Старонка:Corny.Treciaje pakalennie.djvu/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

За ўсімі ўладамі цяпер цяжка - вядома, вайна. За палякамі пан сюды прыязджаў, той, што я ў яго зямлю гэтую купіў. Збяднеў за гэты час і ён. Яшчэ з пачатку рэвалюцыі ён быў з маёнтка свайго ўцёк і жыў у нашым гарадку, у павеце. Перад самымі палякамі яшчэ паехаў я раз у горад, спатыкаю яго, а ён мне "дзень добры" першы дае. Дастаў з кішэні партабак, пачаў круціць папяросу і кажа мне: "Вас я сваім тытунём не частую". Закурыў ён; я чую па дыме, што нейкі дзіўны тытунь. Што гэта, пытаю, пан курыць? "Вішнёвае лісце", - кажа. І паказаў. Гляджу - праўда.

- Божа мой, Божа! - абазвалася гаспадыня.

- Небарак пан. - паківаў галавой Кандрат Назарэўскі.

Пайшлі садзіцца ў воз. Запрэжаны конь быў высокі, худы - адны косці і скура - з казёным кляймом на сцегняку. Пярэднюю нагу ён трымаў падняўшы, сагнуўшы ў калене.

- У яго нага баліць?

- Баліць. Гэта там на дарозе, за лесам, на тым тыдні салдаты яго кінулі, я яго забраў і крыху адхаяў. Можа, як завязу вас. Што ж вы будзеце прападаць без фурманкі. Як-небудзь, можа, будзем ехаць. Но, малы! - (Страшэнна кульгаючы на пярэднюю нагу, конь крануў з месцы.) - У мяне самога коні някепскія, але ў раз'ездзе. Двое коней у абозе, а трэцяга ўзялі ў вёску знаёмыя людзі снапы вазіць. Што ж, трэба памагчы людзям. Сам я нейк управіўся. Авёс яшчэ мой увесь не пажаты.

Конь ледзьве ішоў, з кожным крокам прыпадаючы мысай у зямлю.

- Дзе вашы коні?! - Кандрат Назарэўскі саскочыў з воза і спыніў каня. - Зараз жа давайце свайго каня!

- Дзе я вам яго вазьму!

- Вам лепш знаць.

Скуратовіч злез з воза і абапёрся локцямі на драбіны.

- Я раблю ўсё, што магу, каб памагчы вам. Якога каня маю, такога і запрог.

- Каб памагчы мне?! Ты яшчэ, можа, падзякі ад мяне захочаш? Зараз жа давай другога каня!

Скуратовіч развёў рукамі і зноў стаў у скамянелай позе.