Старонка:Belarusi.pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

ХЛОПЧЫК І ЛЁТЧЫК

— Мой мілы таварыш, мой лётчык,
Вазьмі ты з сабою мяне!
Я — ведай — вялікі ўжо хлопчык,
І ўмею ўжо лётаць у сне.

Мне мама сягоння казала,
Што стукнула мне ўжо сем год,
Табе гэта, можа, і мала,
А мне ляцець толькі ў палёт.

Мне ўжо надакучыла дома —
Ў дзіцячы хадзі адно сад,
А так паглядзеў-бы, вядома,
На іншы парадак і лад.

Вазьмі-ж мяне, лётчык, хачу я
Пабыць у людзях, паглядзець,
Як месяц на небе начуе,
Як блукае ў лесе мядзведзь.

Як свецяцца ночкаю зоры,
А днём не відаць іх чаму,
Як рэчкі ў далёкія моры
Улетку плывуць і ўзіму.