Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/182

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

РОДНЫЯ АБРАЗЫ

Я ня знаю сам, браточкі,
Чаму мне так мілы
Буры плач асеньняй ночкі,
Сьпеў яе пастылы,

Лесу гоман, гуд нястройны,
Шум лазы ў балоце,
Баязьлівы, неспакойны
Шолах у чароце.

Я ня знаю, чым мне дораг
Від палёў благенькіх,
Нудны клік у родных горах,
Вербак рад крывенькіх.

Маё сэрца, маё вока
Цягне хвоя тая,
Што ў лузе адзінока
Сохне-умірае;

Жаралісты дуб высокі,
Колісь поўны сілы,
І той крыжык адзінокі,
Вартаўнік магілы;