Старонка:Corny.Treciaje pakalennie.djvu/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З яго сям'і ў яго асталася толькі Ірынка. Яна і была пры ім. Кватэра іхняя была ў старым доме, нізкім і вільготным нават улетку. У даволі прасторным пакоі трухлявыя сцены былі абмазаны непабеленай глінай. Варыстая печ займала шмат месца. Два акны выходзілі на двор, а сенцы былі агульныя з суседняй кватэрай. У той кватэры было многа дзяцей, былі там і Ірынчыны аднагодкі, і ўжо ў наступныя дні яна спрабавала аднаўляць з імі перарванае страшнымі падзеямі сяброўства. А седзячы адна ў хаце, яна ціха плакала, хаваючы слёзы ад хворага брата. Твар у яе быў шырокі, з вялікімі сінімі вачыма. Слёзы пакідалі на ім сляды. На дзень пяты брат заўважыў, што яна не мыецца і не раздзяецца, кладучыся спаць. У адной і той жа сукенцы яна была ўсе гэтыя дні і спала ў ёй. Брат ёй заўважыў гэта, і яна паслушна стала скідаць нанач сукенку і мыцца.

- Ты і раней не мылася?

- Мылася і раздзявалася.

Кандрат Назарэўскі бачыў, як прыглушылі падзеі малую сястру. І ён стараўся разважыць яе. Яна некалькі разоў расказвала брату, як памерла маці ў той год, калі ён пайшоў у Чырвоную Армію. Яна ўсё гаварыла, як дарослая, і, як дарослая, пачынала рабіць усё ў доме. Заахвоцілася нават раз мыць падлогу і даволі-такі чыста вымыла яе і выскрабла. Яна хадзіла атрымліваць братаў паёк, і на гэты паёк яны жылі ўдваіх. Яшчэ яна вадзіла на дарожныя адкосы пасвіць казу, сама даіла яе і малако ела неахвотна: усё ўгаварвала брата, ка ён, хворы, сам усё выпіваў і правіўся. Пры гэтым яна ледзьве стрымлівалася, каб не заплакаць.

Кандрат Назарэўскі пачаў правіцца на трэцім тыдні. За некалькі дзён да таго, як яму трэба было ад'язджаць назад у армію, прыйшоў у гарадок першы поезд па адрамантаванай чыгунцы. Вакзальны будынак быў спалены. Як ад'язджаў ён - быў хмуры дзень. Ірынка правяла яго да поезда. Пачынаўся вечар. На голым выгане наводалек ад спаленага вакзала, яны стаялі доўга, пакуль не пачалася пасадка ў пяць таварных вагонаў - гэта і быў увесь поезд. Кандрат Назарэўскі ўціснуўся ў вагон і захрас на самым уваходзе з пляцоўкі. Сціснуты,