Старонка:BNT.Valacobnyja piesni.djvu/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Завязаў пояс — ясен месяц.
Пайшоў ў поле жыта аглядаці.
Пры дарозе жыта прыдалося,
Пры даліне жыта пахіліла,
Пры прагоне ў трубы павілося.
Там жнуць жнейкі маладзенькія.
І сярпочкі залаценькія.
Што жнеечка — то жменечка,
Што жменечка — то снапочак,
Што снапочак — то копачка,
Што копачка — то й вазочак.
Дай жа божа жыці-быці,
Жыці-быці, жыта звазіці,
Жыта звазіці, ў гумно злажыці.
Дай жа божа ў тарпе прыкладна,
Ў тарпе прыкладна, на таку ўмалотна,
На таку ўмалотна, ў арудзе прысыпна,
Ў арудзе прысыпна, у печы прысушна,
У печы прысушна, у млыне прымольна,
У млыне прымольна, ў дзяжы падыходна,
У дзяжы падыходна, у печы румяна,
У печы румяна, а на стале сытна,
На стале сытна, ў сям’і змірна!
Пане гаспадару, песня спета,
Песня спета проці лета,
Проці лета, проці цёплага,
Проці цёплага, велікоднага,
Велікоднага, ўсім угоднага.
Пане гаспадару, не тамі гасцей,
Не тамі гасцей, надары барджэй:
Карэц яек нелічоных,
Дзве саракоўкі нам на падкоўкі,
Бо мы ўсе боты патапталі,
Пакуль да пана дапыталі.
Мы хадзілі каля лазы,
Спалохаліся дзікай казы.

60

Ідуць, гудуць валачэўнічкі,
Віно да віно, віно зялёнае[1]!

  1. Рэфрэн паўтараецца пасля кожнага радка.