Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Не хадзі нікуды, сядзі дома.

Серж, ведама, не прывык слухаць таго, што гаворыць бацька, і пайшоў к дзвярам, але пачуў бацькаў голас:

— Каму я гавару, — табе ці гэтай сцяне?

— Сцяне, — весела хіхікнуў Серж і адчыніў дзверы, але бацькава рука хапіла яго за плячо і ўцягнула назад у пакой.

— Раздзявайся, — сказаў бацька.

— Чаму гэта, каб я раздзяваўся?

— Раздзявайся.

— Не хачу.

— Не, ты зараз захочаш.

— Не.

— Захочаш.

— А от і не.

Бацька сарваў з Сержа паліто і шпурнуў у кут.

— Трэба было раней думаць пра гэта, а то ты патураў усім яго капрызам, а цяпер агледзеўся, што з яго выйшаў хуліган, — сказала маці і заплакала.

Гледзячы, як маці плача, Серж здагадаўся ўжо, што адбылося нешта непрыемнае, і ён устрывожыўся. Апусціўшы вочы ў падлогу, ён стаяў і маўчаў.

— Глядзі мне ў вочы, — сказаў бацька.

Серж утаропіў свае вочы на бацьку так, што той аж уздрыгануўся.

— У цябе хапае смеласці глядзець мне ў вочы?

— Ты ж казаў, каб я табе глядзеў у вочы?

— Ты здзекуешся з бацькі?

— Я ж цябе слухаю.

Бацька аж пазелянеў ад злосці і хапіў сына за каўнер рубашкі. Ён яго хацеў біць, але маці не дала. Серж злосны і пакрыўджаны горда сказаў бацьку:

— Чаго ты мяне мучыш?

— Гэта ты папу мучыш, — сказала маці.

— Што я яму кепскае зрабіў?

— Ты старога чалавека ў ваду ўкінуў — ён цяпер хворы.

— І яшчэ раз укіну, калі будзе хапаць мяне на вуліцы за каўнер. Я яго не чапаў, ён першы.

— Ён бараніў ад цябе дзяўчатак.

— Цераз гэтых дзяўчатак я ў лужу ўпаў.

І раптам Сержа апанавала крыўда; ён успомніў, як ён запэцкаў у гразь новыя свае штаны. К таму ж ён адчуў,