Старонка:Caradziejnyja kazki.djvu/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да: рух, знайсці
Гэта старонка не была вычытаная


1. ЯК ТРЫ ЗМЯІ ТРЫ КРАЛЕЎНЫ

НА ТОЙ СВЕТ ПАХВАТАЛІ

Было ў аднаго кроля тры дачкі і адзін сын. Аднаго разу пайшлі яны ў лес па ягады, ажно надышла хмара, спусцілася на зямлю і забрала найстаршу сястру. А на той хмары быў змей з дванаццацьма галавамі. Так прыбеглі яны чуць жывы на кралеўскі двор і расказалі бацьку, што так і так, так і так. На другі дзень зноў яны пайшлі ў лес, ажно як дайшлі да таго месца, так зноў хмара спусцілася і забрала серадольшую сястру. А на той хмары быў другі змей з дзевяцьма галавамі. Яны зноў як без духу папрыбягалі да палаца і ўсё расказалі бацьку. На трэці дзень зноў пайшлі брат з сястрою ў лес. Аж пад лесам надышла раптам хмара, а на той хмары быў змей з шасцьма галавамі і ўхапіў астатню сястру. Так кралевіч, прыбегшы да бацька, расказаў аба ўсём і кажа:

- Я пойда ў свят шукаць своіх сёстр, тылько проша мне даць рэнчніка і сломка.

Так кроль даў яму ручнік і саломку і кажа:

- Добра, сынку, ідзі з богам і шукай.

Ідзе, так ідзе, аж стаіць рэчка, так ён палажыў саломінку на верх ручніка і па том, як па мосці, перайшоў шчасліва. Ідзе, так ідзе, аж глядзіць - у гнездачку птушачкі маленькія. Так хацеў іх пазабіваць, аж іх маці кажа:

- Кролю-кралевічу, ні бі нас, то мы табе станем у велькай прыгодзе.

Ён паглядзеў на іх і пайшоў далей. Ідзе, так ідзе, аж глядзіць, стаіць улей з пшчолмі, так ён хацеў дастаць мёду і параскідаць вашчыну. Аж пшчолы кажуць:

- Кролю-кралевічу, не зачапай нас, то мы табе станем у велькай прыгодзе.

Ён, паглядзеўшы на іх, пайшоў далей. Ідзе, так ідзе, аж пад пнём мурашнік, так ён іх хацеў параскідаць, а яны кажуць:

- Кролю-кралевічу, не зачапай нас, то мы табе станем у велькай прыгодзе.