Старонка:Zbor 7t t4.pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ўсё гэта квапіла хлапчынку,
Цягнула крэпенька, бывала,
І, як рукою, злосць знімала.
І дзядзька майстар быў на штукі
І быў механік на ўсе рукі:
І дудку скруціць вам, і стрэлку,
І нарысуе нават елку, —
Такую выштукуе цацку,
А ў Свержань пойдзе — купіць пляцку…
Дык і не дзіва, што любілі,
Што на руках яго насілі.
А жывучы каля зямлянкі,
Паміж лясоў, сярод палянкі,
Яшчэ крапчэй яны здружылісь,
Адзін к другім цясней хілілісь.
— Ану, давай, брат, запрабуем,
Хоць на цікавасць пакаштуем,
Які тут сок на новым месце?
Мо з хлебам можна яго есці?
— А дзядзечка! мой залаценькі!
Пастаў нам соку, дарагенькі!
— Вазьмі, вазьмі мяне з сабою! —
Тут каля дзядзькі чарадою,
Як чэрві, дзеці мітусяцца.
А дзядзька моўчкі стаў збірацца:
Дастаў сякерку і свярдзёлак,
Пад паху сунуў ён аполак
На латакі і на падстаўкі
Ды вынуў два гаршкі з-пад лаўкі.
— Ну, хто са мною йдзе? — пытае.
— Я!
— Я!
— І я! — крычыць малая
Ў канцы дзяўчынка Міхаліна.
— Куды табе? ото скачыха!
На печ залезь і сядзі ціха! —
Напалі хлопцы на дзяўчынку;
А тая ў слёзы, ў плач, як бачыш.
— Ну, сціхні, ша! Чаго ты плачаш? —