Старонка:Corny.Treciaje pakalennie.djvu/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

- Наш тата ў больніцы. Афіцэр яго шомпалам... ведаеш? Пранізаў.

- Ты гавары! Папраўляецца?

- Я не ведаю. Доктар кажа, што папраўляецца.

- Я з табой пайду.

На рынку захавалася колькі дамоў. У адным былі згуртаваны рэвалюцыйны камітэт, ваенкамат, чэка. Як праз туман, Кандрат Назарэўскі чытаў нязграбна, да часу намаляваныя чорным на фанеры шыльды. Нарэшце яны дайшлі да больніцы. Ён ішоў за сястрой, яна правяла яго разгароджаным дваром да трэцяга дома. Ён усё ішоў за ёю. Яна ўвайшла ў першы пакой, дзе ляжаў бацька, і раптам неяк дзіўна пачала аглядаць адзін ложак за другім. На тым ложку, дзе яна прывыкла бачыць бацьку, ляжаў хтосьці іншы, незнаёмы.

- Дзе ж ён? - запытала яна.

Жанчына ў белым халаце ўткнулася тварам у газету і, памаўчаўшы, вельмі неахвотна адказала, стараючыся не глядзець на Ірынку:

- Яго перанеслі ў той пакой.

Ірынка павяла брата туды. Але і там бацькі не было. Яны вярнуліся назад.

- Там яго няма, - сказала Ірынка, зноў аглядаючы ложкі. Жанчына ў белым зноў закрыла твар газетаю, пасля ціхом устала, нібы паправіць хвораму падушку. Ірынка стаяла збянтэжана. Можа, хвілін тры гняло ўсіх маўчанне. Тады падняў галаву адзін хворы:

- Скажу табе, дачушка, праўду. Твой бацька нядаўна памёр.

Ірынка выпусціла з рук кошык. Малако з бутэлькі палілося па падлозе, бутэлька з цвёрдым грукатам адкацілася ў кут. Цяпер ужо Кандрат Назарэўскі павёў сястру - яны памяняліся ролямі. Ён узяў Ірынку за руку, яна ырвала руку і адбеглася забраць кошык. Пасля яна сама дала сваю руку брату, і яны выйшлі на вуліцу. У трупярні яны ўбачылі бацьку. Ірынка як анямела. Твар яе да самага вечара быў мокры. Брат не сцішваў яе. Ён адаслаў яе дадому, а сам пачаў клапаціцца, перамагаючы боль ва ўсім целе. Ён пахаваў бацьку назаўтра зранку. Вярнуўшыся з могілак, ён адразу ж лёг у пасцель.