Старонка:Caradziejnyja kazki.djvu/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да: рух, знайсці
Гэта старонка не была вычытаная


- Го-го-го! Я думаў, цар мне адну дачку на паед дасць, а ён вадавоза і багатыра ўдабавак прыслаў.

- Не, нячыстая сіла, падавішся! - кажа багатыр.

- Ну, дык што, будзем біцца ці мірыцца?

- Біцца!

- Дзьмі ток! - кажа змей.

- Ты дзьмі ток. Мне і на ламаччы добра будзе.

Дунуў шасцігаловы змей - адразу чыста стала навокал. Пачалі яны біцца. Ударыў адзін раз багатыр - ссек адну галаву змея. Ударыў змей - загнаў багатыра ў зямлю па пяты. Ударыў другі раз багатыр - ссек другую галаву змея. А змей ударыў, дык і загнаў багатыра ледзь не па калена ў зямлю. Ударыў багатыр трэці раз - ссек трэцюю галаву змея. Змей усё слабеў і слабеў, а багатыру сама зямля-маці сілы прыбаўляла. Забіў багатыр і гэтага змея, адсек яго палец, паклаў у кішэню. А вадавозу і царавай дачцы кажа:

- Едзьце дамоў і скажыце, што я вас выратаваў.

Паглядзеў малодшы брат на платочак і карты: платочак белы, карты тасуюцца. Значыць, брат яшчэ жывы дзесьці.

На трэцюю ноч шле цар сваю меншую дачку на паед змею. А багатыр стаў пад гарой і чакае. Выходзіць насустрач змей і крычыць:

- Го-го-го! Я думаў, цар мне адну дачку на паед дасць, а ён вадавоза і багатыра ўдабавак прыслаў.

- Не, нячыстая сіла, падавішся! - кажа багатыр.

- Ну, дык што? Будзем біцца ці мірыцца?

- Біцца!

А змей гэты быў сільны з дзевяццю галовамі - самы сільны з усіх сваіх братоў.

І пачалі яны біцца. Доўга біліся. Збіў маладзец змею восем галоў, засталася дзевятая. Ахапіў змей воласам гэтай галавы шыю багатыра і хацеў задушыць. А царэўна стаіць і заліваецца горкімі слязамі.

- Ратуй мяне, царэўна, - просіць багатыр, - бяры нож і пераразай змею волас.

Выняла яна нож, перарэзала змею волас. Змей зароў і ўпаў мёртвы. Адсек багатыр палец змеяў, паклаў у кішэню, а вадавоза з царэўнай адправіў дамоў:

- Скажаце цару, што я вас вызваліў.

А сам пайшоў нанач. Вось пераначаваў ён, устаў уранні, глядзіць, аж старэйшая змяя-матка збірае косці свайго сына.