Старонка:Corny.Treciaje pakalennie.djvu/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

задаволіўся і адным арганістам. Добра і гэта! У Скуратовіча над камодам з'явілася велікодная паштоўка: ідуць паніч з паненкай, навокал іх распускаецца бэз, а ўнізе напісана Сэдасавай рукой: "wesolego alleluja!"

Першыя два-тры месяцы пасля канца царскай імперыі ўсё ішло някепска, нават яшчэ і лепш як быццам. Пан падтуліў хвост, а яго службовец Сэдас маёнтка не меў, што яму! І ён пачаў засноўваць у мястэчку прадпрыемства, якое назваў "кааператыў". Першыя пайшчыкі былі: Сэдас, Скуратовіч, ксёндз, арганісты, сам пан - гаспадар сыраварняў - і ўсё местачковае выдатнае праваслаўе - поп, дзяк і яшчэ там чалавек трох местачкоўцаў. Ніякіх канфліктаў не адбывалася і адбывацца не мелася. Тут праваслаўе і каталіцтва пагадзіліся. Наадварот, поп быў пачынальнікам усёй справы і сам парэкамендаваў на пасаду галавы прадпрыемства Сэдаса. Сэдас па вушы ўвайшоў у справу, ён кінуўся ў новую дзейнасць. Ён сам з'явіўся да папа і меў з ім доўгую гутарку. Пайшчыкаў больш не запісалася, але яны і не патрэбны былі: прынамсі, кожная драбяза не замінала пад нагамі. Гандлёвае таварыства, ці, як у статут было ўпісана, "кааператыў", шырылася вельмі ўдала. Разам з іншымі гарадскімі таварамі, якія ўвішны Сэдас ухітраўся аднекуль даставаць, там прадаваліся Скуратовічавы мёд і сала.

Але адбылася другая рэвалюцыя, і прадпрыемства пайшло дагары нагамі, а ўсе ўдзельнікі яго пашыліся ў свае норы, як рудыя мышы. Як прыйшлі былі палякі, Скуратовіч падняў галаву. Сын Анатоль уцёк з Чырвонай Арміі дадому, і гэта давяршыла радасную сямейную ўрачыстасць. І навокал усё пайшло інакш. Сэдас зрабіўся вялікім чалавекам. Перш за ўсё ён ужо сам стаў кіраўніком панскага маёнтка. Гаварылі, што пан яму падараваў зямлі і ён мае намер завесці ўласную дамоўку, чакае толькі, калі ўсталюецца непарушны парадак (як будзе скончана вайна з бальшавікамі). Пасля ён стаў як бы нейкім начальнікам. Адзін раз вясковы чалавек сказаў на рынку пра Сэдаса, што "наўрад ці можна дзе яшчэ знайсці такога панскага падбрэхача". То не паспеў той чалавек з'явіцца дадому, як паліцыянт тут жа яго схвастаў нагайкай і заявіў, што не кожнага дазволена абзываць падбрэхачам. З паліцыянтаўскага пастарунку