Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/229

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НА ПРАДВЕСЬНІ

Эх, наперла ліха-гора!
Ні сяніны, ні зярна.
А тут сьнег яшчэ ня скора
Згоніць цёплая вясна.

У кішэні ні грашынкі,
Хата поўная дзятвы!
Ні паленца, ні лучынкі —
Хоць у землю лезь жывы.

Папалілі, пераелі, —
Нічагутка, ані ў зуб!
Хлеба толькі да нядзелі,
На два разы ўсяго круп!

А даўгоў ты нахватаўся!
Таму дзесяць, таму пяць…
Ось дзе, Грышка, ты папаўся:
Чым ты будзеш аддаваць?

Эх, наперла ліха Грышку —
Рук няма за што зацяць!
Хіба вып‘ем па кілішку —
Лягчэй будзе гараваць.

1907 г.