Старонка:Beznazounae.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

6

..І пайшла, і пайшла —
Як-бы хто набаяў —
Ад сяла да сяла
Гутарка такая:

Беларусь на куце
Ў хаце сваёй села, —
Чарка мёду ў руцэ,
Пазірае сьмела.

Сядзіць важна, сама
Сабе гаспадыня,
І прыбрана яна —
Ніхто не закіне:

На галоўцы вянок
З сініх васілёчкаў,
А чырвон паясок
Стан абвіў дзявочы.

Так сядзіць і глядзіць,
Ці усё, як трэба, —
Трэба ўсім дагадзіць
І соляй і хлебам.

А з тутэйшых музык
Гучная капэля,
Хто ў дуду, хто пад смык,
Граюць ёй вясельле.