Старонка:Corny.Treciaje pakalennie.djvu/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— А дзе ж ваш Анатоль цяпер? — секануў ён, не зводзячы вачэй з жанчыны.

Старая раптам збянтэжылася, замыляла губамі, загаварыла: — Вы нашага Анатоля ведаеце? Хто ж вы такі будзеце? Адкуль вы?

І раптам яна пасмялела. Нейкая новая думка, відаць, нарадзілася ў яе. Яна, здаецца, падумала, што гэты салдат свой чалавек, што ён зусім гэта не ў водпуск ідзе. «Мусіць, нешта тут іншае. Можа, проста ўцяке дадому з войска».

— Дык вы сядайце, — сказала яна. — Дадому ніколі не позна. Заедзеце. Можа б вы з’елі чаго? Вы Толіка нашага ведаеце?

— Ведаю. Я з Анатолем Скуратовічам быў калісьці ў адной часці. Як палякі занялі былі гэтую мясцовасць, мы адступалі і праходзілі тут непадалёк. Я мясцовасць пазнаў. То ён тады і знік. Хто быў у нашай часці адгэтуль зблізку родам, то адразу і падумалі, што Скуратовіч астаўся тут, дадому пайшоў.

— Што вы такое кажаце! Яго як змабілізавалі былі тады, як яшчэ палякі сюды не прыходзілі, дык ад таго мы яго і не бачылі. Можа, дзе галаву склаў!

— Наша часть была тады тылавая. Начавалі і мы разам у адной хаце. А раніцай прачнуліся — аж яго ўжо няма.

— Не ведаю… Не ведаю… Божа мой, Божа!

Рысы твару яе ахаладзелі, губы сцяліся.

— Мне трэба ехаць.

— Няма ніводнага каня дома.

— А што будзе, калі я найду?

— Шукайце. Я адна дома.

— А дзе ж гаспадар?

— Я ж вам казала, што ў абоз пагналі.

Нейкая новая думка, мусіць, зноў апанавала жанчыну, яна збянтэжана заварушылася, паглядзела ў акно, вярнулася да дзвярэй, сказала чырвонаармейцу:

— Я і сама не ведаю, дзе вам тую фурманку ўзяць. Хіба, можа, я так дзе-небудзь выстараюся. У нас ходзіць за гумном конь, што салдаты кінулі некалькі дзён таму. Ён, сказаць, і не наш жа, казённы. Няхай акрыяе крыху, а тады, можа, зноў якая часць забярэ… Хіба на ім вы паедзеце?