляглі.
Нашы хаты, вёскі, сёлы
Сівым мохам абрасьлі.

Нашы сьлёзы няшчысьлёны,
З нас крывавы льлецца пот…
Люд забіты, люд хрышчоны.
Абяздолены народ!..