Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/224

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У ПАЛЁХ БЕЛАРУСІ

Дзень добры вам, лясы і далі,
Прасторы вольныя зямлі!
Я зноў між вас, пагоркі-хвалі,
Палоскі цьмянае ральлі!

Вітаю вас, як блізкіх, родных,
Старыя хвоі на палёх,
І вас, красёнцы сьцежак згодных,
Сьляды нялічаных дарог!

І гэты жоўценькі пясочак,
Дзе хвойкі зелена растуць,
Бярозы тыя, што ў шнурочак
За рубяжы зямлі бягуць.

Над рэчкай гэты луг мурожны,
Дубоў разьвіслых цэлы рад,
І буслаў дом, стары, заможны,
Як той пасэсарскі пасад.

То тут, то там лясок сінее,
Ў лагчынах рэчачкі блішчаць,
Куды ні глянь — пакоем вее,
На ўсім адна ляжыць пячаць: