Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/206

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

СТАРЫЯ ДУБЫ

Зноў я бачу, зноў вітаю,
Як паноў вяльможных,
Па-над Нёманам у гаю
Гурт дубоў разложных.

Сам ня ведаю, чым мілы,
Чым вы сэрцу любы,
Выхаванцы веку, сілы,
Магутныя дубы.

Чымся мілым, чымся родным
Ад вас павявае,
Аж мне сэрца ў сьпеў лагодны
Штосьці ахінае.

Узварухнуцца думкі-песьні,
Як вашы лісьцінкі,
І зноў станеш напрадвесьні
Жыцьцёвай пуцінкі.

Цешуся я, пазіраю
На вас, вежы-дрэвы,
Цьмяна сэрцам прачуваю
Вашы думкі-сьпевы.