Старонка:Corny.Treciaje pakalennie.djvu/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дае, як цяпер на свеце трэба паварочвацца, ён практык. Або Кандыбовіч! Купіў спачатку маёнтачак нейкі задрыпаны і так яго, пане мой, вырабіў, што грашмі нажыўся. Тады і пачаў больш маёнткі скупліваць. Пашырыўся на цэлую губерню. Каб траха, дык і Радзівіл. Гэты ўжо зусім адменны пан, хоць бы сабе і Кандыбовіч. Гэты ўжо не выедзе ў фаятоне і на конях з белымі істужкамі на набадрах. Гэты ў аўтамабілі коціць і без шафёра, а сам. Ходзіць у вялікіх ботах, сам па балоце лазіць, калі дзе саломіна валяецца, дык і яе кіем тыцкане і за гэты непарадак парабку рубель з пенсіі вылічыць. Гэты б’е рублём. Ён не верыць аканому, а, прабуючы зямлю, сам за плуг возьмецца і паарэ да поту разам з парабкамі. Гледзячы на яго, і паны з даўнейшай натураю пачалі цягнуцца за ім. Напрыклад сказаўшы, аўтамабілі пазаводзілі. Але што ж, калі ён з белай рукі пярсцёнка не зніме. Без лёкая не нагнецца кветку паненцы вырваць. Дык што за карысць з гэтага яго аўтамабіля! Аўтамабіль яго маёнтка не выратаваў. Усё адно — ён павінен прадаць свой маёнтак таму, у каго новая натура. Каб не вайна, дык які-небудзь Кандыбовіч і разгарнуўся б тут. Але і так сказаць, вайна ні Хурсу, ні Кандыбовічу на згубу не пайшла. Яны на ўвесь фураж цэлага войска падрады бралі. Паазалочваліся. Паны, калі прадавалі зямлю, то не адзін жа які-небудзь Кандыбовіч яе купляў. Купляў і народ. Каб не вайна, то я і сам прыкупіў бы яшчэ валоку якую. Народ багацеў бы. А багатыя гаспадары зрабілі б хаўрус, і балоты сушылі б, і машыны заводзілі б. А каля багатага і бедны карміўся б і капейку зарабіў бы… Мог бы жывіцца, калі не каля пана, то так, каля багатага гаспадара. Пан не кожны літасць меў над чалавекам. Што паноў страсянулі, то гэта ім варта. Падгрэблі былі сабе ўсё. А народу як? Калі маёнтак, то я рабіў бы яго невялікім, на дзесяцін шэсцьдзесят, і даволі. Няхай бы сабе кожны, хто мог спосаб мець, — набываў бы.

Ён так верыў у сваю праўду, што нават не з’яўлялася ў яго і думкі, што той чалавек, якога ён вязе, глядзіць на ўсё інакш. Ён мог толькі адумацца тады, калі той чалавек часам устаўляў сваё слова. Ён і цяпер слова ўставіў:

— Тады ўжо ў вас парабкаў было б многа?