Старонка:Corny.Treciaje pakalennie.djvu/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

на прызбе, а гаспадар хаты, сельскі стараста, пісаў у хаце на кавалачку сіняй паперы загад на куратовічаў хутар, каб там далі чырвонаармейцу Назарэўскаму фурманку. Даючы яму ў рукі паперу, стараста як бы апраўдваўся:

— Тут вёрст нават дзвюх не будзе, от так проста, паўз лес. Я вам з вёскі даў бы каня, дык усе ў абоз пад Варшаву паехалі, а ў каго дзе конь дома, дык на ім уся вёска з поля снапы возіць. А ў Скуратовіча трое коней, і, я ведаю, усе дома. Ён коні ў лесе хавае. Вы адно націскайце на яго добра.

Кандрат Назарэўскі заўважыў, што чым больш падаваўся ён на ўсход, тым больш згладжваліся на зямлі сляды нядаўнай вайны. А тут ужо зусім як бы забыліся людзі на гэтую страшную навалу — скрозь спакойна рабілі сваю работу. Чалавек на полі сказаў яму, што зараз будзе вузкая дарога ў лес, на Скуратовічаў хутар.

Лесам Кандрат Назарэўскі не ішоў доўга. Дарога ў лесе адразу пайшла ў лог. Пачаўся густы ельнік. Пры дарозе папараць зусім была мокрая ад расы. Каршачок плаваў над ельнікам, дзесьці блізка сакаталі куры. Неўзабаве бліснула паляна. Шырокі загон насеннай канюшыны ішоў ад ельніку, вузкая дарога ўся была ў высокай траве. Дуплаватыя дзічкі сям-там раслі на полі. Скрозь быў іржэўнік з-пад жыта і ярыны. Авёс стаяў на полі ў крыжыках. Навокал быў лес — яліна і хвоя, толькі з аднаго боку поле злівалася з небам і ледзь відны былі з-за ўзгорка вярхі хатніх стрэх.

Кандрата Назарэўскага спаткалі сабакі страшэнным брэхам. Двор быў абгароджаны старым частаколам. Яловыя частаколіны парассоўваліся ў бакі, і дзіркі паміж імі пазабіваны дошкамі. Старасвецкія дубы, магутныя, як каменныя горы, стаялі над мураваным скляпком. насупраць склепа адчынена была шырокая стайня. Кандрат Назарэўскі туды адразу і рушыў. Коней нідзе не чуваць было. І нікога нідзе. Два сабакі проста-такі рвалі чырвонаармейца, стараліся хапаць зубамі за абмоткі на нагах, аж захлёбваліся прарэзлівым брэхам. Чалавек хапіў з-пад ног ламачыну, махануў навокал сябе, сабакі адскочылі і з большай яшчэ заядласцю кінуліся зноў. Нарэшце адзін ірвануў-такі зубамі за нагу. Чалавекам апанавала злосць. Ён папус-