Старонка:Dunin-Marcinkievic.Idylija.djvu/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Мусіць мне сказаць праўду: чы любіць? чы не? А там і запоіны! (Падыходзіць да Ціта.) А гэта хто? балазе Ціт? Ціт! о Ціт!

ЦІТ (праз сон). Дзякуй табе, пане, за тваё гашчэнне.

НАВУМ. Яму, баш, учарайшае спадабалася. Уставай, кум, ашчурыся да паглядзі, гдзе ты.

ЦІТ (як раней). Адчапіся, жонка, не лезь смалой у вочы; бо знаеш, што кум кажа: жонку любі, як душу, а трасі, як грушу. Дык і я цябе як трасану, дык у вачах пазелянее.

НАВУМ. Ото ж рынуў прымаўкай, як граззю ў вочы! Апамятніся, кум! Гэта ж я, Навум.

ЦІТ (праціраючы вочы). А што? чы Камісар заказа на дзела?

НАВУМ. Якое дзела! Устань да паглядзі, куды ты зайшоў.

ЦІТ (устаўшы, азіраецца па баках). Ба!.. Гэта ж я ў панскім садзе! Куды мяне нячыстая загнала сіла? Учарайшая ахота вельмі мяне амарочыла!

НАВУМ. Відна, кум, што ты ўчора губы не жалаваў. Ты, відна, помніў прымаўку: патуль пій да еш, пакуль рот свеж: бо як умрэш, то і калом не ўпрэш.

ЦІТ. Нечага казаць: ядзення было многа, але піцення і прымусу саўсём не было. (Хістаецца, быццам хоча паваліцца.)

НАВУМ. Відно, што не было, бо ты і цяпер на нагах устаяць не можаш. Ідзі дахаты да праспіся.

ЦІТ. Добра кажаш, куме! (Адыходзячы, хістаецца і спявае.) Дзякуй табе, пане, і г. д.


Сцэна II

Н а в у м і К а м і с а р

КАМІСАР. Прынялі мяне сёння ў пана гэтак холадна, што я пачынаю думаць, ці няма на мяне нагавораў перад ім? Але вось і Войт. Трэба яго выпытаць: бо гэта хітрая штучка.

НАВУМ (убок). Ой, цяпляк ідзе! Крапіся, Навум! і ты, місцюк! Хоць чалавек не баіцца, а штось па скуры мароз так і падзірае!

КАМІСАР. Што чутно, Навум?