— Ён жа адзін, а нас трое, — крыкнула самая большая, — чаго мы будзем яго баяцца?
Самая меншая не пакідала плакаць. Серж падбег да самай большай з гнеўным крыкам:
— Вы не будзеце мяне баяцца?
І намерыўся ўжо даць пстрычку ў галаву большай, але тая яго так пхнула ад сябе, што ён хістануўся з тратуара і ўпаў на адно калена ў лужу. Дзяўчаткі зарагаталі і, падхапіўшы пад рукі сваю меншую сяброўку, пабеглі наўцёкі. Серж усхапіўся на ногі і тут жа ўбачыў, што яго калена і прыгожая халяўка ўся ў гразі. Поўны злосці, ён дагнаў дзяўчатак і з усяго размаху пхнуў у плечы самую большую, а пасля і самую меншую. Яны абедзве ўпалі на тратуар, і меншая так далася тварам аб мокрую асфальтавую пліту, што з носа і з дзяснаў у яе пацякла кроў. Убачыўшы гэта, Серж спалохаўся, але, каб не паказаць віду, закрычаў:
— Вось табе, цяпер будзеш памятаць.
І кінуўся ўцякаць дадому, але ў гэты час нечая моцная рука хапіла яго за плячо, і над яго галавой прагучаў басавіты голас:
— Ах ты, хуліган, што гэта ты нарабіў?
Серж падняў угару вочы і ўбачыў, што яго трымае той самы стары і высокі чалавек, якога ён прывык кожны дзень бачыць на гэтай самай вуліцы.
— Пусці! — закрычаў Серж, ірвануўшыся з усёй сілы.
— Не, ты раней скажаш, як ты завешся і з якой ты школы, тады я цябе пушчу, — адказаў стары чалавек.
— Ён завецца Серж, а вучыцца ён разам з намі: у дваццатай школе, — запішчалі дзяўчаткі.
— Ідзі, хуліган, — гнеўна сказаў стары чалавек, пускаючы Сержа.
Дзяўчаткі павялі сваю скрываўленую сяброўку да яе дома, а Серж, з паважным выглядам нявіннага пакутніка, паволі адышоўся ад старога чалавека на некалькі крокаў і засвістаў. Стары чалавек моўчкі паківаў галавой і хацеў ужо ісці, але Серж раптам крыкнуў яму:
— Стары чорт! Ты вечарам стаіш на вуліцы і на месяц глядзіш, як дурань. Ты думаеш, я цябе баюся?
І Серж пабег, азіраючыся, а стары чалавек доўга стаяў і ківаў галавой. Пасля ён паволі пайшоў тратуарам, звыкла сабе накульгваючы на левую нагу і пастукваючы палкай па мокрых асфальтавых плітах. Ён дайшоў да чыгуначнага