Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

РОЛЬНІК

Цёплы вечар. Ціха ўсюды.
На заходзе сонца.
Хмаркі захад чуць заслалі
Тонкім валаконцам.

Зьзяюць хмаркі ў пазалоце,
Пожарам палаюць.
За гарою ціха-ціха
Песьні заміраюць.

Вышаў рольнік з хаты ў поле
Ды па межах ходзіць,
Каб пабачыць сваім вокам,
Як бог жыта родзіць.

Твар сур‘ёзны ў селяніна,
Важны, задуменны,
Ходзіць, рукі залажыўшы
За той пас раменны.

Леглі гожымі радамі
Вузкія загоны,
Апранула зямля-матка
Кажушок зялёны.