Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

374 радасці, зарагатаў за вуглом. Стары ўзняўся на ногі, а Серж, забыўшыся на ўсё, не пакідаў рагатаць і пасля, следам за Мішкам, кінуўся бегчы. Але ў гэты момант з-за рога вуліцы ў завулак завярнуўся аўтамабіль і асвяціў двух хуліганаў фарамі. У яркім святле Серж перабег вуліцу, а стары чалавек глядзеў на яго і пазнаў яго. Пасля гэтага чалавек, стогнучы і асцепваючыся ад вады, увайшоў у карыдор, дастаў з кішэні ключ і доўга бразгаў ім, пакуль адамкнуў дзверы ў свой пакой. Ён засвяціў над сталом электрычную лямпачку і пачаў скідаць з сябе мокрае паліто. І ўсё гуў сам сабе пад нос:

— Дзе ж гэта малая так загулялася, дзе ж гэта яна дагэтуль?

Пакуль ён пераадзеўся ў сухое, пакуль паставіў грэць чайнік, каб гарачым чаем сагрэцца пасля халоднай вады, у якую ён упаў праз Сержа, стары чалавек адчуў холад ва ўсім целе. Стаўшы плячом да печы, ён стараўся абагрэцца. Яго пачала хіліць дрымота, у касцях стала ламаць, ён прылёг на пасцель і нацягнуў на галаву коўдру. Праз некалькі мінут ён спаў, не прычакаўшы чаю.

Чайнік закіпваў. Звінючы шум ішоў ад яго. Лямпачка гарэла над сталом і асвятляла гэты невялікі пакойчык. Тут было ўтульна, і ўтульнасць гэтую павялічвала дамавітае шыпенне чайніка. Стол быў засланы цыратай, чатыры крэслы стаялі навокал стала. Пры сцяне, напроці дзвярэй, стаяла канапка, і на ёй ляжала падушка, а на падушцы згорненая коўдра і прасцірадла, — можна здагадацца, што ўночы на канапцы робяць пасцель і спяць. А каля печы, у цямнейшым куце, стаяў ложак, і на ім цяпер спаў стары гаспадар гэтага пакоя. Каля ложка былі вузенькія дзверы, цяпер адчыненыя, і лямпачка кідала туды святло. Гэта была невялікая куханька: асвятляўся рог пліты і столік з талеркамі і іншай пасудай. Ляжала там яшчэ на падлозе бярэма дроў. А тут, на стале, ляжалі кнігі і сшыткі, два карандашы, ліст паперы з няскончаным рысункам. Была яшчэ і этажэрка з будзільнікам і таксама з кнігамі.

З карыдора шпарка адчыніліся дзверы, і ў пакой увайшла Насця Закрэўская.

— Ой, дзевачкі, — закрычала яна, хоць ніякіх дзевачак тут не было, — чайнік кіпіць і залівае падлогу. Ой, дзевачкі, паўчайніка выбегла на падлогу.

І яна хапіла за весілку чайнік.