Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У Сержа была такая натура, што ён прывык лічыць сябе лепшым і разумнейшым за ўсіх на свеце. Ён з такой пагардай глянуў на настаўніцу і пасля на Насцю, што настаўніца адчула ў душы прыкрасць. У Сержавым позірку было штосьці ўжо не дзіцячае. Здавалася, што на настаўніцу глядзіць дарослы чалавек, але па-дзіцячаму распешчаны і свавольны. Настаўніца на гэты раз змаўчала і перавяла вочы на Насцю, якая ў гэты час шпарка пісала на дошцы лічбы. У знак пратэсту супроць таго, што яму больш не аддаюць увагі, Серж скамячыў кавалачак паперы, пажаваў яе і пстрыкнуў пальцамі гэтыя мокрыя жовіны ў акно. Настаўніца ўстала са свайго месца і падышла да Сержа. Грозна яна сказала яму:

— Калі ты не пакінеш хуліганіць, я табе зараз загадаю выйсці з класа.

— Што, хіба я хуліганю? — сказаў Серж і зрабіў нявінныя, ягнячыя вочы. — Я зрабіў прыклад.

— Калі зрабіў, дык нашто сваволіць?

— Я зрабіла, — сказала Насця.

Настаўніца паглядзела на дошку і запытала ў класа:

— Правільна яна зрабіла?

— Правільна, — сказалі галасы.

— Няправільна, — сказалі другія галасы.

— Серж, правільна яна зрабіла? — запытала настаўніца.

— Не, — самаўпэўнена адказаў Серж.

— Ідзі зрабі правільна.

З паважным выглядам Серж выйшаў да дошкі і пачаў пісаць лічбы па-свойму. Але неўзабаве ён заблытаўся, падбег да свайго месца і ўзяў свой сшытак.

— А ты цяпер нанава зрабі, — сказала настаўніца.

— Я ўжо зрабіў, нашто мне другі раз рабіць?

І ён перапісаў на дошку тое, што было ў яго сшытку. Настаўніца дала некалькі пытанняў, дзеці на іх адказалі і раптам зразумелі ўсё. Насця дагэтуль стаяла каля дошкі збянтэжаная, думаючы, што, можа, гэта ў яе няправільна, а ў Сержа правільна. А цяпер яна радасна паглядзела на Сержа.

— У Насці правільна, — крычаў увесь клас.

У гэты час зазвінеў званок, але настаўніца яшчэ паспела сказаць Сержу:

— Ты не прывыкаеш працаваць, а думаеш, што ты больш і лепш за ўсіх ведаеш. Ты няправільна зрабіў, а