Старонка:Sun i matsi.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Беларусы беларускай
Гутаркай гамоняць.

Сын

— Вось яно што! Праўда, мамка,
70 Ўжо сабе ўтлумачыў:
Беларус я! Ох, дам пытлю,
Хто скажа іначай.

Ну, але яшчэ не ўсё тут
Ясным мне здаецца:
Што такое беларускай
Гутаркай завецца?

Маці

— Ой, дурненькая варона
Што з табой чыніці!
Як жа йначай беларусы
80 Могуць гаманіці?

Як жа мы з табой гуторым
Вось у гэту хвілю?
Як жа я пяю над зыбкай
Для малой Марылі?

Ды паслухай, як на вёсцы
Кажа дзядзька, цётка;
Як пяюць улетку жнеі
За сваёй работкай;

Як бабуля баіць казкі
90 Аб нядолі-долі;
Як начлежнікі спяваюць
На начлезе ў полі?!

Сын

— Ну, ўжо знаю, знаю, мамка!
Як у люстры бачу,
Пакажу я ўсяму свету,
Хто я дый што значу!

1921