Старонка:Moj dom 1946.pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

59 МАЙМУ ДРУГУ

Не малую дарогу прайшлі мы
Па чужой і па роднай зямлі.
Адыходзілі вёсны і зімы,
І гады за гадамі плылі.

Шмат снавалі мы кросен шаўковых
З нашых думак-лятунак і мар,
Сустракалі нас ветла дубровы,
І лясы нам давалі свой дар.

Па-над рэчкай у лузе квяцістым
Мы хадзілі, бывала, не раз.
Векавыя дубы жоўтым лістам
Навявалі няўцямны нам сказ.

Жураўлі праляталі над полем,
Забіраючы лета з сабой.
Ды пагуліваў вецер на волі
З неакрэсленай ціхай журбой.

Эх, ды дзе ні ляталі пуціны!
Хіба можна іх змерыць, злічыць?
Пакідалі мы дзве каляіны,
Але песня адна ў іх гучыць.