Старонка:Shanujce.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Вы, дзеці беларускага народа, атрымалі магчымасць вучыцца ў школах на сваёй роднай мове. І не толькі школы мае беларускі народ. У нас ёсць цяпер тэхнікумы, інстытуты, універсітэт, Акадэмія навук, свае тэатры. Усё гэта атрымалі мы дзякуючы нашай роднай савецкай уладзе. І вы, савецкія школьнікі, павінны быць дастойнымі сваёй вялікай Радзімы. Авалодваючы асновамі навук, вам трэба пазнаваць свет, законы, па якіх развіваецца грамадскае жыццё, ведаць і любіць свой народ, сваю Радзіму, будаваць новае жыццё на асновах, указаных нам бяссмертным Леніным, і якія ажыццяўляе наша бальшавіцкая партыя.

Роднае слова — гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет. Пагэтаму вам неабходна так старанна вывучаць сваю родную мову, ведаць і любіць лепшыя творы беларускай літаратуры. І перш за ўсё трэба ведаць свой народ, яго гісторыю, яго багатую вусную творчасць.

Шмат вуснай творчасці нашага народа сабрана і запісана этнографамі: легенды, казкі, песні, прыказкі. Але далёка не ўсё з народнай творчасці сабрана і запісана. Ды і цяжка гэта зрабіць, бо народ — вечны і нястомны творца. Жыццё не стаіць на адным месцы, падзеі змяняюцца падзеямі ў нашым няспынным руху наперад. І народ не можа не адклікнуцца на іх сваімі мыслямі і пачуццямі. Таму ўсе выдатнейшыя паэты і пісьменнікі, кампазітары, музыканты прыслухоўваліся і прыслухоўваюцца да творчасці народа, да яго песень, мелодый і выкарыстоўваюць іх у сваіх мастацкіх творах.

Успомніце геніяльнага рускага паэта Пушкіна, успомніце Крылова, Льва Талстога, геніяльнага ўкраінскага кабзара Тараса Шаўчэнку і нашага беларускага песняра-баяна Янку Купалу, а таксама вялікіх кампазітараў — Глінку, Чайкоўскага і другіх. Усе яны чула прыслухоўваліся да голасу свайго народа. Яны бралі ўсё лепшае, што стварыў народ за многавяковую гісторыю, і выкарыстоўвалі ў сваіх творах. Вось чаму іх творчасць так захапляе і палоніць нас сваім хараством, паўнакроўнасцю вобразаў і мастацкага слова.

Вось чаму і вам трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю.