Старонка:Corny.Treciaje pakalennie.djvu/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

крыху малы заробіць. Я яго не крыўджу, хлеба даю. Бедната, не дай божа, галодныя і голыя. Сэрца баліць. На полі сын мой робіць. Вучыцца яму вайна не дала. Так давялося яму, небараку, астацца. Перарос зусім, пакуль там якое ўсталяванне... Я думаў Анатоля за доктара выводзіць, аж не выйшла. Час такі. Чатыры класы гімназіі прайшоў, і з-за непакою на свеце прыйшлося кінуць. У нас мясцовасць добрая - лес смольны, рэчка, хоць невялікая. Каб сын выйшаў за доктара - ух, што б мы тут маглі б зрабіць! Я мог бы выбудаваць больніцу сваю ўласную, сын кіраваў бы ўсім. Фельчары былі б пры ім...

- Свае, - не вытрымаў Кандрат Назарэўскі.

- А што вы думаеце? Чалавек з галавою мог бы...

- Гэта ж можна было абагаціцца, маёнтак справіць...

- Пане мой, дзіва што!

- А вы лепш паганяйце каня, мне трэба скарэй даехаць.

Скуратовіч паглядзеў на Кандрата Назарэўскага і спыніў гаворку.Лясы адыходзілі на далягляды і пасля зноў сыходзіліся на дарозе. Лясныя выжарыны трапляліся часта, балотныя выспы, забалочаныя паляны ішлі ўсё часцей. Торф выступаў скрозь. Здавалася - уся зямля чарнее торфам з-пад травы. Лес пачынаў драбнець. Усё торф і торф. Часамі, дзе ўжо зусім нізка было, ішоў спрэс каржакаваты хвойнік, крывы бярэзнік, купчасты алешнік. Пасля дарога зноў ішла пад гару, і выносістыя хвоі зноў цягліся ў неба.

- Ах, лес, - гаварыў Скуратовіч, - балота. Гэта ўсё княжыя лясы. Каб не вайна, паны балота браліся б асушваць. Добры лес пакінулі б, дрэнны вырабілі б на поле. Не пазнаць было б мясцовасці. Але, сказаць, і паны былі ўсялякія. Іншы не мог жыць інакш, як яго бацька жыў. Старыя паны як жылі? Ён сабе выязджаў на сваім фаятоне - і не знайся! А там зямлю гэтую корпалі парабкі на старасвецкі лад. А цяпер пара інакшая прыйшла. Цяпер народ размножыўся, маёнткі драбнець пачалі. Некаторыя паны дык проста паспродавалі іх або падаводзілі свае двары да няма нічога, не ўмеючы гаспадарыць па-новаму. Час інакшы прыйшоў. Новыя паны пачалі з'яўляцца. Унь Хурс, можа, і чулі, свіны купец. Гэты кожнага даўнейшага пана можа купіць з жонкаю і дзецьмі, як кажуць. Бо ён ве-