Старонка:Corny.Treciaje pakalennie.djvu/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

- А такі і праўда, - узрадаваўся Скуратовіч. - Вы хворы і змучаны. Вы тут сабе ў каго ў хаце адпачніце да заўтрага, а там вам дадуць фурманку, і вы сабе паедзеце далей на здароўе. А я сабе пабяруся пакрысе дадому, авёс вазіць. От тут жонка бутэльку малака на дарогу ўставіла ў воз, то вы гэтае малако можаце ўзяць сабе. Ад малака вам, я ж кажу, лагадней стане. Адно, калі ласка, мне распісачку, што я вас вёз.

- Што? - выйшаў з цярплівасці Кандрат Назарэўскі. - Праз гадзіну мы з вамі паедзем далей! Заязджайце ў які-небудзь двор!

Холадна і спакойна як быццам бы нічога не было, Скуратовіч сказаў:

- Унь там хата майго знаёмага, туды заедзем.

Завярнулі ў двор. Кандрат Назарэўскі ўвайшоў у хату. Там быў адзін толькі хлапчук, год яму было не больш пяці. Ён сядзеў на зямлі і чэрпаў вялікай лыжкай з гаршка нейкую шэрую калатушу. Твар у яго быў страшэнна замурзаны.

- Дзе ж усе вашы?

- Няма нікога дома, - катэгарчна адказаў ён. - Тата на рабоце (памаўчаў). А Зося наша дома не жыве (гаварыў ён нейкім дзіцячым басам).

- А дзе ж жыве ваша Зоська?

- У Скуратовіча служыць.

"Ці не тая, што авёс жала і пра коні гаварыла?"

Кандрат Назарэўскі хапіўся за кішэні, але што там у яго магло быць, каб даць на пацеху ці на асалоду гэтаму дзіцяці? І ён нагарнуў сабе пад галаву ўсялякіх лахманоў і лёг на лаве. "От, чорт, - думаў ён пра Скуратовіча, - як ён намучыў мяне, сабака". Хлапчук усё боўтаўся ў гаршку.

Спаў ці так драмаў Кандрат Назарэўскі? Яму не хацелася нават паварушыцца. Цішыня ў хаце была нязвыклая. Яна цягнулася аж датуль, пакуль не ляпнулі дзверы і ў хату хтосьці не ўвайшоў. Гэта была тая самая дзяўчына.

- Які ты мурзаты, - сказала ян да хлапчука.

Яна намачыла ручнік і выцерла яму твар.

- На, - дала яна штосьці яму.

- Сала? - узрадаваўся малы. - Дзе ж ты ўзяла, Зоська?