Старонка:BNT.Valacobnyja piesni.djvu/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ягор храбёр на кані сядзіць,
Мікола святы засявальнікам,
Ілля-прарок па межах хадзіў,
Па межах хадзіў ды хлеб радзіў.

13

У цёмным лесе стучыць, гручыць,
Вясна красна на ўвесь свет[1]!
Мы ж думалі, што гром грыміць,
Аж моладзец борць дзяўбаіць,
Борць дзяўбаіць, пчолак садзіць,
Пчолак садзіць, бога просіць,
Каб пчолачкі зляталіся,
Зляталіся, звіваліся
Да й молайцу асталіся -
Да й за працу мядок насіць.

14

А ў Сымонькі на траве тры свіроначкі,
А ў першым свіронку - жыта і пшаніца,
У другім свіронку - дарагія сукні,
У трэцім свіронку - злота і срэбра.
Жыта і пшаніцу [с]пажываць будзе,
Дарагія сукні насіць будзе,
Срэбрам-злотам шафаваць будзе,
Із сваёй жаной панаваць будзе,
Сваімі дзеткамі пасылаць будзе.
А ў яго на дварэ а стаіць сасна,
[А на той сасне яравыя пчолкі].
- Яравыя пчолкі, што вы думаеце?
- А мы думаем паляцеці
У шчыры бары на жоўтыя цвяты,
А прынясём сто пудоў мёду
Нашаму гаспадару на ўспамогу.
- Яравыя пчолкі, што вы думаеце?
А мы думаем паляцеці,
Паляцім мы ў шчырыя бары,

  1. Рэфрэн паўтараецца пасля кожнага радка.